Клавуня, гэта я, твой Вася
Шрифт:
Паехаў наш рэакцыянер у Бельск, бо тады толькі ў Бельску бывалі тэлефоны, і адтуль пазваніў у Галоўнае праўленне БГКТ у Беластоку, каб даведацца, калі Сакрат Яновіч будзе ў яго вёсцы і што ён любіць есці. У ГП сказалі, што Яновіч любіць есці ўсё, акрамя кішкі са скваркамі і паранага малака, бо яны згідзіліся яму яшчэ ў маленстве: бацькаў шавецкі хлеб не быў занадта раскошны. Яновіч аж дрыжыць затое, каб паесці капусты з баранінай!
— Вельмі добра! — радасна адказаў гаспадар-рэакцыянер і хуценька папрасіў: — Перадайце яму, што я чакаю яго з гасцінаю. А сам сабе падумаў: "Я яго ўжо так участую, што век папамятае!"
Вярнуўшыся дамоў, зарэзаў тлустага барана.
У дамоўлены дзень Сакрат Яновіч ужо
Як кожны добры агент, не быў гэты гаспадар хамаваты, з бездакорнай культурнасцю прыняў ён Яновіча так, быццам дарагога чалавека, без якога свет — не свет, а жыццё — не жыццё! Уселіся яны зараз абодва за стол. Яновіч хапіўся за капусту з баранінай, бы грабаўляк за гарачыя піражкі. Упёр глыбокую міску, з цэлым гармонікам скабак у дадатак. Задуманы сабатаж, значыць, адбываўся як трэба, Яновіч паеў усё, быццам за плечы закінуўшы. Яшчэ і лыжку аблізаў, і крышкі са стала пазбіраў, ды сабраўся дзякаваць ужо. І тут падыйшоў галоўны момант.
Наш рэакцыянер і сабатажнік залюлюкаў прыветна: "Што вы елі? Так і ад голаду можна памерці! Я вас не пушчу ад сябе, дарагі таварыш беларус. Вы ж гурткі ідзеце рабіць на ўвесь божы дзень і вечар выходзіце, і там, мусіць, ніхто і не дадумаецца даць паесці, дык я вас накармлю". І ён клікнуў жонку, каб несла з каморы збанец смятаны. Замест кампоту, кажа.
Так яно ўсё і адбылося, як задумана было ворагам беларускай рэвалюцыйнай справы. Сакрат Яновіч, па сваёй прыроднай даверлівасці, анічога не прадчуў.
Выйшаў ён, участаваны на ўвесь дзень і да заўтра, каб далей множыць любыя яму гурткі. Ды так ужо нікуды і не дайшоў, жывот не дазволіў, вось. Праўда, адыйшоўся ён кавалак ад хутара агента імперыялізму, варочацца не было калі, ледзь дабег пад першы каля сцяжыны ядловец... За ім наш Сакрат Яновіч і пасядзеў з некаторай асалодаю. На кукішках, вядома. Трохі, як падбіты бандытаватымі паляўнічымі арол. Значыць растапыраўшыся. Нагубляўшы наўкола ад панікі арганізацыйных папераў, можна нават, і тайных... Адчуўшы, нарэшце, палёгку, пабегаў між кустамі за паперамі тымі і рушыў у дарогу. Але, праз якіх крокаў сто, ізноў давялося Сакрату бегма перціся пад куст. І так ён ужо ішоў, ад рання да вечара, як падлічыў пасля: адзін кіламетр праз пяць гадзін часу, г.зн. цэлую гадзіну дзвесце метраў прасоўваўся, а на працягу паўгадзіны — сто. Але ўпарта перабягаў наперад, ад куста да куста, і каб ніхто з праходзячых дарогаю не згледзеў. Ну, быццам партызан які! Ды было тых кіламетраў да вёскі, у якой Яновіч намерыўся сагнаць у гурток свядомых беларусаў. Так ён і не сагнаў іх, дыверсія агента імперыялізму і антыбеларусізму закончылася поўнай удачаю.
Але да тае вёскі Яновіч, аднак давалокся. Праўда, ледзь, стоячы і белы-белы на твары, і заіклівы ад знямогі. Тры дні праляжаў у хаце солтыса. Імпэт з гурткамі, вядома, апаў. Ура-а! — ціха пакрыкваў агент.
Потым Яновіч перакінуўся з гурткоў БГКТ на пісанне кніжак. Першую назваў: "Загоны". Думаю, што не выпадкова, калі памятаць пра беларускую прымаўку: "А каб цябе на дзесяты загон пагнала!..." Затым напісаў Яновіч раман "Самасей". Думаю, што таксама не выпадкова. Прычакаў і высненага сацыялізму. А яшчэ стаў членам вярхоўнага з вярхоўных суда БГКТ і надта рады, што няма яму каго судзіць. Усе лаяльна прызнаюць, што ўцалеўшыя дагэтуль гурткі Беларускага таварыства ён, пераважна, Сакрат Яновіч, парабіў быў калісьці і неяк зёваюць яны да нашых дзён на славу беларускай нацыянальнай меншасці ў ПНР. Шчаслівыя сярод нас і тыя, хто дабег да ягонай "Беларусі, Беларусі" і начытаўся яе, бы мёду налізаўшыся. Даведаўся з яе не адзін я, што Пілсудскі быў цванякам ды абдурваў беларусаў, як хацелася яму і калі захацелася.
Шкада толькі, што амаль трыццаць гадоў ужо
будзе, як Сакрат Яновіч (па-хатняму званы: Краце) перастаў смакаваць капусту. Праўда, ёсць у нас худое малако, але яно не дае такога эфекту... Непрыдатнае для сабатажу супроць Сакрата Яновіча.1988 г.
ЯК Я КАЧКУ КУПІЎ
Я ужо пісаў аб тым, як аднойчы купіў яйкі ў Махнатым, заплаціўшы за паўтара кілаграма, а яек было паўтара фунта. Ну, бо жанчына важыла на старадаўнім бязмене. Гаспадыня была вельмі кемлівая, бо, калі толькі я ўвайшоў у яе хату, адразу зразумела, што мае дачыненне з балдою. Зважыла шаснаццаць курыных яек і сказала, што гэта паўтара кілаграма. Я толькі цяпер магу сабе ўявіць, як яна рагатала, калі я пайшоў з хаты.
Мая жонка доўга мела аб чым расказваць сваім сяброўкам і чым мне дапячы, калі хацеў нечым пахваліцца, але з хаты не гнала.
Прайшло крыху часу, есці далей трэба. Пайшоў я на рынак па нейкую гуску ці качку, бо ў чарзе стаяць часу не хапае. Яновіч і так верашчыць на мяне, што я нічога не чытаю. Бо каб пісаць, гаворыць, то найперш трэба чытаць. Я яму не веру, бо па-мойму, каб пісаць, то трэба думаць, а не чытанае "зрэзваць", але як яго пераканаеш, калі ён такім спосабам намахляваў ужо пятнаццаць кніжак?! Але, да справы.
Бачу, стаіць ля прылаўка жанчына, а ў яе паміж нагамі дрэмле белая качка, увапхнутая ў торбу з бульбай і булачкамі.
— Качку прадасце?
— Няўжо ж прынесла яе на паказ? Прадаю...
— Колькі цэніце?
— Ат, ужо апошняя, аддам танней.
— Ну, тады колькі?
— Ці я ведаю, колькі з вас узяць?
Хіба жанчына пашкадавала мяне, бо аніяк не магла вымавіць цану.
— Яна ў мяне яшчэ нясецца, але ж патрэбны грошы. Прадам, калі дасце больш, чым іншыя давалі, бо тут ужо прыцаняліся дзве жанчыны...
— Прадайце мне, бо не маю часу ў чэргах стаяць.
— Дзве.
— Што, дзве?
— Ну, за качку дзве!
— Штооо? А паўтары не ласка?
— Ого бачыце, які разумнік знайшоўся! Ужо 1800 давалі!
Думаю: "Буду таргавацца, мо за тысячу шэсцьсот аддасць". А тут раптам падыходзіць дзве жанчыны і даюць за качку 1900. Аднак "зычлівая" прадаўшчыца гаворыць ім, што я быў першы.
— Які ён першы, што тут чарга?!
— Не гарлапань, баба, бо той пан быў першы!
— Мяне так знервавалі тыя спекулянткі, што аж глотку заткала. Адлічыў я тысячу дзевяцьсот пяцьдзесят і рады, што жанчына згаджаецца, папрасіў, каб качку загарнула ў газету. Калі ж я азірнуўся, то ўбачыў, што жанчыны дружна рагаталі." Ну і добра, што хаця не пабіліся з-за мяне", — уцешыўся я і, трымаючы праз газету за тое месца, адкуль магло б выскачыць яйка, чым хутчэй пачыкіндаў дадому.
Пад блокам спахапіўся, што не маю ключа ад склепу. Пакінуў качку ля дзвярэй, а сам паплёўся наверх за ключом. Бягу ўжо па лесвіцы ўніз, а насупраць — суседка і гаворыць: "Ці вы не ведаеце, хто гэта прывалок мне пад дзверы падаль?"
— Якую падаль?
— Нібы качку, але яна ўжо сіняя.
Думаю: "Пляці, пляці баба, а я буду мець яйкі і мяса".
Пахваліўся жонцы, што ў нядзелю будзе есці абед, якога не спадзяецца.
— Ну, ужо зноў хіба кальмараў накупіў?! Сам будзеш смажыць і есці, а я з хаты сыду.
— Кальмараў, кальмараў... я качку купіў, во!
— На рынку дачакалася цябе качка? Бадай ніхто ўжо яе не хацеў!
— Ага, на рынку, і то белую!
— А не апошнюю ўзяў?
"Адкуль жа тая чараўніца ўсё ведае" — падумаў я, але сказаў:
— Не, не апошнюю, яшчэ адна асталася.
— Ну, дык сёння трэба зарэзаць.
— Не сёння, бо мо яшчэ знясецца.
— Прынясі — патрабавала жонка, — я пабачу, што ты там купіў, а калі захочаш патрымаць, каб неслася, то можна патрымаць і на балконе.