Чарнобыльская малітва
Шрифт:
Вы ўжо інакш глядзіце на свет… У Канстанціна Лявонцьева нядаўна вычытаў думку аб тым, што вынікі фізіка-хімічнай разбэшчанасці прымусяць калі-небудзь касмічны розум умяшацца ў нашы зямныя справы. А мы, выхаваныя ў сталінскі час, мы не маглі ў сваіх думках дапусціць існавання нейкіх звышнатуральных сіл. Біблію я прачытаў пасля… I пашлюбаваўся з адной і той жа жанчынай двойчы. Пайшоў і вярнуўся. Яшчэ раз спаткаліся ў гэтым свеце. Жыццё дзівосная нпука! Загадкавая! Цяпер я веру… У што я веру? Што трохмерны свет ужо зацесны для сучаснага чалавека… Чаму сёння гэткая цікавасць да фантастыкі? Чалавек адрываецца ад зямлі… Ён арудуе іншымі катэгорыямі часу, не адной зямлёй, а рознымі светамі. Апакаліпсіс… Ядзерная зіма… У заходняй літаратуры ўсё гэта ўжо напісалі, як быццам адрэпеціравалі. Яны рыхтаваліся да будучыні.
Вы толькі пытаецеся, але я з вамі ўвесь час спрачаюся. У нас спрэчка паміж пакаленнямі… Вы заўважаеце? Гісторыя атама — гэта не толькі ваенны сакрэт, тайна, пракляцце. Гэта — наша маладосць, наш час… Наша рэлігія…
Пяцьдзесят гадоў мінула, усяго пяцьдзесят гадоў. Цяпер мне таксама часам здаецца, што светам кіруе нехта іншы, што мы са сваімі гарматамі і касмічнымі караблямі — як дзеці. Але я ў гэтым яшчэ не пераканаўся… Дзівосная штука жыццё! Я любіў фізіку і думаў: нічым, акрамя фізікі, займацца ніколі не буду, а цяпер хачу пісаць. Усё адыходзіць, усё знікае, нашы пачуцці мяняюцца…
…Перад аперацыяй… Я ўжо ведаў, што ў мяне рак… Я думаў, што мне засталося жыць дні, і страшэнна не хацелася паміраць. Знячэўку я ўбачыў кожны лісцік, яркія краскі, яркае неба, найярчэйша-шэры асфальт, трэшчыны на ім, а ў іх мурашы бегаюць. Не, думаю, іх трэба абыходзіць. Шкада іх. Навошта, каб яны паміралі? Ад водару лесу ў мяне кружылася галава… Пах успрымаўся мацней, чым колер. Лёгкія бярозы… Цяжкія яліны… I ўсё гэта я не ўбачу? На секунду, на хвіліну даўжэй пражыць! Навошта я столькі часу, гадзін, дзён прасядзеў ля тэлевізара, сярод кіпаў газет? Галоўнае — жыццё ісмерць…"
Валянцін Аляксеевіч Барысевіч, былы загадчык лабараторыі Інстытута ядзернай энергетыкі Акадэміі навук Беларусі
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
"У першыя дні… Адчуванні былі розныя… Памятаю два самыя моцныя пачуцці — пачуццё страху і пачуццё крыўды. Усё адбылося і аніякай інфармацыі: улада маўчыць, медыкі нічога не кажуць. У раёне чакалі ўказанняў з вобласці, у вобласці — з Мінска, а ў Мінску — з Масквы. Доўгі-доўгі ланцужок, а ў канцы яго ўсё вырашала некалькі чалавек. Мы аказаліся безабароннымі. Вось гэта было самае галоўнае адчуванне ў тыя дні. Усяго некалькі чалавек вырашалі наш лёс. Лёс мільёнаў людзей. Гэтак жа, як і ўсяго некалькі чалавек маглі нас знішчыць… Не маньякі, і не злачынцы. Звычайныя дзяжурныя аператары на атамнай станцыі. Калі я гэта зразумела, я зведала моцнае ўзрушэнне. Чарнобыль расхінуў бездань, нешта такое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост. Чалавек з сякерай і лукам ці чалавек з гранатамётам і газавымі камерамі не мог забіць усіх. Але чалавек з атамам…
Я — не філосаф, не стану філасофстваваць. Лепей яшчэ раз пра тое, што памятаю…
Паніка першых дзён: нехта кінуўся ў аптэкі і накупіў ёду, нехта перастаў хадзіць на рынак, купляць там малако, мяса, асабліва ялавічыну. У нашай сям'і ў гэты час стараліся не эканоміць, бралі дарагую каўбасу, спадзеючыся, што яна з добрага мяса. Але неўзабаве ўведалі, што менавіта ў дарагую каўбасу падмешвалі заражанае мяса, маўляў, раз яна дарагая, яе купляюць патрошку, спажываюць меней. Мы аказаліся безабароннымі. Але гэта ўсё, вам ужо, канешне, вядома. Хачу напісаць пра іншае. Пра тое, што мы былі генерацыяй савецкай.
Мае сябры — урачы, настаўнікі. Мясцовая інтэлігенцыя. У нас быў свой гурток. Сабраліся ў мяне дома. П'ём каву. Сядзяць дзве закадычныя сяброўкі, адна з іх урач. У абедзвюх малыя дзеці.
Першая:
— Заўтра еду да бацькоў. Завязу дзяцей. Раптам захварэюць, пасля ніколі сабе не дарую.
Другая:
— У газетах пішуць, што праз некалькі дзён абстаноўка стане нармальнай. Там — нашы войскі. Верталёты, бранятэхніка. Па радыё паведамлялі.
Першая:
— Табе
таксама раю: забяры дзяцей! Завязі! Схавай! Гэта не вайна. Мы нават не можам сабе ўявіць, што адбылося.Нечакана яны перайшлі на высокія тоны, і скончылася сваркай. Узаемнымі абвінавачваннямі:
— Ты — здрадніца! Дзе твой мацярынскі інстынкт? Фанатычка!
— Што б з намі было, калі б кожны рабіў гэтак, як ты? Перамаглі б мы ў вайну?
Спрачаліся дзве маладыя прыгожыя жанчыны, якія бязмежна любілі сваіх дзяцей. Штосьці паўтаралася, якісьці знаёмы тэкст…
I ва ўсіх, хто там быў, маё, у прыватнасці, адчуванне: яна спараджае трывогу. Трэба дачакацца, пакуль скажуць. Аб'явяць. Яна — урач, ведала болей: "Уласных дзяцей не здольныя абараніць! Вам ніхто не пагражае? А вы ўсё адно баіцеся!"
Як мы яе ў тыя хвіліны ненавідзелі, яна сапсавала нам вечар.
На наступны дзень яна паехала, а мы прыбралі сваіх дзяцей і павялі на першамайскую дэманстрацыю. Маглі ісці, а маглі і не ісці. У нас быў выбар. Нас ніхто не прымушаў, не патрабаваў. Але мы палічылі гэта сваім абавязкам. Як жа ж! У такі час, у такі дзень… Усе павінны быць разам… Беглі на вуліцу, у натоўп…
На трыбуне стаялі ўсе сакратары райкома, побач з першым сакратаром — яго малая дачка, яна стаяла так, каб яе бачылі. На ёй — плашч і шапачка, хоць свяціла сонца, а на ім — вайсковая плашч-палатка. Але яны стаялі… Гэта я памятаю…
Я напісала пісьмо, каб засталася праўда тых дзён і тых адчуванняў. Тую першамайскую дэманстрацыю я не забуду…
Што з намі адбылося? Што нам адкрылася? Паўтаруся: з намі адбылося нешта такое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост. Але дзе нашы інтэлектуалы? Пісьменнікі? Філосафы? Чаму яны маўчаць?"
З ліста Людмілы Дзмітрыеўны Паленскай, сельскай настаўніцы, перасяленкі з чарнобыльскай зоны
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
"Гэта была воля… Там я адчуваў сябе вольным чалавекам… Вам гэта не зразумець, зразумець гэта можа толькі той, хто быў на вайне. Яны вып'юць, ваяваўшыя мужыкі, і гамоняць, я іх чуў, дасюль смуткуюць… Па той волі, па тым узлёце… Ні кроку назад! — сталінскі загад. Заградатрады. Але ты страляеш, выжываеш, атрымліваеш належныя табе сто грамаў, махорку… Тысячу разоў можаш памерці, разляцецца на шматкі, але калі пастараешся, перахітрыш, — чорта, д'ябла, старшыну, камбата, таго, хто ў чужой касцы і з чужым штыком, самога Усявышняга, — ты можаш выжыць! Самотнасць волі. Я спазнаў яе, мы зведалі яе, тыя, хто быў на рэактары. Як у акопе на пярэднім краі… Страх і воля! Жывеш на поўную раскрутку… Вам гэтага не зразумець, у звычайным жыцці… Памятаеце, нас увесь час рыхтавалі: будзе вайна. А свядомасць аказалася не падрыхтаванай. Я быў не падрыхтаваны. Прыйшлі на завод двое вайскоўцаў. Выклікалі мяне: "Салярку ад бензіну адрозніш?" Пытаюся: "Куды пашлеце?" — "Куды-куды? Добраахвотнікам у Чарнобыль". Мая вайсковая прафесія — спецыяліст па ракетным паліве. Сакрэтная спецыяльнасць. Забралі проста з завода, у адной майцы і футболцы, дадому не далі забегчы. Прасіў: "Жонку трэба папярэдзіць". — "Мы самі паведамім". У аўтобусе нас сабралася чалавек пятнаццаць, афіцэры запасу. Людзі мне спадабаліся. Трэба — паехалі, трэба — працуем, пагналі на рэактар — лезлі на дах рэактара.
Ля выселеных вёсак стаялі вышкі, салдаты на вышках са зброяй. Шлагбаумы. Таблічкі: "Узбочына заражана. Уезд і прыпынак строга забаронены". Шэрыя дрэвы, аблітыя дэзактывацыйнай вадкасцю. Мазгі адразу набакір! У першыя дні баяліся сесці на зямлю, на траву, не хадзілі, а бегалі, ледзь машына пройдзе — нацягвалі рэспіратары. Пасля змены сядзелі ў палатках. Ха-ха! Праз пару месяцаў… Гэта ўжо нешта нармальнае, — гэта ўжо тваё жыццё. Рвалі слівы, брадніком рыбу лавілі, там шчупакі — ого-го! I ляшчы. Ляшчоў сушылі да піва. Вам пра гэта ўжо, напэўна, расказвалі? У футбол гулялі. Купаліся! Ха-ха…(Зноў смяецца.) Верылі ў лёс, у глыбіні душы мы ўсе фаталісты, а не аптэкары. Не рацыяналісты. Менталітэт славянскі… Я верыў у сваю зорку! Ха-ха! Інвалід другой групы… Захварэў адразу. "Прамянёўка" праклятая… А ў мяне нават медыцынскай карткі ў паліклініцы не было да гэтага. Ліха з ім! Не я адзін… Менталітэт…