Стэпавы воўк
Шрифт:
– Шкада, - сказаў ён.
– Гары надта непакоіцца за мараль. Што тут зробіш. А выдатна было б, вельмі міла было б! Але ў мяне ёсць альтэрнатыва.
Мы зрабілі па некалькі зацяжак і нерухома, седзячы з расплюшчанымі вачыма, перажылі ўтраіх прапанаваную ім сцэну, прычым Марыя дрыжала, як апантаная. Калі пасля гэтага я адчуў лёгкую знямогу, Пабла паклаў мяне ў ложак, даў мне некалькі кропляў нейкіх лекаў, і, заплюшчыўшы на хвіліну-другую вочы, я адчуў эфірна-лёгкае дакрананне нечыіх вуснаў спярша да аднаго, пасля да другога павека. Я прыняў гэта так, быццам лічыў, што мяне пацалавала Марыя. Але я ўсё-такі ведаў, што пацалаваў мяне ён.
А
– Пабла, - сказаў я спалохана, - вы самі не ведаеце, што кажаце. Саступаць за грошы сваю каханую іншаму - гэта лічыцца ў нас верхам ганьбы. Вы нічога не казалі, я нічога не чуў, Пабла.
Ён паглядзеў на мяне спагадліва.
– Вы не хочаце, гер Гары. Добра. Вы заўсёды самі сабе чыніце завады. Што ж, не спіце сёння ноччу з Марыяй, калі вам так прыемней, і дайце мне грошай проста так, вы атрымаеце іх назад. Мне яны вельмі патрэбныя.
– Навошта?
– Для Агасціньё - ведаеце, маленькі такі, другая скрыпка. Ён ужо другі тыдзень нядужыцца, і ніхто яго не даглядае, грошай у яго няма, а тут і ў мяне ўсе выйшлі.
З цікаўнасці, ды і на кару сабе, я выправіўся з ім да Агасціньё, якому ён прынёс у ягоную каморку, жалю вартую каморку пад дахам, малако і лекі, падбіў пасцель, праветрыў пакой, паклаў на гарачачны лоб прыгожы, падрыхтаваны па ўсіх правілах кампрэс - усё гэта спорна, пяшчотна, умела, як добрая сястра міласэрнасці. Таго ж вечара, я бачыў, ён іграў на саксафоне ў бары «Сіці», іграў да раніцы.
З Гермінай я часта доўга і грунтоўна гутарыў пра Марыю, пра яе рукі, плечы, сцёгны, пра яе манеру смяяцца, цалавацца, танцаваць.
– А гэта яна табе ўжо паказала?
– спытала аднойчы Герміна і апісала мне нейкую адмысловую гульню языком пры пацалунку. Я папрасіў яе, каб яна сама паказала мне гэта, але яна з самым сур'ёзным выглядам асадзіла мяне.
– Яшчэ не час, - сказала яна, - я яшчэ не твая каханая.
Я спытаўся ў яе, адкуль ёй вядомыя гэта Марыіна майстэрства і шмат якія тайныя падрабязнасці з яе жыцця, пра якія прыстойна ведаць толькі каханаму і закаханаму мужчыну.
– О, - усклікнула яна, - мы ж сяброўкі. Няўжо ты думаеш, што ў нас могуць быць сакрэты адной ад адной? Я даволі часта спала і іграла з ёю. Так, ты злавіў харошую дзяўчыну, яна ўмее больш за іншых.
– Думаю, усё ж, Герміна, што ў вас ёсць сакрэты. Альбо ж ты расказала ёй усё, што ведаеш?
– Не, гэта іншыя рэчы, якіх ёй не зразумець. Марыя цудоўная, табе пашанцавала, а паміж табою і мною ёсць рэчы, пра якія яна ведам не ведае. Я шмат чаго расказала ёй пра цябе, дзіва што, куды больш, чым тое прыпала б табе да густу - я ж не павінна была спакушаць цябе для яе! Але зразумець, дружа мой, як я цябе разумею, ні Марыя, ні якая-колечы іншая ніколі не спраможацца. Ад яе я даведалася пра цябе і яшчэ сёе-тое, я ведаю пра цябе ўсё, што пра цябе ведае і Марыя. Я ведаю цябе амаль гэтак сама добра, як калі б мы ўжо часта спалі адно з адным.
Калі я зноў сустрэўся з Марыяй, мне было дзіўна ведаць, што Герміну яна туліла да сэрца гэтак сама, як і мяне, што яе валасы і скуру яна гэтак сама адчувала, цалавала і гладзіла, як і мае. Новыя, няпростыя, складаныя адносіны і сувязі ўсплылі перад мною, новыя магчымасці любіць і жыць, і я думаў пра тысячу душ трактата пра Стэпавага ваўка.
У
той кароткі прамежак паміж маім знаёмствам з Марыяй і вялікім баль-маскарадам я быў проста шчаслівы, і ўсё ж мяне ні разу не наведвала адчуванне, што гэта і ёсць збавенне, дасягнутае шчасце, не, я вельмі выразна адчуваў, што ўсё гэта - толькі зачэпка і падрыхтоўка, што ўсё шалёна парываецца наперад, што самае галоўнае якраз яшчэ наперадзе.Танцаваць я навучыўся настолькі, што мне здавалася цяпер магчымым удзельнічаць у бале, пра які з кожным днём талкавалі ўсё больш і больш. У Герміны быў сакрэт, яна так і не адкрывала мне, у якім маскарадным строі паявіцца. Сваім часам даведаюся, казала яна, а не даведаюся, - сама дапаможа, але загадзя нічога казаць не будзе. З другога боку, і мае планы наконт касцюма не выклікалі ў яе аніякай цікавасці, і я рашыў наогул ні ў кога не пераўбірацца. Марыя, калі я пачаў запрашаць яе на баль, заявіла, што на гэтае свята яна ўжо завяла сабе кавалера, і ў яе ўжо сапраўды быў білет, і я крыху нават засмуціўся, зразумеўшы, што давядзецца ісці аднаму. Касцюмаваны баль, які кожны год ладзілі ў залах «Глобуса» людзі мастацтва, быў самы арыстакратычны ў горадзе.
У гэтыя дні я мала бачыўся з Гермінай, а напярэдадні балю яна пабывала ў мяне - зайшла па білет, які я купіў ёй. Яна мірна сядзела са мною ў маім пакоі, і тут адбылася адна цікавая размова, якая моцна ўразіла мяне.
– Цяпер табе жывецца, увогуле, няблага, - сказала яна, - танцы ідуць табе на карысць. Хто месяц цябе не бачыў, не пазнаў бы цяпер.
– Так, - прызнаўся я, - мне ўжо шмат гадоў не жылося так хораша. Гэта ўсё дзякуючы табе, Герміна.
– О, а ці не дзякуючы тваёй цудоўнай Марыі?
– Не. Бо і яе падарыла мне ты. Яна дзівосная.
– Яна - тая каханка, якая была патрэбна табе, Стэпавы воўк. Прыгожая, маладая, заўсёды ў гуморы, вельмі разумна дасведчаная ў каханні і не кожны дзень даступная. Калі б табе не даводзілася дзяліць яе з іншымі, калі б яна была ў цябе заўсёды толькі мімалётнай госцяй, так хораша не атрымалася б.
Так, я мусіў прызнаць і гэта.
– Значыцца, у цябе ёсць усё, што табе і трэба?
– Не, Герміна, гэта не так. У мяне ёсць нешта вельмі прыгожае і чароўнае, вялікая радасць, вялікая ўцеха. Я проста шчаслівы.
– Ну, вось! Чаго ж табе бракуе?
– Хачу большага. Мне мала таго, што я шчаслівы, я для гэтага не створаны, гэта не маё пакліканне. Яно - у процілеглым.
– Значыцца, - каб быць няшчасным? Ну, гэтага табе хапала і раней - памятаеш гісторыю з брытвай, як ты не мог вярнуцца дамоў.
– Не, Герміна, не тое. Правільна, тады я быў вельмі няшчасны. Але тое было дурное няшчасце, няплённае.
– Чаму ж?
– Бо інакш у мяне не было б гэтага страху перад смерцю, якое я жадаў! Патрэбнае мне няшчасце, па якім я сумую, зусім іншага роду. Яно такое, што дае мне пакутаваць прагна і памерці з асалодай. Вось якога няшчасця альбо шчасця я чакаю.
– Разумею цябе. У гэтым мы брат і сястра. Але чаму ты супроць таго шчасця, якое знайшоў цяпер з Марыяй? Чаму ты не рады?
– Я нічога не маю супроць гэтага шчасця, о не, я люблю яго, я ўдзячны яму. Яно цудоўнае, як сонечны дзень мокрым летам. Але я адчуваю, што яно недаўгавечнае. Гэта шчасце таксама няплённае. Яно робіць задаволеным, але быць задаволеным - гэта не па мне. Яно закалыхвае Стэпавага ваўка, робіць яго сытым. Але гэта не тое шчасце, каб ад яго памерці.
– А паміраць, значыцца, трэба, Стэпавы воўк?