Ахвяры
Шрифт:
А вось і госці, у доме ўжо.
Залішне мітусліва вітаецца з імі гаспадар. Дурань! Выдае сябе. Куды павядзе іх! На кухню. Дарэмна ён параіў кухню. Неразумна. Адтуль галасы ледзьве чуваць, малую, напрыклад, ён чуў, а Хрысцінін голас зліваўся ў суцэльнае бу-бу. I там яны могуць змовіцца, выпрацаваць тактыку, як узяць яго.
Не, увайшлі ў залу.
— Сядайце, хлопцы. Прабачце, не паспелі прыбраць.
— Ты што, гуляў у карты?
— З кім? Гэта звечара не прыбралі.
I — во дурань! — ад страху, ад мітуслівасці піхнуў задам дзверы ў спальню. Адзін міг —
Чурсік цераз плячо кінуў у спальню нейкае адзенне, жончына ці дзіцячае. Яно ўпала Шабовічу на галаву, такая нечаканасць, магчыма, і дала выратавальную для ўсіх секунду.
Чурсік са стукам шчыльна зачыніў дзверы.
— Ты чаму не ў форме? Захварэў?
— Якое там захварэў! А цяпер і захварэў — прастудзіўся, ажно дыхаць заняло. А перад тым была тут гісторыя. Учора ўвечары гулялі мы ў карты. Усе свае. I нас змялі…
— Немцы?
— Ды няўжо ж! Да світання трымалі ў турэмным двары, пакуль не разабраліся. Шынель не далі апрануць. Акалеў да касцей. Думаў, дуба дам.
— Дзя-лы, — працягнуў паліцэйскі-госць.
— Была, брат, варфаламееўская ноч, — сказаў другі. — Аблава, якой і ў верасні не было. Хапалі, хто трапляў пад руку.
— Потым мнопх выпусцілі.
— Каго выпусцілі, каму далі ўцячы.
— СД дало ўцячы? — здзівіўся Чурсік.
— То ж і дзіва! Дзесь накладачка выйшла. А цяпер зноў паднялі ўвесь горад. Усе сілы жандармерыі, вайскоўцаў. I нашых усіх. Асабліва трох шукаюць. Кіраўнікі падполля! Фатаграфіі іх размножылі. Во глядзі. Усе выхады з горада перакрылі.
— О-о! То гэта ж мой знаёмы — Іван Ткачук. Наш. З аховы ўправы. Учора ён за гэтым сталом у карты рэзаўся.
— Добрая ў цябе кампанія!
— А хіба ўнюхаеш, чым ён дыхае! Свой жа, з паліцыі. Да вайны знаёмыя. Зямляк. Таксама з раскулачаных. Як і я. Каму верыць?
— То праўда — каму верыць! Цяпер і нам веры не будзе. Зноў чысціць пачнуць, як у маі чысцілі. Загрыміш у Рур на шахты. Сабачае жыццё! Немцаў баішся, партызан баішся. Не ўгледзіш, што кулю зловіш.
— Не ный. Не падабаецца — у падмяталы ідзі.
— Куды? А новы парадак хто ахоўваць будзе?
— Знойдуцца.
— Не вельмі знаходзяцца, калі літоўцаў і ўкраінцаў на дапамогу паклікалі.
— Разважанні ў цябе — з партызанскіх пракламацый. Мая табе, маладому, парада: трымай язык за зубамі.
— Я таксама яму раіў, — азваўся Чурсік. — А то калі да Цёмнага дойдзе… Знаем, як яму хочацца выслужыцца перад Корфам?
— Даносу на мяне ён не паверыць. Знае: глыбока я завяз, дарогі мне назад няма — рукі ў крыві. Гэта во чысценькі Чурсік можа служыць і вашым і нашым.
— Ну, што ты, Федзя! Крыўдна слухаць.
— Ткач гэты за печкай у цябе не сядзіць?
Чурсік нервова засмяяўся.
— Сядзіць. На ляжанцы ляжыць, грэецца. Самагонкі сцёбнулі і грэемся. Хочаце па чарцы? Ёсць старадарожская.
Лепшай ва ўсёй Беларутэніі няма.
— Яно б і не пашкодзіла горла прамачыць.
— Цёмны ўнюхае, дык ён цябе прамочыць. Не любіць ён выпівохаў.
Во начальнік! Можа, адзін такі на ўсё наша наёмнае войска. У людзей начальнікі як людзі. Глушаць гэтую самагонку вёдрамі.— З чаго яе гоняць, калі хлеба ў людзей няма?
— Хто гоніць — у таго ёсць. Самагонку Навойчыку не паказвай, а то не адцягнеш яго. А хлеба — і што там у цябе ёсць? — дай. Я не снедаў. Дзяжурыў, а нас па трывозе паднялі. Пад раніцу прачосвалі Камароўку. А каго лавіць нам, Цёмны не ведаў. Выцягвалі людзей з пасцелі. Загналі ў двор завода «Ударнік». Цяпер іх сарціруюць там — каго куды. Во некаторыя з тых пабачаць Рур.
— Пайшлі на кухню. Там дранікі засталіся.
— З салам?
— З салам.
— Жывеш, як пан. Спальня, кухня. Сала жарэш.
Яны выйшлі, грукаючы ботамі.
Шабовіч пералажыў пісталет у левую руку, далоня правай была не проста мокрая, брыдка ліпучая, быццам выступаў не пот — кроў. А па спіне сцякалі халодныя струмені. Такога ганебна-брыдкага адчування не было ні ў часе арышту, ні ў турэмным двары, ні ў машыне, ні тады, калі сядзеў на Камароўцы за нечай прыбіральняй, па калена ўгрузнуўшы ў ванючую багну. Выходзіць, тут ён спалохаўся больш, чым там. Чаму? У яго зручная пазіцыя. Але тут магла рушыцца апошняя надзея на выратаванне — сябе і Аксаны. Галоўнае — Аксаны. Такі прыход паліцэйскіх сведчыў, што Хрысціна пайшла не да немцаў, не ў паліцыю, а ў бальніцу.
Маці некалі і Аксана пасля, незалежна ад маці, казалі, што ён у сарочцы нарадзіўся. Сапраўды — у сарочцы: за паўсутак колькі разоў судзьба адводзіла ад яго смерць.
«Пранесла яшчэ раз… Няўжо пранесла? Няўжо Чурсік змаўчыць і там, на кухні? Няўжо пад чорным шынялём у яго чалавечае сэрца? Калі вырвуся, трэба перадаць Стануліну, каб паспрабавалі працаваць з імі, з Васілём і Хрысцінай. Але ці ацалеў сам Станулін пасля такой варфаламееўскай ночы?»
Падобна, пранесла. Адчуўшы здрадлівую слабасць у нагах, ён сеў на падлогу ў кутку паміж шырокім шыкоўным шыфанерам — трафеем паліцая — і сцяной.
Сціхлі галасы, ляпнулі дзверы — і ён тут жа праваліўся ў сон, паслаблены, супакоены.
Прачнуўся ад слоў:
— Ты глядзі — дрыхне.
Чурсік стаяў перад ім, здзіўлены.
— Ну, нервы ў чалавека! Можа, табе здалося, што ты ў бранявым бліндажы?
— Можа, і здалося, — Шабовіч соладка пацягнуўся, ускінуўшы ўгору рукі.
— Ну, што — з’еў? — пераможна спытаў Чурсік.
— Што з’еў?
— А тое самае. Ты пісталет каля майго вуха трымаў. А я… Каб я быў такі, як ты думаеш, то залажыў бы цябе адным кіўком галавы.
— Ты навошта дзверы адчыняў? Каб не кінуў тыя транты — я цябе залажыў бы. Дабіраўся б ты ўжо да д’ябла ў пекла. Куды сабе дарогу працерабіў.
Чурсік толькі цяпер уявіў, як блізка ён быў да смерці пры тым неасцярожным — ад разгубленасці — кроку: адчыніць дзверы ў спальню ў прысутнасці паліцэйскіх. Сцяўся і пазелянеў ад такога ўяўлення.
— Пабаяўся б ты стрэліць.
— А што мне заставалася б рабіць, каб ты выдаваў мяне?
— А на другой фатаграфіі быў ты, — раптам паведаміў Чурсік пераможна і ўедліва.