Круг
Шрифт:
…– О-О! У нас госьці! – голас Бабарэкі. Ідзе радасны, на плячах малая дачка. За ім разорай, на якую зьвісаюць кветкі маку і зялёныя сьцябліны кропу, ідуць Ганна, жонка, і жонка Крапівы Лена. Даўгавязая постаць Крапівы завяршае купальную брыгаду.
Усе бадзёрыя, расчырванелыя, мокрыя, з рушнікамі – як сьцягамі.
– Дазвольце, таварышы кулакі й падкулачніцы, пазнаёміць вас і з маёй паловай… – Дубоўка ўзьняўся насустрач і прымружыў правае вока. – А ці знойдуцца ў гэтым маёнтку і нам апартаменты?
Летнія «апартаменты» – асобны пакой з вакном на рэчку – іх чакалі ўжо некалькі дзён.
У вяскоўцаў прыкупілі малака, яек, сала, гародніны, хмельнай «сьлязіны». Днём, калі нагаварыліся, гулялі ў гарадкі. Выйгравалі часьцей Крапіва з Крапівіхай, як гарэзна пачаў
А раніцай Дубоўку разбудзіла новае «ку-ку». Зязюля то заціхала, нібыта задумваючыся, то зноў працягвала свае падлікі.
Ён ціха пайшоў да рэчкі і пасьпеў пакупацца – перш як у ёй адлюструецца сонца. А на беразе ўжо чакала Марыя.
– Ты ж можаш так застудзіцца, – пачала ўшчуваць. – Яшчэ ж дзень наперадзе!
– Так, Марылька, і дзень, і новае лета наперадзе! – Дубоўка скочыў на стромісты ўзгорак і працягнуў ёй руку. А Марыя нечакана войкнула і прыціснула да жывата руку.
– Што?! – насьцярожыўся Дубоўка, а Марыя ўсьміхнулася ў адказ і прыгладзіла яго мокрыя валасы:
– Ну як што? Я ж цяжарная…
* * *
3.Х.1928, Масква
Бабарэку Адаму.
Братка Адам!
Атрымаў часопісь. Страшэнна многа памылак. Мабыць, трэба разьвітацца з Гомелем і даць друкаваць у Менску. Абмяркуйце гэта пытаньне… Трэба выдрукаваць невялічкую ўклейку з заўважанымі памылкамі…
Пішы, што добрага і дзе.
Вітаю нашых. Цалую цябе.
УЛАДЗІК, каторы ДУБОЎКА.
* * *
26.ХІ.1928, Масква
Браце Адам!
Паслаў вось табе вершы, а зараз і шкадую: ня трэба было пасылаць. Добра, што папрасіў быў цябе не чытаць нікому – бо дрэнна з мастацкага боку. Зараз прагледзіў іх яшчэ і прашу цябе не друкаваць іх зусім. Чаму? – Напісаны яны, выключаючы двух, даўно і аб’яднаны выпадкова пад назвай “Пярэсты букет”. Ці зьяўляюцца яны ўзорнымі для мяне? – Не. Адно – толькі могуць быць скарыстаны супроць нас: “вось як пішуць! Кусі яго!”. Дзеля гэтага, лепш не друкуй. Тым лепш, што я ў шосты № прышлю добры артыкул…
Наогул, адносна вершаў – справа дрэнь. Не таму, што “выпісаўся” я – гэта глупства, бо якраз наадварот – пішу і чытаю шмат. Але нешта іншае, больш глыбокае. Бардак, у які пачынаюць ператвараць справу беларускае культуры, немагчымасьць змаганьня з шкоднікамі на культурным фронце, вялікія перашкоды, якія ставяць увесь час перад намі – робяць сваю справу. Я пачынаю глядзець на гэта як на нейкае паганае балота, ад якога хочацца быць далей. Мэліяраваць можна і варта толькі такія плошчы, якія знаходзяцца вышэй узроўня вады… Такім чынам, справа наша прападае марна: няма як мэліяраваць… Вось такія думкі пакуль адбіваюць ахвоту ад вершаў. Сапраўды, што пісаць і як пісаць? – Лірыку “голую”, каб нехта ў тваё інтымнае пляваў і смаркаўся? Грамадскія матывы? А хто яго зараз ведае, я цяпер ні з кім не гавару нават, ня тое што пісаць пра грамадскія матывы: члены ЦК аказваюцца вінаватымі ў розных ухілах, што ж казаць пра нас, грэшных? Пра што ж пісаць? Браць тэмы далёкія? Вось як капанешся ў далёкія тэмы, дык там і нацыяналізмы і містыка. Такім парадкам, я зусім лагічна прыйшоў да вываду: вершы зараз нікому не патрэбны, бо – тым больш на Беларусі – яны наогул скампраметаваны…
Пасылаю табе зборнік юнацкіх вершаў А. Блока і часопісь “Новые Пропилеи” – як узор выданьняў. Глядзі на часопісь – набор такога фармату, як у нас, а папера большая і выглядае лепш. Такжа і вокладка… Бяда, што ў краіне папяровы голад…
Пішы, што добрага наогул. Як гадуецца Аня з дзеткамі, як Кандрат наш Крапіва з Ленай?
Вітай Гарэцкага Гурыка ды і Максіма такжа, калі бачыш іх. Зусім я адарваны ад вас, ад вашых навін.
УЛАДЗІК.
17.
На пачатку 1929-га часопіс «Узвышша» апублікаваў яго новую паэму «І пурпуровых ветразяў узьвівы». Дубоўку здавалася, што ён уклаў у яе ўсе свае думкі, усе трывогі, усе прадчуваньні і засьцярогі, што з месяца ў месяц не давалі спакою ні яму, ні ўсяму згуртаваньню.
Развага
і пачуцьцё, Матэматык і Лірык сышліся на старонках ягонае паэмы – як сышліся ў жыцьці новае і спрадвечнае. Усё, што адбывалася ў імклівай рэальнасьці, перадавалася вершавана-афарыстычна. Матэматык крытыкуе Лірыка: Ты не шукаеш вобразаў рэальных, даступных і карысных у змаганьні… У нашы дні руін і будаўніцтва паэт на фроньце антырэлігійным павінен быць, а не бадзяцца недзе па балотах палескіх і выгарах. А Лірык глядзіць далей: У нашы дні радасьці і гора патрэбны дойліды й дзеньдзівары; аднолькава іх права на паветра, ды і на сонца такжа. Для ілюстрацыі сваіх думак Лірык расказвае некалькі казак, у адной з якіх паўстаюць начныя здані – партрэты літаратурных ліхвяроў, далакопаў «Узвышша». Найбольш пазнавальным з іх атрымаўся Гартны: Вось ідзе адкрыты чэрап, ён мазгі нясе ў партфелі, свае іклы злосна шчэрыць, каб яму асанну пелі.Паэма ўзарвала літаратурны Менск. З шалёнай і пагромнай крытыкай накінулася на аўтара Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменьнікаў, створаная з парэшткаў «Маладняка». З даўжэзным ваяўнічым артыкулам дэбютаваў у «Савецкай Беларусі» Бэндэ – будучы крытык-далакоп нацыянальнай літаратуры. А за ім – ледзь ня хорам: Гародня, Барашка, Мурашка, Канакоцін, а затым стрэліла і «Зьвязда», афіцыйны орган ЦК КП(б)Б. У Матэматыку пазналі бальшавіка, якога перамагае Лірык – узвышавец, а Дубоўка, маўляў, прапануе чытачу выбар: «пайсьці з гэтымі дурнымі бальшавікамі ці з намі»…
Пагромную буру Дубоўка паспрабаваў суняць лістом у «Зьвязду»: мая паэма вытлумачваецца няправільна варожымі крытыканамі. Аднак гэта абудзіла яшчэ мацнейшы супраціў. Яго апафеоз – асобная дыскусія ў будынку Беларускага дзяржаўнага тэатру. Прыйшло шмат народу, многім не хапіла месца. Як па спектаклі – спланаваныя выступы з асуджэньнем. Ні аўтару, ні ягоным сябрам не далі слова, што абурыла некаторых прысутных, – і сустрэча затым ледзь не перарасла ў мітынг.
Гаворка перакінулася ў студэнцкія аўдыторыі, перайшла і на Украіну, у Расію.
Аднойчы Дубоўку выклікалі ў ЦК Усерасійскай кампартыі. Сустрэў, усьміхаючыся ў невялікія вусы, загадчык аддзела друку Платон Кержанцаў:
– Ведаеш, да нас дайшоў почут пра тваё творства… Я дасканала вывучыў усю справу, параіўся з многімі. Здаецца, у цябе ёсьць усе задаткі генія… – і зірнуў з-паділба, сур’ёзна. – Я прапаную табе сваю падтрымку. Падтрымку і апеку. Адна ўмова: кідай сваю правінцыю. Пішы па-руску. І станеш у нас адным з першых…
І на тое ўсьміхнуўся ўжо Дубоўка.
– Ведаеце, – сказаў, – я ўдзячны вам за ўвагу… Аднак мову, як і маці, не выбіраюць. І зьмяніць яе без душэўных стратаў немагчыма…
* * *
29.ХІІ.1929, Масква
Браток Адам!
…Справа не ў прызнаньні неіснуючых у нас памылак на агульнай лініі. У тым уся бяда наша, што мы вялі вытрыманую, чоткую лінію ў літаратуры, а прадстаўнікі ЦК балталіся як барановы муды між ног Цішак Гартных ды інш. У тым і ўся бяда наша: “трэба было ўмазацца”. А мы не захацелі мазацца, а мы змагаліся супроць рознай пошкудзі, якая цалкам збанкрутавала. Больш: няёмка нас зачыніць за ўсё гэта. Дык вось нам прапануюць: прызнайце, што ваша лінія памылковая. Як толькі мы прызнаем гэта, нам адразу, не чакаючы ні хвіліны, які Функ перадавіцу напіша: “Даўно трэба было зачыніць гэту публіку”… Выключна для гэтага і патрабуюць ад нас “прызнаньня” “памылак”…