Юстыцыя
Шрифт:
Штусі-Лойпін наліў сабе віна.
— Колер забіў Вінтэра, каб такім спосабам расправіцца з Бэна.
— Але навошта? — разгублена спытаў я.
— Ну, Шпэт, вы яшчэ наіўнейшы, чым я думаў, - не схаваў свайго здзіўлення Штусі-Лойпін. — А здавалася ж бы, фраў Штаерман падкінула вам ключ да рашэння. Колер вядзе яе справы. Нават з турмы. Ён там не толькі пляце кашы. Штаерман патрэбен Колер, а Колеру патрэбна Штаерман. Людэвіц — падстаўная фігура. Але хто тут гаспадар і хто — слуга? У пэўным сэнсе дачка Колера мае рацыю. Гэта было забойства з ласкі. А чаму б і не? Таксама свайго роду шантаж. У Штаерман ляжаць незлічоныя мільёны, і тыя дваццаць мільёнаў таксама ёй належалі, тут ужо, трэба думаць, Колер навёў даведкі, а потым і расправіўся з Бэна праз Вінтэра. Па жаданні Штаерман; магчыма, ёй нават не давялося выказваць сваё жаданне ўголас, магчыма, ён адгадаў яго.
— Дапушчэнне яшчэ больш неверагоднае, чым праўда, — сказаў я — Штаерман кахала Бэна, бо яго кахала Дафна, і адраклася ад яго толькі тады, калі Дафна адраклася ад яе.
— Не, дапушчэнне больш рэальнае за праўду. А сама праўда часцей за ўсё непраўдападобная, — запярэчыў Штусі-Лойпін.
— Ніводзін чалавек не паверыць у ваша дапушчэнне, — сказаў я.
— Не, ніводзін чалавек не паверыць у праўду, ніводзін суддзя, ніводзін прысяжны, нават Емэрлін і той не. Бо праўда разыгрываецца на ўзроўнях, недаступных правасуддзю. Калі назначаць перагляд справы, дык адзіная думка, якая ўзнікне ў суда, будзе наступная: Вінтэра забіў доктар Бэна. Бо толькі ў яго ёсць канкрэтны матыў. Нават калі ён невінаваты
— Нават калі невінаваты?
— А вас гэта бянтэжыць? Яго ж невінаватасць — таксама дапушчэнне. І ён адзіны, хто мог зрабіць так, каб рэвальвер прапаў. Дружа мой, вазьміце гэты працэс на сябе, і праз некалькі гадоў вы станеце нароўні са мною.
Зазваній тэлефон. Ён зняў слухаўку, потым зноў паклаў.
— Жонка сканала-такі, - сказаў ён.
— Прыміце мае спачуванні, - пралепятаў я.
— А, пра што тут гаварыць.
Ён хацеў зноў наліць сабе, але бутэлька была ўжо пустая. Я ўстаў, наліў яму і паставіў сваю бутэльку каля пустой.
— Мне яшчэ ехаць, — сказаў я.
— Разумею, — адказаў ён. — Да таго ж «поршэ» даўся вам у капеечку.
Садзіцца я больш не сеў.
— Гер Штусі-Лойпін, я не збіраюся весці гэты працэс, і з даручэннем Колера я таксама не хачу мець нічога на сэрцы. А сабраныя матэрыялы я проста знішчу.
Ён паглядзеў сваю чарку на святло.
— Колькі вы атрымалі задатку?
— Пятнаццаць тысяч плюс дзесяць на выдаткі.
Па лесвіцы сышоў чалавек з чамаданчыкам, яўна лекар, ён павагаўся, прыкідваючы, падыходзіць яму да нас ці не, але тут з'явілася ахмістрыня і правяла яго.
— Вам нялёгка будзе выплаціць такія грошы нават у растэрміноўку, — сказаў Штусі-Лойпін. — А ўсяго колькі?
— Трыццаць тысяч плюс накладныя траты.
— Прапаную сорак, і вы аддаяце мне ўсе матэрыялы.
Я замяўся.
— Вы што, хочаце ўзяцца за перагляд?
Ён па-ранейшаму разглядаў на святло чарку з чырвоным «тальбо».
— Мая справа. Ну як, прадаяце?
— Мусіць, мушу прадаць, — адказаў я.
Ён дапіў чарку.
— Нічога вы не мусіце, вы хочаце.
Потым зноў напоўніў чарку і зноў паглядзеў яе на святло.
— Штусі-Лойпін, — сказаў я, адчуваючы, што ўжо станаўлюся нароўні з ім. — Штусі-Лойпін, калі працэс адбудзецца, я буду абаронцам Бэна.
І я пайшоў. Калі я ўступіў у цень аднаго валуна, Штусі-Лойпін гукнуў мне ўслед:
— Вас пры гэтым не было, Шпэт, і зацеміце сабе на носе — мяне таксама.
І ён дапіў сваю чарку і зноў заснуў.
…Доктар h.с. Ісак Колер тэлеграмай паведаміў мне пра сваё прыбыццё: ён павінен прызямліцца паслязаўтра ў 22 гадзіны 15 хвілін рэйсам з Сінгапура, тады я застрэлю яго, а потым застрэлюся сам. Таму ў мяне застаюцца толькі дзве ночы, каб давесці справаздачу да канца. Тэлеграма Колера застала мяне знянацку, бо, мабыць, я ўжо не верыў у ягонае вяртанне. Шчыра прызнаюся, я п'яны. Я быў у «Хеку», апошнім часам я рэгулярна бываю ў «Хеку», за даўгім драўляным сталом, побач з такімі сама п'янымі. Жыву на сродкі Гізэлы і іншых паненак, якія пасля смерці Маркіза перабраліся да нас не з Нойшатэля, а з Жэневы і Бэрна, тым часам як многія з нашых сваёй чаргою перабраліся ў Жэневу і Бэрн, адбываецца шмат службовых перамяшчэнняў, якія асабіста мяне зусім не датычацца, бо афіцыйна я не маю права нічым займацца, акрамя як чакаць, калі прыйдзе тое паслязаўтрае. 22 гадзіны 15 хвілін. Месца Луцкі заняў Нольдзі Архідэйны, ён, здаецца, ураджэнец Залатурна, кар'еру зрабіў у Франкфурце і ўвесь з сябе такі далікатны, усе ягоныя паненкі цяпер ходзяць з архідэямі, а паліцыя ўся скапыцілася, нельга
Емэрлін не здаваўся, ён хацеў і тут выступіць абвінаваўцам, але Штусі-Лойпін адхіліў яго кандыдатуру як асобы прадузятай. Емэрлін змагаўся як леў і саступіў, толькі калі дачуўся, што з Штусі-Лойпінам не справіўся б і Фойзэр, прычым я толькі цяпер спахапіўся, што дагэтуль нічога не расказаў пра сам працэс, не расказаў, напрыклад, пра непрыглядную ролю, якую адыграў на ім начальнік паліцыі, паказаўшы, што не бачыў на свае вочы, як страляў Колер, а проста дапусціў гэта. Адным словам, Штусі-Лойпін схітрыўся націснуць на ўсе клавішы адразу. Не запярэчыш, ён быў цудоўны. Запрошаныя Штусі-Лойпінам сведкі так зацята супярэчылі адно аднаму, што прысяжныя часам заледзьве стрымлівалі смех, а публіка аж вішчала ад захаплення: тую акалічнасць, што рэвальвер так і не быў знойдзены, Штусі-Лойпін разыграў як па нотах, і, калі ранейшымі суддзямі яна была пакінута без увагі, інакш кажучы, пакінута па-за ўвагай, адсутнасць corpus delicti [4] , гэта ўжо само па сабе ўважлівая прычына, каб апраўдаць Колера за недахопам доказаў. Паступова Штусі-Лойпін пачаў перанакіроўваць падазрэнне на Бэна: і на момант забойства Бэна быў у «Du Th'e^atre», і як бы там яно ні было, а ён — чэмпіён Швейцарыі ў стральбе з пісталета, і ўдадатак мае калекцыю зброі, якую (калі верыць Лінгарду) мерыцца прадаць з прычыны фінансавых цяжкасцяў — тут па зале праляцеў шэпт, — далей Штусі-Лойпін дазволіў сабе нейкія намёкі адносна разладу паміж доктарам Бэна і прафесарам Вінтэрам, праз што і ўзнікла патрэба дапытаць Бэна; усе нецярпліва чакалі допыту, але Бэна не прыйшоў у суд. Я і сам шукаў яго ўжо каторы дзень. Я прыняў цвёрдае рашэнне ўзяць на сябе абарону Бэна, пра што я ўжо раней інфармаваў Штусі-Лойпіна, дзеля абароны мне трэба была атрымаць ад Бэна сякую-такую інфармацыю, каб далей расследаваць злачынства Колера, але нават у бары «Супакой маю журбу» пра Бэна ніхто нічога не ведаў. Фойхтынг падазраваў, што Бэна хаваецца ў Дафны. Дафна — добрая, шчырая душа і не пакідае ў бядзе былых мілоснікаў, нейкі Эміль Э., каміваяжор фірмы дэзадарантаў, які нядаўна пакінуў у яе на Аўрораштрасэ свой месячны прыбытак, сказаў, што ў яго склалася ўражанне, быццам на кватэры ў Дафны ёсць яшчэ нехта. Знайсці Бэна не ўдавалася. Усе думалі, што ён збег. Паднялі на ногі ўсю паліцыю, падключылі Інтэрпол, адбывалася прыкладна тое самае, што і пры арышце Ісака Колера. Складанасці ўзніклі з Дафнай, яна патрабавала, каб ёй прад'явілі ордэр пракурора на ператрус у яе кватэры; калі ж Ільза Фройдэ на раніцу пераступіла парог майго бюро на Цэльтвэгэ, яна ўбачыла, што спрытны рапірыст і цэлкі стралок вісіць на люстры і пры гэтым пакалыхваецца на скразьняку, бо вокны і так ужо былі адчынены, а Ільза, уваходзячы, натуральна, адчыніла дзверы. У Бэна захаваўся ключ ад яго былога бюро, ён залез на мой пісьмовы стол, які колісь быў ягным сталом, а я тым часам з Дафнай… каб хоць такім чынам знайсці Бэна… ад мяне яшчэ шмат дзён пасля патыхала рознымі эсэнцыямі памянёнага Эміля Э…Мабыць-такі менавіта таму я і пішу з такой неахвотай пра сам працэс: на судзе абавязкова зайшла б гаворка пра мае новыя адносіны з Дафнай, прычым у прысутнасці Элен, калі б Штусі-Лойпін надумаўся дапытаць Дафну, а ён мусова надумаўся б, калі б Бэна не апярэдзіў яго сваім суіцыдам, які мусова ж быў бы патлумачаны як прызнанне віны. Доктар h.c. Ісак Колер быў з трыумфам апраўданы. Пакідаючы залу, ён затрымаўся каля мяне, паглядзеў халоднымі, бясстраснымі вачыма і сказаў, што разыгранае тут дзейства ёсць самае бессаромнае з усіх магчымых варыянтаў вырашэння праблемы, што мае фінансавыя складанасці — Госпадзе ты Божа мой! — цалкам зразумелыя, і чаму замест таго, каб прыйсці да яго, я перадаў вынікі сваіх росшукаў Штусі-Лойпіну, які і зладзіў гэты брыдкі балаган правасуддзя, апраўдальны вырак, цьфу і яшчэ раз цьфу, такая ганьба чалавеку — выглядаць нявіннай авечкай, ды і дзе ёсць яны, тыя нявінныя авечкі; а пасля ён дадаў фразу, якая канчаткова давяла мяне да белага накалу і пацвердзіла, што забіць Колера — гэта мой абавязак, бо павінен жа нехта аднавіць патаптаную справядлівасць, каб яна канчаткова не перарадзілася ў фарс. А сказаў Колер наступнае: калі б я перадаў матэрыялы расследавання яму замест таго, каб перадаваць іх Штусі-Лойпіну, Бэна і без ніякага суду гушкаўся б на люстры; з гэтымі словамі Колер штурхнуў мяне, як нейкага бадзягу, я адляцеў на Мока, які стаяў за мною, укладваючы ў кішэнь свой слыхавы апарат, а калі я штурхнуў яго, сказаў: «Так-так, а як жа, як жа». Колер пакінуў будынак суда. Банкет пераможцаў у Доме гільдзій, «У страказы». Тост прэзідэнта, вытрыманы ў гекзаметрах, адкуль Колер — напрасткі ў Аўстралію, а я са сваім рэвальверам спазняюся да адлёту. Гэтая гісторыя ўжо вядомая. З таго часу прайшло паўтара гады, зноў прыйшла восень. Заўсёды восень. Госпадзе, а я зноў п'яны, баюся, што мой почарк будзе зусім неразборлівы, а час адзінаццаць гадзін — засталося яшчэ 35 гадзін 15 хвілін, — калі піць далей, будзе катастрофа. Жахліва, калі Элен дагэтуль кахае мяне, мне гэта было б тое самае, што смяротны вырак. Магу толькі запэўніць, што я яе кахаў, а можа, кахаю і дагэтуль, хоць яна і спіць з гэтым старым атопкам Штусі-Лойпінам, а днямі я сустрэў яе з Фрыдлі, ён ахапіў правай рукой плечы Элен, быццам ужо даўно лічыць яе сваёй уласнасцю; зрэшты, усё гэта не мае аніякага значэння. Пісаць пра наша каханне не мае ніякага сэнсу, як не мае сэнсу перадаваць маю папярэднюю гутарку з прапаведнікам секты Бэргерам на лесвіцы — папярэдне я ж яшчэ раз наведаўся ў «Хек», але няўдала, з віскі выйшла асечка, аматары глядзелі футбол і былі не ў гуморы, бо швейцарцы гулялі нікудышне, а ў тыпаў, якія звычайна пытаюцца адрасы, настрой быў яшчэ горшы. «Манака» быў зачынены. Я выйшаў зусім без грошай, я пакінуў дома кашалёк, мне дазарэзу патрэбен быў віскі, я пацягнуўся ў «Du Th'e^atre», таксама нікога, Альфрэда, калі, вядома, гэта быў Альфрэда, неяк дзіўна на мяне паглядзеў, Эла і Клара рашуча выйшлі аднекуль з глыбіні залы, нехта вымавіў маё імя, Штусі-Лойпін сядзеў за сталом, дзе сваім даўнім часам паседжваў Джэймс Джойс, і кіўком рукі запрасіў мяне падсесці да яго. Эла і Клара надзьмуліся, але Штусі-Лойпін — ён і ёсць Штусі-Лойпін. Ён сказаў, каб я не бегаў з расшпіленай прарэхай, а калі я прыняў запрашэнне, сказаў яшчэ, што я пайшоў уразнос, і падліў вішнёўкі ў сваю каву. А мне патрэбна бутэлька віскі, неўпапад адказваў я, стан у мяне быў безнадзейны, я зразумеў, што без віскі не магу жыць, мяне ахапіў панічны страх, а раптам не разжывуся віскі, усё ўва мне супрацівілася думцы выпіць замест віскі што-небудзь іншае, віно, альбо, скажам, піва, альбо гарэлку, хай нават і пракіслы сідр, які хлебчуць клошары (не дзіва, што ў іх хоць і развіваецца цыроз вантробы, але затое не бывае раматусу), рэшта чалавечай годнасці ўва мне патрабавала віскі, толькі віскі, у імя справядлівасці, якая даканае-такі мяне, але тут ужо Элен паставіла перад мной шклянку. Даліне Штусі зноў патрэбен адвакат, холадна пачаў Штусі-Лойпін, яго пераемніка, хадыку Штусі-Зютэрліна, падстрэлілі на паляванні, нехта прыняў яго за сарну, ці тое Штусі-Бірлін, ці тое Штусі-Фойзі, не выключана, зрэшты, што гэта быў Штусі-Моозі, следчы ў Флетыгене паклаў справу ў архіў, страціўшы надзею яе раскрыць, вось належнае для мяне месца, вёска ўпершыню атрымала б у хадыкі аднаго не Штусі, ну, а там можна неяк уладзіць, каб я зноў вярнуў сабе свой патэнт. І гэта ён прапануе менавіта мне, сказаў я, залпам выпіўшы сваю шклянку; менавіта вам, адказваў ён, ведаеце, Шпэт, працягваў ён, настаў час, каб вы зрабілі высновы.
4
Склад злачынства (лац.).
І калі ён, Штусі-Лойпін, аж так нястрымна рупіцца вызваляць з пашчы нашай юстыцыі нават невінаватых, калі ў іх ёсць хоць самы малы шанец не быць праглынутым гэтай пашчай, каб заставацца ў рамках зададзенага вобразу, — дык зусім жа не з мэтай паглуміцца з правасуддзя. Адвакат — гэта адвакат, а не суддзя, верыць ён у справядлівасць і ў закон, заснаваны на ідэі справядлівасці, альбо не верыць — яго асабісты клопат, урэшце ж, гэта наогул чыстая метафізіка, як, напрыклад, пытанне пра сутнасць лічбы, але, будучы адвакатам, ён абавязаны разабрацца, як павінна правасуддзе ўспрымаць суб'екта, які трапіў у яго лапы, як вінаватага альбо як невінаватага, незалежна ад таго, вінаваты ён ці невінаваты на самой справе. Элен расказала яму пра маё падазрэнне, але маё расследаванне не было даведзена да канца. Элен хоць і была тады сцюардэсай — Госпадзе, гэта ж людзі ў тыя часы яшчэ наіўна думалі, быццам гэта няма ладу якая прэстыжная прафесія! — але не ў тым самалйце, якім ангельскі міністр вяртаўся да сябе на востраў. А вяртаўся ён на ангельскім ваенным самалёце, які наўрад ці абслугоўваўся сцюардэсай кампаніі «Свісэйр». Чаму Элен так цьмяна адказала тады на маё пытанне, зразумець няпроста, яна не адразу ўлавіла сэнс майго пытання, а што да слоў, якія сказаў мне Колер і якія перадаў яму, Штусі-Лойпіну, Мок, дык асабіста хоча выглядаць нявіннай авечкай, яму б трэба прызнаць, што ён прыхлопнуў старога сябра ПЭН-клуба, і растлумачыць, чорт вазьмі, куды ён пасля гэтага падзеў рэвальвер. У яго, Штусі-Лойпіна пачуццё самае непрыемнае; вызваліць старога з пазуроў правасуддзя было яго юрыдычным абавязкам, цяпер жа, аднак, яму здаецца, што ён выпусціў на волю драпежнага звера, адзінца, самага небяспечнага, за паводзінамі Колера крыецца матыў, але абнародаваць яго Колер не хоча, спачатку ён, Штусі-Лойпін, лічыў, быццам Штаерман выкарыстоўвае Колера дзеля сваіх мэтаў, а цяпер яму здаецца, што гэта Колер выкарыстоўвае яе. Вінтэр, Бэна, Дафна, два сутэнёры — ці не залішне шмат нябожчыкаў, - а прыйдзе дзень, калі, вядома, я не ўрымшчуся, мяне таксама выцягнуць з Зіля. Так, пасля гэтай прамовы я атрымаў бутэльку, а ўжо як я дабраўся да Шпігельгасэ, пра тое змоўчу; пакуль Штусі-Лойпін частаваў мяне сваімі меркаваннямі Эла прынесла мне яшчэ адну шкляначку віскі — цуд, што я ўвогуле быў здольны перадаць сваю з ім гутарку, а цяпер палова другой ночы; мабыць, я ненадоўга задрамаў, застаецца крыху больш за дваццаць гадзін — не, дзевятнаццаць, я памыліўся, цяпер палова трэцяй, — і тады Колер, доктар h.c. Ісак Колер… А гутарка з Сымонам Бэргерам, верагодна, адбылася на лесвіцы, калі я з бутэлькай віскі вярнуўся на Шпігельгасэ. Прайшло, па-мойму, некалькі тыдняў з таго часу, як аціхлі псальмы «Святых з Ютлі», яны там проста перасталі драць горлы — Штубер з паліцыі маральнасці якраз сядзеў у мяне і даволі недвухсэнсоўна намякаў, што начальства па-ранейшаму падазравае наяўнасць сувязі паміж мной і арганізаванай прастытуцыяй, як раптам рэзка, на паўслове абарвалася псальма «О Хрыстос, твае пакуты…» — за гэтым пайшлі крыкі, лямант, пратэсты, галашэнні, шум, якога там зроду не бывала, і тупат мноства ног уніз па лесвіцы, далей — мёртвая цішыня, і Штубер далей выкладваў свае падазрэнні. Вось чаму мне трэба было б здзівіцца, калі я ўбачыў паверхам ніжэй каля дзвярэй малітоўнай залы іх прапаведніка. Ён стаяў нерухома, прыхіліўшыся да дзвярэй. Я хацеў прайсці міма, але ён паваліўся на мяне і ўпаў бы, калі б я не падхапіў яго. Адпіхваючы Бэргера, я ўбачыў, што ў яго абпалены твар і няма вачэй. Я ў жудасці хацеў ісці далей угору па лесвіцы, да сябе, але Бэргер не пускаў, ён учапіўся ў мяне і крычаў, што глядзеў на сонца, каб убачыць там Бога, а ўбачыўшы Бога, зрабіўся відушчы. Раней ён быў сляпы, цяпер відушчы. Відушчы, і пад гэты крык ён тузануў мяне так, што абодва мы ўпалі на прыступкі, якія вядуць да мяне. Ужо і не памятаю, чаго ён мне тады нагаварыў, я быў надта п'яны, каб разумець, што гэта поўная нялепіца, тое, што ён тут трызніў пра ўнутранасці сонца, пра поўную цемру, якая там пануе і непарыўна злітая са схаванасцю сонца, з неспатольнай прагай убірае ў сябе сонца, паглынае, не робячыся ад гэтага большай, быццам яна, цемра, — бяздонная дзіра, бездань безданяў, найбяздоннейшая бездань безданяў, і па меры таго, як сонца пусцее ўсярэдзіну, да цэнтра, яна расшыраецца вонкі, пакуль яшчэ нічога не прыкметна, але заўтра, прыкладна апалове адзінаццатай вечара, настане вялікі момант, сонца, захаваўшыся толькі ў выглядзе святла, успыхне, разрасцецца з хуткасцю святла і ўсё спаліць, зямля ад гэтага неверагоднага ззяння выпарыцца — прыкладна так ён гаварыў, як п'яны п'янаму, я і быў тады п'яны і такі застаўся, толькі яшчэ п'янейшы, чаму — і сам не магу зразумець, дзеля чаго я вось пішу тут пра гэтага прапаведніка, які стаў у пакрывале перад сваёй абшчынай, абвясціў ім хуткі канец свету і запатрабаваў, каб яго прыхільнікі дазволілі сонцу выпаліць ім вочы, як дазволіў гэта ён, пасля ён сарваў з галавы пакрывала, крыкі, пратэсты, галашэнні, небывалы шум, які мне тады давялося пачуць, і тупат цэлай абшчыны ўніз па лесвіцы — вось які быў адказ на ягоныя словы. Я перачытаў напісанае. Засталося гадзіны тры да таго, як мне ехаць у аэрапорт. Начальнік ужо з раніцы пабываў у мяне прыкладна апалове восьмай, а можа, яшчэ і паловы не было, ён сядзеў перад сваёй сафой, я вельмі здзівіўся, калі, прачнуўшыся, убачыў яго перад сабою, правільней сказаць, я заўважыў яго, калі мяне званітавала і я вярнуўся з туалета і хацеў зноў легчы. Начальнік спытаўся, ці не запарыць кавы, і, не дачакаўшыся майго адказу, прайшоў у кухонную нішу, а я зноў заснуў. А калі прачнуўся, кава была ўжо гатовая, і мы моўчкі выпілі яе. Пасля чаго начальнік спытаўся, ці вядома мне, што я — кожны дзесяты; а на маё пытанне, як разумець гэта дзіўнае пытанне, адказаў, што пакідае на волі кожнага дзесятага і я — у іх ліку. Інакш ён быў бы проста абавязаны арыштаваць мяне яшчэ каля труны Дафны; як і я, ён быў адвакат, як і я — нешанцаўлівы, толькі зрэд-часу яго прызначалі афіцыйным абаронцам, вось ён і асеў у паліцыі — сябры па партыі, якія ў жыцці і не падумалі б да яго звярнуцца, калі б у іх узнікла патрэба ў адвакаце, сасваталі яго як сацыяліста юрысконсультам у крымінальны аддзел гарадской паліцыі, а калі ён потым прасунуўся ўгору, а пад канец нават прапхнуўся ў начальнікі, дык гэта зусім не ў выніку нейкай там выдатнай адмысловасці ў заслугах, а чыста палітычных інтрыгаў, яны ж узнеслі яго на сваёй хвалі, прычым нешта падобнае адбываецца і на іншых узроўнях юрыдычнага апарата, не, ён зусім не намякае на карупцыю, Божа барані, але прэтэнзіі юстыцыі прадстаўляць сабою нешта аб'ектыўнае, нейкае стэрыльнае прычандалле, свабоднае ад якіх бы там ні было грамадскіх меркаванняў і прымхаў, настолькі не адпавядаюць сапраўднаму становішчу, што ён і выпадак з Колерам успрымае далёка не так трагічна, як успрымаю яго я; хто б пярэчыў, я зрабіў памылку, спачатку прыняўшы даручэнне Колера, а потым перадаўшы Штусі-Лойпіну матэрыялы, з дапамогаю якіх Штусі-Лойпін здолеў загнаць Бэна на люстру і выйграць працэс, але незалежна ад таго, вінаваты Колер ці не вінаваты — а ўсім жа і кожнаму вядома, што менавіта гер кантанальны радца прыстрэліў гера ўніверсітэцкага прафесара, ён, начальнік паліцыі, таксама ў гэтым упэўнены, — але вось як ён паглядзіць на мяне, як падумае, куды мяне завяло маё бурнае абурэнне апраўдальным прысудам, хай сабе і ўнікальным юрыдычна, але ж бездакорным і таму цалкам зразумелым — хай нават справядлівасці тут быў пастаўлены шах і мат, — дык і ўбачыць, што, калі я і далей буду практыкавацца ў справядлівасці, у мяне не застанецца іншага выйсця, як толькі засудзіць Колера, а заадно і сябе самога на смерць і выканаць прысуд, дастаць рэвальвер, які я схаваў пад сафою, ды і пераправіць спярша Колера, а там і сябе на той свет, хоць асабіста ён, начальнік паліцыі, лічыць гэта хоць і лагічным, але бязглуздым, бо перад абліччам справядлівасці ў яе абсалютным значэнні, як ідэі, якою яна па сутнасці і ёсць, я выглядаю зусім не лепш за Колера, дастаткова хоцяж бы ўспомніць пра ролю, якую я адыграў у лёсе Дафны. Перад абліччам справядлівасці абодва мы — аднолькавыя забойцы, што Колер, што я. А вось суддзя, той выконвае нармальныя абавязкі. Яго справа — сачыць, каб неяк функцыянаваў такі недасканалы інстытут, як юстыцыя, пакліканая клапаціцца, каб на гэтым свеце захоўваліся вядомыя правілы чалавечай гульні. Суддзя гэтак сама нікому нічым не абавязаны, як папа — веруючым. Але калі асобны чалавек надумае чыніць справядлівасць на свой лад, атрымаецца няма ладу як бесчалавечна. Ён абавязкова выпусціць з-пад увагі, што махлярства часам бывае больш гуманнае, чым непагрэшнасць, бо ўсясветны механізм час ад часу трэба шмараваць — гэты занятак найбольш прыстойны для нашай краіны. Фанатычны заступнік справядлівасці павінен быць і сам справядлівы, а ці насамрэч я справядлівы, меркаваць пра тое мне, а не яму. Як бачыце, начальнік, я здольны больш-менш дакладна перадаць сэнс нашай гутаркі, правільней, не гутаркі, а вашай лекцыі, бо асабіста я не сказаў ні слова, ляжаў сабе, прабляваўшыся, ды слухаў вас; не здзівіла мяне таксама, што вы адгадалі, якое было маё рашэнне з першага дня, можа, я менавіта таму і не ўпіраўся, падаючы, можа, я менавіта таму і дапамог Луцкі і Маркізу з Нойшатэля зварганіць алібі, можа, я менавіта таму і стаўся такім, які я ёсць, — нават на думку Нольдзі Архідэйнага занадта апушчаным, ніжэй годнасці тых дам, чый інтэрас ён прадстаўляе, — каб на свой лад стаць не менш вінаватым, чым h.c. Ісак Колер, але ўжо тады мой прысуд і выкананне яго робяцца для мяне самай справядлівай акцыяй на свеце, бо справядлівасць можа правіцца толькі паміж роўна-вінаватымі; так, існуе толькі адно распяцце Ізэнгаймскага алтара, дзе на крыжы вісіць укрыжаваны волат, знявечаны труп, пад чыім неверагодным цяжарам гнуцца бэлькі, да якіх ён прыбіты, Хрыстос, яшчэ больш страшны, чым тыя, для каго намалявана гэта распяцце, чым пракажоныя; калі яны бачаць на крыжы такога Бога, паміж імі і гэтым Богам, які паводле іх разумення наслаў на іх праказу, устаноўліваецца справядлівасць: такі Бог па справядлівасці быў укрыжаваны
дзеля іх. Я пішу на цвярозую галаву, гер пракурор Фойзэр, я дастаткова цвярозы, менавіта таму і прашу вас не вінаваціць начальніка паліцыі ў тым, што ён не адабраў у мяне рэвальвер, уся наша гутарка, правільней, увесь ягоны добрапрыстойны маналог быў прамоўлены зусім не бацькоўскім тонам, а гэтая гісторыя наконт кожнага дзесятага, якому ён дазваляе збегчы, — хай у яе верыць той, хто здатны верыць, можа, ён быў бы рады, калі б мог хоць злавіць кожнага дзесятага, усё разам узятае было б правакацыяй; заднім чыслом ён будзе злавацца, што не затрымаў мяне тады, на могілках, калі паляцеў парасон, а ён узяў у мяне з рук стылет; але я яго добра ведаю, ён мысліць хутка, ён зразумеў, што тады давялося б не проста нанава падняць пытанне пра тое, хто забіў няшчасную Дафну Мюлер, але і пра тое, хто забіў забойцаў Дафны, што такім чынам ён трапіў бы ў арбіту Монікі Штаерман. А хто ж бо табе з добрай волі ды з добрага дзіва захоча звязвацца з пратэзнай імперыяй, якая намерылася зноў заняцца вытворчасцю зброі? Але затое, калі гадзіны праз дзве, дакладней, праз дзве гадзіны трыццаць хвілін я стрэлю ў доктара h.c. Ісака Колера, начальнік паліцыі адразу пачне актыўна дзейнічаць, нават калі мае стрэлы ні да чога не прывядуць, — аднак, гер пракурор, давайце ўмовімся: з аднаго боку, начальнік спрабаваў сваім душавыратавальным маналогам зрабіць так, каб стрэлы, калі нават я буду страляць, не зрабілі шкоды, але вось чаго вы ніяк не маглі западозрыць, гер начальнік, (я зноў звяртаюся да вас), я даўно памяняў халастыя патроны на баявыя. Таму й ні разу не заглыбляўся ў падрабязнасці наконт старызніка на ніжнім паверсе нашага дома. Падсвядома. Каб і вы не заняліся ім блізка. Гэты аднавокі тып — вялікі арыгінал, у яго можна купіць абсалютна ўсё. Можна было. Гэта таксама стала цяпер мінулым, гандляр ужо тры тыдні як выбраўся, памяшканне лаўкі на першым паверсе і кватэра на другім апусцелі, у «Святых з Ютлі» таксама цішыня і запусценне, а ўчора (ці тое заўчора, ці запазаўчора) я знайшоў у сябе заказны ліст, які атрымаў некалькі месяцаў таму назад, але неяк не сабраўся прачытаць, пісьмо ж такога зместу, што, маўляў, дом на Шпігельгасэ як помнік архітэктуры, які пад аховай дзяржавы, з прычыны аварыйнасці мае патрэбу ў неадкладнай рэстаўрацыі намаганнямі Фрыдлі, які перабудуе яго ссярэдзіны і пабудуе ў старых сценах раскошныя кватэры — гэта новы напрамак яго дзейнасці — у сувязі з чым я да 01.10 павінен вызваліць занятую мною плошчу, а як што 01.10 даўно мінула, мне давялося блукаць па ўсім горадзе, каб арганізаваць сабе апошнюю бутэльку віскі, як учора ў Штусі-Лойпіна ў «Du Th'e^atre», а то я здолеў бы здабыць яе ў кватэры ў аднавокага, хай не віскі, а на благі канец бутэльку грапы, гэтак сама, як я знайшоў у яго лаўцы, у раструбе альпійскага ражка, патроны, а халастыя, гер начальнік, якімі вы заладавалі мой рэвальвер, ссыпаў у ражок. О, мы абодва, доктар h.с. Ісак Колер і я, памром даволі мілагучна, пад родныя напевы. Але раней чым я — хай нават мая цвярозасць набывае ўсё больш пагрозлівы характар, настолькі пагрозлівы, быццам перад мною ўстае сонца, на якое я, як той вар'ят-прапаведнік, павінен глядзець вачэй не адводзячы, — раней чым я праз гадзіну без малога выеду ў аэрапорт) на сваім «фольксвагене», ён не вельмі добра перанёс рамонт, то бок я не даў закончыць яго за недахопам сродкаў), апошні зварот да вас, начальнік паліцыі. Я здымаю падазрэнне. Вы паводзіліся як прыстойны чалавек. Вы хацелі даць мне свабоду рашэння, не хацелі глуміць маю годнасць. Мне вельмі шкада, што я прыняў іншае рашэнне, не тое, на якое разлічвалі вы. А цяпер яшчэ адно, самае апошняе прызнанне. У гэтай гульні за справядлівасць я прайграў не толькі самога сябе, але і Элен, дачку забітага мною, які будзе маім забойцам. Мне ж такі давядзецца застрэліцца, бо ён будзе застрэлены мною. Futurum passiv. Зноў узгадваю ўрокі латыні, якія даваў мне ў прытулку стары святар, каб падрыхтаваць мяне да гарадской гімназіі. Я заўсёды з прыемнасцю ўспамінаю прытулак, нават у Мока ўспамінаў, хоць гаварыць з Мокам вельмі цяжка. Калі адзін пісьменнік расказваў пра смерць сваёй маці, да якое, мяркуючы па ўсім, быў моцна прывязаны, я пачаў абмалёўваць перавагі прытулака, а сям'ю паказваць як расаднік злачынстваў. Гэта ваша хвалёнае сямейнае шчасце, ад яго ж з душы верне — чым яўна засмуціў пісьменніка. А Мок раптам зарагатаў. Мок, пра якога ніколі толкам не ведаеш, з чым ён згодны, а з чым не; я падазраю, што ён умее чытаць з вуснаў, бо зноў адклаў убок слыхавы апарат, хоць асабіста ён гэта адмаўляе (чарговая хітрасць). Вось калі я хвалюся, што вырас без бацькі і без маці, сказаў Мок, яму гэта здаецца жахлівым, на шчасце, працягваў ён па-своему шматслоўна — пісьменнік тым часам даўно сышоў, - на шчасце, я стаў юрыстам і не збіраюся ў палітыку, хоць і гэта да канца не выключана, але чалавек, які расхвальвае сіроцкі прытулак, куды горшы за таго, які ў маладосці ваяваў ці тое са сваім бацькам, ці тое з маці, ці з абаімі адразу, як напрыклад, ён, Мок, які ненавідзеў сваіх старых горш за ясную халеру, як сам сказаў, хоць яны і былі добрыя сэрцам хрысціяне, ён іх усё роўна ненавідзеў за тое, што яны прывялі на свет восем дзяцей, і яго ўдадатак, не спытаўшыся ні ў кога з гэтай нетыповай па сваіх памерах пропадзі, ці хоча ён (альбо яна) быць прыведзеным на свет, рабіць дзяцей — гэта злачынства, якое не ведае роўных сабе; калі цяпер ён люта б'е разцом па chemp (Мок так называе камень), ён уяўляе сабе, што такім чынам па заслугах аддае свайму бацьку і сваёй маці, але ў маім выпадку не пытаецца, што я за тып такі, што пускае сліні з прычыны сіроцкага прытулка. Хай у яго, Мока, у вантробах сядзіць нянавісць да тых, хто яго зачаў, нарадзіў, а потым не ўтапіў у памыйным вядры, ён выкрасае сваю нянавісць з каменя, ператвараючы яе ў фігуру, надаючы ёй форму, мілую яго сэрцу форму, бо ён сам стварыў яе, і якая, калі б умела адчуваць, магла б сваёй калейкай ненавідзець яго, як ён ненавідзеў сваіх бацькоў, якія тасама яго любілі, якіх ён таксама засмучаў; усё гэта вельмі чалавечна, кругазварот нянавісці і любові паміж творцам і творывам, але калі ён уявіў сабе такога, як я, які замест нянавісці да тых, праз каго ён існуе і за тое, што існуе, любіць установу, якая стварыла і сфармавала яго, і якая з самага пачатку была надзелена схільнасцю не да чалавечага, а да ідэалогіі альбо ўсяго толькі да якога-небудзь прынцыпу — да справядлівасці, напрыклад, калі ж ён удадатак спрабуе ўявіць сабе, як такая асоба будзе пасля абыходзіцца з людзьмі, якія не адпавядаюць ягонаму прынцыпу, прынцыпу справядлівасці, каб ужо не прыводзіць іншага прыкладу, — а хто, скажыце, калі ласка, яму адпавядае? — у яго ад страху выступае халодны пот. Яго, Мока, нянавісць стваральная, а мая разбуральная, гэта нянавісць забойцы.— Шпэт, дружа, — закончыў ён велягурыстыя і мала зразумелыя разважанні, - мне вас да душы шкада. Надта ж бо ў вас усё нягегла атрымалася.
Пасля гэтай размовы я больш ні разу не пераступаў парога ягонай майстэрні. А чаму я расказваю вам пра гэтую размову, гер начальнік? Ай, ды таму, што гэты дойлід, якога нядаўна ўшаноўвалі ў Венецыі, проста чортведама які слушны. Я чалавек з рэторты, я выгадаваны ва ўзорнай лабараторыі, настаўлены ў адпаведнасці з прынцыпамі выхаваўцаў і псіхіятраў, прадукаваных нашай краінай паралельна з высокадакладнымі гадзіннікамі, псіхатропнымі сродкамі, тайнай банкаўскіх укладаў і вечным нейтралітэтам. Я б і быў узорным прадуктам гэтай даследчай гаспадаркі, але ў ёй не хапала більярднага стала. Вось мяне і запусцілі ў свет, не надзяліўшы ўменнем разгадаць яго, бо да гэтага часу ў мяне не было з ім кропак судакранання, бо я ўяўляў сабе, нібыта і тут пануюць норавы сіроцкага прытулку, у якім я вырас. Без ніякай падрыхтоўкі мяне сутыкнулі з законамі драпежных звяроў, што пануюць у людстве, без ніякай падрыхтоўкі я ўгледзеў сябе сам-насам з тымі пачуццямі, якія надаюць чалавечыя рысы звярыным законам, — з годнасцю, адчуваннем меры, розумам, каханнем, нарэшце ж. Чалавечая рэальнасць пацягнула мяне за сабой, як бурлівая рака цягне таго, хто не ўмее плаваць, супраціўляючыся блізкай пагібелі, я на парозе яе сам зрабіўся драпежным зверам, і да гэтага звера пасля начной размовы з Штусі-Лойпінам, калі я прадаў свае матэрыялы, якія павінны былі апраўдаць забойцу, з'явілася дачка забойцы: так, Элен чакала мяне ў маёй адвакацкай канторы на Цэльтвэгэ, у маёй шыкоўнай трохпакаёўцы, якая дасталася мне ад Бэна. Цяпер толькі я скеміў, што яна чакала мяне не перад дзвярмі, а ўсярэдзіне. У крэсле каля майго пісьмовага стала. І што яна выдатна арыентавалася ў кватэры. Зрэшты, Бэна, Бэна, — хто ўстояў бы перад ім! І вось яна прыйшла, бо давярала мне, і вось яна аддалася мне, бо я хацеў яе, але не хапіла мне тае ночы ні адвагі даверыцца і ёй, ні перакананасці, што і яна хоча мяне, бо кахае. Так мы размінуліся з нашым каханнем. Я ўтоіў ад яе, што ніхто не змушаў яе бацьку ўчыняць забойства (нават калі чортава ліліпутка таго так моцна жадала), што яму проста падабалася на нашай грэшнай планеце строіць з сябе Госпада Бога, што сам я двойчы прадаўся, адзін раз яму, другі раз — прыма-адвакату, якога цешыла магчымасць давесці да канца гульню правасуддзя, падобна гросмайстру, які велікадушна дагульвае партыю, пачатую з пачаткоўцам. І мы спалі тае ночы, не размаўляючы і не падазраваючы, што шчасце без слоў — непамыснае. Таму, мусібыць, і існуе мімалётнае шчасце, яго я меў у тую ноч, калі пачаў здагадвацца, кім мог бы зрабіцца, неверагодныя магчымасці, якія былі ўва мне закладзены і якіх я не спраўдзіў, а як што я тады адчуваў сябе шчаслівым цэлую ноч, дык быў перакананы, што зраблюся тым, кім так і не зрабіўся. Але раніцай, калі мы зірнулі адно на аднаго, нам ужо было ясна, што ўсё закончылася. А цяпер мне пара ў аэрапорт.
III
Пасляслоўе аўтара. Нейкім дзіўным чынам я, калі задумацца, пазнаёміўся з некаторымі людзьмі, пра якіх толькі пазней даведаўся, што яны не проста былі замешаныя ў гэтую шматпланавую прыгоду, але і былі ў ёй галоўнымі персанажамі.
Адбылося гэта прыкладна ў 1984 годзе. У Мюнхене. Дзённіка я не вяду, таму не варта залішне давярацца датам, якія я прыводжу. Па-мойму, было тое напрыканцы траўня, а ўсю гісторыя я ўспрыняў тады як выдуманую. Утульны парк, утульная віла сярод высокіх дрэў. У парку ўздоўж адной сцяны вілы — засланыя сталы. Мілая гаспадыня. Выдаўцы, журналісты, людзі тэатра і кіно, — адным словам, разумна дазіраванае культурнае жыццё. Як звычайна, я кагосьці з кімсьці блытаю. Мне цьмяна здаецца, што вось тая ёсць менавіта тая, пра каго я думаю, што гэта якраз яна. Пасля высвятляецца, што яна ўсё-такі не тая самая. Пасля яшчэ нехта аказваецца зноў жа зусім не тым самым. Потым я з перапалоху сам палохаю аднаго галоўнага рэжысёра, у тэатры якога я калісьці ведаў усіх падрад, а цяпер ужо нікога падрад і не ведаю. Думаю, што ён думае, быццам я хачу ўціснуць яму сваю п'есу, а ён думае, быццам я хачу ўшыць яму сваю п'есу. Нейкі актор мітусіцца, як той кароль Лір, які забыў свой тэкст, і цяпер сам сабе рады не дасць: «Гіне тэатр. Няма новых п'ес». Іншага актора я столькі разоў бачыў па тэлевізары, што цяпер прымаю яго за свайго старога знаёмага, а ён бянтэжыцца, убачыўшы мяне ўпершыню. Нейкая жанчына вывозіць нейкага старца на калёсіках. Жанчына элегантная, фанабэрыстая, прыгожая. Гадоў пад пяцьдзесят. Я ведаю гэтую жанчыну, але не ведаю, як яе завуць. Яна стрымана вітае мяне, але звяртаецца да мяне на «ты» і называе мяне Максам. А які ж вам Макс? Вось і яна мяне з некім зблытала. Смех дый годзе! Яна перапрашаецца. Мне прыемна. Яна пераходзіць са мною на «вы». А хто ж гэты старац? Яе бацька. Мабыць, яму ўжо ого колькі! Так, сто, без хвосціка. Кволенькі, бясплотны. На дзіва жвавы. Скура ружовая. Рэдкія сівыя валоскі, падстрыжаныя вускі, дагледжаная бародка. Нешта паміж барадой і эспаньёлкай. Ён меў гутарку з баварскім прэм'ер-міністрам. Пра палітыку? Не, пра заснаванне фундацыі эфектыўных навук. Не разумею. Напладзілася столькі непатрэбных навук. Разумею. Яна ўсё яшчэ думае, што я яе ведаю, а я яе ведаць не ведаю. Гаспадыня гутарыць са старцам. Шчабеча з ім, часта смяецца. Мабыць, стары не без досціпу. Сяджу паміж невядомай знаёмай і ўдавой-немкай выдаўца-італьянца, з якім я аднаго разу ў Мілане меў знаёмства аж цэлы дзень. Знаёмая, імя якое ніяк не магу ўспомніць, здагадалася, што я не магу ўспомніць, як яе завуць. Яна змаўкае. Удава расказвае мне пра адну актрысу, у якую я быў калісьці закаханы. Актрыса збегла з пажарнікам. Пасля вячэры — у салон. Людзі кіно і тэатра тлумяцца вакол галоўнага рэжысёра. Гэта тыя, хто цікавіцца мастацтвам. Іншыя — вакол старога ў каталцы. Гэта тыя, хто цікавіцца рэчаіснасцю. Нейкі мастацтвазнаўца прамаўляе кароткае падзякаванне гаспадыні дома, на хвіліну спалучыўшы сваёй прамовай абедзьве сферы. Ён надта добра разбіраецца ў мастацтве, каб не недаацэньваць жыцця, і надта добра — у жыцці, каб не пераацэньваць мастацтва. Потым сферы зноў распадаюцца. Адны спрачаюцца пра Бота Штраўса, другія — пра Франца Ёзэфа Штраўса. А якое думкі старац? Ён гісторык, а не метэаролаг. Што ён хоча гэтым сказаць? Гісторык робіць далёкія прагнозы. Ён метафізік. Ён пэўны, што авалодаў сусветным духам. А метэаролаг дазваляе сабе толькі блізкія прагнозы. Ён чалавек навукі. І не лічыць, што авалодаў атмасферай. Насамрэч свет неспасцігальны. Што даступна ў палітыцы? Спорае хірургічнае ўмяшальніцтва, а потым — назіраннне за непрадказальным вынікам. Што ён хоча гэтым сказаць? Канцэрн, якому ён самахоць дапамагаў парадамі і якім несамахоць кіраваў, апынуўся ў цяжкім становішчы. Няма патрэбы апісваць яго падрабязна. Эканамічныя ўзаемасувязі куды складанейшыя, чым атмасферная абалонь, прагнозы тут яшчэ больш ненадзейныя. Старац гаварыў лёгка, няголасна і шпарка. Толькі час ад часу чулася паляскванне ўстаўных сківіцаў. І тады ўзнікала патрэба ці тое забіць чалавека, ці тое перадаручыць забойства каму-небудзь яшчэ. Агульная разгубленасць. Збянтэжанасць. Потым замілаванасць. Быццам старац намысліў расказаць любоўную гісторыя. Вядома, выносіць на абмеркаванне забойства — гэта ж faux pas [5] ! Культурная сфера таксама натапырыла вушы. У гэтым ужо нешта было, як калі б старац, дапусцім, еў рыбу нажом. Хоць кароль, ды ўдадатак яшчэ кароль на парозе стагоддзя, мае права і на гэта.
5
Прамашка (фр.).
— Ён непаўторны, — прашаптала адна актрыса, якую я таксама калісьці бачыў, ці тое па тэлевізары, ці тое ў кіно, альбо ж думаў, што бачыў. Экран кіно і тэлевізара сплаўляе ўсе твары ў адзін. Добры дзесятак актораў на адзін твар. Старац папрасіў шампанскага. Адпіў. Паявіўся адзін рэжысёр і артыст, мой даўні прыяцель. З паходжання — швейцарац. З выгляду — расейскі вялікі князь, які прывык мець справы з прыгоннымі, рослы, станісты, але ўжо пасля страты спадчынных маёнткаў. Дагледжаная бародка, прадумана лёгкая прастата ў вопратцы. Пацалаваў у ручку гаспадыні, заўважыў пэўную разгубленасць прысутных, не без прыемнасці абвёў усіх вачыма і з уласцівай толькі яго сэрцу салодкай галантнасцю прамовіў: «Вітаю вас, гер радца! Вітаю цябе, Элен!», пасля чаго, зычліва зрабіўшы мне ручкай, сказаў: «Бачу, гер радца пачаў расказваць сваю гісторыю. Фантастычная гісторыя». Потым наліў сабе шампанскага і сеў. А старац вёў сваё далей. Ад яго зыходзіла нейкая ўладная сіла, якая ўсіх пад сябе падбірала. І ўсё было не ў тым, што ён казаў, а ў тым як. Вось чаму немагчыма ўзнавіць гэтую гісторыю так, як яе расказваў ён. Хай гаспадыня не зышча з яго за тое, што ён без усякіх там ухілак гаворыць пра забойства. Яму задалі пытанне, прыкладна ж так ён і паведаміў, што лічыцца палітычна магчымым. Палітыка і эканоміка падпарадкоўваюцца адным і тым самым законам, а менавіта палітыцы ўлады. Што стасуецца і з вайною. Гэта перад усім эканоміка ёсць працяг вайны іншымі сродкамі. І як бываюць войны паміж дзяржавамі, так бываюць войны і паміж канцэрнамі. А грамадзянскай вайне адпавядае барацьба за ўладу ў межах аднаго канцэрна. Усюды зноў і зноў узнікае патрэба альбо кагосьці адлучыць ад улады, альбо быць адлучаным самаму. І ў такой сітуацыі аператыўнае хірургічнае ўмяшальніцтва вельмі нават дарэчы, пасля чаго след пачакаць, каб пераканацца, ці дало яно карысць, а ці не. У выключных, хто скажа што супроць, але толькі ў выключных выпадках тут не абысціся без забойства. Само па сабе забойства — метад вельмі неэфектыўны. Тэрарызм пакідае толькі драпіны на паверхні сусветнай структуры. А вось забойства, учыненае ім, было неабходнасцю. Ясна, ён мог перадаручыць забойства. На любую справу можна каго-небудзь наняць замест сябе. Але яму неўзабаве ўсе сто, а ён, каб вы ведалі, яшчэ сам сабе завязвае шнуркі. Далей спатрэбілася яшчэ некалькі забойстваў, ну, але ўжо яны не вымагалі ніякага клопату. Пры стварэнні свету ўмяшальніцтва Бога спатрэбілася ўсяго адзін раз. Хапіла першага штуршка. Вось і на яго рашэнне праблемы сышло з хуткасцю маланкі. Старац выскаліўся. Больш за трыццаць гадоў таму яму давялося суправаджаць з прыватнай клінікі ў аэрапорт аднаго гэтак жа вядомага ў тыя часы, як і непапулярнага палітычнага дзеяча. У клініцы ён убачыў, што памянёны дзеяч, ужо ў зімовым паліто, разгублена стаіць каля ложка. Яго ўсе ганяць і пераследуюць. Уведзены ім падатак на спадчыну збанкруціў надта многіх. Ён вымушаны абараняцца. І ён дастае з кішэні рэвальвер. Вось чым ён прыстрэліць кожнага спадкаемцу, які застаўся без спадчыны. Сястра з лямантам «Ратуйце!» выскачыла з палаты. Тады ён зноў засунуў рэвальвер у кішэню. Прыляцеў доктар з двума санітарамі. Палкоўнік падчас вайсковай службы, грубы мяснік у медыцыне; ён паставіў такі дыягназ: хвароба цяпер дабралася да мозгу, ну, з медыцынскага боку гледзячы, праблемаў няма, ён яшчэ раз нашпігуе пацыента транквілізатарамі, і хай сабе вымятаецца на радзіму, інакш аддасць канцы проста тут. Бедалагу пасля кароткай звалкі, падчас якой быў накаўтаваны адзін санітар, вытраслі з паліто рэвальвер, увалілі яму ў задніцу — ах, пардон, пардон, пры дамах! — поўны шпрыц, зноў запакавалі ў зімовае паліто і запхнулі ў «ролс-ройс». І вось ён паехаў з узброеным і ачмурэлым дзяржаўным дзеячам назад у горад. Дзівосны вясновы вечар. Прысмеркі. Недзе каля сёмай. Як што ў нас устаюць рана, дык і вячэраюць таксама рана. Калі ён разам з задрамалым фінансавым геніем праехаў па Рэміштрасэ і ўбачыў людзей, што сцякаліся ў рэстараны, у яго ў галаве мільганула ідэя, як самым элегантным чынам вырашыць сваю праблему. «Божа, — сказала нямецкая ўдава італьянскага выдаўца, — як займальна!» Асоба, ад уплыву якое ён павінен быў асланіць канцэрн, мела прызвычайку ў гэты самы час вячэраць у вядомым усяму свету рэстаране. Старац высербаў другі фужэр шампанскага. Ён сказаў шафёру спыніцца, дастаў рэвальвер з кішэні міністра, які ціхенька пахропваў, прайшоў у рэстаран, убачыў, што ягоныя разлікі правільныя і памянёная асоба там, застрэліў яе, адтуль — зноў у «ролс-ройс», засунуў рэвальвер у кішэню міністра, даставіў яго, шаноўнага міністра яе вялікасці, у аэрапорт, пасадзіў у самалёт, які спецрэйсам пераправіў хворага лідэра партыі на родную выспу, дзе той, яшчэ не паспеўшы толкам прыляцець, ужо прывёў да канчатковага фінансавага краху калісьці сусветную імперыю. Ціхае пасмейванне дзеячаў культуры. Дачка захоўвае велічную, амаль злавесную абыякавасць. Калі б яе бацька расказаў, што быў начальнікам канцлагера, яна і тады не змаргнула б. Мы ўсе слухалі, як зачараваныя. Як страшную казку. І ўсё ж не без прыемнасці, нават з пацехай, зачараваныя лёгкасцю і сарказмам, з якім старац апавядаў, усё як бы ссоўваючы ў сферу абстрактнага, нерэальнага. Толькі адзін выдавец разгублена спытаўся: «Ну, а вы?» — «Дружа мой, — адказаў старац, дастаючы з футарала масіўную цыгару (зыходзячы з вопыту, набытага мною за час, калі я курыў, здагадваюся, што гэта была «Топерс»), — дружа мой, вы пакідаеце па-за ўвагай дзве акалічнасці. Першая — у якіх колах мы з вамі абарачаемся, і другая — юстыцыя, бо яна хай хутчэй несвядома, чым свядома, арыентуецца на грамадскія колы, якія падупадаюць яе суду, хоць часам — асабліва ў адносінах да людзей прывілегіяваных — яна любіць дзейнічаць з залішняй суровасцю, каб пазбегнуць дакораў за прадузятасць менавіта таму, што яна яе мае». Зрэшты, каб не знудзіць: яго арыштавалі, кантанальны суд прызнаў яго вінаватым, а суд прысяжных пазней апраўдаў, хоць забойства было ўчынена ўва ўсіх на вачах. З неабходнасці. Не хапала доказаў. Паказанні сведкаў былі супярэчлівыя. Зброя так і не была знойдзена. Ну, бо і хто ж будзе трэсці міністрава паліто?! І матыву злачынства таксама ўстанавіць не ўдалося. Канцэрн ёсць нешта непранікальнае для пракурора. Удадатак, таксама выпадкова, у рэстаране быў былы чэмпіён Швейцарыі ў стральбе з пісталета, але, калі яго хацелі дапытаць, ён узяў ды павесіўся сабе на здароўечка. Проста трэба, каб усё так удала склалася, зрэшты, нельга выключаць, што і чэмпіён мог стрэліць якраз у тую хвіліну, калі ён, а яму было тады семдзесят, намерыўся страляць; адзіна рэальнае ва ўсёй гісторыі — гэта сам нябожчык, які ўткнуўся тварам у філе а-ля Расіні з зялёным бобам, наколькі ён памятае, але вось якім чынам гэтая рэальнасць спраўдзілася, па сутнасць ролі не грае. Старац раскурыў цыгару, якою да таго размахваў, як дырыжор палачкай. І раптам усе грымнулі рогатам, сёй-той нават запляскаў, адзін тоўсты журналіст адчыніў акно і рагатаў у ноч. «Нечуваная дасціпнасць». Усе былі перакананыя ў невінаватасці старца. Я таксама. А чаму? Ад яго абаяльнасці? Ад узросту? Файна! — заззяла нямецкая ўдава італьянскага выдаўца, гаспадыня выказалася ў тым духу, што жыццё піша найневерагоднейшыя гісторыі, дачка паглядзела на мяне холадна і пільна, быццам хацела даведацца, паверыў я ці не. А старац курыў цыгару, у той самы час робячы трук, які ніколі не ўдаваўся мне, — выдыхаў дым колцамі. Ён разумее, гаварыў далей старац, што несправядліва асуджаны не такі недасяжны, як забойца, адсюль і шчырыя воплескі, такі ўжо ў яго лёс, што ніхто не хоча лічыць яго забойцам. Вось і я, мабыць, не веру — гэта старац ужо звярнуўся да мяне, — я, хто ў сваіх камедыях цэлымі гуртамі запраторвае сваіх герояў на той свет. Новы выбух рогату, агульнае ажыўленне. Падалі чорную каву, каньяк. Застаецца толькі пытанне маралі, зноў пачаў стары, засяродзіўшы сваю ўвагу на попеле цыгары, які ён не страсаў, а старанна нарошчваў. І раптам зрабіўся зусім іншы. Ужо не стогадовым старцам, а чалавекам без узросту. Учыніў ён забойства насамрэч альбо толькі збіраўся, сказаў старац, з пазіцыі маральнасці важны толькі намер, а не выкананне. Але пытанне маралі ёсць пытанне апраўдання дзеянняў, якія не адпавядаюць законам грамадства, якімі гэта грамадства нібыта кіруецца. Для апраўдання ж мы павінны скарыстацца дапамогай дыялектыкі. З пазіцый дыялектыкі можна знайсці апраўданне абсалютна ўсяму, тым самым — і з пазіцый маралі. Таму ён лічыць усякае апраўданне лішнім альбо, калі давесці гэтую думку да абсурду, усякую мараль амаральнай, ён мог бы заявіць, што дзейнічаў у інтарэсах канцэрна, які дарэчы, пазней усё адно збанкрутаваў, так што ягонае рафінаванае забойства аказалася непатрэбным незалежна ад таго, хто яго ўчыніў, ён сам ці хто іншы, а таму ён мог бы наступным чынам адказаць на пытанне, чаго можна дасягнуць сродкамі палітыкі: калі нечагась можна дасягнуць толькі дзякуючы выпадку альбо нешта дасягнута толькі выпадкова, дык яно ёсць поўная процілегласць таго, чаго хацелі дасягнуць на самай справе. Далей стары перапрасіўся. Ён пакорліва просіць высокашаноўную гаспадыню прабачыць яму сыход, а дачку Элен — даставіць яго ў гатэль «Чатыры пары года». Дачка выкаціла старога, не зірнуўшы на мяне. Я палічыў усю гэтую гісторыю выдумкай. Ну хто, скажыце вы мне, так забівае? Аднак нельга было не заўважыць, што стары сваім часам меў не абы якую ўладу, ды і цяпер яшчэ мае не абы якія ўплывы, а то з якое такое рацыі яго прымаў бы Штраўс. Мне ён падаўся прыдуманым варацілам, у якога на сумленні шмат чаго ёсцека-такі, але расказваць пра біржавыя махлярствы больш складана, чым пра забойствы, вось ён і распісвае няўчыненае забойства, бо можа не сумнявацца, што ва ўчыненае ім забойства ўсё адно ніхто не паверыць, як паверылі б у біржавыя спекуляцыі. У таксі я паспеў забыць яго гісторыю, раздумваючы толькі пра дыялектыку, якую ён падпарадкаваў маралі, і раптам успомніў ягонае імя: Колер, Ісак Колер. Аднойчы на банкеце ў сваіх сяброў я сядзеў якраз насупраць яго. Побач з яго дачкою. Калісьці. Шмат гадоў таму назад. Колер тады быў вельмі бадзёры і загарэлы. Дачка расказвала, што ён толькі што вярнуўся з падарожжа вакол свету.