Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Клавуня, гэта я, твой Вася

Петручук Васіль

Шрифт:

Хаця мушу лаяльна (ад лаяльнасці, а не ад лаянкі) прызнацца, што апошняя мая вынаходка дасталася мне, як сляпой курыцы зерне. Давялося паездзіць толькі па вёсках, дзе вялізныя лясы, спаліць "крыху" бензіну і "пацягнуць" мужчын за языкі. Але асноваю да цягання іншых за языкі была мая першая размова, зусім на іншую тэму з маім добрым суседам Васілём Сапёлкай. Ён ужо пажылы чалавек, але мае добрую і не лжэ, бо ж баптыст. — Даўным-даўно, у міжваенны перыяд, калі В. Сапёлка быў яшчэ кавалерам, яго мелі прыняць у партыю (не сказаў у якую, але гэта няважна). Аднойчы раніцай ён меў пайсці на партыйны сход у Белавежскую пушчу. Але ж, як добры сын, перад выхадам з дому (мо на цэлы дзень, хто ж яго ведае) вырашыў нарубаць дроў, каб маці мела чым наварыць бульбы на

абед. Калі ўжо канчаў апошняе палена, зласлівасць мёртвых прадметаў спавадавала, што Васіль тапарышчам так трахнуў у міжножжа, што не толькі не пайшоў на сход, а ледзь суседзі адлілі вадою. Адляжаў я, — гаворыць ён, — два тыдні ў пасцелі і так астаўся беспартыйным, шкада, бо тады паліцыя вельмі біла партыйных, а яны з ёю дражніліся. А я, брат ты мой, раздражніваць быў бы першы.

Ён В. Сапёлка, так расказаў, але я ўжо ўчапіўся аднае думкі. Мяне надта зацікавіў ягоны сказ пра ўдар "па званкох" і я запытаў: "Скажыце, дружа, ці перанесены вамі боль не адбіўся адмоўна на плоднасці?" Васіль у адказ зарагатаў і запытаў у мяне, ці забыў, колькі ў яго дзяцей у хаце, бо колькі па-за хатай, то ён і сам не ведае.

Калі ён гэта сказаў, я не мог дачакацца моманту развітання з ім і Іванавай Оляй, якой альпу завёз. Прыкідаючыся, што еду ў лес па маліну, паехаў я па падпушчаных вёсках шукаць мнагадзетных сем'яў. Знайшоў многа такіх сем'яў, у якіх шасцёра дзяцей, гэта найменш. Ва ўсіх дзеці здаровыя і прыгожыя, раз'ехаліся па свеце, не ведаўшы прычыны свайго шчасця, здароўя і прыгажосці. Кожны з іхных бацькоў, будучы кавалерам, перанёс боль тапарышча на сваёй сарамлівай частцы цела. Лічыў гэта няшчасцем, але пасля не здарылася, каб такога здрадзіла жонка, або хаця б адна шлюбная пара разышлася. Каго толькі я адведаў, усе былі людзьмі пажылымі, але здаровымі і радаснымі. Яшчэ пры мне і пры стале цалаваліся, нібы цяперашнія падлеткі. Аднаго толькі не хацелі ўспамінаць: таго, што тапарышчам — надта баліць. Максім нават прызнаўся калі я ўжо выясніў, у чым справа, што меў ён шчасце паспрабаваць болю ад тапарышча і ад чаравіка сябры пад царквою ў Дубічах.

— Ну, і як, — пытаю розніца была?

— Ого, тапарышчам куды больш баліць. Як дастаў пад царквою, то яшчэ вечарам на забаву пайшоў, але як смагнуў тапарышчам, то бадай тры тыдні ляжаў, ногі расставіўшы, і маці толькі ведала прыкладаць кіслае малако або сінюю гліну.

На аснове майго доследу, магу цвёрда сказаць, што блаславенны той, хто дасведчыць болю ад тапарышча і спакойна яго перанясе. Раю ўсім маладым папрабаваць шчасця, мо будзе больш трывала наша сям'я.

1983 г.

ПАДЛОГА РЫПАЕ

Перабраліся мы з жонкай на новую кватэру. Прыгожая, з добрым паркетам кватэра, праз некалькі год стала чыстай мукай. Заўсёды паркет рыпае. Ды не, нельга сказаць, што заўсёды, а толькі раніцай, калі жонка з ложка ўстае.

Колькі я з-за гэтага перажыў! Кожную раніцу са сну выбіваўся. А жонка сустракала адной спеўкай. "Чаго схапіўся, клепкі скрыпяць, а цяжка ў адміністрацыю схадзіць прасіць ратунку?!"

Я адказаў злосна. Пачыналася сварка. З суседзяў ніхто не праспаў — будзіліся на водгук нашай суматохі. Былі нават такія, што стукалі ў сцены, маўляў, спаць не могуць.

Перамогшы сваю ляноту, урэшце пайшоў я ў адміністрацыю з просьбай. Там выслухалі мяне, паспачувалі, але сказалі, што, на жаль, не маюць паркету і памагчы не могуць. Накіравалі да прыватнага столяра, мо ён дапаможа бядзе. А як жа, майстар згадзіўся памяняць клепкі. Прыйшоў, пахадзіў па падлозе, патупаў, памацаў рукою клепкі і са здзіўленнем сказаў: "Я магу перакласці, але ў вас цудоўная падлога і нідзе не рыпае". Не рыпае, не рыпае, — падражніла яго мая, — а чаму рана рыпае?! У нас усё пад мужа, калі трэба, то не рыпае. Бачыце, рана, як нікога няма, сварыцца а цяпер маўчыць, бы вады ў рот яму наліў!

Майстар выслухаў тыраду і абяцаў, што неадкладна пераложыць падлогу — дасць іншыя клепкі. На другі дзень прыехаў з прыладамі і клепкамі, ды ўзяўся зрываць

мае. Сумленны быў. Шкадаваў, што мусіць зрываць светлыя, а ўстаўляць цёмныя і вузенькія. Але зрабіў, узяў добрыя грошы і пайшоў. Не, не пайшоў адразу. Я забыў сказаць, што мы "абмачылі" новыя клепкі, каб не скрыпелі, тады пайшоў.

Леглі мы спаць. Жонка ў сваім пакоі, а я ў сваім. Засынаў я з надзеяй, што заўтра жонка ўстане задаволеная і пойдзе да працы, нават мяне не прабудзіўшы. Але надзея адно, а жыццё — другое. Назаўтра жонка расхадзілася не на жарты: прывёў нейкага п'яніцу, выдаў грошы, а падлога рыпае, як рыпела!

У дурнога заўсёды шчасце. І мне ратунак прыйшоў нечакана. Прыйшла да нас суседка, лекар-рэўматолаг. Сядзелі мы за сталом, пілі каву, ды пры сёе-тое гаварылі. Дайшла размова да сукенак. Жонка ўстала, каб пайсці і прынесці з шафы новую сукенку. У той момант, калі яна ўставала, зноў нешта рыпнула. Доктар паглядзела на жонку і кажа: "Ого, трэба будзе паказацца ў маім кабінеце. Як вы маглі дапусціць да таго, каб ногі аж так скрыпелі. У вас рэўматызм".

Мне стала лёгка, а жонцы сорамна, што такая маладая і з рэўматызмам.

1983 г.

АДСТАЎНЫ КАПРАЛ І СУСЕДКА

Гаворыш, сына ў армію бяруць? Гэта найлепшае, што магло з ім здарыцца. Толькі п'е і за дзеўкамі ганяецца, бы кот за вераб'ямі. Яшчэ, чаго добрага, у суд пападзе і будзеш плаціць за яго аліменты. Добра, калі толькі адной, а што, як давядзецца тром, чатыром?.. Якія цяпер дзяўчаты? Як не ведае, з кім зацяжарыла, то чапляецца найпрыгажэйшага хлопца. А твой жа прыгожы. Што ён гультай, п'яніца і жулік — ёй напляваць, добра, што прыгожы. Дасць яго прозвішча свайму дзіцяці. Плаці, калі дурны...

Чаго ж ты плачаш, думаеш, у войску ён згіне? Не, гультаі ўсюды маюць шчасце. Павер мне. Я ж, брат ты мой, камандаваў цэлым аддзяленнем. А аддзяленне — не пузаты Мікіта, якога водзіш за нос. Яно складаецца з розных салдат. А чаму ты так баішся, каб не трапіў у пяхоту? А хто табе, баба, сказаў, што ў пяхоце дрэнна? Пяхота — гэта багіня палёў, ёй усё падпарадкоўваецца. Калі пяхота скажа бамбіць — бамбяць, калі скажа страляць з гармат — страляюць з гармат. А клопатаў ніякіх. Артылерыст мусіць дбаць пра гармату, каб была чыстая і спраўная, танкіст — пра танк, каб меў гаручае і гусеніц не пагубіў. Не гавару ўжо аб пілотах, якія мусяць Усё ўмець, усё бачыць.

А пяхота? Ведай толькі: добра пад'еў, прыгожа памаршыраваў ды спяваў. А ты, дурная, плачаш па сваім гультаі. Крыжык яму на дарогу! У войску хоць навучыцца пасцель у парадку трымаць, а то спіць, як ў бярлозе, нават ног не мые. Там і ўначы мусіць ногі мыць, бо дзяжурны правярае. Ого, брат ты мой, колькі разоў я па-за чаргой калідоры мыў праз гэта. Але двух лычкаў дабіўся, не думай. Ён не даробіцца нічога, бо гультай. Але няхай паспрабуе вайсковага хлеба.

А калі б трапіў у маракі — гаворыш? Ну, дык што ж. Там, думаеш, нашы не служаць, там толькі марсіяне, ці што? У маракі пападае — пешшу хадзіць не будзе. Там толькі ведай, палубу мый, матроскія катлеты ўмінай і спі ў гойданцы. Нават піць гарэлку можаш. Чаго вочы вырачыла? Можаш піць колькі душа хоча, бо і так усе там ходзяць хістаючыся... О, каб мой ішоў, то было б шкада, згіне. У маці ўдаўся. А, з другога боку, добра было б, каб гада ўзялі, бо даўжэй не вытрымаю, выцвярэзнік за абармота не пад сілу плаціць. Але не возьмуць каму такое цяля патрэбнае, мармытаў адстаўны капрал, сядзеўшы ў пасцелі і здымаючы чаравікі.

Суседка ўжо яго не чула, бо пайшла дамоў, сказаўшы: "спакойнай ночы!"

1983 г.

ЗНОЎ КУР'ЁЗ

Чалавек пражыве жыццё і, калі ён незнаходлівы разява, нічога не даб'ецца. Але гэта нічога. "Якога мяне Божа зрабіў, такога маеш", — гаворыць у маёй вёсцы, і гэта найпраўдзіўшая праўда. А чалавек жа павінен расці, развівацца, падглядаць прыроду ў полі, у лесе, у хляве і на панадворку, а не толькі суседку, як лезе па драбіне.

Поделиться с друзьями: