Лабух
Шрифт:
— Пра тое, што спаць пара, — сказаў я, шкадуючы яе, і скручваючы размову, якую можна было скончыць толькі ў ложку. — Позна ўжо, ды й дзень у мяне быў такі... Росцік у шпіталі, Лі-Лі. Ніхто не ведае, ці выжыве.
Росцік любіў Лі-Лі — і Лі-Лі любіла Росціка. Яна аж рукі прыціснула да грудзей — жэст для яе не надта натуральны.
— Што з ім?
— Крабіч галаву праламаў. Патыліцу.
— Крабіч?.. Які Крабіч?..
— Алесь... Ты не ведаеш яго.
— Паэт?..
— Ведаеш?..
— Ну, ведаю, што ёсць такі паэт...
—
Тут яшчэ і такое, бач ты, у характары... Нездарма імпатэнтка.
— Насычана, — згадзіўся я. — Пайшлі спаць.
Падняліся з-за стала, не спрачаючыся, разам дружна ўсталі — нібы не ўпершыню, а звыкла, штодня ўтраіх клаліся. Я і Зоя заўважылі гэта, а Лі-Лі — не. І Зоя нічога не стала рабіць, каб Лі-Лі заўважыла.
— Калі з Росцікам нешта станецца, — сказала Лі-Лі, механічна сцелячыся, — я гэтага Крабіча заб’ю. Клянуся, заб’ю.
Я ўявіў, як яна будзе забіваць Крабіча на пару з Шыгуцкім, але не ўяўляў пакуль, як мы будзем разам класціся... Ці не разам, па чарзе?..
Ложак быў засцелены, узнікла праблема распранання. Але толькі для мяне і Зоі, зноў не для Лі-Лі, якая пачала сцягваць з сябе джынсы.
— Распранайся, Зоя, чаго ты стаіш?..
Я разумеў, чаго Зоя стаіць, я таксама стаяў.
— Пайду... памыюся, — прыкашлялася Зоя. — Можна?..
— Ідзі, — кінула ёй ручнік Лі-Лі. — Ці табе ружовы?..
Яна ёй сіні, з шафы дастаўшы, кінула. Зоя амаль пабегла ў ванну...
Сіні, ружовы... — я ўзгадаў лазню і ўспацеў... Натуральна, дробненька ўспацеў, бо ў лазні прасціны і ручнікі былі, сінія з ружовымі, і я ўспомніў, чаго мне ў тую лазню закарцела: пра “прафесаршу” ва ўспацелым страху ўспомніў, у пустых глыбінях якой магла быць і не адна пустата...
Што ў лазні не адмываецца...
“Паверце, вы дарма баяліся, — усміхнуўся Атос. — Гэта немагчыма...”
“Я не ведаў, што гэта немагчыма”, — адказаў д’Артаньян.
— Што з табой?.. — закідваючы трусікі са станікам на ражок люстры, спытала Лі-Лі. — Так і будзеш стаяць?..
Я сеў распранацца, ведаючы, што гэта немагчыма. За мной усялякае вадзілася, але такое — не. Мая рызыка — мая рызыка, больш нічыя. Я не пакутваў, як Зоя, комплексам прыстойнасці, але ўсё ж, калі не быць, дык выглядаць перад сабой прыстойным хоць у нечым хацелася. Я выключаў рызыку праз сябе для некага — і ўсё.
І ў мяне не было прэзерватываў. Іх у мяне ніколі не было — на іх я здорава з’эканоміў. Не прасіць жа ў Зоі... А пасля яшчэ тлумачыць Лі-Лі, чаму я ўраніцы голы быў, а нанач апрануўся.
Нешта трэба было неадкладна прыдумаць, але што прыдумаеш, калі немагчыма?..
— Ты мокры, потны ўвесь, — кладучыся, кранула мяне Лі-Лі. — Фу, пах які, ідзі спаласніся...
Яшчэ і пахну “прафесаршай”,
кім яшчэ...Пайсці пасля Зоі ў ванну, зачыніцца і мыцца ўсю ноч?.. Няхай ляжаць тут, ліжуць пальцы, лезбіянкі...
— Зоя, ты доўга яшчэ?.. — нецярпліва гукнула Лі-Лі, прыпадняўшыся і торгаючы мяне за дзягу, але з ваннай нічога ў адказ не пачулася, толькі вада шумела, і Лі-Лі пакуліла мяне на ложак. — Скідайся ты, яна надоўга, пасля разам памыемся...
Усё, нішто мне не дапаможа... Я ледзь не ўзвыў, як Максім... Але што выць сабакам, калі ў сабак такіх праблем не бывае...
— Пачакай, пахну сапраўды... Мокры ўвесь дзень, слабасць... — спрабаваў знайсці я выйсце, надумаць нейкую прычыну... Сцягваючы праз галаву потную кашулю, я ўспомніў нешта незразуметае пра Максіма і, каб час памарудзіць, проста так спытаў:
— А што, ты казала, яна з Максімам?..
— Ты не зразумеў? — расшпільвала мне дзягу Лі-Лі. — Спіць, як мы з табой.
Я аж галавой крутнуў з таго, які я тапор тупы, і так і застаўся з тупой галавой у потнай кашулі.
— З сабакам? З догам?
— Ну, ён дог, дык яна з догам і спіць... З кім ёй яшчэ спаць? Быў бы даберман, спала б з даберманам.
Тваю маць!.. А я пра прыстойнасць, пра жаданне, пра нешта большае — псіхалогію развёў!..
Філасофію, дао...
Усё адно ў адным...
Мне ўспомніўся Жорка Дыдзік з казой — і як каза абыякава пасля ўсяго глядзела на Жорку...
— Лі-Лі... — выцягнуўся я нарэшце з кашулі. — Твая маці — скоталожніца, а ты кажаш пра гэта, як пра нас з табой?.. І прыводзіш яе да мяне?..
— Дык ніякай небеспекі, — сказала Лі-Лі.
— Лі-Лі!..
— Што Лі-Лі?.. Развялі імпатэнцыю, дык што Лі-Лі?.. А то ты ўпершыню чуеш, што многія жанчыны з-за гэтага і заводзяць сабак!
— Але гэтыя жанчыны не спяць са мной!
— Адкуль ты ведаеш?
А праўда: адкуль?..
— Можа, і ты?.. Твой бацька сказаў, што ён па табе вые... Я чуў, як вые...
— Пад музыку?
— Пад музыку...
— Калі пад музыку, тады па мне...
— Што значыць, калі пад музыку, тады па табе?
— Ты не зразумееш...
— Чаму? Скажы, я паспрабую...
— Ён мяне любіць, калі ты можаш гэта зразумець, — зусім сур’ёзна паглядзела на мяне Лі-Лі. — А з Зояй проста трахаецца... А я не хачу, каб Зоя проста трахалася, я большага хачу для Зоі!
— З кім? З сабакам?
— З табой!
Я не вытрываў, схапіў яе за плечы і страсянуў.
— Ты мне пра сябе не адказала!..
Першы раз за ўвесь час я абыйшоўся з ёй грубавата — і яна прыпалохалася.
— Не! Аднойчы застала Зою, цікава стала, паспрабавала сама — ён мяне ўгрыз!
“Ён толькі аднойчы чалавека ўгрыз”, — сказаў Максім Аркадзьевіч.
Госпадзі, што гэта я раблю?... Чым займаюся?.. У бацькі высвятляў, ці спіць ён са сваёй дачкой, а цяпер у дачкі, ці спіць яна са сваім сабакам?.. Звар’яцець і не жыць...