Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)
Шрифт:
– Глянь, вунь на панадворку ўнук Уладыморыкаў! Во дзе добры кавалер табе быў бы, i гадамi падыходзiць, праўда, крыху старэйшы за цябе, яму каля сарака ўжо. Не жанiўся, усё, як гэта кажуць, кар'еру рабiў...
Маруся зiрнула ў акно i засмяялася:
– Дык я ж яго ведаю! Гэта мой начальнiк ранейшы... Ён надта сур'ёзны. Яму панi падавай...
– Можа, й так, - пагадзiлася бабка, - у Гданьску ж радня ў яго аб'явiлася. I маёнтак гэты на яго запiсалi. Прыязджалi нейкiя вучоныя, тыя, што пад зямлёю лазяць, шукалi нешта, мо скарб якi...
– Вы ж чулi паданне пра князя Вiтаўта i Дарыну? Дык тут недзе павiнен знаходзiцца яе маёнтак,
– Ды казкi ўсё гэта, - адмахнулася бабка, - нiчога ў тым кубку нямашака.
Маруся пачала апранацца на працу.
– Дык свята ж сёння - нядзеля, - заўважыла старая.
– Выхадны ж у вас!
– Заўтра прыязджае начальнiк самы галоўны, правяраць, як iдзе рэстаўрацыя маёнтка, хачу адну справу закончыць!
– адказала Маруся i заспяшалася з хаты.
Сонца моцна прыпякала ў спiну. Маруся, не зважаючы на спякоту, завязала валасы касынкай i выкладвала мазаiку на другiм паверсе маёнтка. Казачныя кветкi, жар-птушка i мора - сюжэт прыдумала сама. Так захапiлася работай, што не заўважыла, як нехта цiха падняўся па прыступках, запынiўся на пляцоўцы i назiрае за ёю. Азiрнулася i ўбачыла мужчыну, апранутага ў джынсы i белую спартовую майку.
– Гэта вы?
– усмiхнулася, пазнаўшы Дуброўскага.
– Вось i сустрэлiся, - засмяяўся Дуброўскi.
– Добрай ранiцы вам!
– I вам таксама, - Маруся зняла касынку.
– А мы з вамi, аказваецца, жывём па суседству, - зазначыў Дуброўскi i працягнуў ёй у далонi ягады.
– Частуйцеся, тут, вакол маёнтка, столькi дзiкiх малiнаў...
Маруся ўсмiхнулася, падзякавала i ўзяла ягады.
Дуброўскi прысеў поруч, глянуў удалячынь, на зiхоткую, у сонечных промнях рэчку, кiнуў туды галавою:
– Турысты палаткi раскiнулi! Цi не тыя гэта, з якiмi я ў Нiзку сустракаўся?
– Былi ў маёнтку Якуба?
– пацiкавiлася Маруся.
– А я так нi разу там i не пабыла, а марыла...
– Я магу ўзяць вас з сабою, як паеду туды па справах рэстаўрацыi...
– Дзякую, - узрадавалася дзяўчына.
– А ёсць магчымасць рэстаўрыраваць маёнтак Якуба, знаходзяцца спонсары?
– Усё пакуль у планах, - уздыхнуў Дуброўскi.
Маруся падышла да аконнага праёма, задумалася.
Дуброўскi агледзеў сцяну з мазаiчнымi ўзорамi, пацiкавiўся, хто прыдумаў сюжэт.
– Сама, - адказала Маруся.
– Люблю творчую працу.
– Вам падабалася ваша праца ў праектным аддзеле?
– пацiкавiўся ён.
– Вядома, - з сумам адказала Маруся.
– Столькi задум, iдэй, цудоўны калектыў, i раптам - усё, скарацiлi...
– Так, - задумлiва прамовiў Дуброўскi, - калi вы марыце пра кар'еру, вам трэба працаваць па сваёй спецыяльнасцi.
– Вельмi цiкава!
– адказала Маруся.
– Пра кар'еру - мару.
– Заходзьце да мяне. Да дзеда Ўладыморыка. Сёння вечарам.
Маруся застыла ад нечаканай прапановы, але згодна кiўнула галавою. Дуброўскi пачаў спускацца ўнiз па лесвiцы. I тады яна ўспомнiла: гэта ж ён i ёсць тое начальства, якое "прыязджае заўтра"! Гэта ж ён дырэктар рэстаўрацыйна-будаўнiчай фiрмы, фiрмы, у якой яна працуе! Фiрмы, якая рэстаўрыруе ягоны фамiльны маёнтак у Вiшаньцы i плануе рэстаўрацыю маёнтка Якуба!
Маруся прысела на камень. Рукi яе апусцiлiся. Хацелася плакаць. "Я сказала яму пра кар'еру, - падумала
яна, - i ён запрасiў мяне да сябе!.." Дуброўскi, Вайдаш Дуброўскi. Як яна магла забыцца, што гэтае прозвiшча стаяла на ўсiх фiрменных бланках! Ён зноў яе начальнiк, а яна з iм - пра кар'еру! Быццам сама напрасiлася... да яго ў хату!* * *
– Мiкола, а чаму гэтыя дробныя чырвоныя кветачкi ў траве завуцца мацярынкай?
– дагнала хлопца Аленка.
Хмызняк застаўся ззаду, пайшоў роўны дол, парослы гусiнымi лапкамi i мацярдушкай.
Мiкола глянуў на дзяўчыну i нiчога не адказаў. Аленка сарвала кветачку i паднесла да вуснаў.
– А я ведаю, чаму "мацярынка", - весела сказала яна.
– Кветачка лекавая, ад сямi хвароб абараняе, як мацi дзiцятка...
– Зноў ты са сваiмi фантазiямi!
– буркнуў Мiкола, прыглядаючыся да зямлi.
– Ты мальваў шукаеш?
– не сунiмалася Аленка.
– А чаму менавiта iх?
– Адчапiся са сваiмi дзiцячымi пытаннямi! Мальвы - кветкi Дарыны, яны паказваюць на месца знаходжання маёнтка.
Сярод дрэў вiднеўся высахлы раўчук, старое русла рэчкi. Аленка ўзняла галаву, паглядзела на адно з дрэўцаў i весела запляскала ў ладкi:
– Мiкола, пакружы мяне на руках, як раней, я табе за гэта нешта скажу!
– Была б ты добраю дзяўчынаю, каб толькi не дзяцiнiлася!
– Iншы раз так хочацца пабыць маленькаю, прыцiснуцца да цябе i заснуць у тваiх абдымках!
Аленка ўздыхнула i дадала:
– Глядзi - гэта дзiкая яблынька, навокал шмат такiх, значыць, недзе тут быў маёнтак Дарыны...
Мiкола пачаў моўчкi аглядаць яблынькi, стаў на каленi ля зарослага мохам вялiкага пня, пагладзiў яго рукою. За некалькi метраў ад сябе ўбачыў парослыя травою глыбы, кiнуўся да iх, развярнуў i... вачам яго адкрыўся камень бела-блакiтнага колеру.
– А вось i мальва!
– закрычала Аленка.
– Маёнтак Дарыны!
– Бяжы ў стан, - загадаў Мiкола, - паклiч усiх!
– А пацалуемся ў гонар нашай знаходкi?
– засмяялася Аленка i абняла Мiколу.
– Цярпець не магу, калi дзяцiняцца!
– раззлаваўся Мiкола.
– Табе трэба дзядзьку якога ў кавалеры шукаць, будзе табе татка, а ты дачушка! Напэўна, у дзяцiнстве табе не хапала бацькоўскай цеплынi?
– Не хапала, - з сумам адказала Аленка.
– Нiякай цеплынi. Нiхто мяне не любiць. Нiкому я не патрэбна.
I пабегла ад яго.
...Мартынаў груд - паляна з высокай, па пояс, травою. Вакол паляны раслi лаза, рэдкi алешнiк, грабы ды вольхi. Брыгадзiр загадаў хлопцам касiць траву, а дзяўчаты пайшлi ў далёкi канец паляны грэбцi ўжо высахлае сена. Стаяла спёка, а з лесу вецер нёс халадок, шчабяталi птушкi. Прыемна i лёгка станавiлася на сэрцы ў Галi. Учора яна начавала дома, узяла Анатолевы рубашкi ды бялiзну, памыла, адпрасавала. Аленка начавала з Марусяй, у хаце, дзе тая кватаравала. Дзяўчаты палолi бабе Сашы агарод, а вечарам сядзелi дома. Галя зайшла да iх i праз плот убачыла Вайдаша Дуброўскага. Ён сядзеў з дзедам Уладыморыкам у двары, на лавачцы. Галя прывiталася, а дзед запрасiў да сябе, пачаставацца першымi яблыкамi - белым налiвам. Галя сядзела з iмi побач, гаманiла, i душа яе радавалася, што не трэба ўвесь час сачыць за сабою, можна гаварыць, што хочаш, смяяцца, i нiхто цябе не штурхне: маўчы, дурнiца! Вось тады i засумнявалася Галя, цi варта наогул ёй iсцi замуж за Анатоля. Пасля яна зайшла да Марусi з Аленкай i параiлася, вядома, не называючы iмёнаў Вайдаша i Анатоля.