Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:

Марыя навучыла мяне - у тую незвычайную першую ноч і пазней - многаму, не толькі мілым новым забавам і здалікачанасці пачуццяў, але і новаму разуменню, новаму ўспрыняццю, новай любові. Свет танцавальных і забаўляльных установаў, кінематографаў, бараў і чайных залаў пры гатэлях, які для мяне, самотніка і эстэта, усё яшчэ заставаўся нейкім непаўнавартасным, нейкім забароненым і прыніжальным, быў для Марыі, для Герміны і для іх сябровак светам наогул, ён не быў ні добры, ні злы, ні ненавісны, у гэтым свеце квітнела іх кароткае, поўнае палкага чакання жыццё, у ім яны пачуваліся як рыба ў вадзе. Яны любілі шампанскае альбо якую-небудзь фірмовую смажанку, як мы любім якога-небудзь кампазітара альбо паэта, і якой-небудзь моднай танцавальнай мелодыі альбо сентыментальна-саладжавай песеньцы яны аддавалі такую самую даніну захаплення, хвалявання і расчуленасці, якую мы - Ніцшэ альбо Гамсуну. Расказваючы мне пра свайго знаёмага красунчыка саксафаніста Пабла, Марыя загаварыла пра адзін амерыканскі зонг, які Пабла ім часам спяваў, і гаварыла яна пра гэта так натхнёна, з такім запалам, з такой любасцю, што

словы яе кранулі і ўсхвалявалі мяне куды мацней, чым экстазы якога-небудзь эрудыта з прычыны якога-небудзь рафінавана-высакароднага мастацтва. Я гатовы быў захапляцца разам з ёю, які б гэты зонг ні быў, поўныя любові словы Марыі, яе палкі погляд прабілі ў маёй эстэтыцы шырокія прагалы. Заставалася, вядома, прыгожае, тое нямногае непераўзыдзена прыгожае, што не падлягала, па-мойму сумненням і спрэчкам, найперш Моцарт, але дзе ж тут была мяжа? Хіба ўсе мы, знаўцы і крытыкі, не любілі ў маладосці твораў мастацтва і мастакоў, якія сёння здаюцца нам сумніўнымі і непрыемнымі? Хіба не так было з Лістам, з Вагнерам, а ў многіх нават з Бэтховенам? Хіба дзіцяча-палкая расчуленасць Марыі ад амерыканскага зонга не была такім самым чыстым, цудоўным, не падлеглым ніякім сумненням суперажываннем мастацтва, як усхваляванасць якога-небудзь дацэнта «Трыстанам» альбо захапленне дырыжора пры выкананні Дзевятай сімфоніі? І хіба не было ў гэтым вартай подзіву суадпаведнасці з поглядамі сеньёра Пабла і пацвярджэння ягонай праўды?

Гэтага красунчыка Пабла Марыя таксама, здаецца, вельмі кахала.

– Ён прыгожы чалавек, - сказаў я, - мне ён таксама вельмі падабаецца. Але скажы мне, Марыя, як можаш ты кахаць разам з ім і мяне, старога нуднага буркалу, які прыгажосцю не пахваліцца, які пачаў ужо сівець і не ўмее ні граць на саксафоне, ні спяваць па-англійску любоўныя шлягеры?

– Не гавары так гадка!
– абурылася яна.
– Гэта ж вельмі натуральна. Ты таксама мне падабаешся, у табе таксама ёсць нешта прыгожае, вабнае і адмысловае, табе не трэба быць іншым, чым ты ёсць. Не варта гаварыць пра гэтакія рэчы і патрабаваць адказу. Разумееш, калі ты цалуеш мяне ў шыю альбо ў вуха, я адчуваю, што ты мяне кахаеш, што я табе падабаюся. Ты ўмееш неяк так цалаваць, крыху нясмела, ці што, і гэта мне падказвае: ён цябе кахае, ён удзячны табе за тое, што ты прыгожая. Гэта мне вельмі, вельмі падабаецца. А ў якім-небудзь іншым мужчыне мне падабаецца якраз усё наадварот - што ён мяне як бы ні ў што не ставіць і цалуе так, як міласціну падае.

Мы зноў заснулі. Я зноў прачнуўся, усё яшчэ абдымаючы яе, маю цудоўную, цудоўную кветку.

І дзіва - гэтая цудоўная кветка так і заставалася ўсё ж дарункам Герміны! Яна так і стаяла за ім, ён быў маскай, за якою была яна! І раптам, між іншым, я падумаў пра Эрыку, пра маю далёкую злую каханку, пра маю няшчасную сяброўку. Прыгажосцю яна, мабыць, і не саступала Марыі, хоць і не была такая краска, такая раскаваная, такая вынаходліва-ўмелая ў каханні, і яе вобраз, яе любімы, глыбока ўплецены ў мой лёс вобраз выразна і пакутліва стаяў перад мною некалькі секундаў, а потым зноў знік, апусціўся ў сон, у забыццё, у тужлівую далеч.

І карціны майго жыцця ў мностве сваім паўставалі перад мною ў гэтую цудоўную, пяшчотную ноч, а я ж так доўга жыў пуста і бедна і без карцін. Цяпер, па знаку Эраса, карціны закрынічылі, і сэрца замірала ў мяне ад захаплення і ад тугі з прыгоды таго, як багатая была карцінная галерэя майго жыцця, як поўная была вечнымі зоркамі і сузор'ямі душа беднага Стэпавага ваўка. Пяшчотна і прасветлена, як далёкія, злітыя з бясконцай сінечай горы, глядзелі на мяне дзяцінства і маці, металічна гучаў хор маіх дружбаў, які пачынаўся з казачнага Германа, звязанага з Гермінай душэўным братэрствам; пахкія і незямныя, як вільготныя азёрныя кветкі з водных глыбіняў, усплывалі вобразы многіх жанчын, якіх я кахаў, якіх я жадаў, якіх апяваў, - мала катораю з іх я валодаў і толькі нямногіх спрабаваў займець у поўную ўласнасць. Паявілася і мая жонка, з якою я пражыў шмат гадоў, якая навучыла мяне таварыскасці, нязгодзіцы, пакоры, жонка, да якое, нягледзячы на ўсе нашыя закалоты, у мяне захаваўся глыбокі давер да таго дня, калі яна, захварэўшы, раптам узбунтавалася і не тое што пайшла ад мяне, а ўцякла - і я зразумеў, як моцна кахаў яе і як глыбока давяраў ёй, калі, падмануўшы мой давер, яна нанесла мне такі цяжкі ўдар на ўсё жыццё.

Гэтыя карціны - іх было сотні, з назвамі і без - усе да адной вярнуліся зноў, вынырнуўшы ва ўсёй сваёй свежасці і навізне з калодзежа любові, і я зноў узгадаў тое, што даўно забыў за бядою - што яны якраз і складаюць каштоўнасць майго жыцця, што яны непарушныя, гэтыя ўжо зоркі гісторыі, якія я мог забыць, але не мог знішчыць, чарада якіх была казкай майго жыцця, а зорны іх бляск - непарушнай каштоўнасцю майго існавання на свеце. Жыццё маё было цяжкае, збіўлівае і нешчаслівае, яно прывяло да адмаўлення, яно было горкае ад солі, прымяшанай да ўсіх чалавечых лёсаў, але яно было багатае, багатае і гордае, яно было і ў бядзе царскім жыццём. Як ні ўбога растрачваецца рэшта дарогі да канчатковай пагібелі, ядро гэтага жыцця было высакароднае, у ім былі аблічча і раса, у ім ішлося не пра пфенігі, а пра зоркі.

Зноў колькі там часу прайшло, але шмат розных падзей і пераменаў учынілася, не зусім добра памятаю цяпер я ўсе падрабязнасці той ночы, хіба што толькі асобныя нашыя словы, асобныя, поўныя глыбокай любоўнасці дакрананні, памятаю светлыя, як зоркі, хвіліны, калі мы абуджаліся ад цяжкага сну любоўнай знямогі. Але менавіта ў тую ноч, упершыню з пачатку маёй пагібелі жыццё маё зірнула на мяне ўмольна-прамяністымі вачыма, менавіта ў тую ноч я зноў адчуў, што выпадак - гэта лёс, а руіны майго быцця - боскія абломкі. Мая душа зноў уздыхнула,

мае вочы зноў пачалі бачыць, і хвілінамі мяне кідала ў жар ад здагадкі, што варта мне толькі пазбіраць раскіданыя вобразы, варта ўзняць да вобраза ўсё сваё гары-галераўскае ваўчынае жыццё цалкам, як сам я ўвайду ў сонмішча вобразаў і зраблюся несмяротным. Хіба ж бо не да гэтай мэты імкнулася жыццё кожнага чалавека, хіба ж не было яно разгонам да яе, спробай дастацца да яе?

Раніцай я павінен быў, падзяліўшы з Марыяй свой сняданак, потайкам вывесці яе з дома, і гэта мне ўдалося. У той самы дзень я зняў сабе і ёй у суседнім квартале пакойчык толькі для нашых спатканняў.

Мая настаўніца танцаў Герміна яўлялася, як і след было, і мне давялося-такі вучыцца бастону. Яна была строгая і няўмольная і не вызваліла мяне ад ніводнага ўрока, бо было вырашана, што на наступны баль-маскарад я пайду з ёю. Яна папрасіла ў мяне грошай на касцюм, пра які, аднак, адмовілася што-небудзь казаць наперад. Наведваць яе альбо хоць бы ведаць, дзе яна жыве, мне ўсё яшчэ не было дазволена.

Гэты дамаскарадны час, каля трох тыдняў, прайшоў надзіва добра. Марыя здавалася мне першай у маім жыцці сапраўднай каханкай. Ад жанчын, якіх я раней кахаў, я заўсёды патрабаваў розуму і адукаванасці, не зусім усведамляючы, што нават вельмі разумная і адносна вельмі адукаваная жанчына ніколі не адпавядала патрабаванням майго розуму, а заўсёды ім супроцьстаяла; я прыходзіў да жынчын са сваімі праблемамі і думкамі, і мне здавалася немагчымым кахаць больш нейкага часу дзяўчыну, якая не прачытала амаль ніводнай кніжкі, амаль не ведае, што такое чытанне. І не магла б адрозніць Чайкоўскага ад Бэтховена. У Марыі не было ніякай адукацыі, ёй не было патрэбы ні ў якіх вакольных дарогах у эрзацсвеце, усе яе праблемы вырасталі непасрэдна з пачуццяў. Дабіцца як мага большага пачуццёвага і любоўнага шчасця адпушчанымі ёй пачуццямі, сваёй адмысловай постаццю, сваімі фарбамі, сваімі валасамі, сваім голасам, сваёй скурай, сваім тэмпераментам, знайсці, выдабыць чарамі з каханага водгук, разуменне, міладайную гульню ў адказ на кожную сваю панаду, на кожны выгін сваіх ліній, на кожны звіў свайго цела - вось што было яе мастацтвам, яе задачай. Ужо падчас таго першага нясмелага танца з ёю я адчуў гэта, ужо тады пачуў гэты водар геніяльнай, вытанчанай пачуццёвасці і быў зачараваны ім. І не выпадкова, вядома, ва ўсім абазнаная Герміна падвяла мне гэтую Марыю. У яе пахошчах, ва ўсім яе вобліку было нешта ад лета, нешта ад ружаў.

Я не меў шчасця быць адзіным каханкам Марыі альбо карыстацца яе выбарам, я быў адзін з многіх. Часта ў яе не было часу на мяне, часам яна ўдзяляла мне якую-небудзь гадзіну ў другой палове дня, зрэдзь - ноч. Браць грошы ў мяне яна не захацела, за гэтым, мабыць, крылася Герміна. Але дарункі прымала ахвотна, і калі я дарыў ёй, напрыклад, новы кашалёк з чырвонай лакіраванай скуры, туды дазвалялася папярэдне пакласці некалькі залатых манетак. Дарэчы, за гэты чырвоны кашалёк яна падняла мяне на смех! Кашалёк быў цудоўны, але ўжо састарэлага, нямоднага ўзору. У гэтых пытаннях - а датуль я петрыў у іх менш, чым у якой-небудзь эскімоскай мове, - я шмат чаго ўведаў ад Марыі. Найперш - што ўсе гэтыя непатрэбіцы, усе гэтыя модныя раскошнасці зусім не драбяза, зусім не прыдумка карыслівых фабрыкантаў і гандляроў, а паўнапраўны, цудоўны, разнастайны маленькі альбо, правільней сказаўшы, вялікі свет рэчаў, якія маюць адну прызначанасць - служыць каханню, абвастраць пачуцці, ажыўляць мёртвую атмасферу, надзяляючы яе органамі кахання, - ад пудры і парфумы да бальнай туфелькі, ад пярсцёнка да партсігара, ад пражкі на пояс да сумкі. Гэтая сумка не была сумкай, гэты кашалёк не быў кашальком, кветкі не былі кветкамі, веер не быў веерам, усё было пластычным матэрыялам кахання, магіі, чараўніцтва, было ганцом, кантрабандыстам, зброяй, баявым поклічам.

Я часта думаў - каго, зрэшты, кахала Марыя? Больш за ўсіх, па-мойму, кахала яна юнага саксафаніста Пабла, з яго чорнымі вачыма і доўгімі, бледнымі, высакароднымі і меланхалічнымі рукамі. Я лічыў гэтага Пабла крыху сонным, спешчаным і пасіўным у каханні, але Марыя запэўніла мяне, што ён хоць і павальней загараецца, затое потым бывае больш напружаны, цвярдзейшы, больш мужны і патрабавальны, чым які-небудзь баксёр альбо наезнік. І вось так я ўведаў таемныя рэчы пра розных людзей, пра джазіста, пра актора, пра многіх жанчын, пра дзяўчат і мужчын нашага кола, уведаў рознага роду таемнасці, заглянуў пад паверхню сувязяў і непрыязі, паступова зрабіўся - і гэта вам я, зусім чужы ў гэтым свеце, хто ніяк і нічым не дакрануўся да яго!
– прысвечанай і прыналежнай яго асобай. Шмат чаго даведаўся пра Герміну. Асабліва ж часта сустракаўся я цяпер з сеньёрам Пабла, якога Марыя вельмі кахала. Часам яна карысталася і ягонымі таямнічымі сродкамі, мне таксама выпадала ад гэтага свая радасць, і Пабла заўсёды асабліва парываўся дагадзіць мне. Аднойчы ён сказаў без ніякіх ухілак:

– Вы такі няшчасны, гэта нядобра, так не трэба. Мне шкада. Выкурыце люлечку опіуму.

Мая думка пра вясёлага, разумнага, дзяцінлівага і пры тым неспасцігальнага чалавека ўвесь час мянялася, мы пасябравалі, нярэдка я частаваўся яго лекамі. Мая закаханасць у Марыю яго крыху забаўляла. Аднойчы ён зладзіў «свята» ў сваім пакоі, мансардзе нейкага прыгараднага гатэля. Там было толькі адно крэсла, Марыі і мне давялося сядзець на ложку. Ён даў нам выпіць - злітага з трох пляшачак, таямнічага, цудоўнага лікёру. А потым, калі я спадобіўся добрага гумору, ён, з палкімі вачыма, прапанаваў нам учыніць утраіх любоўную оргію. Я рэзка адмовіўся, пра такое не было ў мяне ані подуму, але ўсё-такі скасавурыўся на Марыю, каб праверыць, як там яна наконт..., і хоць яна адразу далучылася да майго адказу, я ўбачыў, як загарэліся яе вочы, і адчуў яе шкадаванне, што оргіі не будзе. Пабла быў расчараваны маёй адмовай, але не пакрыўджаны.

Поделиться с друзьями: