Клавуня, гэта я, твой Вася
Шрифт:
Прыходжу я ў рэдакцыю "Нівы" з нейкімі намаляванымі анекдотамі. Літары гэтых анекдотаў — проста рознаколерныя кветачкі. Там былі зайчыкі, пчолкі, мушкі... Пад зайчыкам напісана (было): "Конь кааператыву сельскагаспадарчых гурткоў".
Я проста не ведаў, што гэты анекдот з зайчыкам можа значыць у кантэксце гумару, і зайшоў іменна туды, дзе ўсё ведаюць, каб растлумачылі. І тут вось, накіравалі мяне да Астрона, якім аказался жанчына, мне знаёмая, але толькі знаёмая, больш нічога. Тым часам Вы, дарагая Астрон, замест растлумачыць мне сэнс намаляваных кветкамі анекдотаў, пачалі прасіць, каб я памог Вам уладзіць аліменты.
Я ў сваёй нераздумнасці, як заўсёды, крыкнуў: "Аліменты я буду плаціць". Пасля злякаўся і прачнуўся, увесь мокры.
Гэта было пару тыдняў таму назад, а я і па сённяшні дзень не
У сувязі з тым насоўваецца ў маю бедную галаву мноства пытанняў, але я задам толькі адно: Астроне, сны ты адгадваць умееш, а адгадай, калі ласка, што будзе, калі кіне мяне жонка праз твае аліменты?
Твой Вася
Ну, ты ж мяне, браце Васька, і напужаў. Праўда, чуў я недзе, што на Захадзе цяпер сталася вельмі моднай перамена полу. З роскашы людзі бесяцца, але каб так, у белы дзень мяне, старэчу абражаць?! Ты, брат, на сон не спасылайся, а сваю варожую акцыю адразу выяві. Мо мяне з пасады Астрона хочаш скінуць, у бабу пераўтварыўшы? Тады скажы праўду. Сораму ты, Вася, не маеш...
Але няхай ужо табе будзе. Мо і праўда, што табе такая бязглуздзіца прыснілася, што Астрон гэта баба і ты будзеш ёй плаціць аліменты. Але навошта зноў так крычаць пры жонцы?!
Э-гэ-гэ, Васька, штось у цябе з гэтымі справамі не ў парадку калі, крыкнуўшы, так злякаўся, што прачнуўся, увесь мокры. Глядзі, мо дзе з аліментамі залягаеш, ды жонка аб гэтым нічога не ведае. Твае паводзіны гавораць за гэта.
З усяго сказанага выпадае, калі кіне цябе жонка, дык праз твае а не Астронавы аліменты. Астрон, хоць і старэча ўжо, але свае аліменты плаціць ганарова: дакладна і ў тэрміне. Гэтаму навучылі яго яшчэ ў маладосці.
Астрон
1985 г.
НУ Й МОЛАДЗЬ
Гаварыце, што хочаце, але я не прамаўчу і выкажу, свой погляд на сённяшнюю нашу моладзь.
Усе бачым, як моладзь, ходзячы па вуліцах, цалуецца, седзячы ў парках — цалуецца, у аўтобусах — цалуецца, У прыёмных — цалуецца.
Нядаўна сядзеў я ў чарзе да лекара. Супраць нас, абапёршыся аб паручні, стаяла маладая пара і заўзята слінілася (бо пацалункаў ёсць моц рознага тыпу). Стаялі Да мяне бокам, то я мог не саромеючыся сачыць за імі. Зрэшты, мусіў сачыць, не меў куды вачэй падзець, а адыйсці было цяжка, бо меў звіхнутую нагу. Ну, дык сачыў за імі: мо пачырванеюць, або пабляднеюць? Мо споцяцца, або пачнуць дрыжаць.... Нічога такога не прыкмеціў.
Божа ж ты мой, каб на гэтую тэму хацелі выказацца сённяшнія шасцідзесяцігодкі, думаю, было б што паслухаць. Гэта ж падумаць толькі, паўтары гадзіны цалавацца — і нічога! Учарашняя моладзь на вуліцах не практыкавала, але калі ўжо пацалавалася, дык тыя пацалункі яшчэ да сёння гоняць вецер па губах і "мурашкі" па спіне. Вось, гэта была моладзь!
1985 г.
ВОСЬ ЯК БЫЛО
Доктар Аляксандр Баршчэўскі ў сваім "Беларускім Фальклоры" не дае прапасці нашаму пройдзенаму, ды і мы яшчэ крыху памятаем, як калісьці бацькі жанілі і выдавалі замуж сваіх дзяцей.
Добра, што такі чалавек знайшоўся і ў скандэнсаванай форме даводзіць да нас тое, што перажывалі нашы бацькі і дзеды ў выніку "добразычлівасці" сваіх родных. Не адзін з нас памятае як маці згаджалася выдаць сваю дачку замуж не толькі што за нялюбага, але нават ненавіснага кавалера, гаворачы: "Ідзі дзіцё, калі такая воля бацькі нашага. Я, бачыш, выйшла за яго з мусу і якасці пратаўкла жыццё, то й ты будзеш таўчыся, калі такі наш лёс.”
Напэўна А. Баршчэўскаму было б лягчэй і лепш пісаць аб фальклоры радасным, цудоўным, калі б не... жыццё. Я хачу расказаць аб адным здарэнні з нашага панадворка.
У адной вёсцы жыў багаты гаспадар, але меў сына ні да людзей ні да Бога. Пасвіў ён кароў у бацькі, часам як бацька пагнаў, то мог гною налажыць на воз, не цікавіўся дзяўчатамі, а хлопцы над ім насміхаліся ўпотайкі, бо баяліся бацькі-багацея, і так той плёнтаўся на вёсцы ў доўгай сарочцы, без нагавіц.
у суседняй жа вёсцы жыла вялікая сям'я, бедная, аж страшна ўспомніць, але затое дзеці гадаваліся прыгожыя і на славу, а мо як на грэх, добрыя. Сярод гэтай кучы дзяцей была чарнавокая прыгажуня,
якая гадамі падыходзіла пад вышэй спамянутага вярзілку. Але яны нічога адно аб другім не ведалі. Затое бацька кавалера прыкмеціў прыгажуню ўжо даўно, калі хадзіў наймаць яе бацьку да палявых работ, і падумаў: "Яна мусіць быць маёй нявесткай". У час апошняга візіту ў хату бацькоў-бедакоў, бацька вярзілы нібыта жартам запытаў чарнавокую, ці не захацела б яна стаць ягонаю нявесткаю. "А хіба ж ваш багаты сын захацеў бы браць такую, як я?" — адказала дзяўчына, заліваючыся румянцам сораму.З ёю размова на тым і кончылася, але паміж бацькамі толькі пачалася. Хутка, аднак, бацькі вырашылі, што ў будучыя мясніцы (перыяд перад Калядамі і Вялікім пастом) іх дзеці пажэняцца. Калі толькі злезлі з поля бацька будучага маладога пачаў шукаць адпаведнага чалавека на маршалка, які не будзе сароміцца ехаць з ягоным сынам у "дзіваснубе", значыць у сваты.
А як жа, знайшоўся хітрун, які чорта гатоў ажаніць з паповай дачкой, абы выпіць чарку. Завёз яго ў "дзіваснубе" разам з бацькам, каб не ўцёк, і загадаў, каб той за парогам сеў на лаўцы, ды маўчаў, як пень, бо калі, увайшоўшы ў хату, пяройдзе за баляк, то рогі ў яго вы-растуць, як у быка. Вярзіла злякаўся і быў паслухмяным.
Заехалі на панадворак парай такіх коней, што цяжка ўтрымаць. Бацька астаўся, каб даць коням есці, а маршалак папхнуў перад сабой жаніха ў хату. Увапхнуўшы, паказаў, дзе мае сесці, а сам сказаў: "Добры хлопец і прыгожы, але нясмелы". Дзяўчына ўбачыла нейкага, пад страху падстрыжанага ножніцамі, жаніха і злякалася. А маршалак палажыў на стале буханку хлеба — каравая, ды паставіў бутэльку з чырвонай наклейкай. Бацькі і маршалак паміж сабой таргаваліся, дзяўчына ў кухні плакала, а кавалер сядзеў, дзе яму казалі, і маўчаў. Праўда, сказаў адзін сказ, якім перапалохаў гаспадыню цырымоніі, але іншыя рассмяяліся над "дасціпнасцю" малайца і далей вялі гутарку аб вяселлі. А сказ яго быў такі: "Але ж у вас клусты мухі!"
Не буду апісваць усяго гора дзяўчыны і ўсіх перыпетый, звязаных са шлюбам, хопіць сказаць, што маршалак-хітрун давёў да вяселля. Дзяўчына мела цешыцца тым, што будзе ісці побач юрадзівага на яго поле, мыць ягоную бялізну, дбаць пра гаспадарку, каб наеўся ён і ягоныя бацькі. Ніхто не цікавіўся такімі "дробязгамі", як любоў і пяшчоты.
Маладзіца жыла, як бацькі прыказалі, але яшчэ аднаго не ведала. Менавіта не ведала таго, што яе муж цёмнай ноччу баіцца адзін выходзіць на двор. Не раз бачыла, як выходзіў ён з бацькам, але не здагадалася у чым справа. Аднак, калі бацьку пахавалі і яму аднойчы так захацелася, што далей няма куды, давай ён будзіць жонку, каб вывела яго на панадворак. Тая, як добрая душа, устала, ды й вывела. Яна стаіць у сенях, а ён на парозе робіць сваё і глядзіць у начное неба, на якім мігацяць зоркі. Ды гаворыць: "От, хороша ноч, з чужэю жуонкою у свет пушоў бы!". "Ах ты, свынё нескрэптана — знервавалася жонка, — то я тэбэ выводжу на двуор, як малого, халучу, ополоскую, кормлю, а ты, хочэш Іты у свет з чужэю жуонкою? Котора такую лылу схочэ, але йды, коб ты нэ вэрнуўся!" — і трахнула дзвярыма ў спіну аматара чужых жонак, аж той босымі нагамі хлёпнуў у балота, а яна засунула сені і лягла далей спаць. Бандура вярнуўся дадому аж раніцай, бо Параска дзвярэй не адчыніла, хаця прасіў і пагражаў.
Трэба сказаць, што на яе долю дзеці былі прыгожыя і разумныя, як яна і сусед.
1985 г.
ПЕЎНЯ ЗА ЯЙКА
Я, як заўсёды, дурань прызнаўся жонцы ў тым, што даведаўся ў рэдакцыі. А даведаўся я, што яйкі адмоўна ўздзейнічаюць на хваробу, якая склерозам завецца. Жонка паслухала і адразу вывад з гэтага зрабіла: пачала інтэнсіўна карміць мяне яйкамі. На снеданне вараныя, на абед смажаныя, а на вячэру когель-могель. Усё для таго, каб выйшаў і не вярнуўся. Дабілася такога рэзультату, што хоць публікуй у навуковай літаратуры. Калі яшчэ пару гадоў таму назад я цэлымі тыднямі не памятаў, што ў мяне ёсць жонка, то цяпер яна кожны дзень перад маімі вачамі. О, напрыклад, учора! А мо гэта пазаўчора, або яшчэ даўней? Але хіба сёння — пасля кожнай паўгадзіны адпачынку на папяросу, зноў дабіраўся да яе, як нейкі малойчык. Спярша вельмі цешылася маімі дасягненнямі, але пад вечар дапіла рэшту кавы, абула туфлі...