Лабух
Шрифт:
Пасля вазьміце мёртвага пеўня...
Росцік выжыве, калі пра ферменты думае. І я, мусіць, жыў буду, калі думаю пра Зіначку. Лабух будзе кукарэкаць, што яму ні адкручвай...
На калідоры каля выхада на лесвіцу, недалёка ад маёй палаты топчацца міліцыянт. Гэта наш участковы, мы знаёмыя. Але не так знаёмыя, каб ён прытаптаўся мяне праведаць.
— Хто ў вашай хаце жыве, Раман Канстанцінавіч? — пытаецца ўчастковы, нават не пацікавіўшыся маім здароўем. — То адна, то другая, цяпер адразу дзве... — І не паспяваю я адчуць палёгкі, як ён дадае: — Ды я не з гэтым...
Вось яно... Толькі чаго я асцерагаюся?
— Дома... Пасля на рабоце.
— І болей нідзе?
Я адказваю, не ведаючы, чаму маню.
— Нідзе. У лазні яшчэ... Пазней...
Лазня ўчастковага, як і маё здароўе, не цікавіць. Значыць, Ігар Львовіч...
— Тады я пайшоў, — кажа ўчастковы і глядзіць на мяне ўважліва. — Калі вы нідзе болей не былі...
Што я раблю?.. Чаго баюся?.. У чым тут небяспека, калі я не пры чым?.. Трэба проста сказаць, як яно было, ну, хіба толькі без “прафесаршы”, але я зноў, як нехта мяне змушае маніць, страху ў мяне наганяе, маню.
— Нідзе... Дома, на рабоце і ў лазні... Гэта лёгка праверыць, бо ў лазні я быў з... — Тут я ўсё ж спыняюся, не прыплёўшы без дай прычыны Шыгуцкага.
— Добра, — ні на чым больш не настойвае ўчастковы, хітра не настойвае, нібыта з поўным даверам. — Гэта ўжо іншыя правераць, калі спатрэбіцца. Папраўляйцеся.
Успомніў, што я ў шпіталі...
Ён паварочваецца ісці, я гляджу яму ў спіну — і яна мне здаецца напружанай, і адыходзіць ён амаль подбегам, нібы спяшаецца, каб пра мяне дакласці...
— Чакайце!.. Скажыце хоць, нашто вам ведаць, дзе я быў заўчора?
Участковы прыпыняецца.
— А вы не ведаеце, нашто нам ведаць?.. — Ён так і кажа: нашто нам ведаць? — Рутнянскага Ігара Львовіча, суседа вашага, заўчора забілі. — І з націскам, з намёкам нейкім дадае. — З пісталета.
Бамжы! Той асіметрычны!.. Ці фікусалюб? Вярнуліся — і забілі. Толькі за што? За пустыя бутэлькі? А, ці мала за што... Сказаць, што я заходзіўся? Не, не ўблытвацца...
— Дык я тут пры чым?
– - Хто яго ведае... Можа, і не пры чым. — Участковы стаіць бокам да мяне і глядзіць цераз свой блішчасты пагон. — А вам Лі-Лі не сказала, што Рутнянскага забілі?
Пытанне ён прагаворвае так, нібы падкрэслівае, што знаёмы з Лі-Лі. Блізка знаёмы. Ах ты мент...
— Я ў шпіталі. Тут не пра ўсё кажуць.
— А, ну канечне... Я разумею. — І ўчастковы паўтарае. — Папраўляйцеся. — Ён выходзіць з калідора на лесвіцу — і спіна ягоная яшчэ болей напружаная.
Палатны доктар ідзе па калідоры і пытаецца:
— Да вас ахову прыставілі, Раман Канстанцінавіч?.. Хадземце пабачым, ці ёсць што ахоўваць...
Ён якраз, у адрозненне ад Росціка, жартуе, а мне хочацца даць яму ў пысу. Ледзьве стрымліваюся.
У палаце на маім ложку сядзіць Лі-Лі, абняўшы Аліка, які быцца лом праглынуў.
— Я цалавацца яго вучу, — ускудлачвае Лі-Лі валасы на галаве Аліка. — Ён, аказваецца, ніколі яшчэ не цалаваўся.
Палатны доктар — службова-адміністрацыйны пацук. Яму
хоць Венеру Мілоскую пакажы, але ў належны час і ў адпаведным месцы. Да таго ж, Лі-Лі і прыйшла не да яго, і не яго цалавацца вучыць.— Што вы тут робіце? Вам нельга тут!..
Лі-Лі наіўна здзіўляецца.
— Чаму?
— Мне хворага глядзець!
— І я хачу глянуць, — кажа Лі-Лі. — Для мяне гэта нават важней.
Алік спрабуе ўстаць — і не можа. Я падаю яму руку, ён падымаецца і, ледзьве пераступаючы, выходзіць з палаты.
Што яна яму зрабіла?..
— Раман Канстанцінавіч!.. — не спраўляючыся з Лі-Лі, напірае на мяне доктар.
— Нічога, Іосіф Данілавіч, няхай глядзіць... Бачыла.
Іосіфу Данілавічу камендантам у інтэрнаце быць, а не доктарам у такім далікатным аддзяленні, як уралогія.
— Не, гэта чорт ведае што!.. Як гэта няхай глядзіць?
— Ну, вось так... — спускаю я бальнічнае сподняе. — Што ў мяне тут?
— Спадае пухліна... — аўтаматычна заўважае доктар, злосна зыркае на нас абаіх і кідае, выходзячы:
— Праз пяць мінут зойдзеце ў працэдурны пакой.
Пяць мінут даў на ўсё...
— Сапраўды спадае... — аглядае мяне Лі-Лі. — Але пухленькі яшчэ... Хочаш пацалую? Можа, палепшае?..
— Не дурыся, падурылася, — падцягваю я сподняе. — Ты калі-небудзь што-небудзь казаць мне будзеш?
— Я ўсё табе ўчора сказала... Што я не сказала?
— Што з міліцыі ў хату прыходзілі! А ўчастковы цяпер сюды прыпёрся!
— Дык я яго і прывяла... Ён ж не ведаў, дзе ты ад правасуддзя хаваешся...
— Лі-Лі!..
— Ты чаго так нервуешся?.. Учора кажу, што цяжарная — ты хоць бы што... А сёння з-за міліцыі нервуешся. Яны сведкаў шукаюць... У двары кажуць: баба нейкая Ігара Львовіча забіла.
— Хто?..
— Баба нейкая, скуль я ведаю!.. Хоць, мусіць, бачыла аднойчы з ім: тлустая такая, гара мяса...
— І ты ўчастковаму сказала?..
— Пра што?
— Пра бабу тую...
— Не. Можа, не яна, нашто я нагаворваць буду?..
Лі-Лі пра бабу тлустую, пра “прафесаршу” кажа — і дапытліва так на мяне глядзіць, нібы я пацвердзіць, ці не пацвердзіць магу: баба забіла, ці не. Не верыць Лі-Лі, што баба... Але што да таго Лі-Лі, чаго наогул яе гэтак забірае?..
А я чаго нервуюся? Ну, быў я там перад тым... Быў — і што з таго? Няўжо не бамжы, а “прафесарша”? Але зноў жа: чаму, за што?.. Ён узраўнаваў, накінуўся?.. Ды якая рэўнасць, там зусім не рэўнасцю пахла...
Я сядаю на ложак побач з Лі-Лі, паварочваю яе да сябе за плечы і пытаюся вочы ў вочы:
— Лі-Лі, ад каго ты цяжарная?.. Ад Поля?
— Можа, і ад Поля, — не пярэчыць Лі-Лі. — А, можа, і не цяжарная, так што не буду нагаворваць.
— Ад каго?.. — паўтараю я, адчуваючы, што яшчэ трохі — і не вытрываю...
— Ад Аліка... — не міргаючы, дастае мне нутро Лі-Лі, якую я зараз заб’ю — і няхай са мною ўся міліцыі разбіраецца, але ў палату ўваходзіць санітарка і спрабуе адчыніць другую палову дзвярэй. Да верхняга шпінгалета яна на паўроста свайго не дацягваецца, аглядае нас, прымяраецца і кажа: