Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)
Шрифт:
– Значыць, за Анатоля iсцi?
– не разумела Галя.
– I за Анатоля не iдзi, i на Вайдаша не спадзявайся!
– уздыхнула Аленка i замахала перад сабою насоўкай.
– Працуй, рабi кар'еру, разумней! Уф! Я хутка тут з табою здурнею!
Яна паднялася i накiравалася да выхаду. За ўвесь час танцаў Аленку так нiхто i не запрасiў. "Няўжо гэта праўда, што я нiкому не патрэбная?" падумала яна.
* * *
З боку вёскi паказалася чорная хмара. Падзьмуў вецер, зашамацелi, загайдалiся верхавiны дрэваў, паднялiся ў паветра сухiя лiсты, галiнкi, сыпанулi ў твар Анатолю. Ён закрыўся рукавом штармоўкi.
– Ну, што назбiраў грыбоў
– аклiкнуў яго вясёлы дзявочы голас.
Азiрнуўся: у жоўтым спартовым касцюме i з кошыкам стаяла ля яго i ўсмiхалася Маруся.
– Садзiся, падвязу!
– саскокваючы з ровара, узрадаваўся Анатоль.
– Садзiся наперад, а то дождж хутка будзе! Ведаеш, у мяне з Галяй - усё! Яна на шыю гэтаму панiчу вешаецца!
– Дуброўскаму?
– здзiвiлася Маруся.
– Што ў iх агульнага?
– А ты ў яго спытай!
– незадаволена буркнуў Анатоль, падсаджваючы Марусю на раму.
– Малалетак кадрыць, i ўсё! Iрэна памяшалася, да яго ў машыну голая хадзiла, Аленка нешта плача...
– Можа, яна з-за Мiколы?
– абазвалася Маруся.
– Ён жа ўжо Гайву кадрыць...
– Ды не з-за Мiколы!
– павысiў голас Анатоль.
– Яна Мiколу ўсё даруе. А тут, надысь, князь гэты заяўляецца, рыбу вудзiць. Сядзiм утрох: я, Антосiк i ён, гад! Аленка падышла, павiталася, а ён сядзiць i глядзiць на яе, сядзiць i глядзiць, дык яна сваю вуду кiнула, заплакала i пайшла!
– Няўжо заплакала?
– не паверыла Маруся.
– Ля мяне ж сядзела, бачыў... А Галя казала, што калi зiмою Аленка прыязджала да яе, то Дуброўскi гэты на танцах кадрыўся да Аленкi. А што там было потым, хто ведае, можа, у Менску стрэлку накiнуў... Сустракалiся, можа... Невядома яшчэ, ад каго яна аборт рабiла, ад яго цi ад Мiколы...
– Стой!
– закрычала Маруся.
– Што за плёткi?
I саскочыла з ровара. Анатоль паставiў ровар да дрэва. Буйныя кроплi дажджу ўпалi Марусi на шчокi i нос, пасыпалiся на валасы. Анатоль абхапiў Марусю, затулiў у сваю штармоўку i горача зашаптаў:
– Успомнi, як усё было ў Менску? Я прынёс табе эдэльвейсы, а ты гаворыш: застанься!.. Якi я дурны быў! Я гатовы застацца з табою назаўсёды! Ты разумная, з табою не сорамна ў кампанii, ты не гаворыш глупстваў. Ты добра гатуеш, да такой жонкi не сорамна i сяброў пасля паходу запрасiць! I размаўляць з табою цiкава. А да мацi маёй паедзеш - не нахвалiцца табою, бо ты i грады выпалеш, i карову падоiш! I з паходу мяне чакаць будзеш! Маруся, выходзь за мяне замуж!
Ён памкнуўся пацалаваць яе, але тая адхiлiлася i гарэзлiва спытала:
– А мяне ў паходы браць будзеш? На турзлёты будзеш пускаць?
– Маруся, якiя паходы, турзлёты ў тваiм узросце?
– Дык што я табе, баба старая?
– раззлавалася Маруся i адпiхнула яго ад сябе.
Ён упаў, падняўся i пачаў апраўдвацца:
– Маруся, я пра здароўе тваё клапачуся... Табе i без паходаў работы ў хаце хопiць!
– А дзецi? Ты хочаш дзяцей?
– Маруся, калi ты мяне кахаеш, то зразумееш: адна турыстычная спартовая пуцёўка на Камчатку ў паход пятай катэгорыi больш за сто даляраў каштуе. А мне пазарэз трэба гэты паход, я майстрам спорту стаць хачу! Пра якiх дзяцей можа быць гаворка, каб самiм пракармiцца неяк ды мне на пуцёўку сабраць... А ты ў Дуброўскага ў фiрме мазаiчнiцай такiя даляры заграбаць будзеш - я ўвесь свет змагу пабачыць!
– А я?
– упарта дапытвалася Маруся.
– Жанчына, калi кахае, на ўсе ахвяры пойдзе...
– А вось
гэтага не хочаш?– Маруся сунула яму пад нос вялiкi кукiш.
– На, вось табе, з маслам!..
I пабегла ад яго пад пралiўным дажджом, паставiўшы на галаву кошык.
* * *
– Дзед Уладыморык, - ветлiва ўсмiхнуўся Мiкола, - вось прыйшоў паданне запiсаць. Пра Тарфянога аленя, як абяцалi...
– Заходзь, заходзь, - запрасiў той у хату.
– I дажджу не пабаяўся!
Дзед правёў яго ў прасторную, вялiкую хату з пабеленай печчу. Паказаў рукою на канапу. Узяў са стала мiсу з яблыкамi i падаў хлопцу:
– Частуйся! Можа, гарбаткi вып'еш? Прамок жа...
– Не, дзякую!
– адмовiўся Мiкола.
– А вы адзiн у хаце? Дзе ваша ўнучка Гайва?
– Я тут!
– выглянула з другога пакойчыка прыгожая дзяўчына ў спартовым касцюме, з распушчанымi валасамi.
– А я вас памятаю... Вы - сын дзядзькi Адася, у якога смачныя мочаныя яблыкi!
I засмяялася.
– Гайва! Як ты вырасла!
– усмiхнуўся Мiкола.
– А я ж цябе ў клубе не пазнаў! I зараўнаваў, калi ты з Алесiкам танцаваць пайшла! Навошта табе той Алесiк, вунь якi шрам у яго праз увесь твар, а ты - прыгажунечка! Табе прынц патрэбны.
– Як ты?
– засмяялася Гайва i кiнула ў яго яблыкам.
– Бачыла я, як ты са сваёю прынцэсаю Аленкаю ў рэчцы купалiся ноччу... Мы тады з Алесiкам гулялi...
– Яна ўжо не мая прынцэса, - абарваў яе Мiкола i ўзяўся слухаць аповяд дзеда.
Стары добра ўладкаваўся ў крэсле i, пацягваючы з прыгожага глiнянага кубка гарбату, пачаў:
– Жыў некалi ў тарфяных балотах алень. Рогi меў - тры метры даўжынёю. На яго часта палявалi, бо з такiх рагоў можна было шмат упрыгожанняў вырабiць, дый наканечнiкi стрэлаў, коп'яў, тронкi нажоў. Аленяў гэтых раней было шмат, але знiшчылi iх. I застаўся адзiн Тарфяны алень. Нiхто на яго ўжо не паляваў, шкадавалi людзi, бо была гэта самка, аленiха, i магла яна прынесцi прыплод... Але адна прыгажуня загадала жанiху свайму забiць аленiху, тады толькi згодзiцца пайсцi за яго замуж. Пайшоў хлопец у лес. Глядзiць - стаiць на паляне аленiха, а ля яе - цяля. Пашкадаваў хлопец аленiху i не забiў яе. Але ўпартая прыгажуня загадала зараз жа прывесцi да яе аленiху i цяля. Вярнуўся ён назад у лес. Убачыла яго аленiха i кажа чалавечым голасам:
– Не губi мяне, хлопец! Апошняя я з роду майго. Заб'еш - прападзе i дзiця маё, згiне род наш назаўсёды...
Сляпое каханне перамагло пачуццё лiтасцi да жывёлы, бо каханне заўсёды ад д'ябла, даражэнькiя мае...
Дзед Уладыморык абвёў позiркам Мiколу з Гайвай i дадаў:
– Каханне да жанчыны або каханне да мужчыны - ёсць самая няправiльная ў чалавечым разуменнi любоў. Гэта не боская любоў, гэту любоў прыдумаў д'ябал, ён асляпляе пажаднасцю да цела...
– А што ж аленiха, загiнула?
– пацiкавiлася Гайва.
– Забiў яе хлопец?
– Не, - матнуў дзед галавою.
– Прывёў хлопец аленiху да сваёй каханай, а цяля па дарозе ўпала ў дрыгву i загiнула. Аленiха ж падняла дзяўчыну на рогi i закiнула аж на самы Месяц, а сама пабегла да дрыгвы i згiнула там. З таго часу прапаў у нашых краях Тарфяны алень, вымер. А прыгажуня, кажуць, i дагэтуль на Месяцы сядзiць, аленiху выглядвае, прабачэння ў яе папрасiць хоча. Але ж тая мёртвая ўжо, няма яе. Трэба пры жыццi яшчэ паспяваць даравання сабе прасiць, пры жыццi тых, каго мы пакрыўдзiлi. А памёр чалавек цi жывёлiна, хто нам даруе тады? У Бога ўжо прабачэння прасiце...