Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

У адрозьненьне ад аўтараў гэтых гняўлівых допісаў я добра ведаў, адкуль менавіта ўцёк... Мой спосаб зарабляць сабе на хлеб між абшараў радзімы даў мне за паўтара дзясяткі гадоў магчымасьць штодня сустракацца й размаўляць з такімі людзьмі, якіх мае апанэнты ўважалі за казачных герояў: зь нябачнай абслугай ВКЛ, з усімі гэтымі швачкамі, прадавачкамі, рабочымі, трактарыстамі, малярамі, выхавальніцамі дзіцячых садкоў і кульработнікамі, з дактарамі й кіроўцамі, з усімі тымі, хто забясьпечваў маіх абураных крытыкаў прадметамі першай неабходнасці, з тымі, на кім трымалася ваша краіна, з тымі, ніводзін зь якіх ні разу не ўсумніўся, што вы трапілі ў свае ВКЛ за канкрэтныя злачынствы – з тымі, дзякуючы каму яна, ваша краіна, такая, якая ёсьць... Ці ня бачыце вы, спадарства, нешта прыхавана-заганнае ў гэтай

вашай максіме: “за мяжой нельга кепска казаць пра сваю краіну”? І ці можа адзін чалавек зрабіць сабе піяр за кошт двух дзясяткаў віртуальных канцлягераў?..

(Дрозд щебечет в шевелюре кипариса.)

***

Вераніка не змагла стрымацца і з асалодай аблізнулася, калі гэтыя прахалодныя пальцы леглі ёй на шыю. Яе скура хутка іх нагрэла, і было так утульна адчуваць сябе ва ўладзе чагосьці ўмелага, прафэсійнага, натрэніраванага. Вераніка ведала, што ў пакоі яны не адны, і гэта было прыемна: ёй вельмі хацелася, каб на яе цяпер глядзелі са схованкі ды пакутвалі ад немагчымасьці ўмяшацца; яе так радавала ўласная запатрабаванасьць. Яна аблізнулася яшчэ раз – гэта быў непрыстойны рух, і яна гэта ведала, але ж хто мог пабачыць, як вусны Веранікі, бледна-ружовыя сёньня, бы зьмерзлыя, схаваліся на імгненьне за амаль аўтаматычным, павольным, вывераным ня ёй, а яе свавольным целам рухам языка, на вуснах сьліна, тонкі слой сьліны, і адразу ж прахалода. Нібыта ў кабінэце скразьняк. Ёй было весела ад думкі, што зараз нехта можа зайсьці сюды, і першым, што ён убачыць, будзе супрацоўніца адзьдзелу – увасабленьне Ўлады – якой адзін з наведнікаў гладзіць плечы. Той, хто зойдзе, абамлее, і не здагадаецца, што сюрпрызы гэтага кабінэту яшчэ ня вычарпаныя. Тут шмат незвычайнага сёньня. Нібы ў адміністрацыі дзень адчыненых дзьвярэй.

10.

Яна ўвайшла ў Ягоны кабінэт, як верная старая прыслужніца. Увайшла ды моўчкі паклала паперы на подпіс каля Ягонай загарэлай рукі. І засталася стаяць ля стала, апусьціўшы вочы, нібы чакаючы далейшых загадаў. Ён гэта не адразу заўважыў, потым усё ж зірнуў на яе, трохі зьдзіўлена, не разумеючы, што яна тут робіць.

– Вераніка, – прасьпяваў ён задуменна, ня ведаючы, што сказаць. – Верані-і-ічка... Як справы, Веранічка?

– Дзякуй, – уздыхнула яна, а ўнутры ўсё раптам затрапятала, так, як раней, бо ён зь ёй загаварыў, бо ў кабінэце нікога апрача іх не было. Гэта здаралася ў апошні час так рэдка. І, відаць, менавіта гэтая блізкасьць падказала ёй ні з таго ні зь сяго цікавы наступны ход у яе гульні. – Дзякуй, усё добра.

“Толькі б ня спудзіць”, – пранеслася ў яе ў галаве, і яна ледзь не пакланілася Яму. Ён весела зірнуў на Вераніку зьнізу ўверх і, паклаўшы адну нагу на край стала, запытаўся, ускінуўшы добразычліва бровы:

– А ведаеш, што азначае тваё імя? Ну, адкуль яно пайшло?

Вераніка сарамліва (занадта сарамліва!) пакачала галавой. Ён задаволена пацёр далоні. Яму насамрэч было незразумела, што яна тут дагэтуль робіць, у разгар працоўнага дня.

– Вераніка: тая, якая прыносіць перамогу. Ты прынясеш мне перамогу, Веранічка? Адкажы.

Вераніка ледзь прыкметна ўсьміхнулася. Відаць, апошняе захапленьне аддзелу Яго нейкім чынам абмінула. Ён ня ведаў, хаця й быў намесьнікам загадчыка, што ў стале кожнага супрацоўніка ляжала раздрукоўка з тлумачэньнем ягонага імя: ужо тыдзень як яны апанатана шукалі ў інтэрнэце ўсё, што датычыла іхных імёнаў, невядома чаму, але шукалі, і дзяліліся адно з адным кожнай новай падрабязнасьцю, і званілі ў суседнія кабінэты, калі знаходзілі нешта пра імёны калегаў; яны займаліся гэтым з такім захапленьнем, з такой упартасьцю, нібы імёны ў іх зьбіраліся адабраць. “А ці ведаеш Ты, што менавіта Вераніка выцерла пот Хрысту, калі ён ішоў на Галгофу?” – пяшчотна падумала Вераніка й паглядзела пажадна на Ягоны лоб. Але яна нічога не сказала. Толькі кіўнула.

“Вераніка. Тая, хто прыносіць перамогу. У дзяцінстве баязьлівыя, нерашучыя, часта прастуджаюцца. З гадамі заўважаюцца такія рысы, як раздражнёнасьць, упартасьць. Апрача таго, у некаторых Веранікаў узьнікае алергія на пахі, яны могуць страчваць прытомнасьць ад выгляду крыві.

Характар Веранікі – мацярынскі, хаця

вонкава больш падобная да бацькі. Больш любіць бываць сярод мужчын, шлюбаў часта некалькі, нараджаюцца звычайна дзяўчынкі. Вераніка – гаваркая, жывая, жвавая, і гэтую жывасьць захоўвае звычайна да старасьці. Каханьне прыходзіць да яе лёгка, яна карыстаецца посьпехам у мужчын. Аднак пачуцьцё, якое ўспыхвае так хутка, гэтак жа імкліва й зьнікае, і тады ўсе сувязі з аб’ектам жарсьці ўмомант рвуцца. Асаблівасьць характару Веранікаў – упартасьць (гэта вельмі ўласьціва “зімовым” Веранікам), прычым часта яна дзейнічае проста на злосьць каму-небудзь. Улюбёныя колеры: чырвоны, фіялетавы, чорны.

Імені Вераніка пасуюць мужчынскія імёны Уладзімер, Аляксандр, Пётр, Леанід, Станіслаў, Барыс, Ігар – зь іх носьбітамі Вераніка будзе шчасьлівая.

Мікалай, Эдуард, Віктар, Уладзіслаў, Арэст, Сямён, Віталь, Канстанцін ёй мала пасуюць.”

Як яны гэта вызначылі? Так забаўна. Як высьвятляецца, Лёнька, яе дурны Лёнька ёй на самой справе пасаваў, а з Эдзікам яна ўсё зрабіла правільна. А той, які цяпер недзе за мяжой, такі сьмешны, такі дурны: ягонага імя не было ў гэтым сьпісе. Чырвоная, фіялетавая, чорная ўпартасьць. “Гэта ж спрэс пра мяне,” – падумала з жахам Вераніка той раз, калі прачытала на адным сайце гэты кароткі аповед, у якім пры жаданьні можна было зьмясьціць усё яе кароткае жыцьцё. Ёй падабалася, што і Ягонае ймя было ў сьпісе тых, ад каго сярэднестатыстычныя Веранікі звычайна нараджаюць шчасьлівых дзяўчатак.

– Ну, ідзі, – прамовіў Ён нецярпліва пасьля доўгай паўзы. – Ідзі працуй.

“Дзякуй”, – дадаў Ён ні да чаго, разгубленым тонам. І яна пайшла да дзьвярэй. “Шчасьліва!” – не ўтаймоўваўся Ён за яе сьпінай. Вераніка дайшла да дзьвярэй і спынілася.

– Ну, што яшчэ? – Ён з усяе моцы намагаўся надаць свайму голасу добразычлівасьці.

Вераніка ціха назвала яго па імені і абярнулася. Ён чакальна глядзеў у яе вочы.

– Мне трэба вам нешта распавесьці, – сказала Вераніка. – Гэта важна.

– Не цяпер, – замахаў Ён рукамі. – Дай мне палайдачыць трохі. У мяне сёньня няма працы, настолькі няма працы, што я ўжо стаміўся. Трэба адпачыць. Пачытаць што-небудзь захапляльнае вось з гэтай сіняй папачкі з гербам.

– Гэта датычыць працы нашага аддзелу, – сказала Вераніка, пакрываючыся своечасовай чырваньню. – Маіх калегаў. І… Я не хачу, каб нехта ведаў пра тое, што я вам распавяду. Мы маглі б…

Ён, відавочна, зацікавіўся.

– Але чаму мне? Распавядзіце гэта Чэславу Карлавічу, – сказаў Ён афіцыйным голасам, адначасова ўсхвалявана грукаючы пальцамі па стале. Аднак жа Вераніка добра бачыла, наколькі ён узрадаваны.

– Я хацела спачатку вам, я ўсё ж не зусім упэўненая, што... Я мала ведаю, можа быць, гэтыя мае калегі атрымалі адмысловае заданьне... – прамарымытала Вераніка з чароўнай непасрэднасьцю. – І калі вы палічыце маю інфармацыю дастаткова важнай, то, калі ласка, давядзіце яе да Чэслава...

– Да Чэслава Карлавіча, – сказаў Ён, нахмурыўшыся. – Добра. Толькі ж ня трэба гаварыць пра гэта тут. Давайце... Давай, Веранічка, сустрэнемся ўвечары... А хаця б у кавярні “Казей”, ведаеш, дзе гэта? Гадзінцы так а сёмай?

– Добра, – лёгка сказала Вераніка. – Я пайду. Дзякуй вам.

– Табе дзякуй.

Ён адвярнуўся й падыйшоў да акна. А яна выйшла ды паляцела па калідоры да свайго кабінэту. Атрымалася, усё атрымалася: Ён сам прызначыў ёй спатканьне. Пра тое, што яна Яму скажа ўвечары, Вераніка імкнулася ня думаць. Акрэсьленага пляну ў яе не было, яна вырашыла, што паразважае над гэтым, калі будзе пругкай паходкай пераможцы крочыць па праспэкце да “Новага Граду”. Лягчэй за ўсё было б выдумаць нешта пра Ларысу й такім чынам адсунуць яе далей ад месца бітвы. Тады б ніхто Вераніцы ўжо не замінаў. Калі інфармацыя не пацьвердзіцца, можна было сьпісаць усё на сваю празьмерную пільнасьць. Судзяць тут толькі за недастатковую ўвагу, за празьмерную ж ніхто сварыцца ня будзе. Як складуцца абставіны пасьля вечаровага спатканьня, Вераніку не хвалявала. Істотна было толькі тое, што а сёмай у яе спатканьне. Першае спатканьне зь Ім. І ён сам яго прызначыў, прызначыў не каму-небудзь, а ёй, ёй, ёй, Вераніцы. Яна захацела паказаць камусьці нос, і ўрэшце паказала яго люстэрку. І потым трыюмфальна, мацерна вылаялася.

Поделиться с друзьями: