Лабух
Шрифт:
На тумбачцы каля ложка Росціка ляжалі бананы. Да яго прыходзіла Лі-Лі.
— Я жыд, а не малпа, — паморшчыўся на прынесены мной пакунак Росцік. — Вы што мне адны бананы цягаеце?..
— А ты б чаго хацеў?
— Бабу.
— Ромавую?
— Раманаву. Хоць адну адшкадуй, у цябе лішнія...
— А ў цябе з аналізамі як?
— Сексу недабор. З праламанай патыліцай страсць скразная...
Ён, канечне, за Лі-Лі заступіўся, яна яму пажалілася, яны з Лі-Лі жаляцца адно аднаму, але я зрабіў выгляд, што не зразумеў, і сказаў Росціку пра Крабіча.
— Лі-Лі ўчора была... — усё яшчэ нечага ад мяне чакаючы, цягнуў сваё Росцік і, нічога не дачаўшыся,
— Ты маленькіх бабулек на вуліцы забіваеш?
Я адказаў, што на вуліцы не забіваю.
Росціка нібы зацікавіла тое, чаму я іх не забіваю, ён нават у вочы мне глыбей зазірнуць паспрабаваў, каб вызнаць:
— А чым ты мяркуешся, не забіваючы маленькіх бабулек?
— Нічым... Проста не забіваю бабулек. Ні маленькіх, ні большых, ніякіх.
— А я проста ніякіх заяў у міліцыю не падаю. І не падаваў ніколі.
— Скуль тады заява?
— У Шыгуцкага спытай. Думаю, ён з гэтага вялікі шум узняць збіраецца... Нацыяналіст хацеў жыда забіць. Яны цяпер нават за жыдоў супраць нацыяналістаў.
— І мы будзем дапамагаць ім ва ўладу выбірацца?
— Будзем. Бо жыдоў усё адно не выберуць.
— Хто ж мы пасля гэтага?
— Лабухі. Як былі мы, так і застаемся лабухамі, і нікім нам болей не трэба быць.
— Але ж гэта тое, чаго яны хочуць. Чаго чакаюць ад нас.
Росцік зазірнуў мне ў вочы яшчэ глыбей, здзіўлена.
— Ты пра гэта задумаўся, Ромчык?..
— Задумваюся патрохі... І што скажаш?
— Скажу, што супасці з тым, чаго ад цябе хочуць — вялікае чалавечае шчасце.
— Морда жыдоўская, — развітаўся я з Росцікам. — На работу выходзь, супадаць будзем.
На калідоры, стараючыся зрабіць выгляд, нібы выпадкова прабягала міма, стаяла, перабіраючы ножкамі, Зіначка. Нямала яна набегалася, пакуль падпільнавала мяне і няўмела здзівілася:
— Ой, вы тут...
Зіначка глядзелася гэткай спакуслівай цацачкай, што варта было забыцца, як яна ледзь не наскрозь прапарола мне пікай азадак. Я абняў яе за лялечны азадачак:
— Зіначка...
Яна застраляла вочкамі ўбакі па калідоры, нікога не было — і рук маіх не скінула.
— Зіначка, ты можаш зрабіць для мяне добрую справу?
— Магу, — сказала яна радасна.
— Зайдзіся ў палату і пацалуй майго сябра. Найлепшага.
— А пасля?.. — спытала Зіначка з меншай радасцю.
— Пасля пазвоніш мне дні праз тры — і спаткаемся.
— Чаму праз тры?..
— Ну, праз дзень-другі...
— А тэлефон?..
— Росцік ведае. Пацалуеш — ён табе скажа.
Зіначка скінула мае рукі:
— Не!
Не дае забыцца, што ў яе характар.
— Чаму не?
— Не, бо не!
— Ты крыўдуеш?
— Цацкі не крыўдуюць! А я для вас цацка жывая! Я каторы дзень... — і Зіначка прыкусіла губку, злавіўшы сябе на тым, што прагаворваецца.
— Ты са мной пацалавацца хочаш?
— Ды не хачу я з вамі цалаваццца!.. — крутнулася і пабегла па калідоры Зіначка, прыпынілася... — І болей не захачу ніколі!
Вось табе і па ўсіх пацалунках... А чакала, падпільноўвала... Пстрычка-запальнічка...
Непацалаваным вярнуўшыся ад непацалаванага Росціка, я пазваніў Шыгуцкаму, які параіў мне думаць пра сябе, а не пра Крабіча.
— Не ўсё ў цябе так проста, — сказаў Шыгуцкі. — З лабараторыі, якой загадваў Рутнянскі, дакументацыя прапала сакрэтная, а ён там быў за два дні да смерці.
— Дык што з таго?
— Толькі тое, што зараз гэтым Камітэт дзяржбяспекі займаецца, а не міліцыя. Тут нават я не магу пазваніць і даць адбой.
—
І мной зоймуцца?— І табой... Ты праходзіш па справе.
— Што ў такім разе рабіць?
— Табе падкажуць, — як намякнуў на нешта Шагуцкі. — Я пра цябе падумаю — і ты падумай. Пра суд падумай, пра турму... Гэта ж уся музыка ляснецца, га?..
Пра суд з турмой сказаў Шыгуцкі нібыта жартам, і ўсё ж ён падстрашваў мяне — і я не мог зразумець, нашто?
Пра суд з турмой я думаў і думаю.
З таго нямногага, да чаго я — па-за жанчынамі і музыкай — не абыякавы, дык гэта якраз да суда і турмы. Ну, цяпер яшчэ да Дао... Майго стрыечнага брата, найблізкага мне з усёй радні, судзілі ні за што і ні за што пасадзілі. Усе ведалі, што ні за што, за чужую віну — не хацелі гэтага ведаць толькі суд і турма. Мяне гэта чапанула, за самае нутро торгнула, і зацікавіла мяне жыццё, якім жывуць слугі закону: суддзі, пракуроры, следчыя... Асабліва суддзі — сярод іх найболей жанчын.
Пра суддзю-жанчыну я не думаю, як пра суддзю. Суддзя для мяне — мужчына, і думаю я пра суддзю-мужчыну.
Слова нейкае кітайскае: су-ддзя...
Вось ён падымаецца нараніцы, не ў гуморы, апухлы з учарашняга перапою, доўга не можа знайсці пад ложкам тапкі, цяжка порскаецца ў ваннай, бурчыць на жонку за неадпрасаваныя штаны, за перасмажаную яечню, апранаецца, падперазваецца, зашнуроўваецца, выходзіць з хаты, сунецца па вуліцы... і пакуль што ён такі ж ніхто, як і ўсе ў натоўпе, але праз гадзіну-другую ён уваходзіць у абшарпаны, зашмуляны пакой з паламанымі крэсламі і завэдзганым Гербам Дзяржавы на сцяне, і сакратар суда ўскідваецца: “Устаць, суд ідзе!” — і ўсе ўстаюць, а ён сядае пад Герб Дзяржавы, аддыхваецца, перакладвае нейкія пеперчыны, напаўвуха слухае пракурора, напаўвуха слухае адваката, пракурорскіх і адвакатскіх сведкаў, чакаючы толькі таго, калі ўсё гэта скончыцца, і ўрэшце сам усё і завяршае, абвяшчаючы вырак: “Да найвышэйшай меры пакарання!” — і на гэтым мяне заўсёды закліньвала: а як ён зноў сунецца па вуліцы?.. прыходзіць дахаты?.. распранаецца?.. расшнуроўваецца?.. расперазваецца?.. кладзецца ў ложак?.. чытае газету?.. засынае?.. Хай нават вінаватаму ён гэткі вырак абвясціў... Ён хто, Гасподзь?.. А раптам не вінаватаму?.. І назаўтра ён спакойна прачынаецца, шукае тапкі, порскаецца ў ваннай, бурчыць на жонку, апранаецца, падперазваецца, зашнуроўваецца, выходзіць з хаты, сунецца па вуліцы... і жыве сабе гэтаксама, як і ўсе?..
Я хоць і лабух, ды не з такімі ўжо адмарожанымі мазгамі, каб не разумець, што ёсць і павінны быць дзяржава і закон, але і дзяржава, і закон — гэта людзі, і які чалавек можа роўны быць дзяржаве, і які чалавек можа роўны быць закону?.. І як выйшла так, як сталася, што не Боская, а чалавечая воля ўзаконена пануе над чалавекам, адна над другой?..
Ігара Львовіча забілі. Трэба знайсці і пакараць забойцу — знойдуць і пакараюць мяне. І не здрыганецца дзяржава, і не пахіснецца закон. І суддзя вернецца дахаты і, кладучыся спаць, прачытае на сон газету...
Калі арыштавалі Радзіка, майго стрыечнага брата, і справа дайшла да суда, я ўсё, што мог, рабіў, каб Радзіка зратаваць. А нічога рабіць не трэба было, бо ён ні ў чым не быў вінаваты, яго судзілі замест іншага, замест родзіча вялікага начальніка... Я ўрэшце дазнаўся, хто яго судзіць будзе, запрасіў суддзю на канцэрт, пасля закруціў п’янку з бабамі — і ўжо ўночы ў нумары гатэля, заказанага для апошняй дзеі, п’яны суддзя раптам сказаў:
— У мяне тут не выйдзе, не падымецца... Дай мне з сабой адну дзеўку.