Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ахвяры

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Карты!.. Можа, яны скароцяць час?

Глянуў у акно. Надзіва ціхая вулічка. На працу прайшлі — як вымерла. А куды, уласна кажучы, хадзіць людзям? Кожны стараецца менш трапляць на вочы акупантам.

— Згуляем у падкіднога? Скідай.

Чурсік паглядзеў недаверліва, потым, бадай, узрадавана працягнуў калоду карт на далоні — каб зрэзаў.

Шабовіч на момант завагаўся, прыкідваючы, што паліцай можа зрабіць. Схапіць за руку? Зрэзаў левай, сунуўшы правую ў кішэню — бліжэй да пісталета. Перакуліць стол і саб’е яго з ног? Адступіў на рог стала — на адну ножку перакуліць няпроста.

Спачатку гулялі сур’ёзна і маўкліва. А пасля ўвайшлі ў той жа вясёлы азарт, што і ўчора ўвечары.

— Ах, ты так? А вось гэтага

не хапае?

— Дзесятачка? Чыхалі мы на тваю дзесятку, маючы караля. Паспрабуй пабі.

— Кароль, ды не той. Без улады твой кароль. Яго б’е вось гэты яснавокі афіцэрык. Валет казырны! А што — з’еў?

— Ладна. Адбіўся.

— Не адбіўся. А пабіў.

— Набірай.

— Ух ты, якая шалуха лезе!

— А да нас ідуць казыры. Самі просяцца.

I забыўся Шабовіч на стомленасць. Як добра паспаў. Але забыўся і на небяспеку. Здаваў карты дзвюма рукамі. I на рагу не стаяў, а перад сталом — напроці праціўніка, тварам у твар. Той сапраўды мог бы збіць яго сталом. Але што гэта яму дасць? Стрэліць можна і лежачы пад сталом. Пераканаў сябе, што нападаць Чурсік не стане — не той храбрэц! Ды і ўвогуле: калі ты прыйшоў да чалавека — старайся паверыць яму нават і ў такой незвычайнай сітуацыі. Да поўнага гада не павяла б ніякая хітрасць збіць немцаў з панталыку.

Выйграў адну партыю, другую. Узрадаваўся, што галава не атупела зусім — варушацца шарыкі. Чурсік — карцёжнік са стажам, у пульку яго мала хто абыграваў. I ў ачко.

Выйгрыш даваў імпэт, настройваў на вясёлы лад.

— Вось табе і судзьба, пан дурань.

А Чурсік змрачнеў ад таго, што і ў карцёжнай ігры заставаўся ў дурнях. Хапіла б таго, што яго арыштавалі разам з падполынчыкамі. А цяпер адзін з іх зваліўся на яго галаву, завалодаў пісталетам і гаспадарыць у доме. Чым гэта яшчэ скончыцца?

Але ўдача — што здрадлівая жонка, і мужа лашчыць, і любоўніка. Карцёжная ўдача перайшла да Чурсіка, у добрых ігракоў часта так здараецца.

— А што не казаў я — судзьба што вецер. Пасля пятай партыі палезеш пад стол. I кукарэкаць будзеш.

— Я закукарэкаю, а ты свіннёй завішчыш… той, што ўшчамілася ў плоце.

— Палайся больш — туман напусціш, карт це ўбачыш. Што гэта за ход? Што за ход? Мая Надзька разумней ходзіць. Навошта ты трымаеш шасцёркі?

— На пагоны табе. Начаплю фельдмаршальскія. Хто там у Гітлера ў фельдзіках? Бош — Вош? Гомель — Фомель? Воўчая зграя! Што ты азіраешся? Баішся, што слухаюць твае гаспадары? А чаму гэта ў цябе партрэта Гітлера няма? Прыпішуць табе непавагу…

— У карты глядзі, а не на сцены. Часта міргаеш, пан партызан.

— Глядзі! А ты здагадлівы! Доўга думаў?

— Дадумаўся, як бачыш.

— Думай, думай, можа, паразумнееш. А то заплылі твае мазгі… Знаеш, чым яны заплылі ў цябе?

— На, пабі! — Чурсік кінуў карту злосна, размахнуўшыся. — А што, з’еў? Забірай і гэты мех. Ты ў мяне яшчэ хапнеш гарачага! Пагоны ён хоча навесіць! Соплі вытры!

I Шабовіч не абураўся, бо прыкладна такімі ж словамі яны перакідваліся і ўчора і кожны раз, карты сціралі ўсе межы, развязвалі языкі. Не абыходзілі і палітыку, але так, што размежаванасці не было — хто ёсць хто, Іван Ткачук мог уплесці ў сваю пустабрахню Сталіна, а Чурсік праехацца па Гітлеру, за што яго лаяла Хрысціна.

«Ну, і язык у цябе! Глядзі, падрэжуць». — «Не бойся, Хрысця, тут жа ўсе свае».

Не здагадваўся паліцай, каго называў сваімі.

Цяпер Чурсік ведаў, хто перад ім. Але паводзіў сябе па-ўчарашняму, калі лічыў гэтых хлопцаў сваімі. Такая незалежнасць падбадзёрвала ці ва ўсялякім разе нібыта пацвярджала, што ён не ўніжаецца перад сваім узброеным канваірам, а паводзіць сябе, як гаспадар. Урэшце яшчэ невядома, хто ў каго ў палоне, невядома, да каго павернецца ўдача. Тут сапраўды такі лёс, у які ён слепа верыў. Але якой «судзьбы» чакаў? Чаго яму больш хацелася — каб Хрысціна прывяла немцаў? Ці каб

выканала даручэнне гэтага нахабніка і ён употай пакінуў бы яго дом?

Пасля роздуму яшчэ да гульні, нават пасля абразы эпізодам з дранікамі, пасля абурэння нахабствам Шабовіча, калі закіпела смяртэльная злосць на яго, — нават пасля ўсяго гэтага перацягвала «мірная» бяскроўная шаля. Дакараў сябе за мяккацеласць, бяззубасць. Аднак разуменне таго, што ў ціхім варыянце больш шанцаў на ўласнае выратаванне, на бяспеку сям’і, пераважвала. Пасля папярэджвання Шабовіча падумаў і пра тое, што якраз і нядрэнна зрабіць паслугу партызанам. Закінуць на будучае. Шабовіч, выходзіць, не апошняя шышка там у іх. Няхай жа ведаюць, што і ён, Чурсік, не прадаў душы за сярэбранікі. Дык чаму не паблазнаваць, не паказаць хоць гэтак сваю смеласць? Маўляў, а мне трын-трава. Але Шабовіч разумеў інакш: балбоча Чурсік ад страху. Бо і самога бяздумнае, звыклае крыўлянне як бы адводзіла ад прорвы, у якую, калі моўчкі мераў крокамі пакой, мімаволі заглядваў. Няхай балбоча, чорт з ім. Ён таксама не адстае, не сароміцца на эпітэты, пажаданні, прароцтвы. Яны болын бязлітасныя, пагрозлівыя — і Чурсік агрызаецца на іх з аглядкай, не абуджае ў ім злосці.

Захапіла гульня. Захапіла слоўная перастрэлка. Цешыла, што адступіла зморанасць і санлівасць. Аднак схамянуўся ў той міг, калі рука пацягнулася да крэсла, што стаяла збоку, каб падсунуць яго і сесці. Гэта ўжо зусім недазволеная раскоша. Не губляй, Станіслаў, пільнасці! Кінуўшы чарговую карту, павярнуўся да акна: што там, на вуліцы? I ледзьве не скачком кінуўся да прасценка паміж вокнамі.

Да дома ішлі паліцэйскія. Двое.

За ім? Не, непадобна. Мірна, па накіданых цаглінах, кавалках дошак фарсіруюць гразкую вуліцу, перабіраючыся з таго боку на гэты. Выставілі сябе што напаказ. Кураць. Так не ловяць нават дылетанты. Не за ім. Але няма сумнення, што ідуць да Чурсіка. Праведаць? Лагічна — паліцай не з’явіўся на службу. Не стане ж СД дакладваць паліцыі, дзе цэлую ноч пратрымала іх чалавека.

Не за ім. Але калі Хрысціна не зачыніла дзвярэй…

— Што ты там прыліп да ецяны? Засвярбела, чым сядзела? Твой ход.

— Васіль, да цябе госці.

Чурсік падскочыў. Карты з рук яго паляцелі пад стол.

— Не выстаўляйся ў акно! Цяміш? — цыкнуў на яго Шабовіч. — Калі Хрысціна зачыніла нас, не абзывайся. Нікога няма. Ідуць сябры твае, здаецца, мірна, — Шабовіч дастаў з кішэні пісталет. Калі ж не зачыніла нас, вырашай сам, як прыняць гасцей. Але не забывайся, што я табе сказаў. Жывым я не дамся. I нашы спытаюць у цябе… — павярнуў рычажок ахоўніка, цяпер даволі націснуць на спускавы кручок «вальтэра» — і сем куль паляцяць у цэль. Толькі сем. Мала! — Дзе абоймы?

— Запасная ў пінжаку ў кішэні. У спальні на кручку вісіць.

— Цяміш, што да чаго?

— Цямлю.

Скрыпнулі весніцы. Вось яны на ганку — аббіваюць з ботаў гразь. Культурныя.

Зачынена? Адчынена? Здаецца, дзынкнула клямка. Зачынена! Пранесла? Але яны могуць заглянуць у вокны.

— За камод! Прысядай!

Шабовіч прысеў побач з Чурсікам — як хлапчукі, што гуляюць у схованкі.

Не, не пранесла. Выразна ляпнулі дзверы ў сенцы.

— Сустракай гасцей. Спакойна! Што ў цябе рукі калоцяцца? Курэй краў, ці што? Пастарайся завесці іх на кухню. А я падрамлю ў спальні, пакуль вы пагаворыце. Цяміш?

Аканіцы ў спальні Хрысціна не адчыняла — спалі муж і дачка. Са святла тым было цёмна.

Шабовіч наскочыў на табурэт, той перакуліўся, загрымеў. Але гэта не спалохала. Увогуле ён не адчуваў страху, не адчуваў сябе загнаным зверам. Хутчэй меў адчуванне азартнага паляўнічага на таго звера, калі ідзе гульня са смерцю — хто каго.

У спальні не так цёмна: перагародка не прыставала да грубкі, там была шчыліна, праз яе цэдзіцца святло. Урэшце, страляць яму не ў цемры, страляць у постаць у светлым праёме дзвярэй — найлепшая мішэнь.

Поделиться с друзьями: