Круг
Шрифт:
– То скажы, каму паціснуць руку?
– Гэтымі днямі яго штось не відно было...
У прадапошні дзень працы канферэнцыі, 20 лістапада, пасьля агучваньня рэзалюцыі абвесьцілі перапынак. Тады яны і сустрэліся – дужы высачун з каротка падстрыжанымі валасамі, блакітнымі вачыма й строгімі брывамі і колішні прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі, пісьменьнік і выдавец Вацлаў Ластоўскі, які пра тога высачуна ўжо шмат чуў і рэцэнзаваў у друку ягоныя кнігі.
– Дык вось ты які, Дуб-Дубоўка?! – ці спытаў, ці падзівіўся ён.
Парукаліся, і Ластоўскі ўважліва агледзеў Дубоўку: галава крыху набок (нібыта саромеўся свайго росту), погляд адкрыты, але з
Яны выйшлі на вуліцу, і там Ластоўскі прызнаўся, што завочна ўжо даўно ведае Уладзімера – яшчэ па віленскім часопісе «Маладое Жыцьцё». Распытаў пра клопаты ў Маскве, памаўчаў – і нарэшце прызнаўся:
– Мяне ўразіў некалі твой верш «Малітва ўцекача»… А тут, у Менску, далі прачытаць «На ўшанаваньне новага падзелу...» Янкі Крывічаніна... І хачу я... – Ластоўскі зноў сьціх, уважліва зазірнуў Дубоўку ў вочы. – Хачу, як рэдактар «Крывічаніна» і «Крывіча»... як няштатны пасланец Крывіі паціснуць Янку Крывічаніну руку, – і бадзёра працягнуў суразмоўцу сваю пяцярню.
Дубоўка таксама ўважліва ўгледзеўся ў Ластоўскага, затым абодва ўсьміхнуліся, і старэйшы абняў малодшага... (А верш, назваўшы па першым радку – «За ўсе краі, за ўсе народы сьвету…», перадрукаваў Езавітаў – у першым нумары віленскай «Беларускай Культуры» за 1927 год – са сваім допісам: «...гэты верш адбіваець праўдзівыя настроі і думкі беларускага народу, у нетрах якога накіпаець пратэст проціў камісарскіх гвалтаў...».)
А калі Дубоўка з Пушчам пасьля канферэнцыі сядзелі ў рэстарацыі – за вішнёвай аксамітнай шырмай – і ўжо дапівалі моцную каву, зусім побач, за сьпіной, пачуўся знаёмы гарэзны сьмех.
Дубоўка вызірнуў у шчыліну паміж сьцяной і шырмай – Наля какетнічае ў вясёлай кампаніі: хтось у касьцюме з тройкай, пэўна, камсамольскі ці партыйны службовец (іх ён пазнаваў беспамылкова), праваруч ад яе – Алесь Дудар, якому даўно па-мужчынску хацелася набіць морду, і Александровіч – эх, Андрюша-Вырви глаз, налетай, рабочий класс!..
– Ого! – Дубоўка ажно скалануўся. Заклаў за вуха цыгарэту – і да суседняй кампаніі. Імпэтна падсеў на нібыта адмыслова для яго пакінуты стул, па-заліхвацку закінуў нагу на нагу, прывітаўся. – Мне гэта… Не дае, шаноўныя таварышы, спакою адно пытаньне… – Гарэзьліва падпаліў цыгарэту, пусьціў на стол доўгі струмень дыму. – Што ўсё ж зьявілася першым: слова ці тое, што за ім разумеецца? – Заўважыў, як усе зьнерухомелі, чакаючы працягу. – Вось… Так і знаў, што ня ведаеце. А пачытаеш такіх шчанюкоў, – і кіўнуў на Дудара, затым – на Александровіча, – падумаеш, што напачатку і ня слова, а гаўканьне было. – І ўстаў, як нічога ня здарылася, ступіў колькі крокаў да шырмы, затым рэзка крутнуўся: – Ах, во… Забыў. Калі на дуэль захочаце запрасіць, я да вашых паслуг. У Менску буду яшчэ з тыдзень.
Адразу ж яны з Пушчам і пайшлі да выхаду. Каля дзьвярэй яго дагнала Наля.
– Уладзя, ты што гэта…
Але ён ня даў ёй дагаварыць, спыніў халодным:
– Ідзіце, Анастасія Паўлаўна, за свой столік. Не пакідайце такой пашанотнай кампаніі…
15.
Найважнейшай задачай для іх было заснаваньне свайго часопіса. Правільней – атрыманьне дазволу на яго выданьне, што ў гэпэушнай дзяржаве дамагчыся было не прасьцей, чым у царскай.
Колькі лістоў складзена!
Колькі дзьвярэй адчынена!
І вось нарэшце свайго дамагліся. Сам Чарвякоў з асабістага фонду выдаткаваў на выданьне іхняга «Узвышша» невялікую субсідыю, і яны паверылі: часопіс зьявіцца.
І зьявіўся – у студзені 1927-га. І жыцьцё пайшло новымі кругамі: падбор матэрыялаў,
рэдагаваньне, вычытка, друкарня (у Менску ня бралі, давялося пасылаць у Гомель), распаўсюд…Рабілі бяз платы, нават ад ганарараў за свае публікацыі, каб зэканоміць болей, ня бралі.
Цешыла тое, што часопіс атрымаўся, што яго чыталі, яго шукалі, – і да лета 1927 года наклад стаў большым, чым у «Маладняка», перарос дзьве тысячы, а гэта значыць – «Узвышша» хутка зробіцца самаакупным, стане фінансава незалежным!
А ў адказ яшчэ больш люцелі іхнія апаненты. Цішка Гартны адмо-віўся друкаваць новую Дубоўкаву кнігу «Наля», сказаў адкрыта, без дыпламатыі:
–Пакуль я кіраўнік Цэнтральнага выдавецтва, кнігі Дубоўкі ў Беларусі выходзіць ня будуць!
І што на такое можна адказаць? Чым? Хіба толькі зноў – новымі творамі…
Дубоўка мусіў друкаваць «Налю» ў Маскве – у выдавецтве народаў СССР. Выдавецтва ледзь ліпела, і аздоба кніжкі выйшла вельмі сьціплай.
Травеньскі нумар «Узвышша» зьмяшчаў яго паэму «Кругі», прысьвечаную Бабарэку. «За натхненьне табе прысьвяціў Гэты твор пераходны, ламаны. У жыцьці давялося ісьці Да яснот праз імжу і туманы», – былі там адкрытыя радкі да сябра. І задумвалася новая паэма, якой ужо і назва была – «І пурпуровых ветразяў узьвівы», і прадбачваўся новы раман, імя якому – Марыя…
16.
Цягнік фыркнуў, паднапяўся – і, набіраючы хуткасьць, зьнік.
І раптам так спакойна ім стала, як бывае адно ў дзіцячых снах – перад раніцай.
А быў дзень, і лета ў самай хмарнай вышыні, і густахмельныя ўзьлескі, якія палахліва спыняліся перад чыгуначным насыпам.
І зязюліна «ку-ку» за сьпіной.
І сьпешная сьцежка да недалёкай вёскі – летняга спачыну, дзе іх – Дубоўку з маладой жонкай – чакалі сем’і Бабарэкаў і Крапівы.
І лясная вёска з ласкавай назвай – Да-ра-га-на-ва.
І дзьве гонкія ліпы з бадзёрымі пчоламі перад хатай.
І рэчка за падворкам.
І сонца над усім…
Дзьверы расчынены насьцеж. Вялікі букет кветак на стале. Белыя фіранкі на вокнах варушыць скразьняк. Напалоханы чмель б’ецца ў шыбу.
І больш – нікога.
Выйшлі на падворак. Скошаная трава пасьпела адрасьці і мякка казытала босыя ногі.
Дубоўка лёг на копку пахкага сена, тварам да неба, да зманлівай недасяжнасьці. Марыя прысела побач.
Цішыня й цяплынь.
Цяплынь – і цішыня.
І зноў задуменнае «ку-ку», недзе зусім блізка, як за сьпіной, недзе зусім шчыра, як ад сэрца…
Яны пазнаёміліся восеньню 1927 года. У Беларускім клубе на Арбаце пачаліся курсы беларускай мовы, якімі кіраваў Дубоўка. Марыя – маладая настаўніца, за сьпіной у яе – Гомельская гімназія, Акадэмія камуністычнага выхаваньня, праца па разьмеркаваньні ў Кузбасе, два гады – у Сібіры. І вось – курсы роднай мовы…
Ён некалькі дзён прыглядваўся да гэтай сур’ёзнай дзяўчыны, якая садзілася на заднюю парту, але слухала ўважліва.
Напачатку зьдзівілі яе вочы – глыбокія карычневыя зрэнкі нібыта хавалі важную таямніцу, праменілі спакоем і мудрасьцю. Роўны нос падкрэсьліваў яе цьвёрды характар, тонкія вусны – адказнасьць, надзейнасьць.
Аднаго разу пасьля заняткаў ён правёў Марыю да яе кватэры – ад Арбату да Старой Сіманаўкі. Затым праводзіны перарасьлі ў доўгія шпацыры па вячэрняй Маскве, наведваньне тэатраў і канцэртаў.
Марыя падкупляла сваёй шчырасьцю, спагадай, дабрынёй, – і самастойнасьцю. Даўно страціла сувязі з сям’ёй, аднак не згубілася, яе закаляла мужнасьць шляхецкага характару, яна шукала сябе ў гэтым няпростым жыцьці…