Круг
Шрифт:
Бразнулі дзьверы.
– Заключённый, на выход!
Падымаўся наверх як сп’янелы. Туманна і неўразумела глядзеў на сьледчага.
«…вот и жена ваша просит утихомириться, признаться… Все признаются. Подпиши – и валяй к жене, сына расти…»
А ў ім загучала сваё: «…от жены… от жены… от жены…»
І сьледчы спыніўся. Зірнуў на гадзіньнік, «Есть просьбы?» – выціснуў.
– Ёсьць. Дайце аловак і паперу…
Сьледчы хмыкнуў, зьдзіўлена скасавурыўся, адсунуў скрыпучую шуфляду, выцягнуў аркушаў з дзесяць добрай белай паперы, паклаў на стол, затым адтуль жа дастаў аловак, разламаў яго і меншую частку кінуў на
– К душе тюремных сторожей как будто жалость путь нашла, – расьцяжна прамовіў Дубоўка.
Сьледчы зноў хмыкнуў, выклікаў дзяжурнага:
– Увести!
Атрымаўшы паперу і аловак, ён зноў паверыў у пачатае, паверыў у тое, што яно можа зьберагчыся – нават калі ягоную памяць выб’юць кулаком ці ботам.
У той раз ён убачыў больш, чым нават зьберагалася пад радкамі: убачыў і «палярны дзень», і «шаты сьнежныя», якіх не было ні ў Байрана, ні ў Жукоўскага, але якія былі ў яго. Перад ім… І –
…ні сына, бацькі, ні радні, ні сябра ў горы тым – адзін…На гэтым сілы пакінулі яго. Ён зноў абрынуўся ў змрочную бездань, прыкрыўшы галавой сьпісаны аркуш.
Адзін…
3.
Дні, тыдні, нават месяцы зьліваліся ў адно, аж пакуль яго з паўсотняй іншых вязьняў адной сакавіцкай ноччу не прывялі да вагону.
Калі вагон – значыць, ня ў лес…
Ах, як п’янілі маладыя подыхі вясны, чагосьці далёкага і недасяжнага – з закратаванай камеры. І гэтая поўня над капялюшыкам срэбнай хмурынкі…
Дзьверы закрыліся – і зноў цемра, зноў задуха.
Па тым, колькі і як ехалі, ён адчуваў, што – зноў Масква. Так яно і было.
Бутырка, перасыльны корпус.
На трэці дзень да яго ў камеру прывялі яшчэ аднаго зэка. Ён прачнуўся, мружыў вочы ад сьвятла вялікай лямпачкі і не даваў веры бачанаму: перад ім, з ім – Бабарэка! Такі ж, як і ён сам, – няголены, нямыты.
Рэшту ночы было не да сну. Аказалася, Адам таксама адседзеў больш за паўгоду ў Валадарцы. Сьведчаньне таго – спаленыя, туманныя вочы, шэрыя кругі пад імі, выбітыя зубы й разьбіты падбародак, патрушчаныя фалангі пальцаў. Доўгія цёмна-сінія пасы на грудзях – сьляды гумовага шланга… Акурат паверх шнараў – паверх выпаленай зоркі…
Пра мінулае не гаварылі: былі ўпэўненымі, што іх падслухоўваюць. Фразы ці будзённыя, ці алегарычныя, толькі ім даступныя. Але Дубоўка ня вытрымаў:
– Вось, – дастаў з кішэні тры акуратна складзеныя аркушы, шчыльна сьпісаныя простым алоўкам, – Байрана ў Менску пераклаў…
Блізарука жмурачыся, Бабарэка нахіліўся да лямпачкі і стаіўся, чытаючы. Затым апёк засьлёзенымі вачыма, абняў:
– Трэба і мне захаваць…
Не адкладваючы на ранак, так і прастаяў з паўгадзіны каля падваконьніка (балазе тут яны былі не такімі высокімі, як у Валадарцы), торапка перапісваючы Дубоўкавага «Вязьня».
Праз тыдзень Бабарэку этапіравалі, а яшчэ праз тры дні зачыталі пастанову калегіі АДПУ СССР і яму: за ўдзел у літаратурнай групе Саюзу вызваленьня Беларусі і кіраўніцтва ягоным Маскоўскім філіялам асудзіць на пяць гадоў і выслаць у Яранск.
Зноў ноччу іх – на вока больш за сотню – вывелі да турэмнай брамы.
– Внимание, колонна! По пути следования не растягиваться. Не разговаривать и не подавать никаких знаков. Не оглядываться назад
и не смотреть по сторонам. Шаг вправо, шаг влево будет считаться попыткой к бегству… Без предупреждения будет применено оружие… Шаго-о-ом ма-арш!І пайшлі – кружляючы глухімі завулкамі.
Пустая таварная станцыя, зноў поўня над галавой, толькі голая, па акружнасьці пачырванелая, як падпечаны яблык… І сабакі… Упершыню сабакі – у паўметры ад ног ляцкаюць засьлюненыя клыкі…
Подбежкам – да «сталыпінскага» вагону. Гохнулі дзьверы. А здалёк – зноў сабакі, зноў каманды: гоняць чарговую партыю ў суседні вагон…
«Сталыпінскі» вагон – турма на колах: калідор і «купэ»-клеткі. Ад калідору клеткі аддзелены кратамі. У кожным «купэ» – невялікае закратаванае вакенца. Лаўкі – з двух бакоў, у тры паверхі. На вагон – восем «купэ», у кожным па шаснаццаць вязьняў: дзесяць зьнізу (па пяць на лаву), чатыры – на другім «паверсе», два – на трэцім. Рэчы – пад лавамі і на праходзе.
Цесна, не павярнуцца. Спаць – па чарзе, лазіць наверх.
Яшчэ раз праверылі, пералічылі – каб роўна па шаснаццаць, выдалі кожнаму па селядцу і кілаграму хлеба – «На двое сутак каб хапіла!».
І рушылі.
Эшалон пасоўваўся павольна. Днём стаяў на нейкіх зарослых «запасьніках», між таварнякамі, – далей ад людскіх вачэй.
Сьпёка, смурод. І пасьля селядца – страшэнна хочацца піць. А на суткі – тры кружкі вады. Наліваюць з нейкай даёнкі, так што палова кружкі застаецца на падлозе. І кожны дзень, калі стаялі – стук у сьцены, столь: дзяжурныя канваіры правяраюць, ці не праломленыя дошкі вагонаў…
Калі чарга лезьці наверх спаць дайшла да яго, цягнік стаяў на нейкім адзічэлым перагоне, у лагчыне паблізу асыпанага сонцам пералеску. Насупраць вакна – праз дзьве зіхоткія рэйкі – падобны эшалон, жаночы. Хтось прашаптаў, што з Харкава.
Ён зірнуў праз краты на волю: сонца, пералесак, а ў такім жа закратаваным вакне – маладая постаць: вішнёвая палінялая кофта, шэрая хусьціна, з-пад якой выпалі далікатныя каштанавыя кудзяркі, чорныя вочы пад паляшуцкім узьлётам броваў, сьпелыя вусны…
– На-а-аля!.. – ён з трэскам ірвануў краты, напалохаў суседзяў па «клетцы». Жанчына нават брывом не павяла. – На-а-аля… – ужо прашаптаў ён і асеў.
– Лезь, чалавеча, адпачні. Сон, кажуць, найлепшы лекар, – азваўся яго сусед, на выгляд – самы старэйшы з іх, колішні вясковы настаўнік з-пад Слуцка.
Дубоўка адмоўна хітнуў галавой і, як праваліўшыся ў сябе самога, сядзеў моўчкі, нерухома глядзеў на жанчыну ў шэрхлай рамцы вакна «сталыпін-скага» вагона, – толькі нервова ўздрыгвалі абачынкі на левым воку, толькі ў прыліве млосьці патанала-цяжэла сэрца. У ім – парогі Дняпра, харкаўская Наля. І маладнякоўка-Анастасія, названая ім Наляй. І яго кніжная «Наля». І яго Наля апошняя – пакутная Марыя.
«Дзе яна, як яна з сынам?..»
У Валагодскую турму, дзе была перасыльная зона, іх таксама прывялі ноччу.
Спалі на каменнай падлозе, пад галавой – у каго мех, у каго торба з цёплай вопраткай. А раніца пачалася з агляду.
Самае агіднае – прысяданьне голым пад мацюкі аховы.
Затым – сьпешнае «камплектаваньне» новага сібірскага этапу, які назвалі акадэмічным: сабіралі амаль адну інтэлігенцыю.
Бачыў некалькіх знаёмых па Менску: Цьвікевіча, Дылу, Кіпеля.
Ім Дубоўка і прачытаў складзены на этапе верш – «Песьня беларускіх выгнанцаў»: