Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Юстыцыя

Дюрренматт Фридрих

Шрифт:

— Якая яшчэ вялікая праца? — шчыра здзівіўся я.

Спачатку Ільза ўвогуле не адказвала, яна паставіла на стол бітком набатаваную сумку і нядбала закінула ў яе люстэрка і шмінку.

— Гер доктар, — пачала яна, — хай сабе вы і выглядаеце даволі бяскрыўдна, хай у вас як на адваката надта дабрадушлівы твар, адвакаты павінны глядзецца інакш. Я іх ведаю, яны сваім фасонам альбо выклікаюць давер да сябе, альбо падобныя на людзей мастацтва, як піяністы, толькі без фрака, але ж вы, гер доктар…

— Куды вы хіліце? — нецярпліва перапыніў яе я.

— А туды я хілю, гер доктар, што вы пры ўсім пры тым працмыга і касталыга, якіх свет не бачыў. Вы не падобны на адваката, але вы адвакат. І яшчэ вы хочаце вызваліць з турмы ні ў чым не вінаватага кантанальнага радцу.

– Ільза! Што ты вярзеш?

— А навошта ж тады вы прынялі ад кантанальнага радцы пятнаццаць тысяч франкаў?

Я анямеў.

— А вам гэта адкуль вядома? — рыкнуў я.

— Ну, мне ж даводзіцца час ад часу дбаць, каб вам ладзілася за вашым сталом, — зашыпела яна ў адказ, — там такі кавардак. А вы яшчэ і крычыце на мяне.

Яна прамакнула вочы хустачкай.

— Але вы гэтага не дастанеце. Вызваліце нашага добрага Колера. І я вас не пакіну. Я абаўюся вакол вас ліянай. Мы разам гэтага даб'емся.

— Вы думаеце, стары Колер ні ў чым не вінаваты? — здзівіўся я.

Ільза Фройдэ элегантна ўстала, нягледзячы на сваю рэспектабельную паўнату, і павесіла сумачку на плячо.

— Увесь горад ведае, — адказала яна. — Увесь жа горад ведае, хто сапраўдны забойца.

— А гэта ўжо цікава, — сказаў я, і па

спіне ў мяне раптам пабег халадок.

— Доктар Бэна, — сказала Ільза. — Ён быў чэмпіёнам Швейцарыі ў стральбе з пісталета, пра гэта пішуць усе газеты.

Крыху пазней я абедаў у «Du Th'e^atre». З Мокам. Мок сам запрасіў мяне — нечувана, як на старога жмінду. Я прыняў запросіны, хоць ведаў, што Мок запрашае толькі тады, калі разлічвае на адмову. Але мне карцела даведацца, ці правільныя чуткі, што пасля забойства Вінтэра Мок звычайна садзіцца за ягоны столік. Чуткі пацвердзіліся. На маё вялікае дзіва, Мок радасна прывітаў мяне, але не паспеў я заняць месца, як за столік падсеў начальнік паліцыі, першы раз за час нашага знаёмства падсеў да нас, высветлілася таксама, што нашу сустрэчу зладзіў менавіта ён, што ён узяў на сябе ўсе выдаткі, і сапраўды, у канцы заплаціў за нашу трапезу. А Мок быў толькі насадкай. Начальнік замовіў суп з фрыкадэлькамі з печані, філе а-ля Расіні з пом-фры бобам і, нарэшце бутэльку шамбэртэна ў памяць пра Вінтэра, як ён сказаў, той, праўда быў нязноснае трапло, але куды к чорту які ўпраўны ядок. На яго прыемна было глядзець, калі ён есць. Я паднасеў. Мок накладваў сабе смажаніну і пюрэ з сэрвіравальнага століка. У самой нашай трапезе было нешта злавеснае. Мы елі ў такім глыбокім маўчанні, што Мок нават паклаў слухавы апарат побач з талеркай, каб нішто не адцягвала яго ад ежыва. Потым начальнік замовіў шакаладны мус, а я пераказаў яму сваю гутарку з Ільзай Фройдэ.

— Вы нават уявіць сабе не можаце, Шпэт, якую рацыю мае гэты унікум у спадніцы, які выконвае ў вас абавязкі сакратаркі. Чуткі нарадзіліся ў турме. Дырэктар і ахоўнікі ў аднін голас божацца, што Колер не можа быць забойцам. Як стары прайдоха знайшоў на іх сваю ўправу — ані цяму. Але калі адны ўверацца ў якой-небудзь бязглуздзіцы, у ёй уверацца і іншыя. Гэта ўсё адно як снегавая лавіна. З гары коціцца ўсё большая маса бязглуздай веры, а скончыцца тым, што людзі з камісіі па расследаванні забойстваў таксама ў яе павераць. Шчыра кажучы, асабіста вас гэта ніяк не тычыцца, але лейтэнанта Хэрэна падначаленыя недалюбліваюць, і ягоная каманда вой як бы радавалася, калі б арышт Колера стаўся памылкай, а што да іншых паліцэйскіх чыноў, дык яны зайздросцяць камісіі, а калі ўзяць усю паліцыю ў цэлым, дык яе сваім цягам недалюбліваюць, марна кавэнчацца ад комплексу непаўнавартасці пажарнікі і службоўцы грамадскага транспарту. І вось ужо лавіну не стрымаць, яна ўжо дакацілася да шырокіх пластоў насельніцтва, і пайшло-паехала — люд і без таго радуецца з кожнай нашай прамашкі, маёй — асабліва. А тым часам забойца як бач — ужо і бязвіннае ягнятка. Дадайце да гэтага, што само забойства набыло шырокі розгалас, вельмі прыдалося многім і вельмі шмат каму, што ўправа гільдыі і наогул блізкае атачэнне Колера, усе гэтыя парламентары, нацыянальныя радцы, урадавыя радцы, кантанальныя і гарадскія і хто там яшчэ завязаны на гэтай справе, усе гэтыя генеральныя дырэктары і простыя дырэктары, босы і шэфы моршчацца ад актыўнасці Емэрліна і несаступлівасці суддзяў. Яны не супраць асуджэння ў прынцыпе, але яны разлічвалі на ўмоўны прысуд альбо на апраўданне з прычыны псіхічнай няздатнасці, за якую ніхто не лічыць палітычнага дзеяча сапраўды недзеяздольным. Адным словам, невінаватасць Колера была б бальзамам на процьму ранаў.

Мок адсунуў талерку і пачапіў на вуха слыхавы апарат.

— Вы атрымалі ад Колера больш чым дзіўнае даручэнне, а цяпер вось гэтыя ідыёцкія чуткі, што Колер нібыта ні ў чым не вінаваты і што сапраўдны забойца — паршывец Бэна. Толькі таму, што ён быў калісьці чэмпіёнам у стральбе, і гэта ў нашай краіне, дзе кожны лічыць сябе такім самым. Але якое халеры гэты дурны ўбоіна дзесьці хаваецца, — сказаў начальнік і заняўся сваім мусам. — Вось што мне не падабаецца. Даручэнне Колера, чуткі, што нібыта ён не вінаваты і знікненне Бэна нейкім чынам звязаныя паміж сабою.

— Шпэт залез у пастку, — сказаў Мок і пачаў рысаваць грыфелем на абрусе пацука ў пастцы, які не выпускае з зубоў сала.

На Цэльтвэгу ў маім бюро сядзеў Лінгард.

— А вы адкуль тут узяліся? — не стрымаўся я.

— Гэта не да справы, — адказаў Лінгард і паказаў на пісьмовы стол. — Справаздачы.

— Вы што ж, думаеце, што Колер невінаваты? — з прыкрасцю спытаўся я.

— Не думаю.

— Мок лічыць, што я ўлез у пастку, — холадна сказаў я.

— Залежыць ад вас, — сказаў Лінгард.

Сто пяцьдзесят старонак. Уборысты тэкст. Тэлеграфны стыль. Я чакаў гіпатэтычнага выкладу цьмяных камбінацыяў, а маю перад сабою факты. Замест загадкавай незнаёмай асобы было ўголас названа імя. Самыя справаздачы мелі розную каштоўнасць, і ставіцца да іх трэба было з асцярожнасцю. Апытанне сведкаў, праведзенае Шонбэхлерам. Паказанні сведкаў звычайна супярэчлівыя, але тут памеры супярэчнасцяў проста палохалі. Прыклады: адна афіцыянтка сцьвярджае, быццам Колер крыкнуў: «Гад паўзучы», тым часам як пракурыст фірмы дамскай бялізны, які тады сядзеў за суседнім столікам («На мяне якраз пырснулі соўсам!»), паказвае, што Колер звярнуўся да Вінтэра са словамі: «Дзень добры, стары квач!» Трэці сведка нібыта на свае вочы бачыў, як Колер паціскаў руку прафесару. Адзін паказаў, што, застрэліўшы Вінтэра, Колер нос у нос сутыкнуўся з Лінгардам. Тут стаяў пытальнік і заўвага Лінгарда: «Наогул там не быў». І такія ж самыя супярэчлівыя паказанні на больш як пяцідзесяці старонках. Аб'ектыўных сведкаў не бывае. Кожны сведка падсвядома схільны дамешваць да сапраўды перажытага прыдуманае. Падзея, сведкам якое ён быў, адбываецца не толькі па-за сведкам, але і ў ім самым. Ён успрымае здарэнне на свой лад, адкладвае ў памяці, памяць пераўтварае адкладзенае, пасля чаго памяць кожнага ўзнаўляе саму падзею. Асабліва вялікая была недапасоўка яшчэ і таму, што Шонбэхлер у адрозненне ад паліцыі дапытаў усіх сведкаў, а чым больш сведкаў, тым, зразумела, больш супярэчлівыя паказанні. Больш за пяцьдзесят старонак паказанняў, якія адно адное выключаюць. І нарэшце розніца ў часе. Сама падзея была год і дзевяць месяцаў таму назад. Чалавечай фантазіі было дадзена дастаткова часу, каб учыніць у памяці неабходныя перамены, да гэтага дадалася яшчэ і пашыраная слабасць выдаваць пажаданае за рэальнае, выдурніванне і да таго падобнае, далейшыя пяцьдзесят старонак можна было б запоўніць паказаннямі тых, хто ўявіў, быццам ён сведка забойства, хоць насамрэч там яго і духу не было. Але Шонбэхлер зрабіў старанны адбор. А цяпер данясенне Фойхтынга. Ягоны метад самы просты. Задае пытанні ў лоб, і можа сабе гэта дазволіць, бо заўсёды задаваў пытанні без хітрыкаў. І калі ён пра што-колечы пытаўся, на гэта ніхто не звяртаў увагі, бо пытаўся ён абсалютна пра ўсё, нават калі яго пытанні не мелі ніякага сэнсу альбо такімі здаваліся. Нарэшце асобныя каменьчыкі складваліся ў Фойхтынга ў адно, хоць і не зусім проста, прапушчаныя праз безліч чарак марціні, але ўсё-такі складваліся, адсланяючы вачам сведкаў, прыведзеных у Шонбэхлеравай справаздачы. Так, напрыклад, некаторыя казалі, што доктар Бэна таксама быў у «Du Th'e^atre», другія — што яшчэ да Колера ён падыходзіў да Вінтэра, трэція — што сядзеў з Вінтэрам за адным сталом, а адзін нават увогуле паказаў, што Бэна пакінуў установу адразу пасля Колера, і, нарэшце, дама з бара паведаміла, што непасрэдна пасля забойства Бэна ўварваўся ў бар, падскокваючы ад радасці, біў чаркі і прыгаворваў: «Здох прусак, здох прусак!» — з усімі задзіраўся і заявіў, што вось цяпер ужо з ёю ажэніцца. Слухачы палічылі, што гэта пра Моніку Штаерман, зычылі яму шчасця і прымалі ад яго запрашэнні. Усё гэта адбывалася ў бары «Супакой маю журбу», — так называецца за свае моцныя напоі разбойніцкі вярцеп непадалёк ад Мюнстэра, дзе Бэна апошнім часам стаўся заўсёднікам. Гэта «апошнім часам» доўжылася ў Бэна больш за два гады. З прыстойнай сям'і,

з прыстойным выхваваннем, пасля паспяховага выпуску з універсітэта, пасля спартыўнай кар'еры, пасля бліскучых дзелавых поспехаў, пасля заручынаў з Монікай Штаерман, самай багатай у горадзе нявестай, Бэна раптам як усё роўна спатыкнуўся, зрабіўся іншым. Людзі пачалі абыходзіць яго. Усюды лічылася, быццам Штаерман скасавала іх заручыны. Далей — чатыры паездкі за граніцу, чуткі, што ён гулец. На першым часе ён яшчэ мог, хоць і не без цяжкасці, захоўваць кантакты з добрымі, багатымі дамамі, потым яго амаль перасталі запрашаць, а пад канец і зусім забайкатавалі. Па інэрцыі ён яшчэ жыў на ўсю раскошу, потым рэшткі гэтай раскошы пачаў распрадаваць: гравюры, мэблю, некалькі скрынак старога бардо. Шмат прадметаў з тых, што ён прадаваў, належалі не яму, напрыклад, некаторыя ўпрыгожанні, з прычыны якіх былі распачаты адразу два працээсы. (Устрымаюся ад дакладнага агалашэння агульнай сумы пазыкаў Гайнца Алімпійца, гэта была катастрафічная, можна сказаць нерэальная лічба — больш за дваццаць мільёнаў.) Дзіўным чынам факты, устаноўленыя Фойхтынгам што да Бэна, шмат у чым супадалі з тым, што ўдалося высветліць пра забітага Вінтэра (вядома, без уліку пазыкаў): частыя выезды за мяжу на кангрэсы ПЭН-клуба, якія, як выявілася, зусім не праводзіліся, але пра якія ён пазней доўга і падрабязна расказваў, чуткі пра частыя наведванні казіно. Выявілася, і Вінтэр, са сваімі вечнымі цытатамі з Гётэ, таксама ашываўся ў бары «Супакой маю журбу», толькі-толькі пакінуўшы стол для літаратурных застольнікаў на трэцім паверсе «Du Th'e^atre». Там ён сядзеў у коле выдаўцоў, рэдактараў, тэатральных крытыкаў і літаратурна-біяграфічных карыфеяў нашага горада, каб разам з імі не выпусціць з рук кіраванне нашай культурай. Выбраныя хоць і трывалі яго, але пасміхаліся і, як толькі ён пакідаў іх дзеля нідэрдорфскіх баядэрак, за вочы называлі «магараджам». Не можа быць ніякага сумнення, падсумаваў Лінгард, што, калі выключыць Колера як забойцу, патэнцыйным злачынцам можна лічыць толькі Бэна. Бэна прымаў Дафну за Моніку Штаерман, пасля паміж ім і Вінтэрам нешта адбылося. Разрыў Дафны з Бэна стаўся вынікам менавіта гэтага інцыдэнту, як і падзенне Бэна, якое адбылося следам за разрывам. Будучы жаніхом Штаерман, Бэна мог разлічваць на любы крэдыт, сам па сабе — ані на які. Тут я насцярожыўся. Версія Лінгарда супярэчыла фактам. Бо Дафна парвала з Бэна толькі пасля таго, як ён яе горка знэндзіў. А Моніка Штаерман адпалася ад Бэна толькі пасля таго, як з ім парвала Дафна. Далей, Вінтэр і Людэвіц ведалі, што Дафна — не Моніка Штаерман, і не толькі яны ведалі. Не так гэта проста, каб адзін чалавек выдаваў сябе за другога, звёўшы да нуля сваю асобу, тут патрабуюцца і іншыя прысвечаныя. Сярод прадстаўнікоў гарадской улады пра гэта напэўна сёй-той усё ведаў. А ўжо пра Колера і гаварыць няма чаго. Пра гэта мне, дарэчы, расказвала сапраўдная Моніка Штаерман. Карацей, маглі ведаць вельмі і вельмі многія. А пастка, у якую я ўскочыў, па словах Мока, магла заключацца толькі ў тым, што я вольна ці міжвольна засвоіў гэтую агульную веру ў невінаватасць Колера, хоць сам і не падзяляў яе. Я проста як бы згадзіўся падтрымаць яе, бо прыняў яго даручэнне. Паддаўшыся фальшываму ўяўленню, што забойца не Колер, я непазбежна павінен быў выйсці на іншую кандыдатуру: калі Цэзара забіў не Брут, значыцца, яго забіў Касій, калі не Касій, дык Каська. Вельмі магчыма. Магчыма нават, што чуткі пра невінаватасць Колера пайшлі не ад турэмнай адміністрацыі і не ад ахоўнікаў, а ад мяне. Адкуль начальнік даведаўся пра дадзенае мне даручэнне? Мёзер, ахоўнік, прысутнічаў, калі Колер мне яго даваў, сямейная пара Кнульпэ, Элен, Фэрдэр, асабісты сакратар Колера, несумненна, яшчэ некаторыя юрысты, ну, потым Лінгард, а з людзей Лінгарда хто? Яшчэ пра гэта ведала Ільза Фройдэ. Ці будзе яна маўчаць? Магчыма, даручэнне Колера даўно ўжо зрабілася тэмай агульнагарадскіх плётак, і хоць асабіста я быў перакананы, што Колер учыніў забойства з чыста навуковай цікаўнасці, але дзякуючы даручэнню мае пошукі вялі ўбок ад Колера, замест каб да яго. Ці не ў гэтым і быў сэнс яго даручэння? І даючы яму справаздачы пра свае пошукі, ці не сам жа я і наводзіў яго на недаступны майму розуму манеўр? Але становішча ў мяне было безвыходнае. Не сёння-заўтра Лінгард прад'явіць рахунак. Мне патрэбны грошы, а адзінай іх крыніцай можа быць толькі Колер. Значыцца, трэба мардавацца далей. Нягледзячы на ўсе сумненні. Альбо ж ці ёсць якое-небудзь іншае выйсце? Мне прыйшло ў галаву наведацца да майго ранейшага шэфа Штусі-Лойпіна і абмеркаваць сітуацыю з ім. Спачатку я вагаўся, пасля рашыў да Штусі-Лойпіна не хадзіць, справаздач не падаваць, і хай будзе што будзе. А потым канчаткова перастаў вагацца. Доктар Бэна паявіўся ў мяне ў ноч з 30 лістапада на 1 снежня 1956-га, з пятніцы на суботу. Пад апоўнач. Я добра запомніў. Бо ў тую ноч вырашаўся яго лёс — і мой таксама. Я трэці раз перачытваў справаздачу, калі ён тузануў дзверы ў бюро, якое раней належала яму, дзе за ягоным сталом цяпер сядзеў я. Бэна быў рослы, мажны мужчына з доўгімі чорнымі валасамі, якія ён зачасаў так, каб прыкрыць лысіну. Пахістваючыся, падышоў да стала. Ён рабіў уражанне чалавека цяжкага свайму шкілету. Рукамі, якія здаваліся дзіцячымі ў параўнанні з масіўным целам, ён абаперся і, напалавіну асветлены настольнай лямпай, глядзеў на мяне. Ён быў яўна нецвярозы, прыгнечаны і кранальны ў сваёй бездапаможнасці. Я адкінуўся на спінку фатэля. Яго чорны гарнітур зашмальцаваўся ад доўгай носкі.

— Доктар Бэна, — спытаў я, — дзе вы прападалі? Вас усюды шукае прэса.

— А вам ці не ўсё адно, дзе я прападаў? Шпэт, не пачынайце працэс, малю вас.

— Які працэс, доктар Бэна? — спытаў я.

— Які вы ладзіце супроць мяне, — адказаў ён хрыпатым голасам.

Я пакруціў галавой.

— Доктар Бэна, ніхто не збіраецца ўсчынаць супроць вас працэс.

— Хлусіце вы ўсё, — закрычаў ён, — хлусіце! Вы пусцілі па маіх слядах Лінгарда, Фантэра, Шонбэхлера, Фойхтынга. Вы нацкавалі на мяне прэсу. Вам вядома, што ў мяне былі прычыны забіць Вінтэра.

— Але забіў яго Колер, — адказаў я.

— Вы ўжо і самі ў гэта не верыце. — Ён тросся ўсім целам.

— Наадварот, ніхто ў гэтым не сумняваецца, — спрабаваў я яго супакоіць.

Бэна пільна паглядзеў на мяне, прамакнуў лоб хусцінкай.

— Вы пачняце працэс, — ціха дадаў ён, — а я загінуў, я ведаю, што загінуў…

— Бог з вамі, доктар Бэна, — адказаў я.

Ён, хістаючыся, пайшоў да дзвярэй, павольна адчыніў і пайшоў, ні разу больш на мяне не глянуўшы.

Алібі. Мяне зноў спынілі. Умяшаўся сам лёс. Гэтым разам у асобе Луцкі. І яшчэ аднаго суб'екта, якога ён прадставіў як Маркіза. (Як што пачаўшы пісаць, я ўхіліўся ад фатальнай гульні, куды ўвязаўся як актыўны ўдзельнік, мне трэба цяпер называць рэчы сваімі імёнамі. Дык вось, сярод злачыннага свету я і сам зрабіўся злачынцам. Не сумняваюся, гер пракурор, што такое прызнанне будзе вамі цалкам ухвалена, але я павінен зрабіць яшчэ адну агаворку: да гэтага злачыннага свету я адношу і вас, і тое грамадства, якое вы прадстаўляеце па абавязку службы, а не толькі Луцкі, Маркіза і самога сябе.) Што да гэтага чалавекападобнага суб'екта, дык яго занесла да нас з Нойшатэля. Разам з адкрытым «ягуарам». На ўсю вывеску ўсмешачка, быццам гэты тып явіўся проста з Ко, а манеры такія, быццам ён гандлюе высокагатунковым мылам. Было тое па дзевятай гадзіне вечара. У нядзелю (гэтую частку справаздачы я пішу ў канцы ліпеня 1958 года — слабая спроба хоць неяк упарадкаваць свае запісы). На вуліцы бушавала навальніца, гулкія, страшныя раскаты грому, дождж яшчэ не ліў, але гэта не давала палёгкі, было па-ранейшаму душна і моташна. Паверхам ніжэй грымелі псальмы:

Рухні, свет, пад раны Хрыстовыя мы да пагібелі ўсе гатовыя!

і яшчэ:

Дух Святы, пад буры гром грэшнікаў спалі жыўцом!

Луцкі неяк ніякавата пашчыпваў вускі і наогул як бы нерваваўся, ды і яго апостальскія вочы свяціліся задуменным бляскам, якога я ніколі ў іх не заўважаў: Луцкі відавочна ж пра нешта разважаў. Абодва былі ў плашчах, але чамусьці амаль сухіх.

— Нам патрэбна алібі, нарэшце нясмела прамовіў Луцкі. — Маркізу і мне на апошнія дзве гадзіны.

Поделиться с друзьями: