Лабух
Шрифт:
— Дзяўчынка, падскоч... Новага ляжачага сюды вязуць.
“Даскачашся ты ў мяне”, — думаю я, гледзячы, як Лі-Лі наўмысна, дурэючы, падскоквае да шпінгалета, хоць і без падскокаў магла б абыйсціся...
— Мне пара, — апускае яна шпінгалет. — Там бананы ў пакеце, перадай Росціку, мяне не пусцілі...
Ну вось скуль яна пра бананы ведае?..
За дзвярыма стаіць Алік, і Лі-Лі яго цалуе.
— У нас з табой сын будзе. Ці ты дачку хочаш?..
Алік, які хацеў пайсці з ёй, праводзіць, — замірае, камянее...
— Тады наступным разам, — выходзіць Лі-Лі.
— Дачка? — пытаецца санітарка. — Цырла якая выгналася! Мяне дзве — і ёй не шкодзіць.
— Алік, —
— Так і сказаць? — адмірае, вушам сваім не верачы, Алік.
— Так і скажы.
Алік, адкамянеўшы і трохі падумаўшы, сядае на ложак.
— Не... Чаго гэта я праз вашае свайму буду шкодзіць?
Ну, глядзі ты...
Прывезлі на той жа цялежцы, на якой вывезлі Адама Захаравіча, новага, як сказала санітарка, ляжачага, які, хоць і не ўставаў, задаваў такога храпака, што астатнія тры ночы ў шпіталі я ўжо амаль не спаў — і таму ніякія сны мне не сніліся.
У апошнюю ноч, ужо ў трэці раз пры мне, дзяжурыла Зіначка. Мінулым разам я ўгаварыў яе пацалавацца з Алікам, медсястра на тое і медсястра, каб дапамагаць хворым — не адной жа Лі-Лі цалавацца яго вучыць. Гэтай ноччу, не сплючы, я падумаў, а ці не развітацца з ёй — дзе мы пасля знойдземся?.. Перапачывала яна на канапцы ў ардынатарскай, і калі, зачыніўшыся, я прылёг да яе, нехта паціху паторгаў дзверы, замёр за імі і асцярожна пастукаў... Я ведаў, што гэта Алік, таму не асцерагаўся, і яна ведала, што гэта Алік, таму не баялася, рытуальна толькі шапнула не трэба, чаго я звыкла не пачуў, а Зіначка крутнулася ў руках маіх рыбінай, выслізнула — і з размаху ўшпіліла развітальны ўкол, ухапіўшы з-пад падушкі і ўсадзіўшы мне трохі ніжэй спіны шпрыц з такой іголкай, якая здалася мала меншай за мойго беднага раманчыка! “Ну, засранка малая!..” — сціснуўшы зубы, каб не закрычаць, падскочыў я і грымнуўся з канапкі на падлогу, дзе, стоячы на карачках, выглядаў, мусібыць, быком, якому ўвагнаў тэрэадор піку ў азадак, а Алік торгаў дзверы, заміраў за імі і асцярожна пастукваў, торгаў, заміраў і пастукваў — навучылі яго цалавацца...
— Хоць вы паводзілі сябе пахабна, — завёў нараніцы ў працэдурную палатны доктар, — мне ўсё ж здалося, што ў вас да той высокай юнай дамы... — ён зрабіў паўзу, аглядваючы раманчыка... — да той высокай юнай дамы прэтэнзіі значна большыя, чым просты секс.
Такой размовы ад яго ніяк я не чакаў, але, калі ўжо ён пачаў...
— Вам не здалося. Большыя.
— Мне не здалося... — Іосіф Данілавіч быў, здавалася, зусім задаволены. — Тады, значыць, здаецца вам.
Я не зразумеў.
— Што?
— Што прэтэнзіі ў вас... — ён палец узняў, уверх паказаўшы, і ў трэці раз паўтарыў з асаблівым нейкім значэннем... — да той высокай юнай дамы большыя, чым секс.
Мне сумнавата стала: я падумаў, што ён імпатэнт. І спытаў:
— У мяне як там з гаспадаркай?
Іосіф Данілавіч кінуў агледзіны.
— З ёй вы можаце прад’яўляць любыя прэтэнзіі каму-заўгодна. А вось з большым... — Ён глянуў насмешліва. — Вы ж падумалі зараз, што з маёй гаспадаркай нешта не тое?
Гэта збянтэжыла.
— Свае ў мяне клопаты...
— Падумалі, падумалі... Дык вось нармальна ўсё! Толькі ў мяне, як і ў вас, для большых прэтэнзій няма падстаў. Рэсурсаў. Энергіі. Батарэйкі селі...
— Я пайду?.. — падняўся я, і Іосіф Данілавіч не стаў затрымліваць.
— Як сабе хочаце, але можаце і паслухаць, гэта ў сферы вашых інтарэсаў... Жанчына недзе ў паўвека ўжо не можа зацяжарыць, нарадзіць дзіця. Калі разабрацца, гэта кара, бо яна яшчэ здольная, у адрозненне ад мужчыны ў паўвека, кахаць...
Я ўжо ішоў да дзвярай...
— А мужчына не здольны?
—
А мужчына... тэарэтычна... здольны бацькам стаць хоць ва ўзросце Мусафаіла за хвіліну да смерці. Дык як, па-вашаму: мудрая прырода, пакараўшы... ну, ці скажам, абмежаваўшы жанчыну, не ўраўнаважыла гэтага, ні ў чым не абмежавала мужчын?Вярнуўшыся, я зноў прысеў.
— Вы дысертацыю пішаце? Дык нібыта не ваш профіль...
— Абмежавала, — захадзіў па працэдурнай Іосіф Данілавіч. — І яшчэ як... Усё, што мы сабою ўяўляем, гэта, па-першае, генетычны набор, і, па-другое, функцыі клетак галаўнога мозга. Дык вось ёсць адзін-адзіны ген і ўсяго каля мільярда клетак, якія адказваюць за выпрацоўку ў нас той высокай, высокаякаснай энергіі, якая забяспечвае нам магчымасць свяціцца. Кахаць, Раман Канстанцінавіч!.. У жанчынах энергія тая выпрацоўваецца да скону, трохі хіба прытухаючы, а ў мужчынах ген кахання чык — і ламаецца, функцыі клетак страчваюцца. Катастрофа на атамнай электрастанцыі, разумееце?.. — І раптам палатны доктар ледзьве не закрычаў: — Адна радыяцыя ад нас пасля сарака!
Праблемы ў яго... А не скажаш, ніколі не сказаў бы.
Я перапытаў:
— Цэлы мільярд адмірае?
— Сто працэнтаў.
Як на выбарах, калі б я галасаваць хадзіў...
— Адразу пасля сарака?
— Адразу. Годам раней, годам пазней — не важна. — І ён скончыў: — Можаце выпісвацца.
Шматзначна яно ў яго прагучала: “Можаце выпісвацца”. Пасля сарака...
Тады не аднаму мне выпісвацца... Крабічу пасля сарака, Росціку пасля сарака... І я спытаў, каб той атлас анатамічны не шукаць:
— А яны не ў патыліцы?
Ну, бачылі б вы Іосіфа Данілавіча...
— Хто не ў патыліцы?..
— Клеткі тыя... Якіх мільярд...
Кажу вам: ну, бачылі б вы яго...
Выпісваючыся, я ўсё думаў, што для мяне якраз важна: годам раней, ці годам пазней... Пакуль чык — і зламаецца.
І яшчэ думаў, што, калі клеткі тыя ў патыліцы, дык Росціку ў любым выпадку — ваду зліваць. Не ўгадаць, калі ўжо цябе паранілі — дзе б яно лепей?.. І ці шаром, ці відэльцам.
Лі-Лі, якой не бачыў я амаль тыдзень, пра тое, чаму я не бачыў яе, нават не заікаецца, а распавядае, як хавалі Ігара Львовіча. Што ж, Ігар Львовіч цяпер таксама ў сферы маіх інтарэсаў... Жыў — не быў, памёр — стаў...
— Лідзія Паўлаўна здзіўлялася, што цябе няма...
— Яна не ведала, чаму?..
— Ведала, але здзіўлялася... Прыйшлі ўсе суседзі нашыя (Лі-Лі так і кажа: нашыя, мае, значыць, і яе), з акадэміі, ён там загадваў лабараторыяй нейкай сакрэтнай, чалавек трыццаць, вучні ягоныя, адзін... (і тут Лі-Лі — я гэта пасля ўспомніў — пацягнула паўзу, нібы думаючы, што і як сказаць) ...адзін з Амерыкі прыляцеў, Лідзія Паўлаўна казала, што ты знаёмы з ім, бамжы — во тусоўка!.. І калі амерыканцу кайданкі начапілі, бамжы біцца кінуліся. Я з бамжамі была...
У Лі-Лі сіняк на левай скуле — і яна мне тлумачыць, адкуль...
Дурнота скрозь... Нашто чалавека ў наручнікі на могілках браць, пачакаць нельга?
— Няма ў мяне амерыканцаў знаёмых.
— Дык ён наш, з’ехаўшы... Габрэй, мусіць.
— А чаго бамжы за яго ўступіліся?
— Ён за памінкі плаціў, запрасіў усіх... Такая бойка ўсчынілася! У таўкатні труну з Ігарам Львовічам без века ў магілу скінулі... Дасталі — ён увесь у мокрым пяску, дождж якраз прыпусціў, ледзьве ачысцілі з большага... А двое з тых, што нібы з акадэміі былі, супроць нас біліся. Людзі ў цывільным хутчэй за ўсё. Лідзія Паўлаўна аднаму вока парасонам, як пікай, выбіла! Уяўляеш?