Юстыцыя
Шрифт:
Маркіз замілавана заўсміхаўся.
— А да таго?
— Да таго ў нас такое алібі, што не прычэпішся, — сказаў Луцкі і дапытліва паглядзеў на мяне. — Да таго мы сядзелі з Гізэлай і Мадленай у «Манака».
Маркіз сцвярджальна кіўнуў.
Я пацікавіўся, ці не бачыў хто, як яны да мяне ўваходзілі. Луцкі, як звычайна, быў аптымістычны.
— Пазнаць нас ніхто не мог, — запэўніў ён мяне. — На гэты выпадак парасон — рэч незаменная.
Я задумаўся.
— А куды вы падзелі парасон? — спытаўся я, пасля ўстаў з-за стала і замкнуў у шуфляду свае запісы.
— Унізе. Мы іх паставілі за дзвярыма ў падвале.
— Гэта вашыя парасоны?
— Не, мы іх знайшлі.
— Дзе?
— Таксама
— Значыцца, дзве гадзіны таму назад вы іх узялі з сабою на шпацыр?
— Дык жа дождж ліў.
— Луцкі засмучана зазначыў, што ягоныя адказы мяне не натхнілі. Ён з надзеяй дастаў са свайго плашча бутэльку каньяку «Напалеон», і Маркіз таксама сфокуснічаў бутэлечку.
— Няблага. — кіўнуў я, — гэта ўжо па-людску.
Пасля кожны з іх выклаў на стол па тысячафранкавай паперыне.
— Мы людзі шчодрыя, — сказаў Луцкі.
Я адмоўна закруціў галавой і выказаў шкадаванне.
— Дарагі Луцкі, я прынцыпова не маю намеру садзіцца за дачу ілжывых паказанняў.
— Спетрыў, - сказаў Луцкі.
Абодва падкінулі яшчэ па тысячы.
Я ўпёрся.
– І з парасонамі ў вас нейкая мура атрымалася, — канстатаваў я.
— Паліцыя шукае нас не за парасоны, — адмахнуўся Луцкі, хоць яму яўна было не па сабе.
— Але ж парасоны маглі навесці на ваш след, — выказаў я свае сумненні.
— Вас зразумеў, - сказаў Луцкі.
Абодва ахвяравалі яшчэ па тысячы.
Я нават здзівіўся:
— Вы, нябось, ці не мільянерамі парабіліся?
— Ну, бываюць жа ў людзей і прыбыткі, - ухіліста адказаў Луцкі. — Калі нам выплацяць рэшту, мы адразу зліняем. Куды-небудзь за мяжу.
– І якая тая рэшта?
— Рэшта ганарару, — патлумачыў Маркіз.
— Якога ганарару? — спытаў я яшчэ больш недаверліва.
— За даручэнне, якое мы выканалі, - удакладніў Луцкі. — Як толькі мы будзем у Ніцы, я перадам табе Гізэлу і Мадлену.
— Я таксама перадам вам сваіх дзяўчатак, — запэўніў Маркіз. — Нойшатэлькі вельмі практычныя.
Я старанна агледзеў асігнацыі, склаў і сунуў у заднюю кішэню. Луцкі хацеў увесці мяне ў дэталі, але я не даў яму дагаварыць:
— Дамова — усяго аснова! Нязгоршы і грошы! Не ведаю, навошта вам спатрэбілася алібі і ведаць не хачу.
— Пардон, пардон, — перапрасіўся Луцкі.
— Ану, выкладвайце вашыя цыгарэты, — сказаў я.
Луцкі быў проста нашпігаваны «Кэмэлам», «Данхілам», «Блэкэндуайтам», «Сьюпэркінгам», «Пікадылі». На стале расла гара пачкаў.
— Адна сяброўка трымае кіёск, — патлумачыў ён перапрашальным тонам.
— А што курыць гер Маркіз?
— Увогуле, амаль не куру, — збянтэжана шапнуў ён.
— У цябе што, і цыгарэтаў няма пры сабе?
Маркіз закруціў галавой.
Я зноў сел за стол. Ужо можна было дзейнічаць.
— Цяпер будзем курыць паўгадзіны падрад. Як мага больш. І хутчэй. Я — «Кэмэл», Луцкі — доўгія «Сьюпэркінг». А Маркіз, Госпадзе ратуй, — «Данхіл». Курыць так, каб можна было прачытаць марку, а потым тушыць і ўсё складваць у адну попельніцу. Пад канец кожны прыхопіць з сабой пачаты пачак.
І мы задымілі як апантаныя. Неўзабаве мы асвоілі новы метад: раскурваць па чатыры цыгарэты адразу, а пасля яны ўжо самі дагараюць. За акном зноў разбушавалася навальніца, паверхам ніжэй занылі псальмапеўцы:
Забі, Гасподзь, наш гнюсны род, забі, Хрыстос, і наш прыплод, цябе ж мы ўкрыжавалі і Дух Святы зблажалі.— Калі шчыра, я зусім не куру, стагнаў
Маркіз. Яму было да таго кепска, што ён нават пачаў быць падобным на чалавека.Праз паўгадзіны ў попельніцы была гара недакуркаў. Паветра ў пакоі стала проста небяспечным для жыцця, бо мы зачынілі вокны. Пакінуўшы пакой, мы пабеглі па лесвіцы і паверхам ніжэй трапілі ў рукі паліцыі; зрэшты, сёння паліцыя з'явілася не дзеля нас, а дзеля «Святых з Ютлі». Наскардзіліся суседзі, якім хацелася сысці ў пекла без псальмаў. Тоўсты Штубер з паліцыі маральнасці трос дзверы, двое з ім, звычайныя патрульныя паліцэйскія, злосна глядзелі на нас. Мы ўсе трое былі добра вядомыя ім.
— Але ж як яно так, Штубер, — пацікавіўся я, — вы ж з паліцыі маральнасці. Што вам да святых?
— Прыглядвайце лепш за сваімі святымі, - буркнуў Штубер, даючы нам дарогі.
— Патаскушын адвакат, — яшчэ крыкнуў мне наўздагон адзін паліцэйскі.
— Можа, нам ужо лепей тады адразу тупаць у паліцыю?! — стагнаў Луцкі.
Сустрэча з паліцыяй зусім яго дэмаралізавала. Маркіз, па-мойму, увогуле ад страху пачаў чытаць малітвы. Я ўжо адчуваў, што ўлез у вельмі сумніўную справу.
— Дробязь, — спрабаваў я іх падбадзёрыць. — Нічога больш удалага, як сустрэча з паліцыяй, проста быць не магло.
— А парасоны?
— Я іх перахаваю.
Свежае паветра вярнула нас да памяці. Дождж перастаў. На вуліцах кіпеў рух, а на Нідэрдорфштрасэ мы напрасткі пайшлі ў «Манака». Гізэла яшчэ была там. Мадлена сышла (цяпер я, прынамсі, ведаю, як яе завуць), але затое там былі яшчэ Карына і Палета, дзве новенькія на службе ў Луцкі, толькі што імпартаваныя з Жэневы, усе тры ў раскошным выглядзе, адпаведна цане, і пры кожнай — ужо па некалькі кавалераў.
— Які ж гэты Маркіз Зялёны! — замахала нам Гізэла. — Што вы з ім зрабілі?
— Дзве гадзіны рэзаліся ў карты, — патлумачыў я, — і Маркізу давялося курыць з намі на роўных. Як у кару за тое, што ён хоча звесці цябе ў Луцкі.
— Je m'en suis has rendue compte [2] , - сказала Палета.
— Гешэфты трэба рабіць без шуму.
— Et le resultat? [3]
— Цяпер я твой адвакат, — сказаў я.
Палета вельмі здзівілася. А я павярнуўся да Альфонса. У бармена была заечая губа. Ён перамываў чаркі за стойкай. Я папрасіў віскі. Альфонс выставіў нам тры сумесі «сіксці-найн». Я разам выпіў сваю, сказаў бармэну: «Геры заплацяць», — і пакінуў установу. Не паспеўшы адысціся ад «Манака» крокаў на дзесяць, я пачуў, як ззаду спынілася машына. І мог зводдалі назіраць, як начальнік з трыма дэтэктывамі з камісіі па расследаванні забойстваў увайшлі ў бар. Я шмыгнуў за вугал і зайшоў у першую ж забягалаўку. Мне і далей пашанцавала (павінна ж калі-небудзь): калі праз гадзіну я вярнуўся да сябе, Штубер і двое патрульных паспелі пакінуць дом на Шпігельгасэ. Усё было ціха. «Святыя з Ютлі», мабыць ужо сышлі. Абодва парасоны я знайшоў за дзвярыма ў падвале і ўжо хацеў быў спусціцца, каб добранька іх прыхаваць, але тут у галаву прыйшла іншая ідэя. Я падняўся наверх. Перад жытлішчам секты было ціха, і дзверы не зачыненыя, інакш я адчыніў бы іх сваім ключом, балазе, ён, як гэта бывае ў старых дамах, падыходзіў да любых дзвярэй.
2
А я і не скеміла (фр.).
3
А вынік? (фр.).