Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Я ўявіў...

— Што ёй за гэта будзе, як ты думаеш?

Я кажу:

— Вока за вока... — Я не думаю пра Лідзію Паўлаўну, я думаю пра сябе.

Зіначка пацэліла ўдала: выйшаў я са шпіталю, прыкульгваючы. Паклаўся параненым спераду — падняўся параненым ззаду. Расказаць каму...

Праводзячы мяне, Зіначка радавалася, што іголка ўва мне не зламалася, а то б ёй было...

Пехатой дамоў кульгаць не давялося: у шпітальным двары чакаў каля машыны ўчастковы.

— Следчы папрасіў вас даставіць... Неафіцыйна. Гэта не мая работа, але... Тым больш, што вы нагу падцягваеце. Залячылі?..

Ён

нібы ведаў пра Зіначку — і я ашчэрыўся.

— Нейкія ж нормы ёсць, правілы! Позва на допыт, санкцыя на арышт! А то прыехалі: вас даставіць!...

— Лепш па-добраму, — адчыніў дзверцы машыны ўчастковы. — Ёсць і позвы, і санкцыі, толькі лепш па-добраму, Раман Канстанцінавіч...

Следчы мяне гадзіны паўтары мантыліў.

— Былі вы ў дзень забойства ў кватэры Рутнянскіх?

— Ну, быў...

Спачатку, адчуваючы ўсё тую ж незразумелую небяспеку, я аднекваўся, не ведаючы, што паказанні ўжо даў сусед, які заўважыў з балкона, як стаяў я з Лідзіяй Паўлаўнай у двары і зайшоў у пад’езд. Да таго ж ва ўсім, апроч забойства, прызналіся грамадзяне Ціхан Міхайлавіч Лупеха, Аляксей Віктаравіч Мацвеенка і Зінаіда Сяргееўна Ліскіна — асіметрычны, фікусалюб і “прафесарша”. А я думаў, што ў мяне жанчыны з іменем Зіна не было ніколі...

Следчы не стаў пытацца, чаму я маніў і яму, і ўчастковаму.

— Разумею, не хацелі ў гэта ўблытвацца. Імя, імідж, вы дастаткова вядомы чалавек, Раман Канстанцінавіч. Я, між іншым, адзін з вашых паклоннікаў... Але чаму грамадзянка Рутнянская ўтаіла, што вы заходзілі ў кватэру, як вы думаеце?

— Лідзія Паўлаўна?..

— Лідзія Паўлаўна.

— Не ведаю...

— Я пытаюся, як вы думаеце, чаму?

— Забылася...

— Забылася?.. Сына забілі, а яна забылася, хто?

— Хто — гэта хто? Вы што сказаць хочаце?...

— Тое, што яна не сказала. Калі б яна нечага не мела на ўвазе, некага ў нечым не падазравала, яна б сказала?.. Ну, заходзілі — і заходзілі, што тут таіць?

У яе і дазнайцеся.

— Дазнаемся. Лідзія Паўлаўна жыла ў вас?..

Нават пра гэта данеслі...

Следчы, дапытваючы мяне, займаўся тым, што спрабаваў паставіць на кант пачак запалак — і ў гэтым месцы допыту мне стала малацікава, удасца яму фокус, ці не...

— Пакуль ты ў шпіталі быў, я ў людзей адных начавала, — кажа Лі-Лі. — Ты мяне пакрыўдзіў.

Яна ў людзей адных начавала — і я яе пакрыўдзіў!

— З усімі начавала?.. Ці з адным?

Лі-Лі — хіба я не лаюся? — плаўна адварочваецца. І столькі пагарды ў гэтым руху...

— Пакуль з усімі, — прамаўляе яна там, куды адвярнулася, і ўстае. — Я пайду.

Хай бы пайшла, мне нават трэба, каб яна зараз пайшла, яле ж не так... І я зноў усаджваю яе.

— Чым я цябе пакрыўдзіў?..

— Калі пытаешся, чым, дык тлумачыць без толку.

— Паспрабавала б...

— Не, без толку...

— І ты кожнага разу ў некага начаваць будзеш, як палічыш сябе пакрыўджанай?

— Не абавязкова. Можна іншае нешта прыдумаць...

— Што?

— Пакрыўдзі — і прыдумаю...

Мы сядзім з ёй у парку, у летнім рэстаране, дзе я прызначыў спатканне Ніне з дачкой і Марце з сынам. На мяне, як па ўсім выходзіць, могуць кайданкі начапіць, дык перад дальняй

дарогай...

Ні Ніна, ні Марта, як нешта адчулі, спаткацца не адмовіліся, хоць я адразу сказаў, што будуць усе. Ніна толькі ўздыхнула коратка: “Усе, дык усе... Прыблізна не помніш, колькі ўсіх у цябе зараз?..”

Я прыйшоў гадзіны на дзве раней, каб зрабіць заказ, сюрпрыз, бо ведаю, каму з іх што да смаку, а Лі-Лі тут выпадкова: яна гуляла ў парку з Полем. З сіняком і з Полем. Поль развітаўся і падаўся, сіняк застаўся. Сіняк здзіўляе, глядзіш і думаеш: хто гэта так падскочыць злаўчыўся?..

— Добра, — кажу я Лі-Лі. — Ідзі.

Яна не разумее.

— Куды?..

Толькі што плаўна адварочвалася, сама пайсці хацела, і раптам не разумее, куды...

— Куды-небудзь, прыдумай... Туды, дзе начавала...

— Ты зноў мяне пакрыўдзіць хочаш?

— Не. Проста не хачу, каб ты тут была. У мяне спатканне.

Лі-Лі напружваецца.

— З Лідзіяй Паўлаўнай?

“Чаму з Лідзіяй Паўлаўнай?..”

— З Зіначкай.

— Не смяшы, — расслабляецца Лі-Лі. — Ты наўрад ці помніш, што мужчына і жанчына могуць сустракацца не толькі ў ложку...

Так... Што Зіначка, што Лі-Лі... Бабы.

Лі-Лі ведае, што ў парку спатканне Зіначцы я б не прызначыў — і гэта праўда. І я ўжо збіраюся сказаць ёй праўду, бо не трэба, каб Лі-Лі заставалася, яна зараз лішняя, зусім лішняя, але ў выгарадку рэстарана ўваходзіць Каміла, гумавай лялькай, ад чаго ніяк адвучыць не магу, падае на крэсла і ўся на ім раскідваецца...

— Фух, народу паўсюль, а вы ўдваіх... Мне пепсі... — І пытаецца ў Лі-Лі. — Ты ўжо ў нашай вялікай сям’і?

— Не, — адказваю я за Лі-Лі. — Яна тут выпадкова.

— Нават выпадковую даму не называюць займеннікам, сам жа вучыў, — адпівае пепсі Каміла. — А сіняк?.. Хіба гэта не сямейнае?

— Дык у вас сямейнае... — насмешліва здагадаўшыся, што да чаго, устае з-за стала Лі-Лі.

Каміла таксама падымаецца.

– - Ты куды?.. — І глядзіць на мяне непрыязна. — Раней ты хоць не біўся!

— Спаткаемся... — бесклапотна кідае Лі-Лі. Яна выходзіць з выгарадкі рэстарана на паркавую дарожку (Божа мой, як ідзе!.. шыю зламаць, азіраючыся...), Каміла даганяе яе:

— Пачакай, Лі-Лі! Ды пачакай ты!..

Дачку маю болей цікавіць, што ж такое здарылася ў Лі-Лі з секс- інструктарам, чым тое, для чаго як паклікаў бацька... Подбегам дагнаўшы сяброўку, Каміла абдымае яе — маленькая, Лі-Лі пад паху — і метраў за паўста ад рэстарана, каля мангалу, што курыць шашлычным дымком, яны сядаюць за столік. Праз хвіліну — нікуды далёка не падаўся, тут недзе туляўся — да іх падсаджваецца Поль... Што ж, сямейнае спатканне пачалося.

— Лухта гэта ўсё, Іван Ягоравіч, — локцямі па стале падаўся я да следчага. — І вы самі ведаеце, што лухта.

Следчаму ўдалося ўсё ж паставіць на кант пачак запалак, і ён перапытаў з задавальненнем:

— Лухта?.. А грамадзянка Ліскіна Зінаіда Сяргееўна паказвае, што вы ўзялі яе сілай, а калі яны вырвалася і збегла, дык і не ведае, што вы зрабілі з грамадзянінам Рутнянскім Ігарам Львовічам, які дапамог ёй ад вас вырвацца...

Ну, кабыла...

— Каго ўзяў сілай?.. Вы бачылі тую грамадзянку Ліскіну?..

Поделиться с друзьями: