Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Ні больш, ні менш! А яшчэ «роўнадушша да лёсу свайго і лёсу грамады і кісьленькае інтэлігенцкае хныканьне». Найбольш дасталося ягонаму вершу «Далёкае мы любім надта». Нават самому захацелася перачытаць той верш у кнізе:

Далёкае мы любім надта, чужыншчыне паклоны ўдол. А хто успомніць нашы хаты за нізьзю ціхіх кволых слоў? Паэты гімны ўсім складаюць, а беларусам – пушча, гай. Мая краіна дарагая, ты прабачала – выбачай. Такі
наш лёс, такая доля,
галовы хілім нізка… Ой! Даволі рабства ўжо, даволі, таварыш любы, браце мой!
Хай будзе ў кожнага з нас сілы ісьці, змагацца – сьмерць адна. – …Ці пад ярмом, як у магіле, ці у магіле без ярма…

Але «пад ярмом» ён пачувацца не хацеў. Значыць, трэба даваць адлуп, каб і з іншых не пачыналі рабіць падобных злачынцаў і ворагаў.

Аднак пасьля яго пачалі беспардонную лаянку Пушчы, і зноў ананімна. Не пасьпеў парадавацца за выдатны зборнік сябра «Vita», не пасьпеў як сьлед прывітаць яго, а тут А.Д. (ці не Алесь Дудар, літаратурны сакратар Цэнтральнага бюро «Маладняка») без тлумачэньняў і аргументацый у новым нумары часопіса амбоніў:

«Вершы Пушчы, зьмешчаныя ў зборніку “Vita”, можна назваць літаратурнымі прысмакамі. Паэзія, ізаляваная ад жыцьця, робіцца прыгожаю дрындушкаю…».

Тое стала апошняй кропляй. Дубоўка паслаў у ЦБ «Маладняка» пратэст супраць вульгарызатарскіх ацэнак свайго зборніка «Credo», які заканчваўся ультыматыўна: «Калі Цэнтральнае бюро таксама салідарызуецца з памянёнымі поглядамі, прашу тады прыняць пад увагу маю просьбу аб выхадзе са складу ЦБ і арганізацыі «Маладняк» наогул, і з ліку супрацоўнікаў часопісі…».

Гэты ліст ён не паслаў, а сам павёз у Менск.

Сабраліся на кватэры ў Бабарэкі: Дубоўка, Пушча і гаспадар, – пасьпеў ужо ажаніцца і гадаваў дачку-немаўля Элеанорку, з якой цяпер у суседнім пакойчыку-куханьцы забаўлялася жонка, разумніца і прыгажуня. Працаваў жа Бабарэка ва універсітэце.

За суседнім домам на Гарбарнай заходзіла сонца. Яго касыя, вішняватага колеру промні адчайна, здалося, чапляліся за камінкі, падстрэшша – нібыта стараючыся яшчэ на некаторы час утрымаць сьвяціла.

– Дык жа зусім – мелюць, што хочуць: і нацыяналісты мы, якіх перавыхоўваць трэба, – абураўся, седзячы на канапе, Пушча. Бабарэка – за круглым сталом. Дубоўка – на стуле, каля вакна; памаўчаў – і ўжо як пра вырашанае:

– Думаю, нам трэба выходзіць з «Маладняку». І засноўваць сваё згуртаваньне. Сваё, каб разам бараніцца ад літшакальчыкаў розных рангаў і ўзростаў. Інакш жыцьця нам ня будзе. Скрышаць па аднаму.

– А хто ж на тое згуртаваньне дазвол дасьць? – выказаў недавер Пушча. – ГПУ ж за ўсім стаіць.

– Ну гэта ўжо ад нашай настойлівасьці залежыць. Складзём статут, камунікат. А тут якраз восеньню запланавана навуковая канферэнцыя па рэформе правапісу, шмат гасьцей з замежжа чакаецца. Будуць хваліцца перад імі, агітаваць. І якраз гэта і выкарыстаем – калі не дазволяць нам рэгістрацыю, гэта значыць свабодны мастацкі выбар, – на ўвесь сьвет почут пойдзе. Трэба падумаць, хто да нас можа далучыцца.

Зайшла Бабарэкава жонка, Аня. Чымсьці падобная з твару на мужа; пачала ставіць на стол прысмакі.

– А то вы са сваёй літаратурай хутка і пра зямное забудзеце, – далікатна пакрытыкавала хлопцаў. – Язэп, Уладзь, давайце бліжэй да стала!

– Здаецца, далучыцца да нас Кузьма Чорны, Крапіва. А яшчэ – Глебка можа, Лужанін. І пішуць адметна. Пагаварыць з імі трэба. – Бабарэка як і не заўважаў жончын клопат.

– Адаме! Зноў за сваё… Ты госьцям паесьці, выпіць дай, а потым ужо і размовамі кармі.

І госьці заседзеліся да ночы, і спаць у Бабарэкаў палеглі. А раніцу Дубоўка

зноў пачаў з тога ж:

– Трэба яшчэ і з Купалам параіцца, яму, як старэйшыну, прапанаваць да нас далучыцца.

– Ну гэта ты сам зробіш – на правах Купалавага любімца. – Пушча працёр сонныя вочы. – Ён цябе па ўсім Менску беларускім Пушкіным называе. Я перад ім – толькі Жукоўскі, гаворыць, – Пушча, усьміхнуўшыся, паспрабаваў нават падрабіць Купалаў голас.

14.

Устаноўчы сход новага літаратурна-мастацкага згуртаваньня сабралі 20 жніўня. Назву абгаварылі яшчэ раней – «Узвышша». Да ўстаноўцаў далучылася яшчэ тройка: Зьмітрок Бядуля, Сяргей Дарожны і Васіль Шашалевіч.

Зацьвердзілі статут, прынялі «Тэзісы да пытаньня аб утварэньні «Узвышша», сярод якіх: авалодваньне бездакорнай культурай беларускай мовы, выпрацоўка жыцьцёвай сімволікі, дасягненьне кантрастнай вобразнасьці і кампазіцыйнай дынамічнасьці, нацыянальная жанравасьць, разнастайныя фармальныя рэальнасьці.

А вось гэты тэзіс пісаўся Дубоўкам, Бабарэкам і Пушчам яшчэ тады – пры сустрэчы на Гарбарнай, калі ранішняе сонца зноў пачало гарэзна ўсьміхацца ў вокнах суседняга дома:

«Узвышша беларускае мастацкае літаратуры творыцца ня колькасьцю паэтаў і празаікаў, якія б асьмеліліся абвесьціць сябе каманднымі высотамі, а якасьцю тэй літаратурна-мастацкай прадукцыі, якая прыносіцца ў скарбніцу літаратуры з глыбінь сучаснасьці, узброенай ведамі, воляю, шчырым жаданьнем і энтузіязмам вялікай творчасьці. Толькі так утворыцца тое ўзвышэнства беларускае літаратуры, якое ўгледзяць вякі і народы».

– І хай яны хоць да пасіненьня дундычаць сваё «Трактар едзе: дыр-дыр-дыр. Мы змагаемся за мір!», – бадзёра пакпіў тады Пушча.

А ў адказ – на іх толькі ўзмоцнілі ціск, найбольш актыўнічалі тыя, хто вышэй тога «дыр-дыр-дыр» не маглі ўзьняцца. Дый ня ўмелі…

14 лістапада 1926 года ў Менску распачалася Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу. Былі даклады, была гаворка – і пра мову, і пра літаратуру. І літаратура загаварыла – і пра сябе, і пра жыцьцё. Сярод дэлегатаў распаўсюджваўся машынапіс незвычайнага вершу; менчукі, прачытаўшы, насьцярожана маўчалі, замежныя ж госьці з цікавасьцю прасілі перапісаць…

Вечарам у гатэльным нумары кіраўнік беларускага таварыства ў Латвіі Езавітаў даў Ластоўскаму прачытаць той верш, які меў назву «На ўшанаваньне новага падзелу беларускай зямлі»:

За ўсе краі, за ўсе народы сьвету, І што былі, і прыйдуць што пасьля, Аздобленае горкім, цьмяным цьветам Зазнаць нам гора лёс благі паслаў. <...> Прыціх наш край: ад гутарак аскома... Прыціх наш край: маўчаць, усе маўчаць. Свабодай карыстаюцца сачкомы, Каб тых, хто мысьліць, у вастрог саджаць. <...> На нашым карку торг спраўляе сьмела Масква з Варшавай, з Рыгай і Літвой, І наша змучанае катам цела Штогодна новай кроіцца мяжой. <...>

Пад вершам стаяла дата – 29 верасьня 1926 году – і псеўданім: Янка Крывічанін.

Ластоўскі перачытаў уважліва – і спытаў крыху зьніякавела:

– Дзе ўзяў?

– Меў нечаканыя запросіны на абед ад Гартнага. Там і далі перапісаць... Кажуць, ужо з тыдзень па Менску гэты верш ходзіць.

Ластоўскі сеў на ложак, склаў рукі – далоньмі адна да адной, памаўчаў, затым ціха сказаў:

– Гэты верш і я ўжо чытаў, яшчэ раніцай. Верш – як стогн, выбалены... Гэта не падробка, і мне падаецца, я ведаю яго аўтара.

Поделиться с друзьями: