Юстыцыя
Шрифт:
Налета ці тое, магчыма, на пачатку верасня памёр бацька адной маёй знаёмай, пэўнай Штусі-Моозі. Гадоў пятнаццаць таму яна служыла ў нашым доме. Яна паведаміла мне, што прадаецца двор яе бацькі. Я ведаў гэты двор. Ён быў стары, паўразбураны. Я рашыў яго купіць. Выгляд адтуль вельмі ўражваў. Унізе — даліна Штусі, на дне яе Штусікофен, потым Флётыген, Верхнія Альпы. За домам крута абрываецца скала. Сама вёска — гняздзечка, гэта яшчэ не самыя Альпы. Старыя дамы. Капліца. Куды час ад часу наязджае з казанню флётыгенскі пастар. Гатэль. Проста дзіва, што яшчэ захаваліся вёскі, куды не заглядваюць турысты. Весці перамовы мне належала з хадайнікам па справах, «хадыкам» — як там называюць адвакатаў. Хадыка займаў пакой у гатэлі «У Лоенбэргера», а справы праварочваў унізе, у кнайпе, дзе слухачамі былі мясцовыя сяляне. Ён быў, бадай, нечым накшталт вясковага суддзі, да моманту майго прыезду ён якраз уладжваў адну бойку. Селянін з перавязанай галавой, памінаючы ліхім словам чорта, пакідаў залу. Праз столькі гадоў мне цяжка дакладна апісаць, як выглядаў той хадыка. Гадоў так на пяцьдзесят. Хоць, магчыма, і маладзей. Хранічны алкаголік. Ён піў «бэці» — гатунак гарэлкі, якую ў іншых мясцінах называюць пладова-ягадным кампотам. Ён здаваўся ўнураным, хоць і не быў такі. Зласліва-жоўцевы. Твар азызлы, але не без выразу адухоўленасці. Вадзяніста-блакітныя вочы, налітыя крывёю. Часцей шальмаватыя, часам летуценныя. Дзеля пачатку ён спрабаваў мяне абмішуліць. Загнуў цану ўдвая большую за тую, на якую намякала наша былая ахмістрыня. Расказваў велягурыстыя байкі наконт цяжкасцяў, якія мусова ўзнікнуць з боку абшчыннай рады ў Штусікофэне. Разводзіў нешта пра няпісаныя законы. Назваў двор праклятым, гаспадар яго, Штусі-Моозі, павесіўся. Кожны Штусі-Моозі тут вешаўся. Сяляне з нахабнай шчырасцю слухалі нашую гутарку, мімікай паказвалі ўдушэнне, калі ён гаварыў пра шыбенікаў, задзіралі правую руку над галавой, быццам зашморгваючы шворку, закочвалі вочы пад лоб, высалопвалі язык. Я скеміў, што хадыка зусім не збіраецца мяне абмішульваць, а проста хоча перашкодзіць здзелцы, — затое пазней ён спрытна ашукаў сям'ю нашай ахмістрыні. Ён прадаў двор за кідкую цану камусьці з Штусі-Зютэрлінаў. Адчуўшы, што мая цікавасць да куплі прыкметна астыла, хутчэй ад варожых адносінаў сялян, чым ад ягоных хітрыкаў, ён папрыветлівеў. Дарэчы, ён быў ужо нападпітку, хоць і не зрабіўся ад гэтага менш сімпатычным. Нават
Не так тыя пагудкі, як за схаваную ў іх сацыяльную крытыку. Гэтая крытыка мела нейкі анархісцкі характар. Яна не вязалася з рэальнасцю. Яна адпавядала яго розуму. Ён заглыбіўся ў нетры гісторыі суду над нейкім забойцам. Ён граў ролі абвінавачанага і пяцёх членаў судовай калегіі. Сяляне рагаталі, аж заходзіліся ад захаплення. Ён, як абаронца, выйграў працэс. Пасля дадаў, што апраўданы ўсё-такі быў забойца. Апраўданы, урадавы радца, спрытна абдурыў і яго, і пяцёх членаў суду. Сяляне весяліліся, цяпер яны таксама налеглі на «бэці». Гісторыя гэтую яны яўна слухалі не ўпершыню і ўсё ніяк не маглі наслухацца. Яна зноў і зноў вымагала паўтору, а ён капрызіў, капыліў нос, аднекваўся, яму паднеслі чарачку, ён паказаў на мяне, — можа, чалавеку зусім і не цікава, а вы мне тут… мне таксама паднеслі чарачку, не-не, вельмі нават цікава.
Хадыка пачаў расказваць, як ён спрабаваў дабіцца перагляду справы, але гэтаму ўсупрацівіўся ўрад, а пад канец і федэральны суд. Урадавы радца — ён і ёсць урадавы радца. Кожная юрыдычная перашкода, кожная інтрыга выклікала выбух здзеклівага рогату. «Вось яна, ваша вольная Швейцарыя!» — крыкнуў адзін селянін і заказаў яшчэ па шкляначцы. І тады, расказваў далей хадыка, ён пачаў дзейнічаць на сваю рызыку. Ён дачакаўся, калі радца вярнуўся з падарожжа вакол зямлі. З прэсы даведаўся пра час вяртання. Пасля паведаміў пра свае планы начальніку паліцыі. Той загадаў ачапіць аэрапорт. Але хадыка, пераадзеўшыся прыбіральшчыцай, ушыўся ў брыгаду смецяроў. А ў накладным штучным бюсце схаваў свой рэвальвер. Адзін паліцэйскі спрабаваў схапіць яго за накладны бюст, але хадыка нарабіў крыку, быццам яго хочуць згвалціць. Начальнік прынёс прабачэнні, а паліцэйскага загадаў адправіць у арыштанцкую пры аэрапорце. Сяляне з радаснымі крыкамі ляпалі сябе па сцёгнах. Далей хадыка паведаміў, як ён застрэліў забойцу, апраўданага дзякуючы ягоным жа намогам. Па дарозе да залы пасажыраў першага класа. Пасля чаго радца грымнуўся галавою наперад проста ў бак на смецце. Падобна да Тэля, які прышыў у той цясніне Геслера, ён прышыў зладзея, радасна загаласіў адзін селянін, а астатнія радасна закрычалі. Дзікі ўсчаўся вэрхал. Вось яна, сапраўдная справядлівасць. Хадыка пачаў у асобах паказваць гісторыю свайго затрымання. Паказаў, як начальнік сарваў з яго накладны бюст. Залез на стол. Сказаў абарончую прамову перад пяццю сябрамі, якія сваім часам апраўдалі забітага, а цяпер, адпаведна, не маглі не апраўдаць яго забойцу. Пасля чаго кінуў проста ў твар суддзям: «А прападзіце вы пропадам з вашым правасуддзем» — і зрабіўся хадыкам па справах у даліне Штусі. Тут апавядальнік зноў грымнуўся на сваё крэсла. Адзін селянін устаў з напалавіну распітай бутэлькай «бэці» ў левай руцэ, паляпаў апавядальніка па плячы, заявіў, што сам ён Штусі-Штусі, а хадыка — адзіны не Штусі ў Штусікофэне, але, нягледзячы на гэта, ён швейцарац «што нада», пасля чаго да дна асушыў сваю бутэльку, паваліўся на стол і захроп. Астатнія зацягнулі адменены гімн:
Слаўся вавекі, Гельвецыя! Яшчэ ёсць у цябе сыны, як убачыў іх Якаў Святы, заўсёды гатовыя ў бой.Гісторыя здалася мне на дзіва знаёмай. Я хацеў высветліць сякія-такія нюансы, але хадыка быў надта п'яны, каб адказваць на пытанні. Некаторыя сяляне пагрозліва паўставалі з месцаў, пакуль іншыя дапявалі канец другой страфы:
Там, дзе вяршыні гор ворагу не дадуць адпор, Бог наша цвердзь, самі ўстанем гарой, кожны з нас герой. Нас не палохае смерць.А хадыку мне было шкада. Бліскучы прыма-адвакат зрабіўся затурканым правінцыйным адвакатам-хадыкам. Ён учыніў забойства, ён выйграў свой працэс, але забойства, ім учыненае, даканала яго. Я цалкам адмовіўся ад думкі купіць двор. Мне след было вымятацца, у даліне Штусі не прывячаюць прыхадняў з горада, а як што яны па нумары маёй машыны ўжо скумекалі, што я з Нойшатэля, я быў ім удвая чужы, прыблудзень, хоць і гаварыў з імі на адной мове, хай нават не так пявуча. Я пакінуў гасцініцу. Услед мне грамавое:
Явіся раніцай, Гасподзь прамяністы, мы дружна Табе заспяваем гімн чысты, асветляцца ледзьве вяршыні гор, узносіць малітвы швейцарцаў хор. Сваёй душой богабаязнай айчыне служым увесь час мы.Гэта сяляне перайшлі да новага гімна.
Пасля зноў прагал у памяці. Стары ў крэсле-каталцы, яго дачка, п'яны забойца ў штусікофенскай гасцініцы сярод п'яных сялян — усё пайшло ў падсвядомасць, а згары наклалася прыкрасць, што я не магу купіць сялянскі двор. Між іншым, купіць яго я мерыўся не дзеля пустой прыхамаці, мне былі патрэбныя перамены. Вярнуўшыся дамоў, я прыступіў да рэарганізацыі. Было вымецена ўсё смецце, што набралася за сорак гадоў пісьменніцтва. Груды неапрацаванай карэспандэнцыі, рахункі, якія так і не трапілі мне на вочы і, аднак жа аплачаныя, каштарысы, так і не ўзятыя пад увагу, горы карэктураў, незлічона разоў перапісаныя рукапісы, накіды, фотаздымкі, малюнкі, карыкатуры, фантастычны кавардак, якому наканавана было часткова ператварыцца ў парадак, часткова знікнуць. Горы нечытаных рукапісаў, ужо шмат дзесяцігоддзяў пахаваных у плыні неапрацаванай пошты. Я наўздагад зірнуў у адзін з іх. Юстыцыя. Далоў макулатуру. Пры гэтым… Пры гэтым я міжвольна кінуў позірк на першую старонку і прачытаў імя: h.c. Ісак Колер. Я зноў дастаў рукапіс з пластыкавага мяшка. Нейкі доктар Х. прыслаў мне яе з Цюрыха, але я ніколі не чытаю прысланых мне рукапісаў. Літаратура мяне не цікавіць. Я сам яе ствараю. Доктар Х. Я ўспомніў. Кур. 1957 год. Пасля даклада. У гатэлі. Я пайшоў у бар выпіць шкляначку віскі. Акрамя бармэнкі, дамы не першай свежасці, я застаў там яшчэ аднаго наведніка, які адразу, ледзь я паспеў сесці, назваў сябе. Гэта быў доктар Х., былы начальнік кантанальнай паліцыі Цюрыха, мажны чалавек, старамодна апрануты, з залатым ланцужком ад гадзінніка папярок жылеткі, як іх сёння мала хто носіць. Нягледзячы на ўзрост, вожык на галаве ў начальніка быў яшчэ бездакорна чорны, а вусы пушыстыя. Ён сядзеў каля стойкі на высокім зэдлі, піў чырвонае віно, курыў «Байанас» і звяртаўся да барменкі па імені. Голас у яго быў гучны, жэсты выразныя, словам, чалавек без ценю гульні, які гэтак жа прыцягваў мяне, як і адштурхоўваў. На раніцу ён давёз мяне на сваёй машыне да Цюрыха. Я пачаў гартаць рукапіс. Ён быў надрукаваны на машынцы, пад загалоўкам дапісана ад рукі: «Можаце рабіць з гэтым, што захочаце». Я пачаў чытаць рукапіс і прачытаў яго ўвесь. Аўтар, нейкі адвакат, не справіўся з матэрыялам. Яму надта перашкаджалі бягучыя падзеі. Пра самае важнае ён пачаў расказваць толькі ў канцы, але менавіта тут яму раптам не хапіла часу. Ён зрабіўся ахвярай сваёй паспешлівасці. У цэлым спроба дылетанцкая. Ды і асобныя мясціны знедаўмілі мяне. Узяць хай хоць бы назвы некаторых раздзелаў: «Спроба ўнесці парадак у беспарадак». Потым імёны. Хто такі Нікадэмус Мольх, хто Дафна Мюлер і хто Ільза Фройдэ? І хто расстаўляе ў сябе ў парку цэлую армію садовых гномаў? Начальнік нібыта гаварыў мне, што любіць Жан Поля? Але спытацца ў начальніка ўжо нельга, ён памёр. У 1970-м. Пасля я прачытаў ліст, прыкладзены начальнікам да рукапіса: «Я вяртаюся з пахавання. Ездзіў хаваць Штусі-Лойпіна, На пахаванне прыйшоў толькі Мок. Пасля чаго мы з ім паабедалі ў «Du Th'e^atre». Елі суп з лівернымі фрыкадэлькамі, філе а-ля Расіні з зялёным бобам. Пасля абеду мы доўга шукалі слыхавы апарат Мока. Афіцыянтка, як аказалася, знесла яго з посудам. А што да нашага дарагога фанатыка справядлівасці, дык яму і на самай справе ўдалося прабрацца ў аэрапорт. З камандай смецяроў. І стрэліць ён стрэліў, але адразу ад страху ўпаў галавой у бак са смеццем. На шчасце Колер нічога не заўважыў, бо якраз у гэты час падняўся чатырохматорны самалёт. Зрэшты, наш тэрарыст і не мог зрабіць большае шкоды. У адным ён пралічыўся. Я ўсё-такі заняўся падрабязней гэтым старызнікам. У альпійскім ражку былі правільна прэпараваныя халастыя патроны. Але пасля я абсалютна не ведаў, што мне рабіць з фанатыкам справядлдівасці. Ён быў чалавек прапашчы. Перадаваць яго ў рукі правасуддзя я не хацеў. Штусі-Лойпін (глядзі вышэй) паспачуваў яму і падшукаў яму працу. З таго часу прайшло некалькі гадоў. Ваш доктар Х., экс-начальнік. Я патэлефанаваў у Штусікофен. Да тэлефона падышоў гаспадар «Лойенбэргера». Я папрасіў хадыку. Памёр. На тым тыдні. Перабраў «бэці». Як яго звалі? Звалі як? Хадыкам. Дзе яго пахавалі? У Флётыгене, трэба думаць. Я паехаў туды. Могілкі ляжалі за вёскай. За каменнай агароджай. Чыгунная літая брама. Было холадна. Першы раз за гэты год я ўлавіў дыханне зімы. У могілках ёсць нешта блізкае майму сэрцу. У дзяцінстве я любіў гуляць на могілках. Гэтыя могілкі мелі сваё аблічча, у кожнага нябожчыка была свая магіла, магільныя пліты, чыгунныя крыжы, пастаменты, калоны, стаяў нават адзін анёл. На магіле нейкай Крыстлі Мёзер. Але Флётыгенскія могілкі былі даволі сучаснымі могілкамі, пачатымі дзесяць гадоў таму назад паводле пастановы абшчыннай рады Флётыгена. Ад тых, хто памёр больш за дзесяць гадоў таму назад, не засталося і следу. Як што тэрыторыя была строга абмежаваная і не не магла быць пашырана — надта высокія сённяшнім часам цэны на зямлю, — супакоенаму дазвалялася не больш чым дзесяцігадовае супакаенне ў роднай зямлі. А пасля — напрасткі ў вечнасць. Але ўжо дазволеным дзесяць гадоў належала ляжаць па стойцы «смірна». Ува ўсіх аднолькавыя пліты. На магілах — аднолькавыя кветкі. Аднолькавыя пліты, надпісаныя адным і тым самым шрыфтам. І вось нябожчыкі пакоіліся строгімі радамі, а сярод іх — і той, каго я шукаў. Беспарадкавы ў жыцці, упарадкаваны пасля смерці. Ён ляжаў апошні ў радзе, каля яшчэ пустой магілы. Пліта ўжо пакладзена, кветкі (астры, хрызантэмы) ужо пасаджаны. На пліце: ФЕЛІКС ШПЭТ, Хадыка, 1930–1984.
Вярнуўшыся дахаты, я яшчэ раз перачытаў рукапіс. Мабыць, яго перадрукавалі з арыгінала. І нягледзячы на лірычныя адступленні ад рукі начальніка, ён максімальна адпавядаў зыходнаму варыянту. Што да Шпэтавага расказу, дык ён у Штусікофэне хваліўся забойствам, якога не ўчыняў, а Колер у Мюнхене зваліў забойства на чалавека, якога хацеў прыбраць разам з забітым. Я зняў з рукапісу фотакопію. Адрас доктара h.c. Ісака Колера я знайшоў у тэлефоннай кнізе. Я адправіў копію яму. Праз некалькі дзён я атрымаў пісьмо ад Элен Колер. Яна прасіла мяне наведаць яе. Бацькава маёмасць не дазваляе ёй адлучацца
з дому. Я адказаў тэлефонным званком. І ўжо на другі дзень уступіў у колераўскія валоданні.Калі я ішоў да чыгуннай рашоткі, у мяне было такое адчуванне, быццам я ўступаю ў рукапіс і гэты рукапіс мяне кампраметуе. Сама прырода дыхала багаццем. Кастрычніцкая флора тут добра адшкадавалася сваімі дарамі. Дрэвы як на падбор — велічныя і ў летнім уборы. Не дзьме фён. Акуратна падстрыжаныя кусты і жывыя агароджы. Замшэлыя статуі. Голыя барадатыя багі з маладзецкімі сцёгнамі і такімі ж лыткамі. Ціхія сажалкі. Велічная пара паваў. Навакол мёртвая, дрымотная ціша. Толькі зрэдчас птушыныя галасы. Сцены дома ўвітыя дзікім вінаградам, плюшчом і ружамі, сам ён вялікі, прасторны, са шчытом. Усярэдзіне — лёгкі і ўтульны. Антыкварная мэбля, кожны прадмет — твор мастацтва. На сценах — славутыя імпрэсіяністы. Далей — познія фламандцы (мяне вяла па доме старэнькая пакаёўка). Мне было прапанавана пачакаць у кабінеце доктара h.c. Ісака Колера. Памяшканне было прасторнае. Вызалачанае сонцам. Праз адчыненыя дзверы можна было выйсці проста ў парк. Вокны абапал дзвярэй даходзілі амаль да падлогі. Паркет з каштоўных пародаў дрэва. Гіганцкі пісьмовы стол. Глыбокія скураныя крэслы. На сценах ніякіх карцін, толькі кнігі — да самай столі. Выключна кнігі па матэматыцы і натуральных навуках, салідная бібліятэка. У прасторнай нішы — більярд з чатырма шарамі на полі. Праз адчыненыя дзверы ўкаціў сябе h.c. Ісак Колер, яшчэ больш кволы і эфемерны, яшчэ больш празрысты, амаль фантом. Мяркуючы па ўсім, ён мяне не заўважыў. Ён пад'ехаў да більярда, выцерабіўся, на маё здзіўленне, з крэсла і пачаў заўзята гуляць. З дзвярэй у задняй сцяне ўвайшла Элен. Спартыўны выгляд — джынсы, шаўковая кашуля, жыкет ручнога вязання з трыма вялікімі квадратамі, чырвоным, сінім і жоўтым. Яна прыклала палец да вуснаў. Я зразумеў і пайшоў за ёю. Прасторная гасцёўня. Зноў адчыненыя дзверы. Мы селі на тэрасе. Пад тэнтам. Апошні раз сёлета я сядзеў на свежым паветры. Старыя плеценыя крэслы. Чыгунны стол з шыферным верхам. На газоне — касілка. Першыя кучы восеньскага лісця. Паміж імі павы. Яна сказала, што я застаў яе за працай у садзе. Углыбіні парку нейкі хлопец капаў зямлю. І пасвістваў. А ад паваў трэба было пазбавіцца. Суседзі пратэстуюць. Яны пратэстуюць ужо пяцьдзесят гадоў. Але бацька любіць паваў. Як ёй здаецца, выключна назло суседзям. Ён даваў сваім павам крычаць колькі ўлезе. Нягледзячы на шматразовае ўмяшальніцтва паліцыі. На свеце няма гуку больш мярзотнага за павін крык. Дамы навокал праз гэты павін крык прыкметна патаннелі. Адпаведна ўпалі цэны і на зямлю. Тады бацька скупіў усё падрад, і суседзі заткнуліся, больш не маглі скардзіцца. Потым яна наліла мне чаю. Я сказаў, што яе бацька — пачвара. Яна не спрачалася. А рукапіс прачытала? Прагледзела — быў адказ. Я сказаў, што Шпэт яе кахаў, але пра гэта яму было нялёгка пісаць, і яна ж таксама колісь кахала яго. Ах, гэты мілы Шпэт, адказала яна. Адзіная жанчына, якую ён кахаў, была Дафна, пра яе ён і піша асабліва замілавана. А каханне да яе, Элен, проста выдумляе. Выдумляў, удакладніў я, наш мілы Шпэт два тыдні таму назад сканаў у даліне Штусі. «Чай зусім прастыў», — сказала яна і выплюхнула з чашкі праз агароджу тэрасы на пасыпаны жоўтым лісцем газон, якраз пад ногі хлопцу, які з нахабным свістам прабягаў міма.
А потым закрычалі павы. Звычайна яны гэтай парою не крычаць, патлумачыла Элен, зараз перастануць. Але павы не пераставалі. «Хадземце лепш у харомы», — прапанавала яна, і мы ўвайшлі ў дом, зачынілі за сабою дзверы, селі ў два фатэлі, паміж якімі стаяў гульнёвы столік. Каньяку? Так, калі ласка. Яна наліла. Павы за дзвярыма ўсё крычалі, тупа, злавесна. На шчасце бацька іх не чуе, сказала яна, а потым спыталася, ці чытаў я, што напісана пра сапраўдную Моніку Штаерман. Усё гэта ўяўляецца мне досыць непраўдападобным, адказаў я. Яна таксама была аднаго разу запрошана да Монікі Штаерман, летнім вечарам, пачала Элен, ёй тады не было і васемнаццаці, і яна, як усе ў гэтым горадзе, прымала Дафну за Моніку Штаерман, захаплялася ёю, але і зайздросціла таксама, у прыватнасці праз Бэна, таму што Бэна пазбягаў яе, хоць у тыя часы спакушаў усіх падрад, гэты красунчык Бэна, тады лічылася найвышэйшым шыкам і прэстыжам пераспаць з Бэна, гэтак жа як лічылася шыкам і прэстыжам пераспаць і з Монікай Штаерман; хоць усе былі перакананыя, што яны абое ў будучым пабяруцца, але гэта якраз і вабіла. Яна, Элен, была, што ні кажы, дачка Колера і таму недатыкальная. Бэна свядома пазбягаў яе, а яна прыняла запрашэнне Монікі Штаерман без ніякіх ваганняў, магчыма сама ў сабе спадзеючыся застаць там Бэна, настолькі яна была ў яго закаханая. Пасля вячэры, за чорнай кавай, яна паведаміла бацьку пра свой намер. Бацька спытаўся, куды менавіта яе запрасілі, на Аўрораштрасэ ці не, і наліў сабе «Марк». Дома ён заўсёды п'е «Марк». У «Мон-рэпо», адказала яна. Туды яшчэ дагэтуль нікога не запрашалі. Нікога, сказаў бацька. Дагэтуль туды запрашалі адно Людэвіца і яго самога. Дык вось ці можа ён даць ёй параду? Яна ўсё роўна не паслухаецца ніякіх парадаў, задзірыста адказала яна. Не трэба ёй прымаць гэтага запрашэння, сказаў бацька і выпіў свой «Марк». Гэта і была яго парада. Але яна ўсё адно пайшла. Даехала на ровары да Вагнерштуца, прыхіліла ровар да агароджы і пазваніла каля брамы, працягвала Элен далей свой расказ. І здзівілася, што за гэтым нічога не паследавала. Потым яна заўважыла, што рашотчатыя весніцы наогул не зачыненыя, яна адчыніла іх і ўступіла ў парк, але, ледзь уступіла, адразу ж адчула прыступ незразумелага страху. Яна ўжо была хацела вярнуцца, але цяпер ужо весніцы не паддаваліся. Калі дагэтуль Элен расказвала няўпэўнена, запіналася, дык тут пачала гаварыць так, быццам усё, што адбылося пасля, адбылося не з ёю, а з кімсьці іншым. З гэтага моманту, расказвала Элен далей, яна ўжо не сумнявалася, што яе завабілі ў пастку. Заняхаены парк быў заліты вечаровай чырванню, гэты паток святла здаўся ёй благім знакам. Яна аўтаматычна ішла далей да нябачнай вілы. Друз парыпваў пад нагамі. Яна заўважыла садовага гнома, аднаго, потым яшчэ трох, пасля адразу некалькі ўздоўж дарожкі, яны стаялі сярод бадылля непадстрыжанага газона, сярод лубіну і смолак, выглядвалі са сплётаў карэння: нягледзячы на мардаценькія тварыкі, у гэтай злавеснай вечаровай чырвані яны здаваліся падступнымі і гнюснымі, асабліва калі яна заўважыла, што ўніз з дрэваў таксама шчэрацца гномы, паляць люлькі, ад агіды яна ўсё хутчэй бегла сярод гномаў, пакуль не апынулася перад цэлай сцяной гноміх з велізарнымі галовамі, большымі за тыя, якіх яна ўбачыла спярша, — прыкладна з чатырохгадовае дзіця. Дранцвеючы ад жудасці, яна заўважыла, як адна з гэтых фігур ашчэрыла ёй зубы. У панічным страху яна паляцела па парку, міма непрыстойных гномаў, пакуль не выскачыла на лугавіну, дзе ніякіх гномаў не было, сама лугавіна падымалася ўгору, а наверсе яе вачам адкрылася віла. Задыхаючыся, яна спынілася і паглядзела назад. Спадзеючыся, што ўсё гэта ёй толькі памроілася, што яна ўбачыла кашмар. Але яна ўбачыла ашчэраную гноміху, якая дробненька дыгала, спяшаючыся да яе. Яна кінулася да вілы, уляцела ў адчыненыя дзверы, яна чула ў сябе за спінай дробненькі тупат, яна прабегла праз вестыбюль, потым праз залу, дзе ў каміне патрэскваў агонь, хоць на дварэ стаяла лета, нідзе ні душы — і толькі дробненькія крокі за спінай. Яна ўбегла ў нейкае падабенства кабінета. Сцены, заклееныя фотаздымкамі Бэна, страшэнна яе спалохалі. Першым парываннем было вярнуцца назад, але ў зале, у водблісках каміна, яна зноў угледзела карліцу з велізарнай, безвалосай галавой, маленькімі зморшчаным тварыкам і вырачанымі вачыма. Элен бразнула дзвярмі кабінета і замкнулася ссярэдзіны. Яна была адна. Яна кінулася ў скураны фатэль, адчула непрывычны саладжавы пах і самлела. Ачуўшыся, убачыла, што яе з усіх бакоў зашчамілі чытыры голыя магуты, пра якіх пазней магла б толькі сказаць, што яны былі безвалосыя і што ад іх патыхала аліўкавым алеем, якім яны нашмараваліся і таму былі такія слізкія, як рыбы. Яе раздзелі, як яна ні ўпіралася. Яна пачула нястрымны смех і ўбачыла жанчыну, якою захаплялася і якой зайздросціла і якую прымала за Моніку Штаерман. Голая Дафна Мюлер сядзела ў скураным фатэлі. Гэта яна смяялася. Раптам аднекуль узнік прафесар Вінтэр, голы, трыбухаты. За спінай у юрлівага фаўна яна ўбачыла карліцу. Тая сядзела на шафе і пераможна сузірала Элен. Калі чорнабароды сатыр авалодаў Элен, у яе ў галаве бліснула думка — менавіта бліснула, гэта не проста ўстойлівае словазлучэнне, — думка пранікла ў яе мазгі, як пранікае бліскавіца, і не засталося іншых думак, акрамя адно што ўсё тут адбываецца з ёю толькі з волі гэтай карліцы, якая загнала яе ў гэты кабінет, каб з ёю, Элен, зрабілі тое, чаго палка жадала сама карліца, але чаго з карліцай нельга было зрабіць, а потым, калі на яе кінуўся Бэна, а за ім чацвёра слізкіх голых, і ўсё гэта — пад несціханы смех Дафны, Элен ахапіла (адзіная магчымасць супраціўляцца, адзіная зброя) бязмерная пажада, яна ўскрыкнула, яна крычала, крычала, пажада рабілася тым больш неспатольнай, чым зайздрослівейшым рабіўся позірк карліцы. Карліца дрыжала ўсім целам, у вачах у яе бачылася нешта большае, чым бязмежная зайздрасць, здавалася, быццам яна дрыжыць ад гора, што не дадзена ёй, карліцы, зведаць асалоду, якую адчувае тая, якую гвалцяць на яе ж загад яе ж халопы. Нарэшце карліца ў поўным жаху закрычала: «Годзе!» — і разверзлася нястрымным хлюпаннем. Элен адпусцілі, карліцу вынеслі, Элен засталася ў кабінеце адна. Яна сабрала сваю вопратку, у зале яшчэ не прагарэў камін, прабралася праз вестыбюль у цёмны парк, дайшла да брамы. Брама была не замкнёная, закончыла Элен сваю аповесць, і яна паехала дамоў на ровары.
Яна памаўчала. Пасля спыталася ў мяне, ці не шакіраваны я яе расказам. «Не, — адказаў я, — але чарачка каньяку мне цяпер не зашкодзіла б». Яна наліла мне і наліла сабе. Калі яна вярнулася, працягвала яна далей свой расказ, бацька ўсё яшчэ быў у кабінеце за пісьмовым сталом. На яе амаль не глянуў. Яна яму ўсё расказала. Тады ён падышоў да більярда і зайграў. А ў яе спытаў, чаго ёй яшчэ трэба. Адпомсціць, сказала яна. «Забудзь пра гэта», — сказаў бацька. Але яна прагнула помсты. Тады ён перастаў іграць і ўважліва паглядзеў на яе. Ён раіў ёй не хадзіць туды, а яна не паслухалася, пайшла. Яе клопат. Ніхто не абавязаны слухацца парадаў, інакш парада будзе не парада, а загад. Тое, што здарылася, не мае значэння, бо яно ўжо здарылася. Яго трэба адкінуць, хто не ўмее забываць, той кідаецца пад колы часу і дае сябе раздушыць. А яна настойвае на помсце. Дзетачка, сказаў бацька, гэта ён першы раз у жыцці так яе назваў, усё, што ім дагэтуль было сказана, — гэта таксама не больш як парада, але калі яна патрабуе помсты, выдатна, будзе ёй помста. І гэта ўжо ягоны клопат. Потым ён паклаў на більярднае поле чатыры шары і стукнуў, толькі адзін раз, спярша паслаў шар у борт, адтуль шар адкаціўся назад і саштурхнуў другі шар у лузу. Вінтэр, сказаў бацька, калі чарговы шар знік у лузе. Бэна. Потым Дафна. А калі ён сказаў — Штаерман, на полі ўвогуле больш нічога не засталося. А яна? — спытала Элен. А яна была кіем, адказаў ён. І кій спатрэбіўся яму ўсяго адзін раз. Што будзе з імі? — спытала яна. Яны памруць, адказаў бацька. У той паслядоўнасці, якую ён устанавіў. А цяпер хай ідзе спаць, яму трэба папрацаваць.
Гэтая размова, працягвала яна, крыху памаўчаўшы, калі мы паспелі выпіць па трэцяй, а з суседняга пакоя пачуўся стук більярдных шароў, гэтая размова захавалася ў яе памяці больш злавеснай, чым тое, што адбылося ў «Мон-рэпо», у сябе ў пакоі яна патушыла святло і доўга ў гэтую бясконцую ноч разглядвала неміласэрныя зоркі, якім не абыходзіць тое, ці ёсць на жалю вартым, нікчэмным шарыку Зямлі, жыццё, ці няма, а пра чалавечы лёс і гаварыць няма чаго, і тут яе забрала злосць, бацька, вядома ж, хацеў, каб яна туды пайшла, і цвёрда спадзяваўся, што цікаўнасць пацягне яе. Але вось чаму карліца абрала менавіта яе? Каму было наканавана прыніжэнне: Элен ці бацьку Элен? Калі бацьку, чаму ён тады спачатку адгаворваў яе помсціцца? Хацеў сабе вырашыць пытанне, ці варта яму ўступаць у барацьбу ці не? Але ў імя чаго вялася гэта барацьба? І хто каму ў ёй супроцьстаяў? Яе непакоіла думка, што за цагельным трэстам, пра які бацька абавязкова ўспамінаў як бы жартам, крыюцца іншыя, куды больш значныя гешэфты і што ён час ад часу заводзіць мову пра сілікон, якому належыць будучыня, хоць усе, у каго яна толькі ні пыталася, адказвалі, быццам, ані подумкі, ані здагадкі, пра што гэта талкуе бацька. Можа, барацьба ўспыхнула паміж ім і Людэвіцам? І тым, што з ёю здарылася, Штаерман давала бацьку зразумець, што не хоча больш ягонага ўмяшальніцтва?