Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Клавуня, гэта я, твой Вася

Петручук Васіль

Шрифт:

1983 г.

БУТЭЛЬКА

З бутэлькаю звязана шмат нашага жыцця і быць, або не быць". Без бутэлькі не разбярэш, вала не прадасі, дроў не купіш, не змелеш. У кожнай гадзіне нашага жыцця бутэлька іграе асноўную ролю. Але бутэлька поўная. Такая бутэлька прыспяшае рытм сэрца, раз'ясняе вочы і папраўляе настрой. Не гавару ўжо аб дабраце.

А вось пустая пляшка, нібы бяздомная сірата, нікому не патрэбная. Наадварот, чартоўскі перашкаджае дома і купіць ніхто не хоча, хоць усе гавораць аб ашчаднасці.

Сёння ўсю раніцу наша радыё прысвяціла бутэльцы.

Рэпарцёрка ездзіла па ўсёй Варшаве, па ўсіх пунктах,

каб даведацца, дзе і якія прадаюць бутэлькі, слоікі і ўвогуле шкляныя ўпакоўкі. Была яна не толькі на пунктах скупкі, але аб'ездзіла ўсе аддзелы "Сполэм" і шкляныя заводы, спажывецкія крамы. Была нават у міністэрстве.

Ездзіла яна, бадай, пару дзён, бо Варшава — горад вялікі, ды і не заўсёды можна застаць на працы каго трэба. Намучылася, пазлавалася і... нічога не даведалася, бо ўсё яшчэ трываюць нарады, як ацаніць бутэльку: восем злотых за паўлітра і дзесяць за літр, ці мо сем за паўлітра, а дзесяць за літр. Гаварыла з міністрам, які наракаў на ПСС "Сполэм", што не хоча прымаць ад людзей шкла, а павінен. Прадстаўнік ПСС "Сполэм" бараніўся, што не можа прыняць, бо, па-першае: магазіны яго змяшчаюць дзвесце тысяч штук, а прымае пяцьсот тысяч, а па-другое: навошта яму працаваць на кагосьці, значыць на прамысловасць дарма.

Вынік паездак пані рэдактар Гансяроўскай (слава Богу, прыпомніў!) быў такі: даведалася яна, а за ёю мы, што шкло цікавіць толькі аднаго чалавека ў Варшаве і ўсёй Польшчы. Ён скупляе ўсе бутэлькі і слоікі і гаворыць (я сам чуў, што не працаваў бы, каб да інтарэсу мусіў дакладаць.

Жыхарам горада Беластока і Беласточчыны падаю прыблізна яго адрас: Варшава-Урсынуў. Калі, даражэнькія, будзеце ехаць у Варшаву па каўбасы, або на экскурсію на базар Ружыцкага, не забудзьце узяць з сабою шкляныя упакоўкі, там, паводле слоў пані Гансяроўскай, прадасце.

На мой дурны розум прыйшла думка: чым людзі больш адукаваныя, тым больш губляюцца ў пошуках. У нас кожны другі мае вышэйшую адукацыю і кожны другі сярэднюю, а вось вырашыць наконт бутэлькі не могуць.

У Чэхаславакіі народ куды скрамнейшы і прасцейшы. Яны не разумеюць аніякае камбінацыі. Гэтыя "прастакі" ўвялі адну, усяго адну, як гэта не сорам, цану на ўсялякую шкляную пасуду: бутэлька ці слоік каштуюць там адну крону, і ва ўсіх спажывецкіх крамах можаце гэта прадаць. Брыдзяцца толькі загранічнымі, як і мы.

1982 г.

ТУАЛЕТ

Дарагая Рэдакцыя, даражэнькія Карэспандэнты і ўсе, хто толькі ў "Ніву" піша і яе чытае! Абсалютна ўвесь народ павінен пачытаць гэты фельетон, каб пераканацца, якім пераканаўчым спосабам ёсць дотык. Так, гэты звычайны дотык. Напрыклад, бачым нешта белае і не ведаем, цукар гэта, ці соль. Умакаем язык і ведаем, што соль (нам вельмі быў патрэбны цукар). Або іншае, каб пераканацца ці кілаграм абазначае заўсёды кілаграм, суседзі і паспрачаліся. Першы гаворыць, што ён не бачыць розніцы між кілаграмам жалеза і кілаграмам ваты. А другі хітрун гаворыць:

— Калі ты так думаеш, то давай пераканаемся. Бяры кілаграм пер'я а я вазьму кілаграмовы камень. І ты мяне трахнеш тым пер'ем, а я цябе стукну каменем.

А ці памятаеце, колькі было запісана паперы на тэму: "Чаму моладзь уцякае з вёскі?" Напэўна кожны з нас памятае. Але няма ніякіх водгукаў, колькі людзей мы пераканалі, каб не кідалі родных мясцін, родных вёсак, па якіх засумуюць не раз у далечыні. А вось мой добры калега, якога я ведаю ад роду, адным рухам пераканаўся сам, пераканаў жонку і ўскалыхнуў веру ў цудоўнае жыццё ў горадзе. Нават ахвотна яго слухалі ў Гайнаўцы на кірмашы, калі, стаяўшы на возе, гаварыў, бы на мітынгу, аб прыгожасці жыцця ў вёсцы.

Сярод натоўпу Браніслаў убачыў, што нехта смяецца, і падумаў: "Мусіць, яны мне не вераць". Крыкнуў: "Калі сярод вас ёсць скептыкі (ён

гэта слова запамятаў з Кляшчэляў, калі ім назвалі яго за недавер'е, што карова пакрытая), то клянуся Богам, што я сам перажыў прыклад, які абрыдзіў мне горад на ўсё жыццё!"

— Давай, раскажы, няхай усе даведаюцца, — пачулася з розных бакоў натоўпу, — а то яны нікому не вераць — нават "Ніве", раскажы!

— Дык, вось, браткі мае родныя, паехаў я ў гэты халерны Беласток, куды уцёк мой сын і вашы пруцца, бы мухі да мёду. Яшчэ ў цягніку захацелася мне насікаць, але дзе ж там, на хаду нельга адчыняць дзверы, а на прыпынках усюды народ. Думаю, вытрываю да Беластока, а там недзе за кусцік захілюся і па бядзе... Даехаў я, браткі, да Беластока, а тут людзей, як у мяне ля хлявоў мух, а кустоў не бачу. Ужо так захацелася, што далей няма куды. Каб так варочаўся да жонкі ўжо з ПКС, то няхай было б і ў ганавіцы, але тут жа іду да сына і ягонага цесця. Але Бог даў, па дарозе напаткаў я рэчку з заросшым зеллем берагам. Ледзь паспеў увайсці ў гэтае зелле і стаць на каленях, каб сядзеўшыя на супрацьлеглым беразе нічога не бачылі, аж падыходзіць да мяне міліцыянер і пытае: "Што вы, грамадзянін, тут робіце?" Я адказаў, што лаўлю рыбу, але ён не спыніў майго фізіялагічнага дзеяння. Пачакаў, пасля патрабаваў заплаціць 500 злотых за "лоўлю рыб без дазволу" і пайшоў на лавачку, а я да сына, ужо лёгка і здаровы.

Мой сын, браткі, падобны да мяне. Калі ўжо госць у хаце, то абавязкова мусіць яго пачаставаць. Ну, вось, пачаставалі яны мяне абедам і кампотам з сушаных груш з майго садка. П'ю я яго і зноў баюся, каб не захацелася на двор, бо што я цяпер зраблю. А як жа. Пузыр слабы, ці мо ныркі хворыя, як на злосць зноў хочацца. Пасмутнеў я і пачаў падазрона вярцецца, ды і размова не клеіцца. Сын кажа:

— Тата, мо вы хочаце ў туалет?

— А што гэта такое? — пытаю

— Ну мо вы хочаце пасікаць?

— Хачу ўжо даўно. А дзе ён у цябе, гэты туалет?

— А во, побач з кухняй.

— Што, я буду ў хаце сікаць?!

Ты што хворага з мяне хочаш рабіць ці дурня?!

Зазлаваў я і толькі яны мяне бачылі.

Вярнуўся з Беластока на свае прасторы, дзе раблю што хачу, і людзі мне шануюць, як разумнага чалавека, і ў хаце чысціня. Адна толькі думка мяне з'ядае: як вырваць сына з гэтага туалета, каб унукі раслі на прыстойных людзей.

1982 г.

НОВАЕ АДКРЫЦЦЁ

Не крычу "Эўрыка!", бо гэта ўжо чарговае маё навуковае ад-крыццё. Але не загаловак сведчыць аб важнасці мае працы, якая прынясе народу неаблічальныя карысці, калі толькі нашы мужчыны паслухаюць мяне і пачнуць карыстацца адкрытым мною метадам.

Мне нават нязручна самому аб сваіх вынаходках пісаць, бо яшчэ могуць знайсціся людзі, якія скажуць, што хвалюся. Аднак, як добры грамадзянін і патрыёт, мушу, бо зайздросныя журналісты не імкнуцца са мною пагаварыць і за мяне напісаць. З другога боку, мо і лепш, бо я сам больш адукаваны апішу, а гэтыя пісмакі заўсёды выкінуць тое, што найважнейшае. Пасля ніхто не ведае, што да чаго.

А вось што да чаго. Знайшоў я сувязь паміж мужчынскай барадою і жаночым полам. Прынялося, усе ўжываюць, але моўчкі, каб не распаўсюджваць, бо магла б чакаць мяне высокая ўзнагарода. Знайшоў я (мо скажаце, што не?) спосаб на захаванне валосся на мужчынскіх галовах. Напрацаваўся, бо не хацеў: па-першае, каб лысакі валадалі светам, а па-другое, крыўдна было за жанчын, якія пакорна мусілі паддавацца такім, як Каджак, або Фантамас. Таксама ўсе рады, але не бойсь, ніхто не пісне і слоўца ў шведскім пасольстве аб вынаходлівым грабаўлякові. Але гэта нічога. Я і так выйграю, аднак сорамна будзе ўсім за тое, што пры жыцці мяне не дацанілі. Тым больш, што я няспынна працую над усё новымі ды новымі вынаходствамі.

Поделиться с друзьями: