Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

Я яшчэ выпадковую старонку прачытала, каб было, чым маю каханую дражніць, натрапіла на момант, дзе яна гібону кажа, што збіраецца ў Штатах мужа завесці, «мужа-беларуса». Я спачатку думала пакрыўдзіцца, але потым зразумела, што яна, мабыць, пра мяне кажа як пра «мужа» — мы з ёй час ад часу дурачыліся, розныя ролі выдумлялі. Так, сапраўды планавалі дзіця ўсынавіць у Штатах, выгадаваць яго беларусам. Карацей, праехалі. Ну не адразу праехалі, пабілі посуду, прычым не ўласнага, уласнага посуду ў нас ніколі не было, у кавярні я неяк не вытрымала, на наступны дзень, бо прыкра было за гэтае хлюпанне носам. Вызверылася на яе гэтыя «гетэрныя» замарочкі, кажу, бля, калі ты бісэксуалка, дык ты мне так і скажы, а то і з тымі, і з тымі, — так не робяць, Наста! І зразумела, чаму ты мяне да гібонаў падраўноўваеш! Бразнула кубкам аб сцену, мы збеглі, грошай за каву забашляць у нас палюбэ не было. Дык вось, пасля гэтага яна мяне прылашчыла, я супакоілася. А яна кажа — слухай, давай у Вільню рванем, патусім там троху. Ну ў Вільню, дык у Вільню, выправіліся ў Вільню. Спачатку на «сабаках»,

потым як заўсёды ссадзілі, як заўсёды, драпалі ад паліцыі ды далей паціхеньку, стопікам. Дзве дзяўчынкі-прыгажунькі, хто ж нас абміне: дачэпалі да трасы, там знялі нейкага маўклівага харвата, які толькі вочкамі зірк-зірк на мае каленкі, але ж маўчаў, паспрабаваў бы пры Настушы, яна б яму паказала айкідо.

Давалок ажно да самых Фабіёнішак, я з аўтамата дзынькнула Вальдэмару, але ж ён сказаў цяпер на Шоду кліентаў няма, а тыя што былі — усіх пабралі, лёгкіх пянёндзаў з каталікоў не навышмандоўваеш, дык выправіліся ў сквот, там былі студэнты з нейкага беларускага універу, ЕБУ ці штосьці, добрыя рабяты, вясёлыя, спачатку ляснулі папяровую паўтараху чырвоненькага, думалі мяне даслаць у «Максіму» яшчэ за палівам, але ж тут Настачка пачала выкабельвацца, кажа, ёй патрэбныя грошыкі, бо заўтра ж аўторак, у яе «сустрэча», кажа, з сямнаццаці да васемнаццаці нуль-нуль. Я кажу, чэсь, сябровачка, што за прыкол, чаму я не ведаю, з кім гэтая сустрэча, ці не з той Светачкай, з якой мы абяцаліся больш не важдацца. Яна кажа, не твая справа, я кажу не мая справа, ах не мая справа, дык я зараз хуценька, толькі нумарок знайду, то будзеш мяне потым па ўсёй Жамойці шукаць, ды знойдзеш у нечым ложку ў Паланзе, дык як не мая справа. Ну трохі паразмаўлялі, з кіпцюркамі, ажно пакуль тамашні галоўны гіпан не паўстаў, кажа, дзевачкі, ідзіце сварыцца ва Ужупіс, у нас тут ціхенькая камуна, не трэба тут Лісістрату ў двух дзеях закочваць, я кажу, ты каго Лісістратай назваў, сам ты Лісістрата, але ж тут Наста мяне прылашчыла, кажа, не псіхуй, дурында, ну і карацей зашыліся мы ў куток ды пачалі ўсё ціхенька так высвятляць. Кажа, трэба ёй. Я пагаджаюся: ну трэба і трэба, але ж я з табой, каханая, бо ў цябе ж сэрца чуллівае, спакусіць які-небудзь гарылоід, не, не, разам ідзем. Яна кажа, не можна разам, ёй адной трэба пытанне адно закрыць. Я кажу, што за пытанне такое. Я цябе кармлю, я танчу, я пытанні павінна вырашаць. І што за пытанне такое патаемнае наогул. Ніколі таямніц паміж намі не было, ты ведаеш, калі ў мяне пачынаецца, я ведаю, калі ў цябе, разам цацкі набываем у крамах, у якіх некаторыя каталікі тут за ўсё жыццё ні разу не былі, разам такое робім. А тут нейкая «сустрэча» ў яе.

Ну і тут яна выдала споведзь, кажа, амерыканец той, Вілаў, са Стамбулу. Ён карацей зямлячына ейная, мову вось вывучыў. Я кажу, мову ён вывучыў? А ў бэхе на Шоду ён за цябе ногі рассоўваў? У Таіландзе дупай да ўсякай свалаты паварочваўся? Выдумала подзвіг, мову! Ну я зноў на кабылу, кіпцюры ёй у валасы, расчырванелася, а яна супакойвае словамі нашымі спецыяльнымі. Карацей, дыспутавалі шэптам ажно да самага світанку, бо я ж дурная, у мяне даведка. Урэшце, і яна пагадзілася. Кажа, добра, Крэйзічка, ніводзін гібон тваіх пяшчотных пальчыкаў не варты, я з ім не збіралася нічога, проста сустрэцца. Каб непаразуменняў не засталося. Каб уцяміў хлопчык, што яна не па гэтай справе, што яе мальчыкі, карацей, не таго… Ну і калі я такое лайно раўнівае, дык пойдзем разам, буду ціхенька побач сядзець, лапкі на каленях трымаць ды ні ў якім разе не паспрабую яму вочкі выдрапаць. Я яшчэ высвятляла, як так: яна заўсёды побач, як ён наогул свіданку здолеў прызначыць, што я не даведалася, Наста растлумачыла, што кантакт у іх неяк праз тэкст адбыўся — праз гэтае ягонае літаратурства, якое я прачытаць не здолела. Ну, карацей, паэт азвярыцельны, мацней за Быкава ці Скарыну.

Дачакаліся вечара, яна прыхарошвалася пад маё шыпенне, спадніцу апранула такую кароткую, задзірлівую, ды пайшлі. Я да яе прыляпілася, абняла так шчыльненька, на той выпадак, калі гарылоід пабачыць, як мы набліжаемся, каб адразу зразумеў, чыя мая Настачка. Прыйшлі ў палове на шостую. Піцэрыя «Кан Кан», белыя столікі, насупраць — будыніна з мужыкамі, у якіх гаўбец на плячах. Усё, як напісана, кажа, «дом пад балванамі». І тут Настулька ўпершыню знервавалася. Кажа, дзіўна, ён тут павінен быў з пяці вечара сядзець, як так можа быць, што яго няма. Але ж яна не параноілася, хутчэй перажывала, што малпа ўсё наблытала, ён не надта разумны, як усе мужчынкі, у Стамбуле ёй сустрэчу прызначыў, зблытаўшы месца, але ж Наста і не пайшла тады, бо кахае толькі мяне.

Яна зазірнула ўнутр — нікога, а афіцыянты замітусіліся, нібы пачэсныя кліенты якія прыйшлі. Паселі за столік, чакаем. Я гундошу, што калі не прыйшоў, дык і трасца з ім, хадзем пляшык чырвонага цяпнем ды на Нярыс, там зараз можна на траве паваляцца, памілавацца, ну! Але яна ні ў якую, сядзіць, толькі вусны сціснула. Замовілі кавы, бо грошай толькі на адну каву было, для нашае каралеўны, мне як заўсёды не хапіла, але ж мне і не трэба, мне б толькі з каханай побач быць. Прыйшоў афіцыянт, такі хуценькі каржакаваты дзядун, у мяне яшчэ потым пыталі, ці былі на ім акуляры, не, акуляраў не было. Дзядочак каву перад Настачкай паставіў, на ногі ёй зірнуў, падла, ды шась кудысьці. Настачка каву п’е, на гадзіннік вулічны лупіцца, я кажу на мяне лупіся, бо зараз твар раздзяру, не будзеш цікавая свайму гібончыку.

І тут раптам Настуля мая бах, усхапілася, крэсла грымнула за спінай, а яна стаіць ды перад сабой глядзіць. Я кажу, што здарылася, ластавачка? А яна вочы то заплюшчыць, то расплюшчыць, ды далонямі па стале

водзіць, безабаронна так. Раток раскрыты, уся збянтэжаная, нібы згвалцілі яе. Я кажу, што ж такое, ну? А Наста, задушаным голасам: Крэйзі, што з маімі вачамі? Я ўсхапілася, гляджу — нічога, нармальныя вочы, не чырвоныя, няма ў іх нічога, ну і абняла яе, абхапіла, адчуваю, што калоціць, нібы яна жабу ў ложку знайшла. Настулечка пачала сабе твар далонькамі чапаць, дала некалькі аплявухаў сама, і вочкі — то заплюшчыць, то расплюшчыць. І кажа, так ціхенька, Крэйзічка, а што ў мяне за вадкасць на далонях? Уздымае ручкі, а яны ўсе ў чырвона-чорных пісягах. А з-пад валасоў дзве танюткія нітачкі — па шыі, на плечы, я зараўла, бля, Наста, у цябе з вушэй кроў хвошча, чаму ў цябе з вушэй кроў? А яна так жаласна: «Крэйзічка, я нічога не бачу!».

Тут зараўлі мы абедзве, зноў прыбег дзядун з кавярні, кажа, трэба «хуткую» выклікаць, а як яе выклічаш, у нас жа мабілаў няма, мы ж не мажоркі нейкія, трэба бегчы ў кіёск за жэтонам ды потым шукаць аўтамат, зараз я, Настачка, дык ён са свайго тэлефона нумарок наляпаў — я яшчэ думаю, якая неўласцівая літоўцам ды мужыкам сардэчнасць, праз хвіліну літаральна спыняецца тачка, адтуль вывальваюць два бугаі ды доктарка, такая спрытненькая, прыгожая, вочы ў яе добрыя, а грудкі высокія, цвёрдыя, нібы няспелыя слівы. Я да яе як да анёлу: дапамажыце, цётухна! Бугаі Настаньку на асфальт паклалі, не чапаць яе, не чапаць, кажуць, не падыходзіць ды не віскатаць, тут такое, што ад хваляванняў можа сканаць дзяўчо. Доктарка ціск змерыла, кажа, трэба везці ў клініку, бо, мабыць, крываносны сасуд у галаве Настынай кокнуўся, а дзе ваша страхоўка, а няма страхоўкі, але ж я ўсё для яе зраблю, усё аддам, вось бярыце мой айпод з калекцыяй ліцэнзійнага Брэндана Флаўэрса, цётачка кажа, не трэба ёй айпод, паспрабуем дапамагчы, а ў самой вочы добрыя і грудкі цвёрдыя, карацей, асоба, вартая даверу.

Кажа, добра, мы яе зараз у шпіталь, у той, што на Антакальніс, там агледзім ды калі трэба прааперуем — а бугаі каханую маю ўжо ў «хуткую» піхаюць. Я за ёй, яны мне: «Не суйся! Не раві! Не панікуй! Толькі замінаеш, памрэ зараз!» Наста ўжо зусім знепрытомнела, вусны мае любыя ссінелі, а доктарка, анёл гэты гнуткі, ну як жа яе не паслухацца, супакойвае: кажа, едзь сваёй хадой на Антакальніс, таксоўку вазьмі ці вось тут на двойку скокні, яна прамком давязе, прыпынак «Антакальніс», едзь туды, запытаешся там у рэгістратуры, куды яе змясцілі, як, дарэчы, прозвішча, імя, год нараджэння пацярпелай, чамусьці пацярпелай, не хворай запыталася, ну і ў картку дадзеныя ўнесла, сказала яшчэ «добра, вельмі добра», гэта цяпер зразумела, што яны так правяралі, што ўзялі патрэбную ім, а не каго выпадковага, а тады я думала, што «добра» значыць, што з ёй не надта дрэнна, што ўзрост ці яшчэ што падае надзею. Потым «хуткая» замільгацела блакітнымі ліхтарыкамі ды ірванула (я яшчэ здзівілася, што ірванула зусім не ў бок «Антакальнісу», а да хуткаснай трасы, ну ды ў іх свае рэзоны, можа па аб’ездзе хутчэй).

Падбегла да таксоўшчыка, такі ладны мужык, аж ільсніцца ад таго, як добра жыццё складаецца, і тачка ў яго такая вылізаная, кажу, бля, хутка, паехалі, толькі грошай у мяне няма — дура, трэба было потым сказаць, што грошай няма. Ён такі, гоп-стоп, малая, у Вільні без грошай не возяць, валі адсюль адкуль звалілася. Я яму давай дамовімся, братэла, я табе потым у ляску чупа-чупс зраблю, я не сарамлівая, а ён скрывіўся і кажа, а ну гэць з маёй тачкі, потым сядушкі ад мандавошак дэзінфікаваць, блядзіна зялёнавалосая, страхалюдзіна іншапланетная. Я і з аднаго, і з другога боку, ужо слёзкі пацяклі, бо Наста ж там здохне без мяне, і пра сяброўку паспрабавала, але ж не разжаліць, і пра Вальдэмара, які называўся аўтарытэтам, казаў, яго ўсе кіроўцы таксовак ведаюць, а гэты слухаць не стаў, дзверы адчыніў ды волакам мяне за цішотку з тачкі выкінуў. Я галавой аб бардзюр трэснулася, так, што ажно ў вачах пацямнела, ну, думаю, падла, а ён зматвацца, дык я каменьчык пацяжэй на асфальце намацала ды з усёй радасці ў ягоную тачку — шкада, па шкле не трапіла, недзе ў бок грукнула, дык, спадзяюся, хутка там з’явіцца пляма іржы, якая ўсю ягоную машыну зжарэ.

Скокнула ў трал, а ехаць жа праз усю Вільню ды па вечаровых корках, едзем, а я за вакно гляджу і спрабую вачамі горад назад, за спіну, штурхаць — так хутчэй едзем, калі гораду дапамагаць назад адступаць, тры прыпынкі, заходзяць кантралёры, прычым, бля, адразу нейкім табарам, тусняком чалавек у дзесяць, яшчэ б мядзведзя з сабой прывялі, «квіточкі», кажуць, тут я ўжо не вытрымала, раскрычалася ды расплакалася, што, бля, за горад, сяброўка аслепла, знепрытомнела, увезлі, таксоўка не ўзяла, а тут вы яшчэ, а яна там зараз здохне, дык яны кажуць, едзь сабе, нават цыгарэт на сядушцы побач пакінулі цэлы пук, хаця я не палю, навошта мне цыгарэты?

Цягнуўся трал у Антакальніс, я паспела вывучыць «кіта стукяліс» — «наступны прыпынак» па-літоўску, вывучыла і паўтарала разам з кіроўцай, якая абвяшчала прыпынкі, я паўтарала за ёй —«кіта стукяліс» і сканчала за яе: «Ан-та-каль-ніс»! Але ж замест «Антакальнісу» яна ўсё не тое выдавала: «кіта стукяліс»… далей такая шматабяцальная паўза, і я паспяваю грымнуць: «Антакальніс!», а тая сучка кажа: «Пятра ір Пуло бажніцэ». І валачэ трал далей, павольненька так, бо не спяшаецца, у яе ж расклад, у яе мабіла і страхоўка, у яе сяброўка не ляжыць пад нажамі мяснікоў-гібонаў з адчыненым чэрапам, ці пагалілі яе, калі пагалілі, як жа я буду без яе валасоў? І зноў «кіта стукяліс», і зноў паўза, я малюся Шыву — адзінаму богу, якога паважаю, але ж хуй, «кіта стукяліс… Нярыс». Ну я чалавек спакойны, але ж падбегла да яе тэрарыюма, крычу: «Давай, хутчэй Антакальніс абвяшчай!» А тая робіць выгляд, нібы па-руску не разумее.

Поделиться с друзьями: