Юстыцыя
Шрифт:
— Фраў Штаерман! Дафна больш не хоча вяртацца да вас.
– І вы маеце перадаць мне гэта? — спыталася карліца.
— Так, я павінен вам гэта перадаць, — пацвердзіў я.
Цяжка было адгадаць, як яна прыняла мае словы.
— Віскі? — спыталася.
— З прыемнасцю.
Хоць яна і не падала ніякага знаку, дзверы за маімі плячыма адчыніліся, і чацвёрты ахоўнік унёс шатландскі віскі і лёд.
— Чысты? — спыталася.
— З лёдам.
Чацвёрты наліў, але не выйшаў. Першыя два падняліся з месцаў.
— Скажыце, адвакат, як вам падабаюцца мае слугі? — спыталася карліца, і той, які трымаў яе на руках, паднёс шклянку ёй да вуснаў.
— Вельмі прэзентабельныя! Я нават быў падумаў, што гэта вашы целаахоўнікі.
— Прэзентабельныя, але тупыя, што ўбіў, то ўехаў, - адказала яна. — Узбекі. Расейцы падабралі іх недзе ў Цэнтральнай Азіі і адправілі ў Чырвоную Армію, а адтуль яны трапілі ў палон да немцаў, і, як што нацысцкія антраполагі
Пот сцякаў у мяне па твары. Тут было лішне натоплена.
— Цэлае войска, фраў Штаерман.
— Часам я станаўлюся сярод гномаў, і ніводзін чалавек мяне не заўважае, нават калі я варушуся. Ваша здароўе!
«Узбек», які трымаў Моніку, зноў паднёс ёй шклянку да вуснаў. Яна выпіла.
— Ваша здароўе, фраў Штаерман, — сказаў я і таксама выпіў.
— Прысядзьце, адвакат Шпэт, — скамандавала яна.
Я сеў у скураны фатэль. «Узбек» спыніўся перад мною, трымаючы карліцу на руках.
— Значыцца, Дафна не хоча да мяне вяртацца, — сказала яна, — так я і ведала, што прыйдзе дзень, калі яна больш не вернецца. — Вялікая, амаль безвалосая галава панікла, у вялікіх вачах на маршчыністым твары заблішчалі слёзы.
Перш чым я паспеў прамовіць хоць слова, «узбек» перасадзіў карліцу мне на рукі, сунуў мне яе віскі, з трыма другімі ўпаў на калені перад акном, і ўсе яны дружна бухнуліся ілбамі аб падлогу, ускінуўшы ўгору магутныя задніцы.
Карліца сутаргава ўчапілася ў мяне. З шклянкамі ў абедзвюх руках я пачуваўся вельмі бездапаможна.
— Гэта ж яны зноў моляцца. Пяць разоў на дзень. А мяне часцей за ўсё садзяць на шафу, — сказала яна, пасля скамандавала: — Віскі!
Я паднёс ёй шклянку да вуснаў.
— Праўда, Гайнц Алімпіец у нас красунчык? — спыталася без ніякага пераходу і толькі тады адным глытком выпіла свой віскі.
— Дзіва што, — адказаў я і паставіў пусты бакал каля крэсла на дыван. Пры гэтым фраў Штаерман за малым не звалілася ў мяне з каленяў.
— Глупства, — сказала яна глыбокім голасам, поўным пагарды да самой сябе. — Бэна — апоўзлы, вульгарны кабель, у якога я ўклюпалася. Я заўсёды ўлюбляюся ў такіх вульгарных суб'ектаў, бо ў іх улюбляецца Дафна.
Я адчуваў у сябе на руках маленькую жанчынку як малюсенькі шкілецік.
— Я дала Дафне сваё імя, каб яна вяла тое жыццё, якое я хацела б весці сама, і яна вяла яго, — казала карліца далей. — На яе месцы я б таксама спала з усімі падрад. А вы з ёю не спалі? — срытала яна раптам ледзяным тонам.
— Не, фраў Штаерман.
— Годзе маліцца, — скамандавала яна.
«Узбекі» падвяліся з каленяў. Той, што прынёс карліцу, зноў узяў яе на рукі. Я таксама міжволі прыўстаў, усё яшчэ трымаючы шклянку віскі з лёдам. Дадзенае мне даручэнне я выканаў і цяпер хацеў адкланяцца.
— Сядзьце, адвакат, — загадала яна.
Я паслухаўся. Седзячы на руках у «узбека», яна глядзела на мяне зверху ўніз. Цяпер у яе ў вачах з'явілася нешта пагрозлівае. Прысуджаная да маленькага, выродлівага цела, яна магла выяўляць сябе толькі вачыма і голасам.
— Нож, — сказала яна.
Адзін «узбек» адчыніў нож і падаў ёй.
— Да фотаздымкаў, - сказала яна.
«Узбек» паднёс яе да сцяны, і яна пачала спакойна, быццам рабіла аперацыю, рэзаць доктара Бэна, таго, дзе ён смяецца, рэзаць доктара Бэна, калі ён есць, рэзаць доктара Бэна, калі сядзіць, рэзаць доктара Бэна, калі задумлівы, калі спіць, калі ззяе, калі п'е, яна разрэзала доктара Бэна ў фраку і доктара Бэна ў смокінгу, у гарнітуры ад краўца, у гарнітуры для язды вярхом, разрэзала, разрэзала, разрэзала доктара Бэна, апранутага маскарадным піратам, у плаўках, без плавак, разрэзала доктара Бэна ў тэнісным касцюме, доктара Бэна ў піжаме, доктара Бэна, доктара Бэна, мы адступалі, даючы дарогу, «узбекі» абступілі мяне, а той, што трымаў яе на руках, апісваў колы ў пякельнай гарачыні кабінета, падлога якога спакваля пакрывалася абрэзкамі здымкаў. Калі былі парэзаны ўсе да апошняй, мы занялі ранейшыя месцы, быццам нічога не здарылася. Карліцу зноў сунулі мне на рукі, і я сядзеў, быццам бацька вылюдка.
— Гэта пайшло мне на карысць, — спакойна сказала яна. — А зараз хай Дафна падае. А я ўжо паклапачуся, каб яна зрабілася тым, чым была раней.
Карліца, якая сядзела ў мяне на каленях, павярнула галаву і знізу ўгору зірнула на мяне. І ўсё ж мне здавалася, быццам карлік я, а не яна.
— Кланяйцеся ад мяне старому Колеру, — сказала яна, — ён часта бываў тут, і калі я на яго злавалася за тое, што ён усё хацеў зрабіць па-свойму, я лезла на кніжныя паліцы і шпурляла ў яго кнігамі. Але ён заўсёды ўмеў настояць на сваім. Ён і цяпер вядзе мае справы. З турмы. У тым, што я замест оптыкі і электронікі перайшла да вытворчасці супроцьтанкавай зброі і зенітных гармат, мартыраў і гаўбіц,
ягоная заслуга. Думаеце, Людэвіц на гэта здольны, не кажучы ўжо пра мяне? Вы толькі зірніце на мяне.Карліца памаўчала.
— У мяне ў галаве адны мужыкі, - сказала яна пасля; і тая насмешка, тая пагарда, якую адчувала гэта выродлівая істота да самое сябе, выразна гучала ў яе голасе. — Выносьце, — загадала яна.
«Узбек» зноў узяў яе на рукі.
— Ад'ё, адвакат Шпэт, — сказала яна, і зноў у яе голасе пачулася спакойная, пакеплівая перавага.
Адчыніліся дзверы, і «узбек» вынес Моніку Штаерман. Дзверы зноў зачыніліся. Я застаўся сам-насам з тымі двума, што мяне сюды прывялі. Яны падступілі да майго скуранога фатэля. Адзін узяў у мяне з рукі шклянку, я хацеў устаць, але другі прыціснуў мяне да фатэля, потым мне плюхнулі з шклянкі ў твар, лёд ужо растаў. Абодва тузанулі мяне ўверх, вынеслі з кабінета, пранеслі праз вестыбюль, праз дзверы ўніз, праз парк, міма гномаў, адчынілі вароты і кінулі мяне да майго «поршэ». Пажылая пара, якая прагульвалася па тратуары, з подзівам вырачылася спачатку на мяне, пасля на абодвух «узбекаў», якія тут жа зніклі ў парку.
— Гастарбайтэры — сказаў я і ўзяў штрафны талон, засунуты паліцэйскім пад «дворнік». Нельга было ставіць машыну перад варотамі.
Справаздача з прычыны адной справаздачы наконт справаздачаў. Праз тры дні пасля майго візіту да Монікі Штаерман у нашай сусветна вядомай гарадской газеце было апублікавана з-пад пяра нацыянальнага радцы Эшысбургера, даверанага ў справах Дапаможных майстэрняў «Трог» А/О, камюніке наступнага зместу: «Асоба, якую дзесяць гадоў таму назад нейкі пансіён Блакітнага берагу нацкаваў на наша беднае грамадства і якая бесперастанку калаціла горад сваімі скандаламі, зусім не Моніка Штаерман, за якую яна сябе выдавала, карыстаючыся прыхільным дазволам фізічна нямоглай спадчынніцы Дапаможных майстэрняў «Трог» А/О, а Дафна Мюлер, якая нарадзілася 09.09.1930 г., пазашлюбная дачка Эрнэстыны Мюлер, настаўніцы з Шангнаў (кантон Бэрн), якая памерла 02.12.1942 г., і забітага 25.03.1955 г. Адальфа Вінтэра, экстраардынарнага прафесара мясцовага ўніверсітэта». Гэтая бесцырымонная інфармацыя, якая добра адпавядала характару нацыянальнага радцы, выклікала той скандал, на які і разлічваў Эшысбургер. Друк, раней больш чым паблажлівы, зрабіўся больш чым бязлітасным, нават бойка ў Брайтынгергофе» была распісана самым дакладным чынам. Пэдролі спадзяваўся, што за ўсё заплаціць Моніка Штаерман, а цяпер выходзіць, што Моніка зусім не Моніка, аднак і Дафна і Бэна зніклі без следу, і натоўп кінуўся на мяне, балазе, Эшысбургер намякнуў, што я пабываў у сапраўднай Монікі Штаерман. Ільза Фройдэ адбівалася, як тыгрыца, аднак некаторым рэпарцёрам удалося да мяне прарвацца, я хаваўся за няпэўнымі, расплывістымі адгаворкамі, пераадрасоўваў іх на Лінгарда, неасцярожна ўзгадаў Куксгафэна, пра якога змоўчаў Пэдролі, банда рынулася ў Рэймс, але трошкі прыпазнілася: пры пробным заездзе на новым «мазэраці» адбыўся выбух, і прынц разам з машынай разляцеўся на запчасткі, тады рэпарцёры, зноў вярнуўшыся ў наш горад, узялі ў аблогу «Мон-рэпо», цэлыя калоны машын згрудзіліся на Вагнерштуцвэг, у парк ніхто не быў дапушчаны, ужо не кажучы пра вілу, адзін адорвень, які ў цемры ночы, увешаны ўсемагчымай тэхнікай, пералез цераз агароджу, ачуўся раніцай у лужыне перад варотамі, без вопраткі і без оптыкі, прычым ён нават не мог бы толкам расказаць, што з ім адбылося: за адну ноч рухнулі шанцы і на камюніке, і на працяг восені, вецер садраў з дрэў іржавачырвонае і жоўтае лісце, ісці цяпер даводзілася па галінках і лістоце, а там лінуў і дождж, а за дажджом паваліў снег, а за снегам — зноў дождж, вуліцы горада ператварыліся ў бруднае месіва, і ў гэтым месіве, ляскаючы зубамі ад холаду, стаяў рэпарцёр. Але скандал не толькі скалануў прэсу, але і развярэдзіў фантазію. Па горадзе цыркулявалі самыя дзікія чуткі, на якія я надта доўга не зважаў. Мяне больш цікавіла маё ўласнае становішча. Кліенты пачалі адзін за адным пакідаць мяне, паездка ў Каракас сарвалася, выгадны працэс па скасаванні шлюбу мне не перапаў, у падатковага ўпраўлення я раптам не зыскаў даверу. Перспектыўны пачатак абярнуўся бесперспектыўным, Колераў аванс увесь разышоўся, я здаваўся сабе марафонскім бегуном, які рвануў з месца, бы спрынтэр; цяпер перад мною ляжала бясконцая дыстанцыя, якая аддзяляла мяне ад прыбытковай адвакацкай практыкі. Ільза Фройдэ пачала шукаць сабе новага месца. Я рашыў заклікаць яе да адказу.
Яна сядзела ў прыёмнай за машынкай, паставіўшы на клавіятуру люстэрка, і фарбавала губы ў кармінна-чырвоны колер. Яе валасы, яшчэ ўчора саламяна-жоўтыя, сёння сталі сіне-чорныя, так што нават адлівалі зялёным. Было пяць хвілін на сёмую.
— Вы за мной шпіёніце, гер адвакат! — абурылася Ільза, наводзячы марафет.
— Хто ж вінаваты, што вы так гучна гаворыце па тэлефоне пра новае месца, — абараняўся я.
— Кожны чалавек мае права на зандаж глебы, — сказала яна, скончыўшы пафарбоўку. — Але не рабіце сабе клопату, цяпер, калі вас чакае такая вялікая праца, я вас не пакіну.