Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Брат цяжка падняў галаву. Бацька, які разгублена калупаўся ў зубах, зьбянтэжана назваў ягонае ймя ды прысеў на адзінае крэсла. За бацькавай сьпінай таропка загаварыла маці – яе мармытаньне адразу ж нагадала Вераніцы тыя аднастайныя пытаньні, якімі маці засыпала яе, калі бацькі прыязджалі да яе калісьці ў піянэрлягер. І сапраўды, маці размаўляла з братам так, нібы ён быў тут на адпачынку. Дакладна тое ж яна казала, калі брат сыходзіў у войска, і калі ляжаў некалі ў лякарні, яшчэ старшаклясьнікам – ён тады захварэў на запаленьне лёгкіх. І вось цяпер зноў. З тымі самымі інтанацыямі. І што з таго, што маці плача: яна заўжды плакала многа й з задавальненьнем. Вераніка маўчала, бацька соп недзе ўнізе. Вартавы пазяхаў. І тады Вераніка ўгледзелася ў братаў твар – бадай, упершыню ў сваім жыцьці

ўгледзелася, раней ёй гэта і ў галаву не прыходзіла, брат і брат, нічога звышасаблівага: але цяперака нешта ў ім незваротна зьмянілася.

Груба паголеная, нібы здратаваная простым алоўкам галава, прыплюснутае цемя. Нізкі лоб, які брат несупынна моршчыў, быццам яго не пакідаў боль. Вялікія блакітныя вочы, і малінавыя расколіны ў іх, шмат расколінаў, якія, здавалася, самі сабой пераходзяць у глыбокія конаўкі паабапал носу. Зьбіты набок нос. Сківіца, што каменем цягнула братаў твар уніз. Шэрая скура, вялізная шыя, шырынёй амаль у галаву. Навіслыя над ёй шчокі. Так дзіўна ўсьведамляць, што ў гэтым абліччы праніклівы назіральнік можа знайсьці й Вераніку. Цікава, як яна выглядала б па той бок стала, у гэтай чорнай вопратцы. Ягоныя вушы варушыліся – брат нібы ўвесь час нешта жаваў. Ён быў агідны ёй, і – Вераніка штомоцы стрымлівалася і ўрэшце ўсё ж усьміхнулася, надта адкрыта, надта ўжо пераможна: гэта, на шчасьце, заўважыў толькі зьдзіўлены вартавы – і яна падумала амаль з радасьцю: усё правільна, ён там, дзе яму й належыць быць, і няхай застаецца тут як надаўжэй. Ён заслужыў гэта. Наўрад ці чалавек можа зьдзейсьніць такое. Брат быццам пачуў яе, і, калі маці набірала паветра ў грудзі, рыхтуючыся працягваць свае роспыты, ён, амаль не адкрываючы роту, пражаваў:

– Да ладна табе, маць. Што ты са мной як з чалавекам. Не чалавек я. Зьвер.

– Ды што ж ты, сынок, – загаласіла маці й працягнула праз стол руку, каб пагладзіць яго па шызай галаве, брат забурчаў ціха ды адсунуўся: Вераніцы падалося нават, што ён мацерна вылаяўся. Бацька толькі кашляў устрывожана, словы відавочна ня лезьлі зь яго, ён давіўся словамі, бо й былі яны непатрэбнымі, не ягонымі. Вераніка зь нянавісьцю зірнула на бацьку, потым на маці, і нарэшце на брата. “Веранічку б пашкадаваў”, – узвыла маці, і брат зь нейкім зьдзіўленьнем, нібы толькі што заўважыў яе прысутнасьць, падняў галаву.

– О, Веранічка.

Яна з асалодай зазірнула яму ў рот. Але зубоў там ужо не было.

Потым яны выйшлі моўчкі на вузкую вуліцу гэтага прыгараднага пасёлку. На лавачках знэрвавана заварушыліся. “А чаму б нам не паабедаць усім разам,” – дурнавата ўсьміхаючыся, сказаў бацька. “Даўно ж мы так... Разам.” Маці ўсхліпнула, але пакорліва пайшла за імі. У поўнай цішыні яны сталі чакаць афіцыянта. Людзей амаль не было, у вакно біўся п’яны клён. І Вераніка з задавальненьнем падумала пра тое, што на восень яна сёлета мае напраўду шыкоўны гардэроб.

***

Як дзейнічае на Эгея сузіраньне зубоў Бэрэнікі! Ён бачыць раптам, што гэтыя зубы існуюць самі па сабе, цела ягонай няспраўджанай нявесты адкрываецца яму пазбаўленым гармоніі, ён больш ня можа ўтрымліваць яго ўсё цалкам – і гэты распад прадвяшчае нядобрае. Хворае ўяўленьне Эгея зьмешвае сьвецкія жарты й камплімэнты з тым жудасным, што ён бачыць з акна бібліятэкі, ужо ня ставячыся да яго як да кагосьці надзеленага душою, ужо адчуваючы блізкае заканчэньне гэтага распаду. Словы, сказаныя кімсьці з непраклятых паэтаў пра балерыну мадам Сале, круцяцца ў ягонай галаве, пакуль і іх не зацягвае ў сваю арбіту нячутны поступ па калідорах дому ўжо сьмяротна хворай Бэрэнікі. Ах, “que tous ses pas etaient des sentiments”, “кожны яе крок быў пачуцьцём”!.. Змрочныя алітэрацыі, безь якіх Эгей даўно ня можа жыць, тут жа запальваюць у ягонай галаве нязгасны пажар уласнае, прыватнае раны: que toutes ses dents etaient des idees. Кожны яе зуб меў у сабе сэнс! Эгей ведае, што гэта й пагубіць яго, але процістаяць целу, якое распалася на тысячы прыгожых аскепкаў, ён ня здольны.

“Мне мроілася, што аднавіць спакой у маёй душы, вярнуць мне розум можа толькі адно:

Каб яны дасталіся мне.”

***

Ларыса сядзела перад ёй і злосна,

раздражнёна глядзела на навакольны сьвет. Зрэшты, Ларысай у дадзены момант быў хіба кончык яе языка, які беспакойна шныраў па роце і абмацваў распухлую шчаку. Гэта прыносіла Ларысе змрочнае задавальненьне, у яе трохі паплыла туш на вейках, але Вераніка са зламыснасьці пра гэта маўчала. Люстэрка Ларыса ўсё адно пры ёй даставаць ня будзе.

Навакольным сьветам былі Вераніка ў сваім заўсёдным чорным касьцюме, Веранічын кабінэт і сьляпучы крыж на амаль дабудаванай царкве, што сьвяціў ім з плошчы, бы ліхтар.

– Як яны цябе, – сказала Вераніка спачувальна-зласьліва. – А я вось нават люблю да зубнога хадзіць. Ніколі не балела.

– Пашанцавала, – уздыхнула Ларыса й зноў ператварылася ў кончык уласнага языка. Крыж прымушаў яе мружыцца, Вераніка рабіла выгляд, што працуе, але потым пазяхнула ды адкінулася на сьпінку крэсла.

Іхныя стасункі ператварыліся з часам у нейкае зусім ужо дзіўнае падабенства сяброўства. Яны ненавідзелі адна адну шчыра, паўнакроўна, аддана, яны настолькі не цярпелі існаваньне адна адной, што сустракаліся ўсё часьцей. Вераніка дык з жахам разумела, што без Ларысы яна жыць ня можа, і таму намагалася як мага часьцей бачыць яе, гаварыць, нязначнымі фразамі, поўнымі, тым ня менш, глыбокага прыхавнага сэнсу. У прысутнасьці Ларысы Вераніку ахоплівала прыемнае пачуцьцё задаволенасьці – напэўна, таму, што Ларыса ў межах бачнасьці была, што ні кажыце, пад кантролем, яна станавілася прадказальнай, і яе пры нагоде можна было б спыніць, абяззброіць, затрымаць, а то й зьнявечыць, вывеўшы з гульні. Праўда, непасрэдных нагодаў гэтая Веранічына калега яшчэ не давала, аднак Вераніка ўспрымала гэта як падрыхтоўку да вырашальнага скачку. Ларысу трэба было трымаць пры сабе. Не адпускаць далёка. Інакш – катастрофа. Вераніка была пэўная, што й Ларыса думае там сама сабе, хаваючыся за сваімі каштанавымі пасмамі, нешта падобнае. Усё было ясна як дзень: Ларыса была старэйшая ды хітрэйшая, Вераніка ж мела неаспрэчную перавагу – яна была маладая й на фоне Ларысы больш прывабная. Нічога дзіўнага, што на фоне гэтых складаных развагаў Ён неяк губляўся, хаця й быў насамрэч мэтай. І часта Вераніка лавіла сябе на тым, што яны абедзьве, стоячы поруч у калідоры, глядзяць на Яго, ігнаруючы Ягоныя вечныя жарцікі, і цеплыня нейкае нечуванае салідарнасьці струменіць ад сынтэтычнага Ларысінага пляча.

– А я сёньня яшчэ да цырульніка думала, дурніца, – прамовіла хутка Ларыса, і Вераніка ўзяла асадку са стала, проста так, – і тут у кабінэт увайшоў Жвалевіч.

Ён быў, як і мінулы раз, нападпітку, і стаў зь вінаватым выглядам ля дзьвярэй, з павагай гледзячы на перакошаны твар Ларысы. У руках Жвалевіч камячыў пакет ды, як ні дзіўна, тоўстую кнігу. “Прывітаньне, Веранічка”, – прамовіў ён ціха й скасавурыўся на кампутар. “Мне пачакаць?”. Вераніка даволі доўга спрабавала зразумець, хто перад ёй, успомніліся нейкія грошы, і адчуваньне чагосьці сьлізкага на далонях, але потым валасы зноўку падказалі ёй, хто завітаў у кабінэт, і яна пагрозьліва нахмурылася:

– Зноў п’яны прыйшоў. Ды што там ахова сабе думае ўнізе?

– Толькі піва, Веранічка, – сказаў жаласьліва Жвалевіч: ён, відавочна, не чакаў, што гаварыць давядзецца пры сьведках. Ларыса глядзела на іх са строгім інтарэсам. Вераніцы нічога не заставалася, як іх пазнаёміць.

– А можна... гэта... тэт-а-тэт, – спытаў, асьмялеўшы, Жвалевіч і паклаў пакет на стол. – Справа важная. Мы былыя сакурсьнікі.

– Ты зубы калі апошні раз чысьціў, – працягнула, ледзь ня плачучы, Вераніка. – Пасьля цябе кабінэт суткі трэба праветрываць.

– Мне зубы нельга чысьціць, – заявіў Жвалевіч. – Мне апэрацыю надоечы зрабілі. На ніжняй сківіцы.

– Праўда? – зь цікавасьцю падалася да яго Ларыса. – Бедненькі.

– Праўда-праўда, – горда сказаў Жвалевіч. – Як казаў Панікоўскі, устаўлю залатыя зубы й жанюся.

– Ну, дзяўчаты любяць маладых і палітычна граматных, – весела патрэсла валасамі Ларыса. – Як у вас з палітычнай граматнасьцю? Калі апошні раз правяраліся?

– Я сакратаром антыфашыстоўскае групы быў, – пакрыўджана сказаў Жвалевіч, прысаджваючыся на край стала: Вераніка ледзь пасьпела выцягнуць з-пад яго паперы.

Поделиться с друзьями: