Круг
Шрифт:
Бразнулі дзьверы камеры, і яго выклікалі на першы допыт. Хударлявы белагаловы ўпаўнаважаны, пыхкаючы папяросай, падаў Дубоўку прыкамечаны аркуш і затуплены аловак:
– Падпішы.
Дубоўка прабег вачыма па радках турэмнай пастановы: «1930 года августа 2 дня. Я, уполномоченный ПП ОГПУ БВО <…> рассмотрев дело №13221 и принимая во внимание, что <…> гр-н Дубовко Владимир Николаевич в достаточной степени изобличается в том, что принадлежал к нелегальной а/с организации <…> постановляю: Дубовко В. Н. допросить в качестве обвиняемого по сему делу, предъявив обвинение в принадлежности
Ст. уполномоченный Сикорский».
– Я ў аніякай нелегальнай арганізацыі ня быў – і падпісваць гэтую ахінею ня буду, – спакойна адказаў Дубоўка. Непадпісанымі вярнуў і прад’яўленую яму пастанову аб заключэньні пад варту і абвінаваўчае заключэньне.
Упаўнаважаны задуменна хмыкнуў, падпаліў новую папяросу, доўга зьдзіўлена аглядаў ягоны белы касьцюм – а затым націснуў на чырвоную кнопку пад сталом. Ціха ўвайшлі яшчэ двое службоўцаў…
У той дзень Дубоўку ўпершыню зьбілі – люта, па-жывёльнаму. Дужы малады арганізм доўга стрымліваў зьдзекі, аднак забыцьцё было таксама доўгім і немарасьцевым.
Апрытомнеў ён на каменнай падлозе ў сваёй камеры. Захацеў прыўзьняцца – з рота хлынула кроў, у вушах балюча загуло, і ён зноў праваліўся ў цёмны морак…
На некалькі дзён пра яго забылі: нават «вочка» ў дзьвярах ні разу ня шкрабнула. Калі адышоў боль, нахлынула новая пакута – смага. Губы распухлі, у роце пякло, жывот пераварочвалі спазмы, а затым у вушах пачало гудзець.
Паспрабаваў лізаць вільготную сьцяну – язык адмовіўся варушыцца. А на плясьніва-шэрхлым бетоне зьбіраліся халодныя кроплі – і здаваліся самым дарагім ласункам…
Яму зблажэла. Страта прытомнасьці млосна перарастала ў сон, мрою, трызьненьне… З Лідчыкавай хаты ён глядзіць у бінокль на манькаўскую дарогу, на калееўскае поле, на лес, а ўсё тое знаёмае раптам пачынае зьнікаць, зьмяняцца чужым, сполашным, а затым і зусім накрываецца белым туманам… І недзе зьверху – голас прадзеда Якуба: «Не хачу жыць… працаваць не магу…» І галавой – у ваду, у сьцюдзёную вазёрную бездань… І словы з незнаёмым хрыпам: «Не подох там ещё?»
Гэта на ягоную галаву вядро вады лінуў хтось хрыпаты. І сілы – як у сна пазычаныя – вярнуліся.
– Я і вас яшчэ перажыву…
– О! И голосок прорезался! Давай на выход!
А ўстаў – каменныя сьцены, пачырванелыя ўраз, уваччу паплылі. Так і йшоў, за сьцены трымаючыся. Ледзь адолеў доўгія зашмальцаваныя прыступкі.
Той жа белагаловы «ўпаўнаважаны»:
– Не одумался ещё?
І на яго як штось найшло: выпрастаўся, зболенымі вачыма апёк…
Белагаловы расьціснуў папяросу – і зьніякавеў, перахапіўшы позірк падсьледнага. Наструніўся, уздрыгануў плячыма – і асеў.
– Увести арестованного! – загадаў і пацягнуўся да новай папяросы.
Што ўбачыў ён у скатаваных вачах? Усплёск хваль Доўжы? Цень звонкай мядзельскай дубровы? Глыбіню Чортавага вока – балота прыагародніцкага лесу? Глыбіню ўжо нечалавечую, адбітак чагосьці іншага, незалежнага, няскорнага? Адчуў, што гэты – ня зломіцца перад ім, у анічым ня скорыцца?..
…У камеру прынесьлі ежу: місу баланды і лусту хлеба. Еў скрозь сілу, адкашліваючыся крывёю і нейкай кіслай сьлізьзю.
А затым зноў праваліўся ў сон – на вогкай бетоннай падлозе.Была ноч, калі пачуў рэзкі дзіцячы плач – пад сабой, зьнізу, – як з пекла. Сьціхне – і зноў, больш выразны і пякельны.
Прымроілася, падумаў. А праз дзень, калі пачалі выводзіць у дворык, стары наглядчык шэптам торапка распавёў, што на першым паверсе, пад ягонай «адзіночкай», адна жанчына, настаўніца, нарадзіла сына… Нарадзіла… Тут…
А далей ён зблытаў выклікі наверх: раніцай, увечары, ноччу. Больш ноччу. Людзі ў форме мяняліся, амаль усе курылі. Паказвалі розныя паперы – даносы на яго.
Усьміхаліся і білі. Зноў усьміхаліся. Зламалі палец на правай руцэ. І зноў тыя паперы – з рыпучай шуфляды – на стол:
– Читай, с-сука!
І ён чытаў, чытаў і, каб ня боль ад пальца да локця, згодны б быў думаць, што зноў сьпіць і трызьніць немагчымае: былыя сябры-знаёмцы запэўнівалі ледзь не аднымі і тымі ж словамі: ён вораг, нацдэм, якога трэба тэрмінова пакараць, асудзіць… год таму пры сустрэчы казаў тое і тое… А ў той паэме дапісаўся да такога… а чытаючы ў Менску перад студэнтамі вершы, дагаварыўся да… А в его стихах чувствуется злостное хихиканье классового врага, который высмеивает и советскую действительность, и культурное строительство… А яшчэ ж два гады таму гэты «падпісант» кляўся ў сяброўстве, геніем, выпіўшы, называў, прасіў паспрыяць сваёй публікацыі…
І зноў подпісы… Знаёмыя подпісы – і па «Маладняку», і па «Узвышшы». І… брат… Родны брат Язэп – у адзін голас з імі! Запэўнівае, што не паўторыць ягоных памылак, больш таго – сам пачне пісаць, каб сваімі народнымі творамі перакрыць-адчысьціць братаву контррэвалюцыйнасьць…
Вось тады перад ім зноў пайшлі ўкруга сьцены. У галаве пачаў хтось сьмяяцца, гаварыць штось разрывіста… І часткай сваёй незацемненай сьвядомасьці ён пачаў разумець, што – вар’яцее, і сілаў ня мае супраціўляцца, нават думаць ужо ня мае сілаў…
…І звар’яцеў бы, калі б ня гэты стук жалезных дзьвярэй – непадобны да ранейшага, – спакойны, стоены.
На падлогу ўпаў скрутак у палатнянай сумцы.
– Передача от жены.
Знаёмая сумка. У ёй – адзежа і кніга… Цёплая бялізна, швэдар, шкарпэткі, чаравікі. Томік Байрана ў цьвёрдай зялёнай вокладцы, адзін са збору твораў.
Расклаў, як не сваё, на кант жалезнага ложку (апускаць дазвалялі толькі ноччу), а ў галаве з кожным стукам сэрца: «…от жены… от жены… от жены…».
На другі дзень пасьля арышту Марыя пачала шукаць мужа па маскоўскіх турмах. «Такога няма», – быў аднолькавым адказ. Адзін стары, які некалькі разоў сядзеў «за рэвалюцыю» яшчэ пры цары, параіў ёй: «Не пытайся, ці ёсьць, а прасі перадачу пакінуць».
Так і рабіла. У Бутырцы адказалі: «Перадачы яму забароненыя». Значыць, тут.
Праз два дні прыйшла туды ж, і перадача – тая ж. Адказам агаломшылі: «Такога ў нас няма і не было ніколі». Ледзь не самлела, адразу ж пра горшае прымярэсьцілася…
Вечарам пайшла да Адамовіча, адрас знала яшчэ з таго часу, калі была з мужам, з мужам аднаго разу і гасьціла ў Адамовіча – колішняга старшыні Саўнаркому Беларусі.
Той адразу ж зразумеў, нават не даслухаў:
– Паспрабуйце пашукаць мужа ў Менску.