Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарнобыльская малітва

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Ну і, вядома, мы былі выхаваны ў асаблівым савецкім паганстве: чалавек — уладар, вянец тварэння. I ягонае права рабіць са светам усё, што ён захоча. Мічурынская формула: "Мы не можам чакаць літасцяў ад прыроды, узяць іх у яе — наша задача". Спроба прышчапіць народу тыя якасці, тыя ўласцівасці, якіх у яго няма. Псіхалогія гвалтаўніка. Выклік гісторыі, выклік прыродзе. Цяпер усе раптам загаварылі пра Бога. Чаму яго не шукалі ў Гулагу, у камерах трыццаць сёмага, на партсходах сорак восьмага, калі грамілі касмапалітызм, пры Хрушчове, калі бурылі храмы? Сучасны падтэкст рускага богашукальніцтва хлуслівы. Бамбім мірныя хаты ў Чачні… Абгарэлых рускіх танкістаў зграбаюць рыдлёўкамі і віламі… Тое, што ад іх засталося… I тут жа са свечкай ідзём у храм… На Хрыстовы

Народзіны…

Што трэба? Адказаць на пытанне: ці здольная руская нацыя на такі глабальны перагляд усёй сваёй гісторыі, як аказаліся на гэта здольныя пасля другой сусветнай вайны японцы? Немцы? Ці хопіць у нас інтэлектуальнай мужнасці? Пра гэта амаль не гавораць. Гавораць пра рынак, пра ваўчэры, чэкі… Мы ў чарговы раз выжываем. Уся энергія траціцца на гэта. А душа пакінута… Тады навошта ўсё гэта? Ваша кніга? Мае бяссонныя ночы? Калі жыццё наша, як чырк запалкай? Тут можа быць некалькі адказаў. Прымітыўны фаталізм. I могуць быць вялікія адказы. Рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць: у чыгунку, у жабу (нігіліст Базараў), у візантыйства, у атам… А цяпер вось — у рынак…

Булгакаў у "Кабале святош": "Усё жыццё грашыла. Актрысай была". Усведамленне грахоўнасці мастацтва. Амаральнасці ягонай прыроды. Зазіранне ў чужое жыццё. Але яно, як сываратка заражанага, можа стаць прышчэпкай чужога вопыту. Чарнобыль — гэта тэма Дастаеўскага. Спроба апраўдання чалавека. А можа быць, усё вельмі проста: увайсці ў свет на дыбачках і спыніцца ля парога?!"

Аляксандр Равальскі, гісторык

Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя

"З юнацтва я меў звычку ўсё запісваць. Калі памёр Сталін — што рабілася на вуліцах, пра што гаварылі. I Чарнобыль я запісваў з першага дня, ведаў, што мінецца час і многае забудзецца, незваротна знікне. Так гэта і сталася. Мае сябры, яны былі ў цэнтры падзей, фізікі-ядзершчыкі забыліся, што тады адчувалі, пра што гаварылі са мною. А ў мяне ўсё запісана…

Тым днём… Я, загадчык лабараторыі Інстытута ядзернай энергетыкі Акадэміі навук Беларусі, прыехаў на працу, інстытут наш за горадам, у лесе. Цудоўнае надвор'е! Вясна. Расчыніў акно. Паветра чыстае, свежае. Здзівіўся: чамусьці сёння не залятаюць сінічкі, якіх я прыкарміў за зіму, вывешваючы за акном кавалачкі каўбасы. Знайшлі спажыву смачнейшую?

А ў гэты час на нашым інстытуцкім рэактары паніка: дазіметрычныя прыборы паказвалі рост актыўнасці, на паветраачышчальных фільтрах яна паднялася ў дзвесце разоў. Магутнасць дозы ля прахадной — каля трох мілірэнтгенаў у гадзіну. Гэта вельмі сур'ёзна. Такая магутнасць дапускаецца як гранічная, у радыяцыйна небяспечных памяшканнях пры рабоце не больш, чым шэсць гадзін. Першае меркаванне — у актыўнай зоне разгерметызавалася абалонка аднаго з цеплавыпраменьваючых элементаў. Праверылі — норма. А можа, перавозілі кантэйнер з радыехімічнай лабараторыі і гэтак трасанулі на дарозе, што пашкодзілі ўнутраную абалонку, забрудзілі тэрыторыю? Паспрабуй цяпер адмый пляму на асфальце! Што ж здарылася? А тут яшчэ па ўнутраным радыё аб'явілі: супрацоўнікам не рэкамендуецца выходзіць з будынка. Між карпусамі стала бязлюдна. Ніводнага чалавека. Страшнавата. Нязвычна.

Дазіметрысты праверылі мой кабінет: "свеціць" стол, "свеціць" адзенне, сцены… Я падымаюся, у мяне няма жадання нават сесці ў крэсла. Памыў галаву над ракавінай. Паглядзеў на дазіметр — эфект відавочны. Няўжо гэта ўсё-такі ў нас, ЧП у нашым інстытуце! Уцечка? Як цяпер дэзактываваць аўтобусы, якія развозяць нас па горадзе? Супрацоўнікаў? Давядзецца паламаць галаву… Я вельмі ганарыўся нашым рэактарам, я вывучыў яго да міліметра… Звонім на Ігналінскую атамную, яна побач. У іх прыборы таксама крычаць. Таксама паніка. Звонім у Чарнобыль… На станцыі не адказвае ніводны тэлефон… Пад абед высвятляецца. Над усім Мінскам радыеактыўнае воблака. Мы вызначылі — актыўнасць ёдавая. Аварыя на нейкім рэактары…

Першая рэакцыя:

пазваніць дадому жонцы, папярэдзіць. Але ўсе нашы тэлефоны ў інстытуце праслухоўваюцца. О, гэты вечны, цягам дзесяцігоддзяў заганяны ў нас страх! Але ж яны там нічога не ведаюць… Дачка пасля заняткаў у кансерваторыі гуляе з сяброўкамі па горадзе. Есць марожанае. Пазваніць?! Але могуць быць непрыемнасці. Не дапусцяць да сакрэтных прац… Усё роўна не вытрымліваю, падымаю трубку:

— Слухай мяне ўважліва.

— Пра што ты? — голасна перапытала жонка.

— Цішэй. Зачыні фортачкі, усе прадукты — у цэлафанавыя мяшэчкі. Надзень гумавыя пальчаткі і пратры мокрай анучкай усё, што можна. Анучку — таксама ў мяшэчак і схавай як мага далей. Развешаную на балконе бялізну — зноў у мыццё.

— Што ў вас здарылася?

— Цішэй. Развядзі дзве кроплі ёду ў шклянцы вады. Памый галаву…

— Што… — але я не даю жонцы дагаварыць, кладу трубку. Яна павінна зразумець, сама супрацоўнік нашага інстытута.

У пятнаццаць гадзін трыццаць хвілін высветлілі — аварыя на чарнобыльскім рэактары…

Увечары вяртаемся ў Мінск на службовым аўтобусе. Паўгадзіны, якія едзем, маўчым ці перамаўляемся пра пабочнае. Баімся загаварыць уголас адзін з адным пра тое, што здарылася. У кожнага — партбілет у кішэні…

Перад дзвярыма кватэры ляжала мокрая анучка. Значыць, жонка ўсё зразумела. Заходжу, у вітальні скідаю з сябе касцюм, сарочку, распранаюся да трусоў. Нечакана падкочваецца злосць… Да д'ябла гэтую сакрэтнасць! Гэты страх! Бяру гарадскі тэлефонны даведнік… Тэлефонныя кніжкі дачкі, жонкі… Пачынаю ўсім запар званіць, што я — супрацоўнік Інстытута ядзернай энергетыкі, над Мінскам радыеактыўнае воблака… I далей пералічваю, што трэба зрабіць: памыць галаву, зачыніць форткі… Мокрую бялізну з балкона — зноў у мыццё… Выпіць ёду. Як яго правільна прымаць… Рэакцыя людзей: дзякуй. Ні роспытаў, ні спалоху. Я думаю, што яны мне не верылі ці не ў сілах былі ахапіць грандыёзнасць падзей. Ніхто не спалохаўся. Рэакцыя здзіўляючая.

Увечары звоніць мой сябра. Фізік-ядзершчык, доктар навук… Як бяспечна! З якою вераю мы жылі! Толькі цяпер гэта разумееш… Ён звоніць і кажа між іншым, што хоча паехаць на майскія святы да жончыных бацькоў на Гомельшчыну. Адтуль жа рукою падаць да Чарнобыля? Едзе з малымі дзецьмі. "Выдатнае рашэнне! — я крычаў. — Ты звар'яцеў!" Гэта аб прафесіяналізме. I пра нашу веру. Я роў на ўсё горла. Ён, напэўна, не памятае, што я ўратаваў ягоных дзяцей… (Пасля перадышкі.)

Мы… Я кажу пра ўсіх нас… Мы Чарнобыль не забылі, мы яго не зразумелі. Што дзікуны маглі зразумець у маланцы?

У кнізе Алеся Адамовіча… Яго размова з Андрэем Сахаравым пра атамную бомбу… "А вы ведаеце, як хораша пахне азонам пасля ядзернага выбуху?" — пытаўся акадэмік, бацька вадароднай бомбы. У гэтых словах рамантыка. Для мяне… Майго пакалення… Прабачце, па твары бачу рэакцыю… Вам здаецца гэта захапленнем перад сусветным кашмарам… А не перад чалавечым геніем… Але гэта цяпер ядзерная энергетыка ўніжана, зганьбавана. А маё пакаленне… У сорак пятым, калі ўзарвалі атамную бомбу, мне было семнаццаць гадоў. Я любіў фантастыку, марыў паляцець на іншыя планеты. Вырашыў, што ядзерная энергія падыме нас у космас. Паступіў у Маскоўскі энергетычны інстытут і там даведаўся, што ёсць звышсакрэтны факультэт — фізіка-энергетычны. Пяцідзесятыя-шасцідзесятыя гады… Фізікі-ядзершчыкі… Эліта… Захапленне. Гуманітарыі адапхнуты… У трох капейках, гаварыў наш школьны настаўнік, столькі энергіі, што можа працаваць электрастанцыя. Дух займала! Я зачытваўся амерыканцам Смітам, ён пісаў, як вынайшлі атамную бомбу, праводзілі выпрабаванні, пра падрабязнасці выбуху. У нас усё трымалася ў сакрэце. Я чытаў… Уяўляў… Фільм пра савецкіх атамшчыкаў "Дзевяць дзён аднаго года" ўся краіна глядзела. Высокія зарплаты, сакрэтнасць дадавалі рамантызму. Культ фізікі! Час фізікі! Нават калі ўжо ў Чарнобылі рванула… Выклікалі вучоных… Яны прыляцелі на рэактар спецрэйсам, але многія не ўзялі з сабою нават прыбора для галення, меркавалі, што ляцяць на некалькі гадзін. Час фізікі ў Чарнобылі скончыўся…

Поделиться с друзьями: