Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Вераніка засьмяялася:

– Не.

– Ты ня хочаш уцячы адсюль?

– Не, – сказала Вераніка ўпэўнена. – Тут я вольны чалавек. Тут маё каханьне. Тут я ўсемагутная. А там? Не, я застануся. Прынамсі, пакуль што. Але я зайду яшчэ, добра.

– Заходзь, – вусны скрывіліся. – Заходзь, пабалбочам. Мы ніколі ня сьпім.

– Дабранач, – сказала Вераніка й выйшла.

Той самай дарогай, якой яна прыйшла сюды, Улада вярнулася да Лекса. Той спаў, і рукі ягоныя былі паслабленыя. Вераніка легла побач і з казачнай усьмешкай на вуснах стала чакаць новага цудоўнага дня. Яе цела ўжо было гатовае да працы, яе цела выдзяляла сок.

***

Праз блытаніну з аўдыторыямі яна спазьнілася на лекцыю: цішыня й белая пустата той, якая была пазначаная ў раскладзе, аглушылі Вераніку. З амаль што закладзенымі вушамі яна зноў пайшла да раскладу, там яе й сустрэў дэкан. Ён красамоўна паказаў на столь, і Вераніка пабегла наверх. Там, у 555-ай, панаваў паўзмрок, завешаныя фіранкі пакалыхваліся ад ветру, голас выкладчыка, такога маладога,

а ўжо лысага, быў гідка надсадны. Прастудзіўся ён, ці што. Яны глядзелі слайды, нейкі жывапіс, раскоша голага цела, парнаграфія прыроды, тоўстыя жанчыны, мужчыны, падобныя да пэрсанажаў фантастычных трылераў. Бароды, панчохі. Вераніка ціхенька ўвайшла, абыякава сьлізганула позіркам па карціне, што цьмяна гарэла на сьцяне, – празь яе настойліва праступала дошка, на якой былі накрэмзаныя хімічныя формулы. Карціна як карціна, мікелянджэла-рафаэль-леанардадавінчы, нехта з гэтых, напэўна. Многа лесу, кавалак неба, недзе ў гарах. Нешта неўразумелае на пярэднім пляне. Яшчэ больш за гадзіну тут тырчаць. Яна села за апошняй партай і закрыла твар рукамі. Ёй востра хацелася чагосьці, і яна не разумела, чаго. Ёй хацелася плакаць, выць, або парэзацца аб што-небудзь вострае. Бо была восень, і ёй было васямнаццаць. “Брэйгель,” – гнюсна цягнуў выкладчык. “Брэээйгель”, – як авечка. Як іржавыя арэлі. Госпадзе, ну пры чым тут гэты Брэйгель?

***

Ня дзіва, што сароку там, на гэтай цёмнай, паточанай жукамі бэльцы, многія адразу не заўважаюць. Яна ўсяго толькі сарока. Птушка, што цалкам губляецца на фоне раскошнай, бы Кёльнскі сабор, прыроды. У яе чучала напхана так багата мітаў. Сарока: Яе паглынаюць горы, і гэты туманны гарадок унізе, і возера, што выглядвае з даліны. Пакручастыя дрэвы, якія маглі вырасьці толькі тут. Шыбеніца пустуе. Пад шыбеніцай танчаць людзі. Вайна прыйшла, узьлезла на пагорак, агледзела навакольле ды сыйшла. Яе сьляды яшчэ відаць, але хутка восень, лісьце зацярушыць іх, вайна забудзецца, аж да наступнай, – але ніхто не прыбярэ шыбеніцу. Шыбеніца расьце тут, нібы дрэва. Я люблю гэтыя колеры.

Горы паглынаюць птушку. А пра яго казалі, што ён глытае горы й скалы. Брэйгель Мужыцкі. Як шляхецкі тытул. Ён адчуваў сябе як скала, як бык, як хмара над сасьпелай пшаніцай. Ён еў прыроду, бы пірагі, вялізнымі кавалкамі, і разам з тым яму ніколі не прыйшло б у галаву чымсьці яе прынізіць або абразіць. Бо гэта значыла абразіць самога сябе. Бо ён ніколі не забываўся на сваю ёй прыналежнасьць.

Ён быў у сваёй стыхіі ва ўсім натуральным, жывым, грубым, напоўненым пахамі, ён не дзяліў іх, пахі, на прыемныя й не. Пот, перагар, пах сьвежавыпечанага хлеба, пах вялікіх, пладавітых, усьмешлівых жанчын, пах крыві ў разьніцы, пах гною, пах рыбацкае курткі, пах дыму над заможнай вёскай. Цьмянае галяндзкае сонца, якое яму нібыта дапамагала. Хуткія палосы сонца, як напалоханыя зайцы між высокага калосься. Зь сябрам Гансам Франкертам яны любілі хадзіць па сёлах ды, выдаваючы сябе за гасьцей жаніха, сьвяткаваць чужыя вясельлі. Як ён любіў жыць... Ледзь не ажаніўся са сваёй служанкай – спыніла яго тое, што служанка была паталягічна ілжывая. Нават у адказ на простыя, побытавыя пытаньні яна выдумляла, чырванеючы, розную лухту. Ён нават любіў яе за гэта. А яна яго баялася, бо ён быў мастак, а людзі такой прафэсіі без знаёмства з д’яблам не абыходзяцца. Можа, яны й не прадаюць яму душу, але ж сутракаюцца, сустракаюцца: інакш з кім там Пітэр размаўляе штодня ў сваёй майстэрні? Пазьней ён ажаніўся з дачкой свайго былога настаўніка. Маладой было васямнаццаць, і сарока была завяшчаная менавіта ёй.

Як гэта часта бывае, сыны тытулу не заслугоўвалі. Пайшлі па ўзбочыне, ім карцела зазірнуць туды, куды зазіраць было або немагчыма, або забаронена. Дэкадэнты Сярэднявечча: Брэйгель Аксамітны, Брэйгель Пякельны. Ён глядзеў на сыноў ухвальна. Яны й праўда ўдаліся, бо кожнага цяжка было зблытаць зь якім-кольвечы іншым чалавекам. Такой была ягоная Галяндыя: кожны камель непаўторны, кожны водсьвет, кожны твар.

Час не спрыяў жыцьцялюбам. Гішпанцы забаўляліся з чужой крывёй, і калі ў адным канцы краіны палала вёска, то ў той самы момант недзе ставілі новую шыбеніцу. Царква якраз забараніла ўскрыцьцё трупаў у дасьледніцкіх мэтах, а трупаў навокал было так багата, трупы цягнулі за сабой новыя, сьмерць была звыклай зьявай, а анатомія патрабавала матэрыялу – па праве навукі. Час майстра Дзумба яшчэ не надыйшоў, хаця воск ужо рабіў сваю справу. Кажуць, ён напісаў сароку, намякаючы на тое, што кожная пляткарка заслугоўвае шыбеніцы, другія кажуць: так, але ж тут ёсьць і больш глыбокі падтэкст, краіна задыхалася пад гішпанскім прыгнётам, сьмерць была паўсюль, яе ўжо перасталі баяцца, баяліся толькі таго, што ёй папярэднічае... Факты, чуткі, грамадзянскі падыход... Кожнае з парасятаў будуе свой дом. Але ж не, кажу я вам, не. Ён пісаў гэта, сароку, і шыбеніцу, і скалы, і горад унізе, і зьмеі камялёў, маючы на ўвазе перадусім толькі адно, якім бы страшным яно ні было.

Прыгажосьць.

***

У гэтым паўднёвым горадзе мяне пасялілі на адной амаль празрыстай віле, гаспадар быў якраз у ад’езьдзе. Увечары яе празрыстасьць ня кідалася ў вочы – тым ня менш, я доўга ня мог заснуць, праляжаў, скінуўшы падушку ды коўдру на падлогу, амаль да раніцы, мне было душна, хаця знадворку прайшоў хуткі і асьвяжальны, як мятныя пасьцілкі, дождж. На самым сьвітаньні мне, ашалеламу ад чарговага новага жытла, прымроілася Вераніка, якая журботна блукала па двары, уздоўж басэйну. Вуліца побач пачала пакрысе ажываць, машыны шумна скочваліся

ўніз па бруку, віла стаяла на ўзгорку, густое высокае кустоўе засланяла даліну... Неўпрыкмет я заснуў і пабачыў свой дзіўны сон, які пачаў сьніцца мне яшчэ на поўначы: рэдкі лес, карабельныя сосны, густы туман, і бурбалкі парашутыстаў, якія зьнікаюць, набліжаючыся да зямлі, усё шэра-белае, вогкае, як асеньняе папялішча.

На раніцу я нікуды ня мог падзецца ад празрыстасьці гэтых сьценаў. Прасторы для сонца тут хапала зь лішкам, “Sch"ones Wetter”, – крыкнуў нехта суседу за высокай жывой агароджай. Я знайшоў на кухні кававарку ды згатаваў сабе свой чорны духмяны сьняданак. Знайшоў стол, зь якога сонца выразала па цэнтры сьляпучы трохкутнік. Закурыў, пакуль яшчэ ня ведаючы, куды дзяваць попел.

Гэта быў квадратны чорны стол, і вакол яго стаялі чатыры плеценыя крэслы. Не, сымэтрыі тут не было аніякай – крэслы стаялі ў розных позах. Можна было сесьці на вунь тое, супрацьлеглае, і тады сонца ляжала б перад табой, як талерка, і кожнага, хто ўвайшоў бы сюды, ты пабачыў бы першым. Другое крэсла дазваляла апынуцца да візытантаў у профіль і глядзець на гадзіньнік, што вісеў на сьцяне. Гэтае месца таксама было ў цені. Трэцяе месца таксама паказвала цябе ў профіль таму, хто завітаў бы ў пакой, і адтуль можна было б разглядваць карціну: але не, гэта была старая, забаўная тэатральная афіша, з мужчынамі ў капелюшах і плашчах, цыгара ў роце, прыгажуня-бляндынка на заднім пляне, а ўпоперак надпіс, назва мюзіклу: “She is your death”.

Ні пра што не задумваючыся, зусім міжволі, я не абраў ніводнае з гэтых месцаў. Я сядзеў там, дзе сядзеў: сьпінай да сонца й да таго, хто мог з хвіліны на хвіліну прыйсьці, мая патыліца марудна награвалася, каб бачыць афішу або гадзіньнік, мне трэба было выгінаць галаву, а гледзячы проста перад сабой, я ўпіраўся позіркам у твар таго, хто сядзеў на першым крэсьле. Такая была дыспазыцыя. Заставалася піць маленькімі глыткамі каву й чакаць таго, хто мусіў сюды прыйсьці.

Прыкладна праз паўгадзіны прыйшоў Франк. Я павітаўся зь ім, не паварочваючы галавы, і запрасіў яго сесьці, мне было вельмі цікава, куды ён сядзе. Ён трохі зьдзівіўся, але ж, відаць, быў даволі звычны да розных замежнікаў зь іхнай тысячай статутаў, у якіх лепш не разьбірацца, каб не звар’яцець. Франк пахадзіў трохі ў мяне за сьпінай, а я цярпліва чакаў. Мне вельмі хацелася дастаць з заплечніка бутэльку віскі ды выпіць, проста каб спакойна тут агледзецца й пагаварыць зь ім сапраўды грунтоўна. Але ж ён дакладна ўспрыме ўсё няправільна, калі я буду піць віскі а дзясятай раніцы. Франк далікатна пакашляў ды распытаў у мяне пра тое, як мне тут падабаецца. Я адказваў, але так і заставаўся сядзець на месцы, цэдзячы сваю астылую каву бяз цукру: цукар я не знайшоў. Урэшце я ўзяў цыгарэту, і ён успрыняў гэта як сыгнал, што сьнедаць я скончыў. “Ja, ich bin fertig,” – прамовіў я голасам Грэгара Замзы, стараючыся на яго не глядзець. Ён задаволена абыйшоў стол і сеў насупраць мяне. Так, так, я так і думаў, ён сеў акурат насупраць мяне, і сонца расставіла ўсё па сваіх месцах.

***

Чым жа я займаюся тут? Вось і яшчэ адзін адказ прысьпеў, вымайце яго зь печкі. Я ПЛЯВУЗГАЮ.

Гэтым словам, такім выразным, родным, здольным парадаваць як вечна заклапочанага пурыста, так і расейскага турыста, можна вытлумачыць ладную частку майго тутэйшага баўленьня часу. “Плявузганьне” – гэта ўсе мае тутэйшыя інтэрвію й публічныя прамовы, усе мае выказваньні адносна радзімы, пра якую, па шчырасці, можна казаць усё што заўгодна, у любым выпадку гэта назавуць плявузганьнем. Бо радзіма – абсалют, хвалі яе – і цябе абвінавацяць у празьмернай, зьдзеклівай стараннасці, аблай яе – і цябе залічаць у здраднікі. Тутэйшыя журналісты да мяне ахвочыя, ды каб жа іх цікавіў я: ім важны Від, а не Падвід, на маім месцы перад дыктафонам мог бы з такім жа посьпехам апынуцца любы мой суайчыньнік, журналістам істотна ня хто ты, а адкуль. Адмова трохі паплявузгаць успрымаецца зь недаўменьнем: што ж вы робіце тут, гер Кайнэр, гер Швайгештыль? Wes Brot ich ess', des Lied ich sing'!

Між тым, падвід гера Швайгештыля сам па сабе мог бы стаць тэмай асобнага дасьледваньня. У роднай мове й для яго існуе сваё азначэньне: грантасмок. Мы, грантасмокі (такія зьбеглыя з тонучых караблёў капітаны Гранты з файкамі ў гнілых зубах), новая парода чалавека, нам як падвіду ад роду хіба паўстагодзьдзя. Уцекачы мінулага і ўявіць сабе не маглі, якім шыкоўным клопатам будуць акружаныя іх нашчадкі, якім пашчасьціла вырвацца за мяжу з маленькіх, не дасьпелых да свабоды грамадзкіх раёў. Бо, нагадаем, важна ня хто ты, а адкуль. Дзякуючы ўладзе на маёй радзіме я яшчэ па дарозе ў гэты партовы горад атрымаў авансам порцыю такога спачуваньня, што яе хапіла б на ўсіх маіх суайчыньнікаў. Улада пра гэта не здагадваецца й працягвае шукаць фашыстаў на родных калгасных нівах.

Пасьля інтэрвію часопісу “Gabel” мне стала ўжо не да стварэньня легкадумных „Прэдупрэждзеній”. Інтэрнэт імгненна данес на мяне маім бедным, бедным, бедным суайчыньнікам, уручыў ім перакрыўленае шматлікімі перакладнікамі адлюстраваньне той млявай, нязначнай гутаркі. “Ён ня мае права, жывучы там, гаварыць так пра нашу краіну”, – абураліся ў сеціве жыхары канцлягеру “На блакітных азёрах”, “Я наогул перакананы, што за мяжой нельга казаць кепска пра сваю радзіму”, – марна намагаўся паставіць тарчма літару “р” у апошнім слове адзін патрыёт з ВКЛ-11 пад Рачкамі, “Гэта самапіяр-р-р, пія-р-р!” – паныла каркалі на сучасны манер спарахнелыя прадстаўнікі розных старажытных прафэсій, якія ў лягеры ВКЛ-13 выдавалі часопіс “Наша Воля” . Давялося мне правільна расставіць усе знакі прыпынку, што я зрабіў без усялякае, трэба сказаць, ахвоты.

Поделиться с друзьями: