Стэпавы воўк
Шрифт:
Яна зірнула на мяне строга і павучальна, як якая шасцідзесяцігадовая гувернантка.
– О так, - папрасіў я ўзрадавана, - кажыце, кажыце мне ўсё.
– Ну што мне табе сказаць?
– Усё, што хочаце.
– Добра, сёе-тое скажу. Ужо бітую гадзіну ты чуеш, што я кажу табе «ты», а ты ўсё яшчэ мне - «выкаеш». Усё латынь, грэцкая, усё б толькі каб складаней! Калі дзяўчына кажа табе «ты» і яна табе не брыдкая, ты таксама павінен казаць ёй «ты». Ну, вось, тое-сёе сказала. І другое: ужо паўгадзіны я ведаю, што цябе завуць Гары. Я гэта ведаю, бо папыталася. А ты не хочаш ведаць, як мяне завуць.
– О не, я вельмі хачу.
– Позна, маленькі. Калі мы як-небудзь зноў пабачымся, тады і спытаеш. Сёння я ўжо табе не скажу. Ну, вось, а цяпер я хачу танцаваць.
Яна намерылася ўстаць, і ў мяне раптам сапсаваўся настрой, я спалохаўся,
– Чакайце, - умольна ўсклікнуў я, - не сыходзьце... не сыходзь! Вядома, ты можаш танцаваць колькі хочаш, але не сыходзь надоўга, вярніся, вярніся!
Яна, смеючыся, устала. Я ўяўляў сабе яе вышэйшай ростам, яна была статная, выносная, але ростам не тое каб высокая. Яна зноў нагадала мне кагосьці - каго ж? Загадка.
– Ты вернешся?
– Вярнуся, але, можа, не так хутка, праз паўгадзіны альбо нават праз гадзіну, Вось што я табе скажу: заплюшчы вочы і паспі; табе гэта трэба.
Я прапусціў яе, і яна пайшла; яе спаднічка зачапіла мае калені, ідучы, яна зірнула ў круглае, маленькае кішэннае люстэрка, ускінула бровы, прыпудрыла падбародак маленькай пухоўкай і знікла ў танцзале. Я агледзеўся: незнаёмыя твары, мужчыны з цыгарамі, пралітае піва на мармуровым століку, паўсюль крык, віск, скочная музыка. Мне трэба паспаць, сказала яна. Ах, дзетачка, ведала б ты, што мой сон чуйны, як у вавёркі. Спаць у гэтым вэрхале, седзячы за столікам, пад стук піўных куфляў. Я адпіў глыток віна, дастаў з кішэні цыгару, пашукаў вачыма запалкі, але курыць мне, шчыра кажучы, не хацелася, я паклаў цыгару перад сабою на столік. «Заплюшчы вочы», - сказала яна мне. Аднаму Богу вядома, адкуль у гэтай дзяўчыны такі голас, такі таўставаты, добры голас, мацярынскі голас. Добра было слухацца яе голасу, я ў гэтым пераканаўся. Я паслухмяна заплюшчыў вочы, прыхіліў галаву да сцяны, пачуў, як бушуюць навокал сотні гукаў, усміхнуўся, падумаўшы пра тое, каб тут заснуць, рашыў прайсці да дзвярэй залы і заглянуць, - трэба ж было мне пабачыць як скача мая красуня, - варухнуў пад крэслам нагамі, адчуў толькі цяпер, як моцна змарыўся, паблукаўшы па вуліцах столькі гадзін, і застаўся сядзець. І вось ужо я спаў, пакорлівы мацярынскаму загаду, спаў прагна і ўдзячна і бачыў сон, такі ясны і такі прыгожы сон, якіх даўно не бачыў. Мне снілася:
Я сядзеў і чакаў у старамоднай прыёмнай. Спярша я ведаў толькі, што пра мяне дакладзена «яго эксэленцыі», потым я даўмеўся, што прыме мяне гер фон Гётэ. На жаль, я прыйшоў сюды не зусім як прыватная асоба, а як карэспандэнт нейкага часопіса, гэта вельмі скоўвала мяне, і я не мог зразумець, якое халеры я апынуўся ў такім становішчы. Апрача таго, мяне непакоіў скарпіён, які толькі што быў відзён і спрабаваў успаўзці па маёй назе. Я, праўда, усупрацівіўся гэтай чорнай кузацы, страсянуў яго, але не ведаў, дзе ён затаіўся цяпер, і не адважваўся абмацаць сябе.
Ды і не быў пэўны, што пра мяне памылкова ці не далажылі замест Гётэ Матысану, якому я, аднак, пераблытаўшы яго ў сне з Бюргерам, прыпісаў вершы да Молі. Зрэшты, сустрэцца з Молі мне вельмі хацелася б, я ўяўляў яе сабе цудоўнай жанчынай, мяккай, музычнай, вечаровай. Калі б толькі я не сядзеў тут па заданні гэтай праклятай рэдакцыі! Мая неахвота ўсё падрастала і паступова перакінулася на Гётэ, які раптам заслужыўся ў мяне на мноства розных дакораў. Файненькая магла атрымацца аўдыенцыя! А скарпіён, хоць ён і небяспечны, хоць ён, магчыма, і схаваўся недзе тут каля мяне, быў, бадай, не такі ўжо і дрэнны; ён мог, здалося мне, азначаць і нешта прыемнае, вельмі нават магчыма, так мне падалося, прынамсі, ён мае нейкія адносіны да Молі, ён як бы яе ганец альбо яе геральдычны звер, дзівосны, небяспечны геральдычны звер жаноцкасці і граху. Можа быць, імя гэтаму зверу было Вульпіус? Але тут слуга расхінуў дзверы, я падняўся і ўвайшоў у пакой.
Перад мною стаяў стары Гётэ, маленькі і важны, і на грудзях у класіка сапраўды была масіўная ордэнская зорка. Здавалася, ён усё яшчэ заварочвае справамі, усё яшчэ задае аўдыенцыі, усё яшчэ кіруе светам са свайго веймарскага музея. Бо, ледзь толькі ўбачыўшы мяне, ён рэзка кіўнуў галавой, як стары крумкач, і ўрачыста прамовіў:
– Н-ну, маладыя людзі, вы, здаецца, не надта каб згодныя з намі і нашымі намогамі?
– Менавіта, - сказаў я, і мяне пранізала холадам
ад яго міністэскага позірку.– Мы, маладыя людзі, сапраўды не згодныя з вамі, чалавекам старым. Вашэці на наш погляд занадта ўрачысты, занадта ганарысты і пыхлівы, занадта няшчыры. Гэта, бадай, самае важнае: занадта няшчыры.
Старэнькі крыху падаўся наперад строгай галавою, яго цвёрды, афіцыйна падцяты рот разамкнуўся ўсмешкай і прыгожа ажывіўся, а ў мяне раптам моцна забілася сэрца, а мне раптам успомніўся верш: «З неба апусцілася сутонне» і што словы гэтага верша выйшлі з гэтага чалавека, з гэтых вуснаў. Шчыра кажучы, я ўжо быў у той самы момант абяззброены і пераможаны і гатовы быў упасці перад ім на калені. Але, застаўшыся ў ранейшай паставе, пачуў з яго ўсмешлівых вуснаў:
– Дык значыцца, вы мне закідаеце няшчырасць? Што за словы такія! Ці не патлумачыце мне больш акрэслена?
– Вы, гер фон Гётэ, як усе вялікія духі, правільна зразумелі і адчулі сумніўнасць, безнадзейнасць чалавечага жыцця - высокія імгненні і яго жалю вартае знежывенне, немагчымасць аплаціць цудоўную вышыню пачуцця інакш, як турмой будзёншчыны, пякучую тугу па царстве духа, якая вечна і на смерць змагаецца з такой самай пякучай і такой самай свяшчэннай любоўю да страчанай нявіннасці прыроды, усё гэта жахлівае гушканне ў пустаце і няпэўнасці, гэту асуджанасць на марнасць, на заўсёдную непаўнацэннасць, на тое, каб вечна рабіць толькі нейкія дылетанцкія патугі, - карацей, усю безвыходнасць, дзіўнасць, усю пякучую роспач чалавечага быцця. Усё гэта вы ведалі, часам нават прызнавалі, і тым не меней усім сваім жыццём вы прапаведавалі цалкам процілеглае, выказвалі веру і аптымізм, прыкідваліся перад самім сабою і іншымі, няйнакш у вашых духоўных высілках ёсць нешта трывалае, нейкі сэнс. Вы адкідалі і падаўлялі прыхільнікаў глыбіні, галасы роспачнай праўды - у самім сабе гэтак сама, як у Бэтховена і Кляйста. Вы дзесяцігоддзямі рабілі выгляд, быццам назапашванне ведаў, калекцый, пісанне і збіранне пісьмаў, няйнакш увесь ваш веймарскі старэчы быт - гэта сапраўды спосаб спыніць і ўвечніць імгненне, - а вы ж яго толькі муміфікавалі, - а вы ж яго толькі стылізавалі, толькі грыміравалі. Гэта і ёсць няшчырасць, за якую мы вас дакараем.
Стары тайны радца задуменна паглядзеў мне ў вочы, на вуснах усё яшчэ цеплілася ўсмешка.
Пасля, на маё здзіўленне, ён спытаў:
– У такім разе Моцартава «Чароўная флейта» вам, мабыць, вельмі агідная?
– І, перш чым я паспеў рашуча запярэчыць, ён сказаў: - «Чароўная флейта» паказвае жыццё як салодкую песню, яна ўслаўляе нашыя пачуцці, а яны ж мінаюцца, - як нешта вечна боскае, яна не згаджаецца ні з герам фон Кляйстам, ні з герам Бэтховенам, а прапаведуе аптымізм і веру.
– Ведаю, ведаю!
– усклікнуў я злосна.
– Божа, як гэта прыйшла вам у галаву менавіта «Чароўная флейта», якую я люблю больш за ўсё на свеце! Але Моцарт не дажыў да васьмідзесяці двух гадоў і ў сваім асабістым жыцці не прэтэндаваў на даўгавечнасць, на парадак, на фанабэрыстую годнасць, як вы! Ён не быў важнікам! Ён спяваў свае боскія мелодыі, і быў бедны, і памёр рана, непрызнаны, у нястачы...
Мне перахапіла дыханне. Тысячы рэчаў трэба было сказаць цяпер дзесяццю словамі, у мяне выступіў пот на лобе.
Але Гётэ сказаў вельмі міралюбна:
– Што я дажыў да васьмідзесяці двух гадоў, можа, і недаравальна. Але асалоды ад гэтага было мне куды менш, аніж вы сабе думаеце. Ваша праўда: даўгавечнасці я заўсёды моцна хацеў, смерці заўсёды баяўся і змагаўся з ёю. Я думаю, што барацьба супроць смерці, безумоўная і ўпартая воля да жыцця ёсць тая першапрычына, якая прымушала дзейнічаць і жыць усіх выдатных людзей. Але што ўрэшце прыходзіцца паміраць, гэта, юны мой сябар, я ў свае восемдзесят два даказаў гэтак жа цвёрда, як калі б памёр школьнікам. У апраўданне сваё, калі гэта можа ім быць, скажу яшчэ вось што: у маёй прыродзе было шмат хлапечага, шмат цікаўнасці, шмат гатоўнасці гуляць і марнаваць час. Чаму мне і спатрэбілася даволі шмат часу, каб зразумець, што гуляць ужо досыць - нагуляўся.
Казаў ён гэта з вельмі гарэзлівай, нават з шальмаватай усмешкай. Ён як бы нават павышэў ростам, важнасць у паставе і фанабэрыстасць зніклі з твару. І паветра вакол нас цяпер было поўнае мелодый, пераважна гётэўскіх песняў, я добра пазнаў «Фіялку» Моцарта і «На лясы і на даліны»... Шуберта. І твар Гётэ быў цяпер ружовы і малады і смяяўся, і ён быў падобны то на Моцарта, то на Шуберта, як брат, і зорка ў яго на грудзях складалася з лугавых кветак, і ўсярэдзіне яе весела і раскошна распусцілася жоўтая прымула.