Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Часткова ў катастрофе вінаваты DB, бо ўвядзеньне шматкампанэнтных колаў (якія маюць гумовую дэмпфавальную пракладку паміж вобадам і колам), патрабавала больш дасканалай праверкі колавых параў, у параўнаньні з коламі монаблёчнага тыпу.

І мне дзіўна ўсьведамляць, што менавіта ў той самы дзень, нашыя зь Веранікай целы ўжо былі жывымі.

***

Усю дарогу мсьціўца маўчаў, дэманстратыўна занурыўшыся ў нейую патрыятычную кніжку і ігнаруючы ўсе мае багацьці – бо за акном было на што паглядзець: цэлая краіна пранеслася міма, раз-пораз прыпыняючыся, даючы нам шанец наталіцца яе водарамі ды краявідамі... На месцы гэтага ідыёта я б вачэй не адрываў ад яе, ад гэтай так званай чужыны: запамінаў бы кожную дробязь, таропка звальваў бы ў сваю памяць усё, што можна скрасьці, усё, што здольны забраць з сабой кволы чалавечы мозг, – там, потым, разьбярэмся; не ўпусьціў бы ні недапалку на чыгуначнай плятформе, ні праржавелага ўказальніка, прыгнутага часам і бурамі да самага насыпу, ні галоснага у

дзіўных назвах, ніводнага ўзмаху ветравых генэратараў, ніводнае дахоўкі, ніводнага шпіля, ніводнага дрэва. Але мсьціўца толькі ўзіраўся ў сваю кніжку ды гучна казаў “ніхт фэрштэйн!”, калі яго ветліва прасілі прыбраць ногі з праходу. Мы сядзелі поруч, мой стары знаёмец Р. за нашымі сьпінамі ціха драмаў, раз-пораз прыўзьнімаючы вейкі й летуценна паглядаючы на заваконную раскошу. Ён меў рацыю, шэльма: цалкам мажліва, яму больш ніколі не давядзецца ступіць на гэтую зямлю. А мсьціўца сьлініў пальцы, перагортваючы старонкі. Мы сядзелі так блізка, але я імкнуў, як заўжды, на сваёй машыне часу, я чуў, як гудзе зямля ад лішку гісторыі, мне было што ўбіраць у сябе й за што дзякаваць, а ён, мой любы суайчыньнік-змагар – ён быў усяго толькі пасажыр. Бяздарны пасажыр. Бо быць пасажырам – таксама мастацтва.

Калі мне станавілася невыносна глядзець на яго, калі ад аднае ягонае прысутнасьці ўва мне закіпала бездапаможная млосьць, я йшоў, хістаючыся, у вагон для курцоў і там прагна дыхаў адзінотай. Нарэшце цягнік паволі ўпоўз на галоўны сталічны вакзал. Мае спадарожнікі мусілі тут перасесьці ды рушыць на ўсход, туды, дзе я нарадзіўся, дзе для мяне былі падрыхтаваныя нары, трохпавярховыя, на выпадак, калі ажанюся, туды, дзе была Вераніка й дзе на вуліцах лавілі сабакаў, дзе я мог бы выглядаць як свой... – мне ж трэба было пачакаць і потым выправіцца на поўдзень. Адчуваньне таго, што яны едуць, а я застаюся, было, відаць, напісана ў мяне на твары, бо мае спадарожнікі глядзелі на мяне ўсё больш непрыязна. “Ну, сустрэнемся на вольнай радзіме”, – скарагаворкай прамовіў нарэшце Р. Мы абняліся, нібы адштурхоўвалі адзін аднаго. Мсьціўца падаў мне руку – потную, моцную. Ён сьціснуў мае пальцы так, што мне стала балюча. “Прывітаньне ўсім эміггантам”, – пасьміхнуўся ён, зноў наўмысна картавячы, і палез у вагон. Правадніца захінала людзей, як куранятаў, захінала ад варожай, абыякавай краіны, якую яны ўсе – уфф! – пакідалі. Я махнуў ім рукой і пайшоў наверх, мне нясьцерпна захацелася ў душ.

Тая вакзальная кавярня, дзе я сядзеў ды піў сваё піва, хутка напоўнілася дымам так, што на мяне пачалі азірацца. Я думаў пра той цягнік, які зараз панясе мяне на поўдзень, як марыць пра пігулку чалавек, які пакутуе на зубны боль. З роспаччу ды надзеяй, адмаўляючы часу ў праве на існаваньне. Я баяўся выйсьці з будынку вакзалу – мне чамусьці здавалася, што там, па-за межамі гэтага вялізнага празрыстага купала, нешта абавязкова здарыцца, і мяне ўжо ня пусьцяць назад. Але ж і тут заставацца было небясьпечна. Паўсюль навокал я чуў родную гаворку, кожная цётка, кожная сямейная пара несла ў сабе пагрозу: цягнікі на ўсход усё спыняліся й спыняліся побач, і ім, гэтым гасьцям і турыстам, было раз плюнуць скруціць мяне, напаіць, ачмурыць і закінуць у вагон; о, як страшна было ўяўляць сябе ў гэтых цесных чырвоных вагонах са злавеснай кірыліцай на бакох, адтуль, я быў упэўнены, ужо ня вырвацца; так, ачмурыць мяне, напаіць, і потым прачнуўся бы на мяжы, туман, з тамбуру цягне тытунёвым дымам, а колы ўжо замененыя, назаўсёды. Там мяняюць колы так, быццам адсякаюць ногі. Маленькая начная ампутацыя, пасьля якой наўрад ці захочацца кудысьці ехаць.

Толькі ў вагоне свайго ўлюбёнага Інтэрсіці я адчуў сябе зноў у бясьпецы. Я зноў быў тут адзін, і зноў ніхто не зьвяртаў на мяне ўвагі. Гэтае шчасьце пустога месца, шчасьце празрыстасьці: пустое месца не патрэбнае ні фізычным, ні юрыдычным асобам, ні грамадзкім, ні палітычным арганізацыям. За ўсе свае вакзальныя пакуты (дзіўна, раней я любіў гэты сталічны вакзал) мая чужына зрабіла мне цудоўны падарунак – цёплы сонечны вечар, аранжавы далягляд. Цягнік спрытна прабіраўся між гор, скінуўшы хуткасьць, на небе нехта лавіў сеткай скалы, парослыя густым падлескам: я хацеў бы жыць вунь там, у маленькім, падобным да цацачнага замку будынку на горным уступе, мусіць, трэба мець добры кій, каб ускараскацца туды, затое потым паветра, і лёгкая вячэра, і дым майго “галюазу” па-над безданьню. Там, на ўсходзе, пляската й шэра, там няма жыцьця мне, Пэтэру Каменнае Сэрца. Там між беднаватай фаўны ды суворай флёры выдзяляе ў атмасфэру ўглякіслы газ мая Вераніка. Тая самая, пра якую чытае цяпер мая суседка, хударлявая Лярэлея ў круглых акулярах, строга падціснуўшы вусны. Я міжволі зазірнуў ёй у кнігу: так і ёсьць, там мільгае яе ймя, так, відаць, яна магла запісацца ў пашпарце, маё былое дзяўчо, якое знайшло сабе нарэшце добрую працу. Veronica. Але ж яна, хутчэй за ўсё, напісала там “k”.

Мой добры знаёмы, знакаміты махляр, сэньёр Каэльё. Obrigado яму. “Вы хацелі б што-небудзь пачытаць?” – зьдзіўлена зірнула на мяне мая суседка й ветліва пасьміхнулася. Я зьбянтэжана адвярнуўся, прамармытаўшы нешта прабачальнае. Гэта быў яе вечар, а мне проста далі трошкі, паводле законаў гасьціннасьці. Папраўдзе, зь мяне хапіла б і гораў. Аднак жа “Вераніка жадае памерці”. Яна любіла гэныя кніжкі. Сэньёр Паўлу, каранаваны ашуканец. Я памятаю, як мы спрачаліся зь Веранікай па тэлефоне. Яна верыла, а я ведаў: наўрад ці

мы маглі дасягнуць кампрамісу. Яе бацькі круцілі пальцамі ля скроняў, яе брата не было дома, а я ляжаў дома п’яны, і словы сыпаліся зь мяне, бы зь дзіравай кішэні.

О так, усё так. Яму хутка шэсьцьдзесят, але ж гэта ня робіць яго пісьменьнікам. Ён нарадзіўся падчас вайсковай дыктатуры, але ж гэта ня робіць яго яшчэ нікім. Псыхіятрычная лякарня нікому не дапаможа стаць геніем. Жыць у дзяржаве, дзе слова “мастак” лічылася сынонімам слова “лайдак-наркаман”, яшчэ ня значыла аўтаматычна стаць “мастаком”. Брудны хіпі – гэта ўсяго толькі яшчэ адна ўніформа. Ён прайшоў праз катаваньні, але ж ці дадалі яны яму таленту? “Што ты гаворыш!” – палка крычала Вераніка. “Падумай! Чалавека мучылі, ён столькі перажыў”. “Мне шкада яго, безумоўна,” – казаў я зь бязбожным сьмехам. “Але чаму я мушу ім зачытвацца – я што, сплочваю яму доўг за ягоныя пакуты?”. “Ты проста зайздросьціш!” – яна ледзь ня плакала.

Ён чытаў Леніна і Бхагават-Гіту. Ён шмат пісаў. Анархічныя песенькі. Рауль, рок-зорка, любіў няўрымсьлівага Паўлу, але ж і падумаць ня мог, кім гэты хлапец стане. Мяцежнага Рауля цяпер ня памятае ніхто, затое сівога, коратка стрыжанага чалавека з хітрай усьмешкай бізнэсоўца-рамантыка й бунтарскім хвосьцікам ведае ўвесь сьвет. Нездарма гэты маладзён назваў выдаваны ім калісьці часопіс “2001”. Ведаў, кім можна сустрэць міленіюм, калі добра вывучыць прымітыўную душонку ласага на эзатэрыку й танны містыцызм чытача. Хочаш быць філёзафам – будзь ім. Як усё проста.

Але ж тады, калі сэньёр Каэльё выправіўся ў Эўропу ды знайшоў сябе раптам у нейкай амстэрдамскай псэўдакаталіцкай сэкце, да цяперашняй славы яму было далёка. Ён быў яшчэ адным з многіх. І, пэўне ж, чытаў Дастаеўскага па-партугальску. З інтарэсам глядзеў на мапу, на чырвоную пухліну гіганцкае імпэрыі, і падумаць ня мог, як яны задыхаюцца без духоўнага правадыра, колькі легкаверных, гатовых верыць у што заўгодна, толькі б у нешта верыць людцаў ён тут знойдзе, якую багатую даніну зьбярэ... На гэтых бяскрайніх прасторах яго сустрэлі як мэсію. Зь ім абедалі прэзыдэнты. Пра яго з захапленьнем выла тэлебачаньне. Яго стараліся не заўважаць цэрквы: найлепшая рэкляма. Дурні ўсіх узростаў і абодвух палоў ганяліся за ягонымі беленькімі сьціплымі кніжкамі. Яшчэ не астылы ад азадкаў Чумака й Кашпіроўскага трон быў расхістаны, але надзейны. Хочаш быць пісьменьнікам – будзь ім.

Тады, трыццаць гадоў таму яму перашкодзіла нейкая юначая непаседлівасьць і доўгі язык. Бо зь яго атрымаўся б выдатны мэнэджэр. У CBS Records будучы духоўны лідэр зрабіў неблагую кар’еру. Напэўна, ужо тамака ён зразумеў, што ўсё, чаго чакае масавы чытач – гэта прыгожыя банальнасьці і простыя адказы. І алхімік узяўся за працу.

Так, Вераніка, ён меў цікавы й цяжкі лёс. Ён стаіць у цэнтры свайго жыцьця, маленькі чалавек, сьціплы пілігрым, які дабраўся да Сант’яга-дэ-Кампастэла, стаіць як сярод загрувашчанага антыкварнай мэбляй пакою. Але прыдумаць гэты пакой ён ніколі ня дасьць рады. Калі публіка разыходзіцца, алхімік ідзе да банкамату. І ніхто ў банку не здагадваецца, што гэты непрыкметны настаўнік хіміі са сьлядамі ўсіх чалавечых заганаў на твары і ёсьць той самы сэньёр, якога з такім імпэтам фатаграфавалі ў Шарамецьева.

Лёс ня робіць нас чараўнікамі. “У мяне ёсьць яшчэ”, – зь мілай усьмешкай кажа мне Лярэлея і адкрывае заплечнік. “Вось”. У руках яе цэлы стос навюткіх кніг, і я чытаю, мружачыся ад сонца: Veronica beschliesst zu sterben.

9.

Не, яна ні з кім не цалавалася, стоячы пад пранізьлівым ветрам, гэта толькі так кажуць: з кім гэта ты цалавалася? Але адразу стаў зразумелым гэты ўчорашні сьверб над верхняй губой, і дарэмна яна ўглядалася перад сном у люстэрка – гэта трэба было рабіць сёньня з раніцы. У роспачы Вераніка паспрабавала выдаліць паскудзтва, і паскудзтва не марудзячы адгукнулася, імгненна вырасла амаль удвая. Зырка-чырвоны грыбок на дагэтуль такой беззаганнай лініі, ён адразу ж стаў цэнтрам Веранікі, яе сэрцам, яе мозгам, скопішчам усіх яе праклёнаў і няўдачаў. Яна выглядала незваротнай, вечнай, наўмысна кімсьці пасаджанай, падсаджанай, падсадной, гэтая балячка. Быццам на шэдэўр крапнулі кіслатой. Дзіўна, бяз гэтае балячкі Вераніка зусім не адчувала сябе шэдэўрам, але варта было ёй зьявіцца, і цела запратэставала, і пачало сьлязьліва нагадваць пра ўласную нядаўнюю дасканаласьць. Хоць ты енчы над пазаўчорашнімі фатаздымкамі. “Ведала, ведала ж, што лепш не дакранацца, – дакарала сябе Вераніка, – “дык чаму ж...”. І, дзеля ўсяго, чаму менавіта ў гэты дзень?

На працягу году дыскатэкі ў школе былі пад забаронаю. Забарону ўвёў дырэктар, надзелены ў той час амаль дыктатарскімі паўнамоцтвамі, і раённы аддзел адукацыі, падтрыманы міліцыяй, забарону ўхваліў. Год таму ў фае школы, на такіх вось танцах, п’яныя адмарозкі, што прыехалі ў Сьвет з гораду, парэзалі шклом старшаклясьніцу. Вераніка ведала ахвяру, тая ў Сьвеце ўжо не жыла, адразу ж пераехала з бацькамі кудысьці на ўскраіну сталіцы, далей ад сьветаўскага пекла. Казалі, адмарозкаў гэтых прывёз Драгуноў, але даказаць гэтага не змаглі, – праўда, для прафіляктыкі Драгунова ледзь не штодня цягалі тады ў дзіцячы пакой міліцыі, а аднойчы нават звазілі ў райаддзел. Драгунову ўсё гэта падабалася, ён адчуваў сябе героем і на фраераў-аднаклясьнікаў пазіраў з пагардай. Вераніка ніякім чынам ва ўсім гэтым, натуральна, ня ўдзельнічала, ведала па чутках, якія на перапынках разносілі па школе юныя антыфашысткі.

Поделиться с друзьями: