Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

“Пляшку, — я кажу, — купіць можна”.

“Але ж не тры з ікрой, — уздыхае Віл. — Як усё змянілася…”

Ён забыўся: з ікрой можна было купіць дзве пляшкі. Тры — гэта ўжо без ікры.

З даху дома на Гарадскім Вале добра відаць двор у квартале вуліц Камсамольскай з Інтэрнацыянальнай, у які праз жалезныя вароты то ўязджаюць, то выязджаюць машыны. На варотах стаіць вартавы, на пажарным шчыце адзінотна вісіць вядро. Там не змянілася нічога. Хіба што вароты цяпер расчыняюцца не ў бакі, як некалі, а падымаюцца ўверх.

— А помніш, як з цябе Палкоўнік фарцоўшчыка вырабляў? — пытаюся

я ў Віла. — Каб мы падумалі, што нас за валюту расстраляць хацелі?

— З мяне?.. — здзіўляецца Віл. — Фарцоўшчыка?..

Ён не помніць. Сэрца, вочы, скляроз… Cа склярозам і я сябрую, але не так блізка. Ва ўсякім разе, усё, што хоць неяк звязана з Асяй, помню… Як яна выбегла, як дзверы за ёй самі зачыніліся і як Палкоўнік накінуўся на Віла, што ён валюту ў канадцаў цыганіць…

… — Ніхто ні ў кога пра валюту не пытаўся, — заступіўся за Віла Косця, і Палкоўнік агрызнуўся:

— Гэта ў цябе не пыталіся! А мяне дасталі вашай валютай!

Відаць было, што ён маніў. І незразумела было, навошта?..

Косця адышоў да дзвярэй, якія яшчэ ўздрыгвалі, зачыніўшыся за Асяй. Торгнуў дзверы за ручку, зачыніў шчыльна.

— Каго яшчэ дасталі валютай? — Ён глянуў на Пілю. — Цябе?..

— Не… — Піля пабойваўся і Палкоўніка, і Ворана, не кажучы ўжо пра маёра Гагарына. — Мяне бацькам даставалі.

— Якім бацькам?

— Маім… Каб я падумаў, што з ім будзе, калі ўсе дазнаюцца, што я, сын рэвалюцыянера, такога пісьменніка…

— Ха! — хакнуў Палкоўнік, які, можа быць, і лічыў яшчэ каго-небудзь, апроч сябе, рэвалюцыянерам і пісьменнікам, але не Піліпа Пестрака, і тут раптам Эдзік Гарачы, сябар Пілі, крыкнуў: “Не хакай!”, — і ўскінуў руку, нібы ў піянерскім салюце:

— Антыасаркан!

Здорава ў яго ўсё гэта выйшла: і “не хакай!”, і піянерскі салют, і, падобнае на “no passaran!”, тарабарскае слова антыасаркан! Нездарма ён актор Тэатра юнага гледача, на прыступках якога чыталіся вершы і ў калонах якога блукалі, пераплываючы з левага берага Свіслачы на правы, пахі далёкай маскоўскай адлігі.

З Палкоўнікам найчасцей лаяўся Косця. Ці Шыдляк, напорысты Генік Шыдлоўскі. Але ад Эдзіка, звычайна ціхага, найцішэйшага ў нашай кампаніі, ніхто напору такога не чакаў, нават Палкоўнік на дзверы азірнуўся:

— Ты што гэта?..

— Гэта тое, пра што пыталіся. Хто прывёз кнігу ў Мінск, хто чытаў, хто і каму перадаваў? У мяне пыталі, хто перадаў мне…

Палкоўнік, які і прывёз з Масквы раман “Анты-Асаркан”, пра які чуў я ў размовах, але не чытаў, бо да мяне, як да наймалодшага, кніга не дайшла і ўжо, падобна, не дойдзе, перапытаў насцярожана:

– І што?..

— Нічога, — апусціў руку, якую ўсё яшчэ трымаў, нібы ў піянерскім салюце, Эдзік. — Ніхто не перадаваў. Раніцай іду ў тэатр, а нешта ляжыць на прыступках за калонай. Скручанае так, як вялізная кубінская сігара. Спыталі: чаму кубінская? Я спытаў: а якая яшчэ?..

З даху дома на Гарадскім Вале, дзе сядзім мы з Вілам, відаць дом на праспекце Незалежнасці, дзе некалі была крама “Тытунь”, у якой куплялі мы кубінскія сігары. У бліскучых, быццам срэбных, падобных на ракеты, якія Савецкі Саюз хацеў паставіць на Кубе, каб страшыць Амерыку, футуральчыках, укладзеных у драўляныя скрыначкі. Адна

такая сігара ў Амерыцы (Віл пацікавіўся пра гэта ў сенатара Галдуотэра) каштавала 20 долараў, а ў нас — 20 капеек. Галдуотэр не паверыў…

У краме “Тытунь” на праспекце Незалежнасці, у той час праспекце Леніна, я купіў свой першы пачак цыгарак. Доўга вагаўся, выбіраючы паміж “Шыпкай” і “Джэбэлам”. І хоць пачак “Шыпкі” — пляскаты, з тонкага кардону, падобны на пачак з папіросамі “Казбек” ці “Герцагавіна Флор”, якія курыў Сталін — выглядаў прыгажэйшым за звычайны, папяровы пачак “Джэбэлу”, я выбраў апошні. Каб не пачынаць з таго, што хоць неяк нагадвала пра Сталіна, праз якога пасадзілі ў турму Палкоўніка.

Я ўгадаў з цыгаркамі… Тытунь, з якога яны вырабляліся, быў з дабаўкай. З траўкай, якая аказалася наркатычнай. Ледзь-ледзь, але ўсё ж… З паўпачка можна было нармалёва палятаць. Але даволі хутка з “Джэбэлам” разабраліся, прадаваць цыгаркі забаралілі, імпарт іх спынілі — і палёты скончыліся.

Не знайшоўшы лятучага паліва ні ў “Шыпцы”, ні ў ніякіх іншых цыгарках, якімі спрабаваў замяніць “Джэбэл”, я кінуў паліць.

“Шыпку” нам прывозілі балгары, а “Джэбэл”… Вось і не помню, хто і адкуль прывозіў нам такія лятучыя цыгарэты… Хіба тыя ж балгары? Чаму тады “Джэбэл”, д’ябал? Не падобна на сяброў, не падобна… І не кубінцы “Джэбэл” прывозілі, яны таксама, як і балгары, сябры… Можа, парагвайцы… Каб, накурыўшыся, мы паставілі ў іх ракеты — і пачалася вайна.

— Віл, — пытаю я, гледзячы ў той бок, дзе некалі была крама “Тытунь” з кубінскімі сігарамі па дваццаць капеек, — а што ў той кнізе было?

— У якой?..

— Праз якую Эдзіка Гарачага пасадзілі.

– “Доктар Жывага”?

“Доктара Жывага” я чытаў: Палкоўнік меў (пакуль гэбісты не забралі) італьянскае, у вішнёвай вокладцы, выданне.

— Не.

– “Ракавы корпус”?

— Не… Тарабарская нейкая назва…

– “Анты-Асаркан”?

— Так.

— Ты хіба не чытаў?

— Не. Да мяне, як да наймалодшага, чарга не дайшла.

Віл адпівае трохі з пляшкі, перадае пляшку мне.

— Шкада, што не я быў наймалодшы.

Я раблю глыток.

— Кепская кніга?

— Не помню… Калі б я быў наймалодшы тады, дык быў бы наймалодшы й цяпер.

— А…

— Што “а”?..

— Чаму “Анты-Асаркан”?

— Ха! — хакае Віл, на ўсё жыццё набраўшыся гэтага ў Палкоўніка. — Ты не помніш?

Ён задаволены, што я, маладзейшы, не помню. І я пацвярджаю, што не помню, адмоўна ківаючы галавой.

— Быў такі Аляксандр Асаркан, крытык тэатральны. Маскоўскі мураш, як яго называлі. Ён сядзеў ва Ўладзімірскім цэнтрале разам з Палкоўнікам і Паўлам Уліціным… Ты Паўла Уліціна чытаў?

Я чуў пра Уліціна, але не чытаў яго, таму зноў адмоўна ківаю галавой, і Віл глядзіць на мяне, як на чалавека, які зрабіў нешта непрыстойнае. Ці не, не так: ён глядзіць на мяне, як на чалавека, які павінен быў і мог зрабіць нешта прыстойнае, але не зрабіў. Не прачытаў Уліціна…

— Ведаеш, што ў ягонай біяграфіі было?

— Турма, калі з Палкоўнікам сядзеў.

— Турма… Ты што-небудзь страшнейшае за турму ўявіць можаш?

— Магу.

— Што?

Я не ведаю, што?..

— Лагер?

Поделиться с друзьями: