Стэпавы воўк
Шрифт:
Не вельмі мне ўпасавала, што стары так жартаўліва адмяжоўваўся ад маіх пытанняў і нападак, і я паглядзеў на яго дакорліва. Тады ён нахіліўся наперад, наблізіў вусны, цяпер ужо аж надта дзіцячыя, да майго вуха і ціха прашаптаў:
– Хлопчык мой, ты прымаеш старога Гётэ надта сур'ёзна. Старых людзей, якія ўжо памерлі, не трэба прымаць на сур'ёзе, а то абыдзешся з імі несправядліва. Мы, несмяротныя, не любім, калі да чаго-небудзь ставяцца несур'ёзна, мы любім жарты. Сур'ёзнасць, мой хлопчык, гэта атрыбут часу; яна ўзнікае, адкрыю табе, ад завышэння цаны часу. Я таксама калісьці надта высока цаніў час, таму і хацеў дажыць да ста. А ў вечнасці, каб ты ведаў, часу няма; вечнасць - гэта ўсяго толькі імгненне, якога адно якраз і хапае, што на жарт.
Гаварыць з ім сур'ёзна і праўда ж больш не было чаго, ён весела і спрытна падскокваў, і прымула ў ягонай зорцы то вылятала з яе, як ракета,
– Скажыце, а Молі тут няма?
Гётэ зарагатаў. Ён падышоў да стала, адамкнуў адну шуфляду, дастаў адтуль адну ні тое скураную, ні тое аксамітавую скрыначку, адчыніў яе і паднёс да маіх вачэй. Там мільгочучы на чорным аксаміце, ляжала малюсенькая жаночая ножка, бездакорная, беспадобная ножка, крыху сагнутая ў калене, з выцягнутым уніз ступачком, завостранай далікатнай лініяй пальчыкаў.
Я працягнуў руку, каб узяць гэтую ножку, у якую ўжо закахаўся, але калі я хацеў ухапіць яе двума пальцамі, цацка як бы борздзенька адсунулася, і ў мяне раптам узнікла падазрэнне, што гэта і ёсць той скарпіён. Гётэ, здавалася, зразумеў гэта, здавалася нават, ён акурат і хацеў, якраз і дабіваўся гэтай глыбокай збянтэжанасці, гэтай сутаргавай барацьбы паміж жаданнем і страхам. Ён паднёс чароўнага скарпіёнчыка да самага майго твару, убачыў маё памкненне, убачыў, як я ў жаху адхіснуўся, і гэта, здавалася, вельмі яго задаволіла. Дражнячы мяне сваёй цудоўнай небяспечнай штучкай, ён зноў зрабіўся стары, старажытны, тысячагадовы, сівы, і яго завялы, старэчы твар смяяўся ціха, бязгучна, смяяўся рэзка і загадкава, з нейкім глыбакадумным старэчым гумарам.
Прачнуўшыся, я адразу забыў свой сон, толькі пазней ён узгадаўся мне. Праспаў я, мабыць, каля гадзіны, сярод музыкі і штурхатні, за столікам - ніяк жа не думаў, што я на такое здольны. Мая мілая дзяўчына стаяла перад мною, трымаючы руку на маім плячы.
– Дай мне дзве-тры маркі, - сказала яна, - я там сёе-тое з'ела.
Я аддаў ёй свой кашалёк, яна пайшла з ім і неўзабаве вярнулася.
– Ну вось, цяпер я крыху пасяджу з табою, а потым мне трэба будзе сысці, у мяне спатканне.
Я спалохаўся.
– З кім яшчэ?
– спытаў я хутка.
– З адным герам, маленькі Гары. Ён запрасіў мяне ў бар «Адэон».
– О, а я быў падумаў, што ты не пакінеш мяне аднаго.
– Вось і запрасіў бы. Але цябе апярэдзілі. Што ж, затое ашчадзіш грошы. Ведаеш «Адэон»? Пасля поўначы толькі шампанскае. Мяккія фатэлі, негрыцянская капэла, вельмі элегантна.
Пра ўсё гэта я неяк не падумаў.
– Ах, - сказаў я, умольным голасам, - дык дазволь мне запрасіць цябе! Я лічыў, што гэта само сабою разумеецца, мы ж падружыліся. Дазволь запрасіць цябе куды заўгодна табе, прашу цябе.
– Вельмі міла. Але ведаеш, слова ёсць слова, я падрадзілася, і я пайду. Не турбуйся больш! Выпі лепш яшчэ глыток, у нас жа яшчэ ёсць віно ў бутэльцы. Выпі яго і пойдзеш сабе дамоў і ляжаш спаткі. Абяцай мне.
– Не, слухай, дамоў я не магу ісці.
– А-а, гэтыя твае гісторыі! Ты ўсё яшчэ не ўправіўся са сваім Гётэ (вось тут якраз я і ўспомніў свой сон). Але калі ты сапраўды не можаш ісці дамоў, заставайся тут, у іх ёсць нумары. Заказаць табе?
Я ўзрадаваўся і спытаў, дзе можна будзе пабачыць яе зноў. Дзе яна жыве? Гэтага яна мне не сказала. Трэба, бач, толькі крышку пашукаць, і ўжо ж знайду.
– А ці нельга цябе запрасіць?
– Куды?
– Куды і калі табе захочацца.
– Добра. У аўторак павячэраем у «Старым францысканцы», на другім паверсе. Да пабачэння!
Яна падала мне руку, і толькі цяпер я звярнуў увагу на гэтую руку, якая так пасавала да яе голасу, - прыгожую і поўную, разумную і добрую. Яна пакепліва ўсміхнулася, калі я пацалаваў ёй у руку.
У апошні момант яна яшчэ раз абярнулася да мяне і сказала:
– Я хачу яшчэ сёе-тое сказаць табе - у сувязі з Гётэ. Разумееш, тое самае, што ў цябе атрымалася з Гётэ, калі ты выбухнуў ад ягонага партрэта, бывае ў мяне час-парою са святымі.
– Са святымі? Ты такая пабожная?
– Не, я не пабожная, на жаль, але калісьці такою была і калі-небудзь яшчэ буду. А цяпер няма калі пабожнічаць.
– Няма калі? Хіба на гэта патрэбен час?
– І яшчэ колькі! На пабожнасць патрэбен час, патрэбная нават незалежнасць ад часу! Нельга быць сур'ёзна пабожнай і жыць у рэчаіснасці, яшчэ і прымаючы яе таксама сур'ёзна, - час, грошы, бар «Адэон» і ўсё такое іншае.
– Разумею. Але што там
у цябе са святымі?– Так, ёсць святыя, якіх я асабліва люблю, - Стэфан, святы Францыск і іншыя. І вось часам мне пападаюцца іхнія выявы, а таксама Збаўцы і Багародзіцы, такія ілжывыя, фальшывыя, дурныя выявы, што мне і глядзець на іх млосна гэтак жа, як табе на той партрэт Гётэ. Калі я бачу такога саладжавага, дурнога Збаўцу і бачу, як іншыя лічаць такія карцінкі цудоўнымі і ўзвышальнымі для душы, я ўспрымаю гэта як знявагу сапраўднага Збаўцы і думаю - ах, навошта Ён жыў і так страшэнна пакутаваў, калі людзям дастаткова і такое дурное Яго выявы! Але тым не менш я ведаю, што і мой вобраз Збаўцы альбо Францыска - гэта ўсяго толькі вобраз нейкага чалавека і на правобраз не цягне, што самому Збаўцу мой унутраны вобраз Яго здаўся б такім самым дурным і ўбогім, як мне гэтыя саладжавыя абразкі. Я кажу табе гэта не дзеля таго, каб апраўдаць тваю прыкрасць і злосць на той партрэцік, не, тут не твая рацыя, кажу я гэта, толькі каб паказаць табе, што здольная зразумець цябе. Бо ў вас, навукоўцаў і мастакоў, поўныя галовы ўсялякімі незвычайнымі бэбахамі напханыя, але вы такія самыя людзі, як і астатнія, і ў нас, у астатніх, таксама ёсць у галовах свае мары і свае гульні. Я ж заўважыла, вучоны герык мой, што ты трошкі збянтэжыўся, думаючы, як расказаць мне сваю гісторыю з Гётэ, - табе трэба было парупіцца зрабіць свае высокія матэрыі зразумелымі простай дзяўчыне. Ну вось, я і хачу паказаць табе, што не было табе ніякай патрэбы надта высільвацца. Я цябе і так разумею. А цяпер хопіць! Табе трэба паспаць.
Яна пайшла, а мяне правёў на трэці паверх стары лёкай, дакладней, спачатку ён распытаўся пра мой багаж і, пачуўшы, што багажу няма, узяў з мяне наперад за тое, што на яго мове называлася «начлежнымі нумарамі». Пасля ён падняўся са мною па старой цёмнай лесвіцы, завёў у нейкі пакойчык і пакінуў аднаго. Там стаяў драўляны ложак, вельмі кароткі і цвёрды, а на сцяне вісела шабля, каляровы партрэт Гарыбальдзі і завялы вянок ад свята нейкага клуба.
Я многае аддаў бы за начную лёлю. Але было там толькі, прынамсі, вада і маленькі ручнічок, так што я ўмыўся, а пасля лёг на ложак не распрануўшыся, не патушыўшы святла. Цяпер можна было спакойна падумаць. Дык вось, з Гётэ ўсё ўладзілася. Цудоўна, што ён явіўся мне ў сне! І гэтая прыглядная дзяўчына - ведаць бы яе імя! Раптам жа чалавек, жывы чалавек, які разбіў каламутны шкляны каўпак маёй змярцвеласці і падаў мне руку, добрую, прыгожую, цёплую руку! Раптам жа зноў рэчы, якія нейкім чынам тычыліся мяне, пра якія я мог думаць з радасцю, з хваляваннем, з цікавасцю! Раптам адчыненыя дзверы, праз якія да мяне ўвайшло жыццё! Можа, я зноў здолею жыць, можа, зноў зраблюся чалавекам. Мая душа, прызаснулая на холадзе і амаль замерзлая, ачулася зноў, сонна паварушыла слабкімі крылцамі. Гётэ пабываў у мяне. Дзяўчына сказала мне есці, піць, спаць, па-сяброўску мне паспагадала, высмеяла, назвала дурным хлопчыкам. І яшчэ яна, цудоўная мая сяброўка, расказала пра святых, паказала, што нават у самых дзіўных сваіх заваротах галавы я зусім не адзінокі, не хваравітае, незразумелае выключэнне, што ў мяне ёсць браты і сёстры, што мяне разумеюць. Ці ўбачу яе зноў? Так, вядома, ёй можна даверыцца. «Слова ёсць слова!».
І вось я ўжо зноў заснуў і праспаў каля чатырох-пяці гадзін. Было ўжо больш за дзесяць, калі я прачнуўся - у памятай вопратцы, разбіты, стомлены, з успамінам пра нешта жахлівае, што было напярэдадні, але жывы, поўны надзеяў, поўны добрых думак. Вяртаючыся ў сваю кватэру, я не адчуваў ані знаку тых страхаў, якія так палохалі мяне надоечы.
На лесвіцы, вышэй араўкарыі, я сустрэўся з «цётачкай», маёй гаспадыняй, якую мне рэдка выпадала бачыць, але прыветлівасць якое падабалася. Сустрэча мне была непрыемная, выгляд у мяне, непрычасанага і няголенага, быў усё-такі нясвежы. Увогуле, яна не лічылася з маім жаданнем, каб мяне не турбавалі і не заўважалі, але сёння, здаецца, і сапраўды прарвалася завеса, абвалілася перагародка паміж мною і навакольным светам - «цётачка» засмяялася і спынілася.
– Ну, і пагулялі вы, гер Галер, нават не начавалі дома. Уяўляю сабе, як вы стаміліся.
– Так, - сказаў я і таксама засмяяўся, - ноч сёння была даволі бурная, і каб не парушаць стылю вашага дома, я заначаваў у гасцініцы. Я вельмі шаную спакой і прыстойнасць вашага дома, часам я здаюся сабе ў ім нейкім іншародным целам.
– Не смейцеся, гер Галер.
– О, я смяюся толькі сам з сябе.
– Якраз гэта і нядобра. Вы не павінны пачувацца «іншародным целам» у маім доме. Жывіце сабе, як вам падабаецца, і рабіце, што вам хочацца. У мяне было шмат вельмі-вельмі прыстойных жыльцоў, аж занадта прыстойных, але ніхто не быў спакайнейшы і не заважаў нам менш, чым вы. А цяпер - хочаце чаю?