Лабух
Шрифт:
— Дзе?.. Пакажы!
— Ды на задніцы, не шчупаў ты!..
— Ты ж казала, што з горкі раздрапалася!
— Дык і не палезла на тую горку!.. Кажу табе, што не...
— Я гатовая, што тут у вас?.. — спыталася Зоя. Яна выйшла з ванны і стаяла голая. Суцэльная, уся, колькі ёсць яе ў свеце, увасобленая ў адной жынчыне, голая эротыка. Асляпляльна голая. Я здагадваўся, што гэта можа быць асляпляльна, але што так... І яна з сабакам?.. Ну і сям’я... Клініка...
— Я таксама гатовы, — сказаў я, адпускаючы Лі-Лі...
Падняўшыся, я абмінуў Зою, не ўтрымаўся, каб не зірнуць на яе са спіны — і ледзь не накінуўся на яе ззаду, як Максім, як дог, як сабака... У паху ў мяне ўсё ўзбухла, нібы фея туды дзьмухнула, і я ўжо сам не сцяміў, якой
Тут мяне чакала яшчэ адна радасць... Такая асляпляльная, што куды там да яе ўсім папярэднім!.. Сцягнуўшы штаны, я ўбачыў, што ў мяне сапраўды ўсё набухла — і не ад таго, што фея дзьмухнула. Рана ад відэльца ў чатыры крапінкі нібыта і не балела, пабольвала, але ў корані раманчыка майго набрыняла такая пухліна, што раманчык з яе толькі беднай галоўкай віднеўся... І ўсё гэта страшна, злавесна сінела...
“Кранты нам, раманчык....” — адзінае, што здолеў я падумаць, склаўшы ў адно відэлец з “прафесаршай”, гангрэну з заразай, і крыкнуў, ратуючыся:
—Лі-Лі!!!
Я так крыкнуў, што яны абедзьве ўляцелі, Лі-Лі і Зоя — абедзьве голыя ведзьмы...
— Што? — першая ўляцела Лі-Лі — і адразу ўбачыла, што? — і з таго, што ўбачыла, аслупянела. — Што гэта?..
“Што? што? што?!.” — застукала мне ў скроні, а Зоя дробненька, як нядаўна я дробненька ўспацеў, пачала ўздрыгваць плячыма, грудзямі і жыватом, усім целам пакалочвацца і прыдушвацца дробненькім, з істэрынкамі, смехам:
— З ма-і-ім шча-а-сце-е-ем...
Праз паўгадзіны я ўжо быў у шпіталі — Лі-Лі хуткую дапамогу выклікала. Яна так крычала ў тэлефон, выклікаючы, што там падумалі, нібы я паміраю — і з насілкамі прыпёрліся...
Піянерскі лагер.
Шпіталь — тое месца, дзе, калі не памрэш, дык можна паляжаць ды падумаць — і шмат чаго пра сваё жыццё перадумаеш.
Напачатку на ложак шпітальны мяне і класці не хацелі, адпраўлялі з прыёмнага пакою ў вендыспансэр, уяўляеце: уночы да сіфілітыкаў... Лі-Лі такі гвалт усчыніла! Прыйшоў дзяжурны доктар, зірнуў на Лі-Лі — і мяне паклалі. Накалолі нечым на ноч, надавалі таблетак — і я заснуў.
Мне прыснілася, што ў нас з Лі-Лі дзеці, дзве дзяўчынкі гадоў чатырох. Толькі не зусім дзве, а як бы і адна, бо яны зрослыя бокам да боку, сіямскія блізняткі. Я не прысніў, як і калі яны нарадзіліся, а вось яны ўжо ёсць — светлыя галоўкі з кудзеркамі лялек. І я адчайна іх, бедных, люблю, невыносна люблю... І Лі-Лі іх любіць, яна прадае ўсе бацькавы кнігі па філасофіі, рэдкія, каштоўныя, з якіх можна вызнаць усё чыста пра дао, таму кнігі тыя незвычайна дарагія, так што грошай стае на аперацыю, каб разняць блізнятак. Мы едзем некуды за мяжу, у шпіталь, там блізнятак глядзіць дзяжурны доктар з прыёмнага пакою і кажа, што зробіць аперацыю, калі мы згодныя на тое, каб з дзвюх дзяўчынак засталася адна, бо на адну і на другую не хапае матэрыялу, ручак і ножак — у іх дзве ручкі дзве ножкі на дзвюх... І доктар прапануе: “Выбірайце, якую...” Я разумею ў жаху, што ён прапануе, а Лі-Лі, здаецца мне, не разумее, бо, хоць і плача, але паказвае на адну: “Гэтую...” — і доктар пазначае другую крыжыкам на лобіку, каб не пераблытаць... Я хапаю дзяўчынак, кідаюся з імі бегчы, мне патрэбныя няхай зрослыя, але абедзьве, як гэта адну адрэзаць?! — а Лі-Лі даганяе, вырывае іх у мяне, плача і крычыць: “Дзве — гэта ніводнай, выбірай!” — а я і распазнаць не магу, каторая з іх якая, настолькі яны падобныя і такія мае, толькі крыжык сцерці... Сціраю крыжык на лобіку ў адной, тады ў другой гэткі самы праступае, сціраю ў другой — зноў праступае ў першай, Лі-Лі даганяе і заходзіцца: “Выбірай!” — і я бягу і бягу з таго шпіталю з блізняткамі на руках, слізгаючы на паўсюль накіданых скальпелях і нажах, аступаючыся і страшэнна баючыся, што ўпаду — і на нож, на скальпель, разразаючы блізнятак... Так бег і баяўся, пакуль не прачнуўся...
Уралагічная палата,
дзе я паклаўся, пабачыў сон і прачнуўся, была на чатыры ложкі, на адным з якіх, каля вакна, ляжаў дзядзька, трубкамі падключаны да няўклюднага нейкага апарату, яшчэ два ложкі пусцелі, а ў дзвярах палаты стаяла медсястра з хлапчынаю гадоў семнаццаці і паказвала яму на незанятыя ложкі:— Выбірай.
Яна не магла ўва мне выклікаць такі сон.
Фігурка медсястры, маленькай, але ва ўсім зграбненькай, ювелірна вытачанай, так абцягвалася караценькім і прадумана цесненькім халацікам, што хлапчына толькі пунсавеў, робячы выгляд, быццам і не косіцца на яе — і яму было ўсё адно, на які ложак... О, Таццяна Савельеўна...
Медсястра падыйшла да мяне, пахкая, ладненькая, прыцягальная сексуалачка — тут было з чаго пунсавець...
— Як вас зваць?
— Зіначка.
Ну, канечне ж, не Зіна... Ніводная мая жанчына не звалася Зіна. З тых, чые імёны ведаў...
— А вам на аналізы, — гулліва сказала спакуслівая Зіначка, і я ўспомніў Росціка: “А мне заўтра аналізы здаваць”.
Што з мяне ўзяць цяпер, апроч аналізаў...
Росціка ўчора паклаў я ў гэты ж шпіталь... Вось табе і нявызнаныя шляхі Гасподнія...
Што там з Росцікам?..
Я папрасіў Зіначку падбегчы ў нейрахірургію, каб дазнацца... Зіначка надзьмула губкі: “Ага, разбегалася... Толькі спыталіся, як зваць, і ўжо бяжы...”
З мяне ўзялі ўсё, што можна ўзяць, і пастанавілі, што праз занесеную ў рану ад відэльца незвычайную нейкую інфекцыю (з чыіх зубоў?.. Шыгуцкага?..) запалілася лімфоідная тканка, пачаўся інтэнсіўны ацёк. Я змусіў сябе ўзрадвацца, што ўсё ж не займеў ад “прафесаршы” горшае, на што палатны доктар сказаў: “Дурная ў вас радасць, Раман Канстанцінавіч. Горшае вашае ў параўнанні з гэтым — насмарк. — І ён не вытрываў, каб не пацікавіцца: — А чаго гэта вас — на відэлец?...”
Я адказаў, што ад залішняй культуры і далікаткасці. Доктар гэты пры першым абходзе паспрабаваў вытурыць мяне з уралогіі. “Ідзіце, куды захочаце, вы не мой хворы!..” Я схадзіў туды, куды захацеў, да галоўнага ўрача, у якога былі мы ўчора разам з Шыгуцкім — і цяпер мог ляжаць хоць ва ўсім шпіталі адразу. “Дзён пяць вас палечым, — клапаціўся палатны доктар. — Лепш усё ж пад нашым назіраннем...”
Зіначка збегала-такі ў нейрахірургію і вярнулася з тым, што ад галоўнага ўрача я ўжо ведаў: Росцік пакуль без памяці.
Лі-Лі заляцелася з раніцы — парывістая, ускаламучаная... Пабачыла, што жывы — і ходу: “У нас там такое робіцца!..” Не сказала, дзе і што, а мне не да таго было, каб пытацца. Я заўважыў толькі, што Лі-Лі паводзілася так, быццам мне прыснілася ўсё ўчарайшае разам са сном пра блізнятак.
Калі яна прыйшла пад вечар, я расказаў ёй гэты сон, неадчэпны, ад якога не мог пазбавіцца, нібы ён зросся са мною. Я не верыў у прарочыя сны — ды й што тут магло быць прарочага? — але сон мяне тузаў. Як аказалася, нездарма. Лі-Лі пакусала губы і сказала: “Падобна на тое, што я цяжарная. — Паглядзела на маю рэакцыю і дадала. — Не абавязкова ад цябе. — І зусім ужо без аніякай сувязі скончыла. — Ігара Львовіча забілі”.
Я маўчаў, бо не мог выбраць, на што, са сказанага ёю, адказваць, а Лі-Лі падумала нешта сваё і зазбіралася: “Гэта ўсё”. З тым яна і пайшла, пакінуўшы мне апельсін. Ад бацькі — лімон, ад дачкі — апельсін.
Толькі тады, калі Лі-Лі пайшла, я пачаў не разумець: як гэта пайшла?.. Праз кожныя паўгадзіны званіў дахаты — трубку тэлефонную ніхто не браў. Максіму Аркадзьевічу званіць я не стаў.
Каля тэлефона мяне знайшла Зіначка і павяла на ўкол. “Зіначка, — спытаў я, кладучыся, — мы будзем сёння цалавацца?..” “Ага!.. — наўмысна балюча, бо бачыла са мной Лі-Лі, укалола Зіначка. — Мяккім месцам аб мяккае месца — і хто далей адскочыць”. Грубаватасць пасавала ёй, як страказе прычэп. Хлапчына, Алік, якога паклалі ў шпіталь з абвастрэннем хранічнага нефрыту, папунсавеў. Ён увесь час то бялеў, то пунсавеў, у залежнасці ад таго, на якой адлегласці ад яго была Зіначка.