Юстыцыя
Шрифт:
Я чакаў. Раптам праз акуляры без аправы на мяне глянулі здзіўленыя дзіцячыя вочы.
— Шпэт, чаму ж вы не п'яце? — спытаўся ён бадзёрым голасам, быццам і не спаў хвіліну таму. (А можа, ён і насамрэч не спаў?) — Налівайце, я таксама сабе налью.
Мы выпілі. Ён назіраў за мною, маўчаў і назіраў.
Перш чым павесці гаворку пра цяжкасці, так пачаў Штусі-Лойпін, гледзячы проста перад сабою, а ён цалкам можа ўявіць сабе, якога роду мае цяжкасці, зрэшты, гэта больш чым асабістая заўвага, якая дачынялася да сумненняў, што мною цяпер авалодалі і праз якія я да яго і прытопаў, ах ты, пардон, не прытопаў, а пад'ехаў на «поршэ», фу-ты, ну-ты, да чаго вытанчана!
Ён засмяяўся сам сабе, мяркуючы па ўсім, яго нешта неверагодна пазабавіла, яшчэ выпіў і спытаўся, ці расказваў ён калі-небудзь мне гісторыю свайго жыцця. Не? Яно ж бо і ясна. Ну, добра. Дык вось, ён сын шахцёра, і яго сям'я ўзяла сабе прозвішча Штусі-Лойпін
Ён зноў рагатнуў.
— Госпадзе, ну ж бо й часіны былі, - здзіўлена прамовіў ён. — Якая мяне муха тады ўкусіла, не ведаю, але я ажаніўся з уроджанай «фон», з фон Мельхіёр, пераехаў у ваш горад і стаўся паспяховым адвакатам. А як там на дварэ?
— Фён. Як на снежань занадта цёпла. Як увесну, — адказаў я.
— Можа, выйдзем?
— З прыемнасцю.
— «Выйдзем» — гэта не зусім дакладнае слова, — сказаў ён і націснуў нейкую кнопку ў падлакотніку свайго фатэля, пасля чаго неабсяжныя шкляныя сцены пайшлі ў зямлю, а пражэктары за валунамі патухлі. Цяпер мы сядзелі пад лётка ўзнесенай бетоннай столлю, нібы на вуліцы, асветленыя толькі таршэрам. — Неэканомная канструкцыя, — сказаў Штусі-Лойпін, усё гэтак жа гледзячы перад сабою. Часам ён бачыцца сабе фюрэрам у рэйхсканцылярыі. — Але ж чаго вы хочаце, Шпэт, суперадвакату павінен быць па кішэні Ван дэр Хойсэн, хоць па добрай волі я аддаў бы перавагу Фрыдлі. Лёс тых, хто ўвайшоў у моду.
А цяпер вось ён сядзіць тут адзін як палец. Калісьці ён даваў у гэтай зале банкеты, адзін за адным, але людзі з горада падалі скаргу, Фюдлібюргер таксама, пакуль… зрэшты, гэта ўжо не па справе. Мэблю пасля гэтага ён усю сплавіў, цяпер тут адны мадэрновыя штучкі-дручкі.
Пасля, наліваючы сабе віна, ён сказаў:
— А зараз, Шпэт, пяройдзем да справы.
Я расказаў пра даручэнне доктара h.c. Ісака Колера.
Штусі-Лойпін не даў мне дагаварыць, сказаў, што ўсё ведае, выпіў, дадаў, што і гер-фраў Кнульпэ таксама ў яго пабывалі. А што да атрыманага мною задання, яго паінфармавала Элен, Колерава дачка, акрамя таго ён праштудзіраваў Лінгарда і ўсіх ягоных.
Я падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт матываў Колера, пра падазрэнні Элен, што Колера прымусілі ўчыніць забойства, паведаміў і пра сваю сустрэчу з Дафнай, пра свой візіт да сапраўднай Монікі Штаерман і, нарэшце, пра неспадзяваны прыход Бэна ў маё бюро.
— У вас у руках рэдкі шанец, малады чалавек! — усклікнуў Штусі-Лойпін, яшчэ раз падліваючы сабе віна.
— Не разумею, што вы хочаце гэтым сказаць, — няўпэўнена прамармытаў я.
— Яшчэ як разумееце, — парыраваў ён. — Інакш бы не прыйшлі да мяне. Давайце на пробу паўдзельнічаем у гульні Колера. Калі дапусціць, што забойца не ён, дык самае простае — знайсці іншага забойцу. Ім можа быць толькі Бэна. Вось на яго і напала трасучка. Ён прамантачыў больш як дваццаць мільёнаў з дабраславення ілжэ-Монікі, Вінтэр давёў гэта да ведама сапраўднай Монікі, заручыны рухнулі, Бэна, значыцца, збанкрутаваў і пускае кулю ў Вінтэра проста за сталом. Voila! Такая версія патрэбна вашаму працадаўцу і тым самым патрэбная вам.
Штусі-Лойпін паглядзеў чарку на святло. З боку гарадка да нас даляцеў
гук клаксонаў, некалькі хвілін: калі меркаваць па нерухомых агнях фараў, дзве сустрэчныя аўтакалоны ўязджалі адна ў адну.Штусі-Лойпін засмяяўся.
— Гэта ж трэба, каб такому жаўтароціку проста ў рукі прыплыў самы цікавы перагляд справы з усіх, якія толькі ведала наша стагоддзе.
— Мне ніхто не даручаў ніякага перагляду, — сказаў я.
— Але ж даручэнне, якое вы прынялі-такі, непазбежна вядзе да перагляду.
— Гэта Колер забіў Вінтэра, — цвёрда сказаў я.
Штусі-Лоёпін шчыра здзівіўся.
— Ну й што? Вы гэта на свае вочы бачылі?
У глыбіні памяшкання спусцілася па вераўчанай лесвіцы нейкая чорная постаць і зашкандыбала ў наш бок. І калі яна падышла, я ўбачыў, што гэта святар з маленькай чорнай сумачкай-сапеткай. Ён спыніўся, не дайшоўшы да Штусі-Лойпіна метраў тры, пакашляў, шкляныя сцены адразу ж занялі ранейшае месца, успыхнулі пражэктары, і гранітныя божышчы адкінулі свае цені ў зноў замкнутае з усіх бакоў памяшканне. Святар быў вельмі стары, крыху касабокі, маршчыністы, і адну нагу ён падвалакаў.
— Ваша жонка атрымала апошняе памазанне, — сказаў ён.
— Парадак, — сказаў Штусі-Лойпін.
— А я буду маліцца, — запэўніў яго святар.
— За каго? — спытаў Штусі-Лойпін.
— За вашу жонку, — удакладніў святар.
— Такая ў вас прафесія, — абыякава падсумаваў Штусі-Лойпін і нават не павярнуў галавы, калі святар, нешта прамармытаўшы, пакульгаў да выйсця, дзе ахмістрыня, тая самая, што ўпусціла мяне, адчыніла перад ім дзверы.
— У мяне жонка памірае, — як бы мімаходзь кінуў Штусі-Лойпін і асушыў чарку.
— Але калі так… — пралепятаў я, устаючы з фатэля.
— Госпадзе, да чаго ж вы цырымонная асоба, — сказаў Штусі-Лойпін. — Сядзьце як сядзелі.
Я сеў, ён зноў наліў. Сцены пайшлі ў зямлю, пражэктары патухлі, мы зноў апынуліся ў садзе.
Штусі-Лойпін нерухома глядзеў перад сабою.
— Маёй жонцы хапае душэўнай велічы, каб выбавіць мяне з пакутніцкай мусовасці сядзець каля яе смяротнага ложка, — сказаў ён раўнадушна, — удадатак у яе пабываў святар, а цяпер там лекар і сястра. Мая жонка, хай вам будзе вядома, Шпэт, не проста чорт ведае якая жыццелюбка, чорт ведае якая багатая і чорт ведае якая пабожная, яна да таго ж яшчэ чорт ведае якая прыгожая. Смешна гучыць, праўда? Цэлае жыццё яна ашуквала мяне. Лекар, які цяпер сядзіць каля ложка, быў у яе апошні каханак. Зрэшты, я яе разумею. Такі мужчына, як я, жанчыне ўсё адно што атрута.
Ён зноў рагатнуў і без пераходу памяняў тэму. І паведаміў мне, што я дурань, раз лічу доктара Ісака Колера вінаватым. Увогуле, шчыра кажучы, ён, Штусі-Лойпін, таксама так лічыць. Праўда, паказанні сведкаў супярэчлівыя, праўда, прылада забойства так і не была знойдзена, праўда, і матыву таксама няма, але ўсё адно мы яго прызналі вінаватым. А чаму мы прызналі яго вінаватым? Ды таму, што забойства было ўчынена ў перапоўненым рэстаране. І прысутныя гэта неяк заўважылі, нават калі іх паказанні супярэчаць адно аднаму. Дык вось, хоць мы і ведаем не напэўна, але мы напэўна ў гэтым перакананыя. Што моцна здзівіла яго ўжо ў ходзе судовага разбіральніцтва. Ні рэвальверам ніхто не цікавіўся, ні сведкаў не дапыталі, і суддзя цалкам задаволіўся паказаннямі начальніка паліцыі, які хоць і сядзеў паблізу ў момант забойства, але ні словам не акінуўся, на свае вочы ён бачыў забойства ці пакладаецца на сведкаў, удадатак абаронца быў пустое месца. А Емэрлін, наадварот, у выдатнай форме. Нам каштавала вялікіх намаганняў ураўняць нашае веданне віны Колера з нашай перакананасцю. Наша веданне пляцецца следам за ёю — ды спрытны абаронца ўжо з адной гэтай супярэчнасці збудаваў бы апраўдальны вырак. Але мы павінны былі даць нашаму добраму Емэрліну шанец дакапацца да прычынаў. Колер даў выгаднае даручэнне мне, бо я нічога не кемлю ў більярдзе. З гэтага я зрабіў выснову (Штусі-Лойпін уважліва выслухаў мяне), што Колер страляў, каб назіраць, забіў, каб даследаваць законы грамадства, а матыў не прывёў толькі таму, што суд усё адно ў такі матыў не паверыў бы. Дарагі дружа, ён, Штусі-Лойпін, можа сказаць на гэты конт толькі адно: матыў атрымаўся занадта літаратурны. Іх выдумляюць толькі літаратары, хоць і ён таксама перакананы: у чалавека, як Колер, і матыў павінен быць які-небудзь незвычайны. Незвычайны — так, незвычайны, але які менавіта?
Штусі-Лойпін задумаўся.
— Вы зрабілі памылковую выснову, — сказаў ён, бо нічога не разумееце ў більярдзе. Колер гуляў ад борта дубэльтам.
— Так-так, ад борта, — раптам азарыла мяне. — Аднаго разу Колер менавіта гэта сказаў. За більярдам у «Du Th'e^atre». «Ад борта дубэльтам. Толькі так можна знайсці ўправу на Бэна».
— А як ён пасля гэтага згуляў? — пацікавіўся Штусі-Лойпін.
— Дакладна не памятаю. — Я спрабаваў успомніць: — Ён, здаецца, даў шар у борт, ад борта шар адскочыў назад і штурхнуў шар Бэна.