Юстыцыя
Шрифт:
Я ўвайшоў і пярэдні пакой. Сюды ледзь-ледзь прасочвалася святло з лесвіцы. Каля дзвярэй стаяла падстаўка, і ў ёй ужо было некалькі парасонаў. Я сунуў два свае мокрыя да астатніх, шчыльна зачыніў дзверы і падняўся да сябе. Увайшоўшы, запаліў святло. Акно было адчынена. У крэсле сядзеў начальнік паліцыі.
— Тут шмат накурылі, - сказаў ён, кінуўшы вокам на поўную попельніцу. — Прыйшлося адчыніць акно.
— Да мяне заходзілі Луцкі і Маркіз.
— Маркіз?
— Так, адзін тып з Нойшатэля.
— Сапраўднае імя?
— А мне ўсё адно.
— Генры Цупей, — сказаў начальнік. — Ну, калі ж гэта яны былі ў вас?
— З сямі да дзевяці.
— А дождж ужо ішоў, калі яны явіліся? — спытаўся начальнік.
— Забеглі якраз перад дажджом.
Начальнік яшчэ раз кінуў пагляд на попельніцу.
— Штубер з паліцыі маральнасці бачыў вас, Луцкі і Маркіза, калі вы а дзевятай пакідалі сваю лавачку. Куды вы пасля заходзілі?
— Я?
— Вы.
— У «Хек». Там выпіў два віскі, а Луцкі і Маркіз потым перайшлі ў «Манака».
— Гэта я ведаю, — сказаў начальнік. — Я іх там арыштаваў. Але цяпер давядзецца адпусціць іх. У іх ёсць алібі. Яны ў вас курылі. Дзве гадзіны запар.
Ён зноў перавёў пагляд на попельніцу.
— Я вымушаны паверыць вам на слова, Шпэт. Чалавек, заклапочаны лёсам справядлівасці, не будзе ладзіць алібі двум забойцам. Гэта было б надта абсурдна.
— А каго яны забілі?
— Дафну, — адказаў начальнік. — Дзяўчыну, якая выдавала сябе за Моніку Штаерман.
Я сеў за стол.
— Бачу, вы ў курсе, — сказаў начальнік, — вы пабывалі ў сапраўднай Монікі
Я не адказаў.
— Зрэшты, гэта не бяда, — сказаў начальнік і, раскурыўшы сваю «Баянас», закашляўся.
— Вы лішне многа курыце.
— Ведаю, Шпэт. Мы ўсе надта шмат курым. — Ён зноў павёў вокам на попельніцу. — Зрэшты, я бачу, вы выяўляеце пэўную спагаду. Добра, я таксама паспагадаю: такога цёмнага чалавека, як вы, мне ў жыцці сустракаць не даводзілася. Няўжо ў вас няма ніводнага сябра?
— Не люблю заводзіць ворагаў, - адказаў я. — Вы мяне дапытаць хочаце, ці што там?
— Не-не, проста з цікаўнасці, - ухіліўся начальнік. — Вам жа яшчэ і трыццаці няма?
— Я проста не сачкаваў, не мог сабе дазволіць прапускаць заняткі
— Вы былі самы малады з нашых адвакатаў. А цяпер вы наогул не адвакат.
— Так, камісія выканала свой абавязак, — пацвердзіў я.
— Ах, калі б я мог разгадаць, што вы за чалавек такі, мне было б лягчэй зразумець вас. Але разгадаць вас я не магу. Калі я першы раз прыйшоў да вас, мяне ўразіла ваша барацьба за справядлівасць, і я сам сабе здаўся жалю вартым, а цяпер нічога ў вас мяне не ўражвае. У алібі я, хай так і будзе, вам яшчэ паверу, але ў тое, што вас хвалюе лёс справядлівасці, - божа мяне барані. — Ён устаў. — Мне шкада вас, Шпэт. Бачу, вас ублыталі ў дурную гісторыю, і, калі вы самі пры гэтым дурнееце, дык няма вам ні рады ні спасу — памагчы вам тут нічым ужо не паможаш. Думаю, менавіта з гэтай прычыны вы больш не даражыце сабой. Ад Колера ёсць якія весткі?
— Так, з Ямайкі, - адказаў я.
— Ён даўно, як з'ехаў?
— Больш года. Амаль паўтара.
— Чалавек так і круціцца па нашым шарыку. Зрэшты, можа, ён неўзабаве вернецца.
З гэтым начальнік і пайшоў.
Дадатак. Праз тры дні. Я не сказаў начальніку, што пераспаў-такі з Дафнай. Зрэшты, ён і не патрабаваў адказу, — не да таго было. Я доўга раздумваў, пісаць мне пра гэта ці не пісаць. Але начальнік меў рацыю: усё настолькі бессэнсоўна, што не мае сэнсу і нешта ўтойваць. У рэальнасць неад'емнай часткай уваходзіць і самае брыдкае, а да самага брыдкага належыць і роля, якую я адыграў у падзенні Дафны, хай сабе нават сапраўднай прычынай была помста сапраўднай Монікі Штаерман. Пасля скандалу Дафну амаль цэлы год нельга было нідзе знайсці. Ніводзін сабака не ведаў, дзе яна хавалася, нават Лінгард і той не ведаў, калі верыць ягоным словам. Яе кватэра на Аўрораштрасэ пуставала, але аплачвалася рэгулярна. Хто плаціў, - высветліць не ўдалося. Потым Дафна зноў вынырнула. У ранейшай лепнасці. Нібы нічога ёй і ніякага. Хоць і з новай світай. І з адной розніцай: цяпер яна прафесійна займалася тым, што раней рабіла з азартам велікадушнай аматаркі. Пакінутая ў бядзе сябрамі, яна цяпер выязджала на промысел у сваім белым «мэрсэдэсе», гнула неверагодныя цэны і ў сэнсе даходу зноў стала на ногі. Нават пасля выліку ўсіх падаткаў: камунальнага, дзяржаўнага, абарончага, а таксама эмэрытальнага страхавання і страхавання на карысць родзічаў. Пераспаць з Дафнай лічылася найвышэйшым шыкам і прэстыжам. Заглыбляцца ў эпічныя падрабязнасці тут не мае сэнсу. Раскажу толькі, што аднаго разу яна з'явілася і ў мяне, пастукаўшыся ў дзве гадзіны ночы каля дзвярэй маёй кватэры на Шпігельгасэ. Я злез з сафы, на якой спаў, падумаўшы, што гэта Луцкі, запаліў святло, адчыніў дзверы, і ўвайшла яна. Увайшла, азірнулася. Акно напалавіну адчынена. Пакой выстуджаны (была сярэдзіна лютага), на безгустоўных шпалерах — выразкі з «Бэобахтэра». На фатэлі — мая вопратка, на качалцы — маё паліто. Яна ўвайшла ўся ў шыншылах — ці тое людзі праўду казалі наконт цэнаў, якія яна загінала, ці тое сапраўдная Штаерман плаціла далей, — зняла з сябе ўсё як ёсць, кінула на фатэль і легла на сафу. А я лёг да яе. Яна была вельмі-вельмі, а ўдадатак было холадна. Заставалася нядоўга. Накінула сваю шыншылу і паклала на мой стол тысячафранкавую паперку. Калі я запярэчыў, яна з усёй сілы змазала мне правай па твары. Пра такія гісторыі людзі лепш маўчаць, вось і я нікому пра тое не расказваў, а калі пішу цяпер, дык толькі таму, што не маю больш ніякіх надзей. Сёння раніцай недзе каля шостай да мяне заявіўся Штубер з паліцыі маральнасці і паведаміў, што Маркіза і Луцкі дасталі пад Цоліконам з возера (Штаерманава віла якраз непадалёк ад таго месца, дзе іх знайшлі). Калі распраменены Штубер сышоў, я адчуў сябе крыху абражаным: ён нават пытанняў мне не задаваў, а ўжо ж паслаць да мяне чалавека з камісіі па расследаванні забойстваў начальнік, далібог жа, цалкам мог. Луцкі і Маркіз крыху зацягнулі свой ад'езд за мяжу. Так пачаўся дзень нашага нацыянальнага свята, першага жніўня 1958 года, — змрочна пачаўся. Удадатак была пятніца, у гэты дзень хавалі Дафну, судова-медыцынская экспертыза дазволіла аддаць цела зямлі. А дзесятай гадзіне. Першага жніўня ў нас працуюць, але толькі да полудня, у тым ліку і магільніцкія далакопы — такая маленькая дзяржава не можа размахнуцца на цэлы непрацоўны дзень, яна сябе не пераацэньвае. Ледзь толькі я выйшаў з пакоя, як грымнуў гром, ды і наогул гэтым летам навальніцы ў нас будным з'явішчам. Мой «фольксвагэн» быў на рамонце. (Я недзе абедаў у нейкім рэстаранчыку над нейкім возерам, потым на ноч гледзячы выправіўся на сваім «поршэ» — каб ужо заадно зрабіць і гэта прызнанне, гер федэральны пракурор, — і на ім разам з Мадленай, калі толькі гэта была Мадлена, збочыў з дарогі ў нейкі буралом. Луцкі здолеў уладзіць гэтую справу, малышка месяцы два правалялася ў бальніцы, а я зноў апынуўся пры сваім «фольксвагене». Зноў апынуўся. Увогуле я ўжо даўно мог забраць яго з рамонту, але не карыстаюся больш аніякім крэдытам у гаспадара гаража. А выстаўлены ім рахунак — чысты страх). Вось як атрымалася, што на пахаванне Дафны я паехаў трамваем. Чаму я, аднак, націснуў клямку ў памяшканне секты і чаму, калі дзверы адчыніліся, узяў адзін парасон, якія сам туды паставіў тыдзень таму назад, высветліць цяпер проста немагчыма.
Сталася гэта з чыстага непаразумення альбо ад схільнасці да чорнага гумару, сказаць не магу. Пакуль я бег па вуліцах Старога горада да Бэльвю, маючы парасон за лёсачку, неба паспела зусім пачарнець, хоць было ўсяго толькі палова дзесятай. Навокал суцэльная нервовасць, і я бег з усіх ног, як заўсёды перад навальніцай, тым больш што навальніца збіралася быць жахлівай у такую рань. Тыпова для Дафны, падумалася. Каля Бэльвю я сеў у трамвай. Шчыра кажучы, трэба быць вар'ятам, каб у такую непагадзь ездзіць на пахаванне, але тым не меней я чыста механічна ўціснуўся ў перапоўнены вагон. Час ад часу сонца разрывала чорную навісь хмар, як прамень пражэктара, які на хвіліну ўспыхвае і зноў патухае. На Кройцплац у трамвай увайшоў грузлы, увесь у чорным мужчына, росту, я сказаў бы, малога, з бліскучай лысінай, дагледжанай поўнай барадой, у якой ужо пракідаліся срэбныя пасмы, і ў залатых акулярах без аправы. Спярша я міжволі падумаў на Вінтэра, які ўзяў і з'явіўся як прывід, каб пабыць на пахаванні сваёй дачкі, настолькі ён быў падобны на забітага, і вянок пры ім быў, толькі я не мог прачытаць, што напісана на стужцы. На могілках сабралася нямала народу. Усе знакамітасці горада, бо ад журботных успамінаў ніхто ж не застрахаваны, з новай жа кліентуры не прыйшоў ніхто. Але пахаванне Дафны Мюлер было не адзінай прычынай наведаць менавіта гэтай раніцай нашыя дагледжаныя гарадскія клады. Бо адначасова з Дафнай
праводзілі ў вечнасць пракурора Емэрліна. Ягоны сыход з жыцця таксама адбываўся пад усеагульнае шкадаванне, бо калі хто-небудзь ніколі больш не здолее злавацца, дык яго вельмі шкадуеш. На шчасце да агульнага смутку дамешвалася пэўная злараднасць. Бо смерць Емэрліна была не пазбаўлена камізму. Емэрлін, аказваецца, быў у саўне, куды хадзіў штотыдня, і там, ужо голы, убачыў побач голага Лінгарда і не змог перажыць свайго ашаламлення. Таму людзі хоць і смуткавалі, але неяк з'едліва. У пахаваннях, якія супадаюць у часе, ёсць і свой дадатны бок. Можна паўдзельнічаць у абодвух. Я прыкідваў, хто на якое явіўся: наш гарадскі галава, пракурор Фойзэр і некалькі апраўданых злачынцаў, якія хацелі насаліць нават нябожчыку, — на пахаванне Емэрліна; Лінгард, Лойпінгер, Штусі-Лойпін — і на тое і на тое, а вось Фрыдлі, Людэвіц, Мондшайн, хутчэй за ўсё толькі на Дафну. І ў кожнага быў пры сабе парасон. Пастар Зэн стаяў каля труны Дафны, пастар Ватэнвіль — каля труны Емэрліна. Абодва — у стартавай стойцы. Я чакаў, нецярпліва перамінаючыся з нагі на нагу. Грукнуў гром. Але ніводзін пастар чамусьці не пачынаў малітвы. Пажылы чалавек, якога я бачыў у трамваі (каля труны Дафны, апрача яго, не было ні душы), паклаў на труну вянок: «Сястранцы Дафне ад Гуга Вінтэра». Трэба меркаваць, мы мелі справу з настаўнікам першай ступені Вінтэрам. Зноў рыкнуў гром, гэтым разам бухнула даволі моцна. Парыў ветру. Усё ператварылася ў чаканне, нават народ каля суседняй магілы паглядваў на нас. Усе чагосьці чакалі, а чаго — я не ведаў, пакуль не зразумеў: худзюшчая сястра міласэрнасці страевым крокам рухалася ад брамы, сунучы перад сабою да магілы каталку, у якой сядзела сапраўдная Моніка Штаерман. Карліца ярка нафарбавалася, на галаву надзела вогненна-чырвоны парык, які нагадваў валасы Дафны, і ад гэтага парыка галава малюпасенькай істоты здавалася яшчэ большай, удадатак на ёй была міні-спадніца, падобная на дзіцячую сукеначку, і нітка жэмчугу, якая праходзіла паміж скукорчанымі ножкамі і звісала з каляскі, а на каленях у яе ляжаў нейкі прадмет, загорнуты ў чорную хусту. Поруч з ёю вымаршваў каржакаваты мужчына ў чорным гарнітуры, надта кароткім і надта ж цесным. Гэта быў багаты, як Крэз, грубіян, ён жа нацыянальны радца Эшысбургер. З сабой Эшысбургер тарабаніў вянок. Нават гарадскі галава, нават Фойзэр, нават самыя магільшчыкі пакінулі магілу Емэрліна і перадыслакаваліся да магілы Дафны — пастар Ватэнвіль застаўся адзін. Мяркуючы па ўсім, ён не быў бы супраць таксама пайсці за астатнімі. Новыя раскаты грому, новыя парывы ветру.— Чорт пабяры, — сказаў нехта побач. Гэта азваўся начальнік паліцыі.
Міласэрніца падвезла Моніку Штаерман да магілы. Эшысбургер кінуў вянок на труну. «Навекі любімай Моніцы ад яе Монікі», — было напісана на стужцы.
Пастар Зэн выступіў наперад, уздрыгнуў ад новай грымоціны, і ўсе прысутныя пасунуліся бліжэй. Я супраць волі апынуўся за Штаерман, паміж сястрой міласэрнасці і начальнікам паліцыі; перад жа начальнікам стаяў Эшысбургер, а перад міласэрнай сястрой — Штусі-Лойпін. Дамавіну пачалі апускаць у магілу. Каля суседняй не засталося нікога, каб апусціць у магілу труну Емэрліна. Пастар Ватэнвіль усё яшчэ паглядваў на нас, тым часам як пастар Зэн баязліва разгарнуў Біблію, абвясціў да ўсіхнага ведаму: паводле Яна, раздзел 8, версэты з 5-га па 11-ы, але зачытаць абвешчаны тэкст яму не ўдалося: Моніка Штаерман высока падняла прадмет, які перад тым ляжаў у яе на каленях, і з сілаю, якое ніхто не чакаў ад яе, шпурнула яго ў магілу Дафны, так што ён грукнуўся на века труны і прабіў яго. Гэта была бронзавая галава ілжэ-Монікі паводле разца Мока. Падбег пастар Ватэнвіль, а пастар Зэн быў настолькі збянтэжаны і разгублены, што чыста аўтаматычна сказаў: «Памолімся, брацця».
Але тут упалі першыя цяжкія кроплі, асобныя парывы ветру склаліся ў цэлую буру, раскрыліся парасоны. Як што я стаяў ззаду Штаерман, я вырашыў асланіць яе ад дажджу і таксама растапырыў свой. Г.зн., я націснуў нейкую кнопачку каля ручкі, але на маё здзіўленне купал узмыў угору, падняўся высока-высока, пакружляў над скрушлівым зборышчам і, як што бура аціхла гэтак жа імгненна, як і пачалася, вялікай чорнай птушкай спікіраваў на труну Дафны. Многія ледзь-ледзь стрымаліся ад смеху. Я тупа ўтаропіўся на дзяржак парасона, які застаўся ў мяне ў руцэ: гэта быў стылет. Мне здалося, быццам я стаю ў ганаровай варце над труною забітай з прыладай забойства ў руках, а пастар тым часам чытаў пацеры. Тут магільшчыкі заўвіхаліся рыдлёўкамі, цяпер можна было аддаць зямлі і труну Емэрліна. Сястра міласэрнасці павезла Моніку Штаерман да брамы, мне давялося адступіцца ўбок, каб даць дарогі, я ўсё яшчэ сціскаў у кулаку стылет, а людзі тым часам складвалі свае парасоны: навальніца, з павагі абмінуўшы нашыя могілкі бокам, абрынулася на цэнтр горада; там да вечара адпампоўвалі ваду з падвалаў, затое сям-там ужо ляскалі петарды. Людзі святкавалі. На дзіва магутны паток сляпучага сонечнага святла заліў натоўп, які памкнуўся да выхаду, і магільшчыкаў, якія працавалі рыдлёўкамі. Пастар Зэн таксама стараўся сысці хутчэй, а пастар Ватэнвіль, разгублена азіраўся, бо і гарадскі галава, і Фойзэр ужо сышлі. Толькі Лінгард яшчэ стаяў каля магілы Емэрліна і глядзеў, як труну засыпаюць зямлёй. Калі ён праходзіў паўз мяне, я ўбачыў, што ён плача.
Ён страціў ворага. Я зноў утаропіўся на стылет. Вастрыё ў яго было цёмна-бурага колеру, а жалабок на вузкім лязе таксама.
— Ваш парасон больш нікуды не варты, — сказаў начальнік паліцыі, які стаяў побач, пасля ўзяў з маёй рукі стылет з ручкай ад парасона і рушыў да выхаду.
Продаж. Паштоўка ад Колера з Хірасімы супакоіла мяне. Колер мае намер паехаць адтуль у Сінгапур. Нарэшце ў мяне ёсць час расказаць самае галоўнае, хай нават гэта глупства, якое нельга апраўдаць ніякімі фінансавымі цяжкасцямі. Я пераслаў усе справаздачы Штусі-Лойпіну, і праз два дні ён прыняў мяне ў гасцёўні свайго дома, далёка за горадам. Кажучы «гасцёўня», я шмат чаго ўпускаю, правільней было б сказаць: негасцінная зала. Яна квадратнай формы, метраў, па-мойму, дваццаць на дваццаць. Тры сцяны — з шкла, дзвярэй нідзе не відаць, праз адну сцяну раскрываецца старадаўні гарадок, які хоць і пашкадавала аўтастрада, але залівае бясконцы паток машын; у сутонні яны надаюць мясцовасці выгляд нейкага прывіднага жыцця, сцежкі ліхтароў бягуць па сасудах старых сцен, праз дзве другія сцяны відны падсветленыя валуны і шматтонныя эратычныя глыбіны, скупа апрацаваныя разцом Мока гранітныя багі, якія кіравалі на зямлі да таго, як ёю завалодалі людзі, якія паднялі з глыбіняў горныя ланцугі, разарвалі на кавалкі кантыненты, каменныя маналіты, якія, нібы гіганцкія фаласы, клаліся ценямі на пустую ў тыя часы залу, бо апрача канцэртнага раяля па дыяганалі ад яго там стаялі толькі два фатэлі. Раяль — амаль каля ўваходу, самае недарэчнае месца, якое толькі можна сабе ўявіць, каля драўлянай лесвіцы на антрэсолі, дзе, верагодна, размешчана мноства не вельмі вялікіх пакояў, нездарма ж бо з вуліцы, калі я пад'ехаў на сваім «поршэ», дом Штусі-Лойпіна здаўся мне аднапавярховым і, калі глядзець з боку гарадка, нагадваў бунгала.
У адным з двух фатэляў сядзеў мой былы шэф, укрыты шлафрокам, — сядзеў нерухома, асветлены адным толькі таршэрам, што стаяў паміж фатэлямі. Я пакашляў, ён не паварухнуўся, я прайшоў па рознакаляровых, па-майстэрску падабраных мармуровых плітах, якімі была выкладзена падлога, а Штусі-Лойпін так і не паварухнуўся. Я сеў у другі фатэль і патануў у скураным акіяне. На падлозе каля майго фатэля я ўбачыў у плеценым кошыку адкаркаваную бутэльку чырвонага віна, крышталёвую чарку званочкам і вазачку з арэхамі, такі самы набор быў і каля фатэля, метры за чатыры ад мяне, дзе сядзеў Штусі-Лойпін, з той толькі розніцай, што перад тым фатэлем на падлозе стаяў яшчэ і тэлефон. Я пільна прыгледзеўся да Штусі-Лойпіна. Ён спаў — я ўзгадаў партрэт Верлена, які раней здаваўся мне ўтрыраваным, толькі цяпер я зразумеў, як геніяльна мастак спасціг адваката: пад ускалмачанай капіцай брудна-белых валасоў вуглаваты, груба вытачаны чэрап селяніна, нос як гузаваты плод, глыбокія складкі, якія спускаліся да быццам долатам высечанага падбародка, дзёрзка непакорлівы і разам з тым мяккі рот, я разглядваў гэты твар, як разглядваюць прывычны, але ж і загадкавы пейзаж, бо я мала чаго ведаў пра Штусі-Лойпіна: прабыўшы некалькі гадоў маім шэфам, ён за ўвесь гэты час не абмяняўся са мною ані словам, якое б не тычылася справы; можа, менавіта з гэтай прычыны я і сышоў ад яго.