Юстыцыя
Шрифт:
— Я яе толькі раз бачыў.
— Дзіўна.
У Талакеры я яго высадзіў і паехаў далей з горада. Куды вочы глядзелі. Бяздумна паехаў у восень. І як ні супраціўляўся, твар Монікі Штаерман увесь час выплываў на пярэдні план, засланяючы твар Элен Колер.
II
Пачатак расследавання. Найлепшы акрэс майго жыцця пачаўся з размахам. Ужо на другі дзень я быў паўнапраўным гаспадаром новай адвакацкай канторы і «поршэ», які, праўда, калі я добра разгледзеў яго, аказаўся куды больш старым, чым я думаў, і ў такім стане, што выстаўленая Лінгардам цана за яго ўжо не здавалася боскай. А кантора раней належала алімпійскаму чэмпіёну ў фехтаванні і чэмпіёну Швейцарыі ў стральбе з рэвальвера, інакш кажучы, доктару Бэна, які ўжо даўно каціўся ўніз з горкі. Красунчык-алімпіец ад удзелу ў перагаворах ухіліўся. Са слоў архітэктара Фрыдлі, які да белага свету завёз мяне туды, Бэна згадзіўся саступіць мне сваю кантору за дзве тысячы штомесячна, з іх чатыры — наперад, сума, пра якую наўрад ці можна было пэўна сказаць, у чыю кішэню яна палезе, але затое я мог без адкладу ўсяліцца і атрымаў на карыстанне не толькі ўсё Бэнава абсталяванне, але дадаткам яшчэ і сакратарку, хай сабе з выгляду і траха заспаную асобу з цэнтральнай Швейцарыі з загранічным назвіскам Ільза Фройдэ, якая нагадвала сабою французскую бармэнку і штораз фарбавала валасы ў іншы колер, але пры ўсім гэтым была на дзіва спраўная і ўвішная ў працы; камерцыя наша была больш чым сумніўная, але сэнсу яе разгадаць я не мог. Затое прыёмны пакой і кабінет на Цэльтвэгэ з вокнамі на непазбежныя дарожныя заторы адпавядалі сваёй прызначанасці цалкам, і пісьмовы стол быў як манумент, і крэслы былі дужа дыхтоўныя, на задні двор выходзілі кухня і пакоі, дзе я размясціў сваю канапу з Фраерштрасэ — ну, от жа не захацелася мне развітвацца з абжытай мэбляй. Справы мае спакваля пайшлі ўгору. На даляглядзе ўжо засілуэціўся выгадны працэс з шлюбным разводам, наперадзе свяціла паездка ў Каракас па справах аднаго буйнога прамыслоўца (яму нараіў мяне Колер), а там яшчэ пазначаліся спадчынныя спрэчкі, абарона аднаго гандляра мэбляй, складаць выгадныя падатковыя дэкларацыі. Карацей, я салавеў у шчаслівай і таму ці не залішняй бестурботнасці, каб яшчэ даваць сабе клопат успамінамі пра прыватнае вышуковае бюро, якому сам жа і задаў руху і без справаздачаў якога не мог далей весці справу Колера. А здавалася б, Лінгард павінен быў бы толькі павялічыць маю падазронасць: ён чалавек з двайным дном, намеры ягоныя загадкавыя, парэкамендаваў мне яго Колер, і сам жа ён надта прагна ўхапіўся за гэтую справу. І пачаў раскручвацца з размахам. У «Du Th'e^atre» ён пасадзіў Шонбэхлера, аднаго са сваіх найлепшых агентаў, якому належаў хай сабе і стары, але даволі
Праца ў Цэнтральнай бібліятэцы. Бо чаму б і не выкласці на гэтых старонках гісторыю штаерманаўскага роду? Да мяне толькі што дайшла чарговая паштоўка ад Колера — папярэднюю я атрымаў месяц таму, гульня ў кошкі-мышкі доўжыцца далей, ён рашыў наведаць Самоа крыху пазней, з Гаваяў якраз выпраўляецца ў Японію на шыкоўным лайнеры, я тут тым часам стаю перад наглядальнай камісіяй, перад яе прэзідэнтам, прафесарам Ойгенам Лойпінгерам. Вядомы прававед, на твары дуэльныя шнары і пісягі, не цураецца паэзіі, суцэльная лысіна, прыняў мяне ў кабінеце, пры гэтым быў таксама віцэ-прэзідэнт Штосэ, спартовец з выгляду, як той казаў — «бадзёры-вясёлы-імпэтны». Геры трымаліся на дзіва дыпламатычна. Праўда, акцыя «каленам пад зад» здавалася ім, на жаль, непазбежнай, інакш бо гэтага патрабаваў бы ўрадавы радца, дык ці не лепш яно запабегчы падзеям, бо ж абодва скрушліва шкадавалі, трымаліся па-бацькоўску, выказалі, як гэта там называецца, — поўнае разуменне, паспагадалі, зусім ані за што не дакаралі, хоць, калі ўжо на тое, паміж намі, мужчынамі, руку на сэрца, я павінен быў бы і сам прызнаць, што юрысту, як нікому іншаму, афіцыйна не лічыць пэўны лад жыцця ў пэўным асяроддзі; калі звесці гэтую думку да яснай формулы, дык атрымаецца так: чым больш сумніўнае яно, асяроддзе, тым больш беспахібны мае быць ён (лад жыцця); на жаль, свет — гэты жахлівы гамуз філістэраў, а ўжо ж пра наш міленькі горад і мовы нямаш, хоць ты з яго наўскапыта бяжы, і калі б ён, Лойпінгер, мог зачыніць тут сваю лавачку, ён адразу паставіў бы руль на поўдзень, але галоўнае не гэта, прастытуткі ж бо таксама людзі, дужа нават прыстойныя людзі, шкадобы вартыя нябогі, якім асабіста ён, у чым без нічога ніякага прызнаецца мне і калегу Штосу, але ж бо, але ж, многім абавязаны — іх цеплыня, спагадлівасць, разуменне, — урэшце, ёсць жа закон і пра нанэль, калі ўжо не абысціся без гэтага адыёзнага слова, але ёсць ён зусім не ў тым сэнсе, каб выказваць усялякае спрыянне, я, як юрыст, павінен быў бы і сам разумець, што пэўныя рэкамендацыі, якія сваім часам я даў злачыннаму свету і паўсвету, менавіта з прычыны сваёй юрыдачнай непагрэшнасці, зрабілі самае згубнае ўздзеянне, веданне юрыдычных хітрасцяў у руках пэўных колаў абарочваецца катастрафічнымі наступствамі, паліцыя ў роспачы, калегія адвакатаў, вядома, анічагуткі не прадпісвае, не чапляецца за маральны тэрор, яна наогул неверагодна ліберальная, так яно, я, зразумела, і без таго сам ведаю, што правілы — яны і ёсць правілы, хай сабе і пісаныя, а калі Штосу спатрэбілася выйсці, Лойпінгер, свой напралёт і папярок і наогул «парнішачка што нада», яшчэ папытаўся быў у мяне, ці не дам я яму адзін вядомы тэлефончык, каб крыху бліжэй пазнаёміцца з адной вядомай асобай, у якое такая адмысловая пастава (Гізэла!), а калі выйсці спатрэбілася яму самаму, Штос, з галавы да пят і ўкругавую былы чэмпіён, дапытаўся ў мяне таго ж самага. А яшчэ тыдні праз два ў мяне адабралі патэнт. І вось сяджу я, як убоіна які, то ў безалкагольнай кавярні, то ў бары «Манака», жыву больш-менш з мілажальнасці Луцкі і Гізэлы і маю да халеры вольнага часу, хоць ты чашыся ім, што для мяне самае нясцерпнае, а значыцца: чаму б і не выкласці на гэтых старонках сямейнай хронікі Штаерманаў, зрэшты бо, на тое і сяджу я ў Цэнтральнай бібліятэцы, праўда, усе раптам парабіліся неверагодна актыўнымі, калі з'віўся туды з бутэлькай джыну, — дык от чаму б і не аказаць сваю грунтоўнасць, пільную дапытлівасць, скрупулёзнасць, чаму б і не прачыніць закуліссе, і наогул, што засталося б ад Штаерманаў без таго закулісся, без іх сямейнай гісторыі, без іх гісторый асабіста кожнага. Само па сабе імя Штаерман, г. зн., Чалавек з Штырыі, нічога не зн., праўда, Штаерман-прашчур, як і многія прамыслоўцы, аднаго разу перабраўся ў нашу краіну з поўначы, але зрабіў ён гэта ў 1191 годзе, калі аднаго паўднёвагерманскага герцага наведала фатальная думка — заснаваць сённяшнюю сталіцу нашай федэрацыі. Задума, як вядома, мела поспех, таму Штаерманы — кандовыя швейцарцы. Што да родапачынальніка Якаба Штаермана, дык ён быў з хэўры тых шыбенікаў усіх родаў і саслоўяў, якія атабарыліся на скале над зялёнай ракой у разбойніцкім гняздзішчы, якое было ў тыя часы за чатыры дзённыя пераходы ад нас; ён быў беглы крымінальнік з Эльзаса, і праз такія ўцёкі яму ўдалося выратаваць галаву з-пад сякеры страсбургскага ката, на новай бацькаўшчыне ён спачатку прыстроіўся ў ландскнэхты, пазней заняўся зброяй — неакілзаны і люты дзікун. З крывавай гісторыяй гэтага горада цэлыя стагоддзі цесна звязаны род Штаерманаў, як збройнікі яны кавалі айчынныя алебарды, якімі білі ворага ў Лаўпэне і Сант-Якабе, прычым кавалі па стандартным узоры Адрыяна Штаермана (1212–1255). Сям'і належала таксама пісьмова пацверджаная манаполія на выраб сякераў і прыладаў катавання для паўднёвагерманскіх біскупаў. Дарога сям'і крута ўзвілася ўгору, кузня на Кеслергасэ здабыла гучнае імя і славу. Ужо Адрыянаў сын, безвалосы Бэртальд Штаерман Першы (ужо ці не Бэртальд Шварц гэта з легенды?), перайшоў да вырабу агнястрэльнай зброі. Яшчэ больш праславіўся праўнук Бэртальда Якаб Трэці (1470–1517). Ён стварыў такія славутыя гарматы, як «Чатыры Эвангеллі», «Вялікі псалтыр» і «Жоўты Урыян». Ён прадоўжыў традыцыю адліву гармат, з якою, праўда, сын ягоны Бэртальд Чацвёрты рэзка парваў і, як што быў анабаптыстам, ліў толькі плугі, але ўжо сын ягоны Якаб Чацвёрты вярнуўся да гарматаў, вынайшаў нават першы снарад, які пры выпрабаванні
разнёс на кавалкі і гармату, і самога вынаходцу. Такая, вось, папярэдняя гісторыя. Рэльефная, увогуле годнасная і палітычна паспяховая — адзін старшыня кантанальнай рады, два скарбнікі, адзін ландфогт. У наступныя стагоддзі са збройнай майстэрні спаквалютку вырасла сучаснае прамысловае прадпрыемства. Гісторыя сям'і ўсё больш заблытваецца, матывы робяцца ўсё больш цьмяныя, ніткі прадуцца цяпер нябачныя, да нацыянальных інтарэсаў і сувязяў дамешваюцца міжнародныя. Зразумела, што пры гэтым часам даводзілася забывацца на колеры сцяга, але гэта мацавала арганізацыю, асабліва пасля таго як у першай палове дзевятнаццатага стагоддзя далёкі нашчадак пра-Штаермана перабраўся на ўсход нашай краіны. Вось гэтага самага нашчадка імем Генрых Штаерман (1799–1877) і след лічыць заснавальнікам фабрыкі машын і зброі, якая расквітнела пры яго першым унуку Джэймсе (1869–1909) і асабліва пры другім — Габрыэлі (1871–1949). Праўда, ужо не як трогская фабрыка машын і зброі, а як Дапаможныя майстэрні «Трог» А/О. Нездарма ж у 1891 годзе дваццацідвухгадовы Джэймс Штаерман пазнаёміўся з ангельскай сястрой міласэрнасці Флорэнс Найтынгэйл, якой тады ішоў семдзесят другі. Пад яе ўплывам ён ператварыў фабрыку ў майстэрню вырабу пратэзаў, пасля дачаснага скону Джэймса брат ягоны Габрыэль прыкметна пашырыў бізнэс, пачаў вырабляць самыя розныя пратэзы — пясці рук, цэлыя рукі, ступакі, цэлыя ногі, на сённяшні дзень майстэрня пастаўляе на сусветны рынак таксама і эндапратэзы (штучныя клубы, суглобы і ўсякае такое іншае) і экстраэстрапалярнымі пратэзамі (штучная нырка, лёгкае). Калі я кажу — сусветны рынак, дык зусім не перабольшваю. Ён заваяваны ўпартай працай, якасцю, але найперш мэтанакіраванай гатовасцю выкарыстаць сітуацыю, без лішніх згрызотаў скупляючы падчыстую ўсе замежныя пратэзныя прадпрыемствы (найчасцей дробныя заводзікі). Гэта новая генерацыя ўмомант скеміла, якія выгоды дае фабрыканту пратэзаў нейтральны статус нашай дзяржавы, а менавіта: магчымасць забяспечваць сваёй прадукцыяй абодва бакі — як пераможцаў, так і пераможаных у Першай і Другой сусветных войнах, а сёння — урадавывя войскі партызанаў і мяцежнікаў. Дэвіз фірмы: «Штаерман — ахвярам», хоць за часоў Людэвіца прадукцыя Дапаможных майстэрняў сваім характарам наблізілася да пачатковай: пратэз — з'ява шматсэнсоўная. Чалавек міжволі спрабуе засланіцца ад удару рукой, значыцца, шчыт — гэта як бы пратэз рукі, а кінуты ёю камень — гэта пратэз кулака. Адзін раз спасцігшы гэтую дыялектыку, можна і прадукцыю Дапаможных майстэрняў залічыць у пратэзы — танкі, аўтаматы і мінамёты можна лічыць удасканаленым мадэлем рукі. Як бачыце, род паспяховы. Пры гэтым мужчыны Штаерманаў былі пераважна просты, прымітыўны, неабчасаны люд, спрэс верныя мужы, пацягушчыя рабацягі, часта скупыя, з подзіву вартай пагардай да з'яваў духоўнага жыцця, у збіральніцтве карцін не заходзілі далей «Вострава мёртвых», а ў спорце прызнавалі выключна футбол, ды і тое без асаблівага запалу, што даказваецца незайздросным станам футбольнага клуба «Трог» сярод камандаў першай лігі, а жанчыны роду Штаерманаў былі зусім іншага кшталту і ўзроўню. Альбо вялікія шлынды, альбо вялікія багамолкі, але ніколі тое і другое разам, прычым шлынды былі выродкі з вялікімі скулякамі, доўгімі насамі, шырокімі ратамі і вечна падціснутымі губамі, затое багамолкі — прыгажуні хоць адарві. Што да Монікі Штаерман, якой насуперак усім чаканням выпала доля адыграць у справе доктара h.c. Колера галоўную, я сказаў бы нават, двайную ролю, дык паводле знешнасці яе след было б залічыць у багамолкі, а паводле ладу жыцця — да вялікіх шлюндраў. Пасля смерці бацькоў (Габрыэль Штаерман ажаніўся ў 1920 годзе са Стэфаніяй Людэвіц), якія загінулі падчас пералёту ў Лондан (дакладней прапалі без следу, бо ні бацькоў, ні іхняга ўласнага самалёта пазней так і не ўдалося знайсці), і пасля трагічнай пагібелі брата Фрыца, які купаўся на Блакітным беразе, даў нырца, але не вынырнуў, яна, нарадзіўшыся ў 1930 годзе, успадкавала самую вялікую маёмасць у нашай краіне, а яе дзядзька па матчынай лініі ўзяў на сябе кіраванне пратэзным канцэрнам. Але ўзяцца кіраваць яе жыццём было цяжэй. Пра гэтую дзяўчыну хадзілі самыя дзівосныя, часам нават самыя недарэчныя пагудкі, яны то згушчаліся амаль да поўнай упэўненасці, то зноў развейваліся, іх абвяргалі — кожнага разу гэта рабіў дзядзька Людэвіц, — прычым якраз абвяржэнне прымушала з тым большай ахвотай прымаць іх на веру, пакуль новы скандал, яшчэ больш гучны, не перабіраў усё, што здаралася раней, пасля чаго гульня пачыналася нанава. На амаральную спадчынніцу супэрмільёнаў глядзелі хоць і неспагадліва, але з тайным гонарам: от, бачыце, чалавек можа дазволіць сабе ўсё, глядзелі хоць і зайздросліва, але з удзячнасцю, зрэшты бо, людзей гэта пацяшала. Штаерман зрабілася «фатальнай жанчынай міжнароднага класа» ў нашым горадзе, рэпутацыя якога, з аднаго боку, падтрымліваецца сутаргавымі высілкамі ўлады, царквы і дабрачынных установаў, з другога — зноў і зноў паняверыцца праз педзікаў. Дзякуючы памянёным і дзякуючы сваім банкам, але зусім не дзякуючы сваім патаскухам, горад набыў сваю міжнародную рэпутацыю. І тут публіка як бы з палёгкай уздыхнула. Дваістая рэпутацыя горада, які адначасова славіцца як сваёй пабожнасцю, так і сваімі педэрастамі, з дапамогай Монікі Штаерман на зусім каліўца ссунулася ў бок традыцыйнай пахібнасці. Дзяўчына набывала ўсё большую папулярнасць, асабліва з таго часу, як наш обэр-бургамістр пачаў прыплятаць яе імя ў свае славутыя прамовы-экспромты і ў свае гекзаметры, якімі ён любіў уміляць публіку на афіцыйных урачыстасцях, недзе пад канец, будзь тое ўручэнне якой-небудзь літаратурнай прэміі, будзь тое юбілей якога-небудзь прыватнага банка. І калі я тым не меней пабойваўся другой сустрэчы з Монікай Штаерман, у мяне былі на тое пэўныя прычыны. Пазнаёміўся я з ёю ў Мока. Яшчэ за часоў Штусі-Лойпіна. Яго майстэрня непадалёк ад Шафгаўзэрплац узімку бывала часта горача напалена, жалезная печ аж чырвоная была, дым ад люлек, цыгараў і цыгарэт ператвараўся ў паветры ў баявое атрутнае рэчыва, дадайце да гэтага неверагодны бруд, вечна мокрыя анучы на вечна незакончаных торсах, паміж торсамі — штабялі кніг, газеты, нераспячатаныя пісьмы, віно, віскі, эскізы, здымкі, карэйка. Я прыйшоў да Мока паглядзець статую, пад якую мадэлявала Моніка Штаерман, мне было цікава, бо Мок расказваў, што мерыцца пафарбаваць статую. Фігура стаяла пасярод касмічнага бязладдзя майстэрні, страх якая натуралістычная, але цалкам рэальная і ў натуральную велічыню. Яна была выканана ў гіпсе і пафарбавана ў цялесны колер, як патлумачыў мне Мок. Голая і ў адназначна недвухсэнсоўнай паставе. Я доўга разглядваў статую, захоплены тым, што Мок умее, умее і так і гэтак. Увогуле ж, ён быў майстар намёку; працуючы пад адкрытым небам, ён некалькімі ўдрамі вычэсваў са сваіх часам шматтонных глыбінаў менавіта тое, што яму было патрэбна. Узнікала вока, рот, часам грудзі, часам улонне, астатняе ён мог і не дарабляць, фантазія гледача сама стварала то галаву цыклопа, то звера, то жанчыну. Нават калі ён ляпіў свае мадэлі, дык абыходзіўся толькі самым неабходным. Ляпіць трэба ж так, як робяць накіды, казаў ён. Тым больш дзівоснай здалася мне яго манера цяпер. Гіпс быццам дыхаў, найперш таму, што быў па-майстэрску расфарбаваны. Я адступіў, пасля зноў падышоў бліжэй. Для валасоў на галаве і на лабку ён, мабыць, скарыстаўся чалавечымі валасамі, каб стварыць дасканалую ілюзію, але статуя зусім не нагадвала ляльку. Яна выпраменьвала дзівосную пластычнасць. І раптам яна варухнулася, сышла з п'едэстала, прайшла, не ўпачцівіўшы мяне ані позіркам, у тыльную частку майстэрні, знайшла там паўпляшкі віскі і адпіла. Яна была не з гіпсу. Мок мяне ашукаў. Гэта была жывая Моніка Штаерман.— Вы ўжо чацвёрты, хто падчапіўся на гэтую вуду, — сказаў Мок, — але твар у вас быў самы дурны з усіх чатырох. І ў мастацтве вы нічога не кеміце.
Я выйшаў. Сапраўдную статую з расфарбаванага гіпсу, якая, як аказалася, стаяла ў другім канцы майстэрні, на другі дзень забралі. Па яе прыехаў упаўнаважаны барона фон Людэвіца, г. зн., дзядзькі Монікі, які кіраваў Дапаможнымі майстэрнямі «Трэг» А./О.
Моніка Штаерман Першая. Чым далей заходзіць мая справаздача, тым цяжэй расказваецца. І не таму, што справаздача даецца цяжэй і цяжэй, а і таму, што мая ў ёй роля робіцца ўсё больш двухсэнсоўнай і я не магу пэўна сказаць, ці дзейнічаў я самастойна, ці нехта задаваў мне рух, ці нехта сам дзейнічаў, маючы мяне за прыладу. А галоўнае — я ўсё больш і больш сумняваюся, што Лінгард чыста выпадкова ўвёў у гульню Моніку Штаерман. З гандляром мэбляй мне дзіка не пашанцавала: ён выдаў за антыкварыят шафы, змайстраваныя ў Гагернэку з сэртыфікатам пра аўтэнтычнасць з подпісам нейкага выдуманага ім эксперта, што не дасачылася маім вокам, але не вокам Емэрліна. Пакуль што мяне па-ранейшаму чакала паездка ў Каракас, але падчас падрыхтоўкі да яе Ільза Фройдэ далажыла пра прыход Фантэра — гэта таксама адзін з людзей Лінгарда. На маё дзіва тоўсты Фантэр, з цыгарай у зубах, з'явіўся ў форме гарадской паліцыі, у якой праслужыў дваццаць гадоў.
— Вы звар'яцелі, Фантэр, у чым вы ходзіце!
— Нічога, геру Шпэце, гэта нам спатрэбіцца, — уздыхнуў ён. — Гэта спатрэбіцца. Нам патэлефанавала Моніка Штаерман, ёй патрэбен адвакат.
— Навошта? — спытаўся я.
— Яе б'юць.
— Хто?
— Доктар Бэна, — адказаў Фантэр.
— За што?
— Яна прыхапіла яго ў ложку з іншай.
— Дык гэта ж яна павінна была б яго біць. Смешна. Не думаеце? А чаму менавіта я ёй спатрэбіўся?
— Бо Лінгард не адвакат, — адказаў Фантэр.
— А дзе яна цяпер?
— Ясна дзе, пры доктары Бэна.
— Фантэр, старча, давайце не дэталізаваць. Дзе цяпер Бэна?
— Гэта вы лезеце ў дэталі, - запярэчыў Фантэр. — Бэна б'е Моніку ў «Брайтынгергофе». Прынц фон Куксгафэн таксама там.
— Гэта той, што гоншчык?
— Ён-ён.
Я патэлефанаваў у «Брайтынгергоф» і папрасіў да апарата доктара Бэна. Слухаўку ўзяў дырэктар Пэдролі:
— Хто просіць доктара Бэна?
— Шпэт, адвакат.
— Ён усё яшчэ б'е Моніку Штаерман, — засмяяўся Пэдролі. — Падыдзіце да акна, самі пачуеце.
— Я на Цэльтвэгэ.
— Не мае значэння. Чутно на цэлы горад, — патлумачыў Пэдролі. — Госці ў паніцы ўцякаюць з майго гатэля з пяццю зорачкамі.
Мой «поршэ» стаяў на Шпрэхэрштрасэ. Фантэр сеў поруч, і мы паехалі.
— Па Хэгібахштрасэ, — сказаў Фантэр.
— Гэта ж крук, — засумняваўся я.
— Пляваць, Штаерманіха патрывае.
Непадалёк ад Клусштрасэ перад знакам «стоп» Фантэр вылез.
— Па дарозе назад едзьце тут, — сказаў ён.
Канец кастрычніка. Чырвоныя і жоўтыя дрэвы, на дарогах лістота. Перад «Брайтынгергофам» мяне чакала Моніка Штаерман. На ёй не было нічога, апроч чорнай мужчынскай піжамы без аднаго рукава, левага. Высокая. Рыжая. Нахабная. Прыгожая. Закляклая на холадзе. Левае вока заплыло вялікім фінгалам. Губы разбітыя да крыві. Голая рука падрапана. Яна памахала мне, не выплёўваючы крыві далёка. У пад'ездзе гатэля бушаваў Бэна, таксама ўвесь у сіняках і пісягах, а два насільшчыкі падтрымлівалі яго, і ва ўсіх вокнах гатэля тырчалі цікаўныя твары. Вакол Монікі цэлы натоўп раззяваў, цікаўных, ва ўхмылках, паліцэйскі кіраваў рухам. У белым спартовым аўтамабільчыку панура сядзеў малады белабрысы чалавек, відаць, Куксгафэн, малады Зігфрыд, яўна гатовы да старту. З гатэля выкаціўся дырэктар Пэдролі, маленькі такі шустрык, і накінуў на плечы Штаерман футру, мабыць дужа дарагую, я нічога не петру ў футрах.
— Вы замерзнеце, Моніка, вы замерзнеце.
— Не пераношу футраў, ты, паразіт, — крыкнула Моніка і накінула футру яму на галаву.
Я прытармазіў каля яе.
— Мяне прыслаў Лінгард, — сказаў я, — я Шпэт, адвакат Шпэт.
Яна не без цяжкасці ўлезла ў мой «поршэ».
— Бэна пастараўся хоць куды, — канстатаваў я.
Яна кіўнула. Пасля паглядзела на мяне. Я, зрэшты, хацеў уключыць запальванне, але пад яе позіркам разгубіўся.
— Мы з вамі ніколі не сустракаліся? — спыталася яна, ледзь разляпляючы губы.
— Не, — зманіў я і ўключыў запальванне.
— За намі едзе Куксгафэн, — сказала яна.
— Ну і няхай.
— Ён гоншчык.
— «Формула-адзін».
— Ад яго не ўцячэш.
— Яшчэ як уцячэш. Куды?
— Да Лінгарда.
— А Куксгафэн ведае, дзе жыве Лінгард?
— Ён нават не ведае, што на свеце ёсць Лінгард.
Перад знакам «стоп» на Хэгібахштрасэ я, як яно і трэба, затармазіў. На тратуары стаяў Фантэр у сваёй форме, ён падышоў да мяне, сказаў паказаць дакументы, я так і зрабіў, ён праверыў іх, ветліва кіўнуў, потым павярнуўся да Куксгафэна, які таксама мусіў быў спыніцца, каб пільна праверыць і ягоныя дакументы. Потым абышоў машыну Куксгафэна, павольна, грунтоўна, увесь час заглядваючы ў дакументы. Куксгафэн лаяўся, як я заўважыў у люстэрку задняга агляду. Яшчэ я паспеў заўважыць, як яму было загадана выйсці, як Фантэр дастаў нататнічак, а потым я паехаў па Клусштрасэ ў бок возера, праз Гоэнвэг павярнуў на Бібэрлінштрасэ і адтуль да Адлісбэрга. Дзеля перасцярогі я зрабіў яшчэ некалькі непатрэбных паваротаў, пасля чаго мы паехалі па Кацэншванцштрасэ да бунгала Лінгарда.
Я спыніў машыну каля садовай форткі. Суседняе шале, бадай што, належала Емэрліну. Я чытаў, што сёння яму стукнула шэсцьдзесят, таму менавіта такое мноства машын на звычайна пустэльнай вуліцы. Емэрлін даваў банкет у садзе. Толькі што пад'ехаў Штусі-Лойпін. Моніка ў чорнай піжаме, памінаючы чорта, плялася за мною па крутой лесвіцы. Штусі-Лойпін вылез з машыны і з цікаўнасцю глядзеў нам услед, яму было яўна пацешна. Твар Емэрліна з мінай поўнай асуды выглянуў паверх жывой агароджы.
— Вось, — сказала Моніка Штаерман і дала мне ключ.
Я адчыніў дзверы дома, прапусціў яе наперад. За парогам чалавек адразу трапляў у гасцёўню. Цалкам сучаснае памяшканне са старадаўняй мэбляй. Праз адчыненыя дзверы была відаць спальня з раскошным ложкам. Моніка села на канапу і зірнула на сапраўднага Пікаса над старым куфрам.
— Ён мяне пісаў.
— У курсе, — адказаў я.
Яна пакепліва паглядзела на мяне.
— Успомніла, адкуль вас ведаю, — сказала. — Ад Мока. Я строіла з сябе перад вамі статую.
— Вельмі магчыма.
— Вы яшчэ да смерці перапалохаліся, — дадала, а пасля спыталася: — Няўжо я вам аж так не спадабалася, што вы мяне нават забылі?
— Спадабалася, спадабалася, — прызнаўся я, як жа было не спадабацца.
— Значыцца, вы ўсё-такі мяне не забылі.
— Не зусім, — прызнаў я.
Яна засмяялася.
— Ну, раз ужо вы ўсё адно ўспомнілі…
Яна ўстала, скінула піжаму і стаяла перад мною голая, нахабная і спакуслівая, зусім не беручы да галавы, як добра відаць, да чаго ж такі размаляваў яе Бэна. Яна падышла да вялікага акна, з якога можна было заглянуць на пляц да Емэрліна. Там сабраліся госці, і ўсе ўтаропіліся на яе, Емэрлін з біноклем, поруч Штусі-Лойпін, ён памахаў рукой. Моніка прыняла паставу той статуі, якую зрабіў Мок, Штусі-Лойпін запляскаў у далоні. Емэрлін пагразіў кулаком.