Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ланцуг

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

У вокнах казармы гарыць святло. Увогуле, казарма вялікая, на іх чатыры чалавекі ажно восем пакояў! У адным з пакояў працуе тэлевізар — бацька, як заўсёды, глядзіць кіно. Маці, як звычайна, завіхаецца па гаспадарцы. Янка па звычцы патарахцеў на матацыкле «гуляць» у суседнія вёскі… Словам, усё ў іх ладна і складна.

Вечаровыя гукі заціхаюць. Калі-нікалі прагрукоча цягнік, абдасць гарачым ветрыкам, пахам мазуту і цеплавознага дыму. Затым яшчэ доўга ў вушах будзе стаяць перастук колаў і ціхі звон рэек.

Ужо нельга разабраць літар, і ад таго Ганульцы не зусім да канца ясна, што меў на ўвазе аўтар пад сваёй думкай. Дзяўчына

з жалем загортвае гэту надта цікавую кнігу. Час ісці ўкладвацца спаць. Заўтра апошні дзень школы, апошні дзень Ганульчынага дзевятага класа.

— А ці ўсё ты падрыхтавала на заўтра, дачушка? — пытае маці, якая падышла нячутна. — Не забудзь, што заўтра апошні дзень школы, а таксама апошні дзень твайго дзевятага класа.

Мама магла б і не нагадваць. Ганулька і без яе памятае. Туфлікі на абцасах, новенькая адпрасаваная спаднічка, беленькі фартушок, калготкі… Усё даўно падрыхтавана і толькі таго і чакае, каб узлезці на сваю гаспадыню і разам з ёю паказацца на людзях.

— Падумаць толькі, як няўмольна хутка ляціць-пралятае час! — уздыхае маці. — Як зараз, здаецца, стаіць перад вачыма той момант, калі ты была зусім малечай, а цяпер вунь якая…

Голас у маці задрыжэў. Адвярнуўшыся, яна хусткай выцірае набрынялыя вочы… Відаць, успомніла сваю маладосць.

Нейкі час дзяўчынка ходзіць па двары. Чысціць зубы, доўга мые ногі… Потым тушыць святло і ўкладваецца ў пахнучую свежасцю пасцель. Ёсць у Ганулькі свая невялікая тайна — перад сном яна любіць хвілін 20–30 аддацца марам. Дарагі ёй гэты ейны патаемны час! Яна не разумее, як іншыя, напрыклад, Янка, могуць, ледзь толькі дакрануўшыся да падушкі, адразу задаваць храпака без задніх ног.

Ганулька сцішылася пад коўдраю. Але — душна, і яна адкінула яе. Ляжала голенькая, залітая месячным святлом, з шырока расплюшчанымі вачыма, крыху падобная на Данаю з вядомай карціны Урубеля. І вось даўгачаканыя сябры, ейныя мары-летуценні, стукаюцца ў госці. Дзіўна, думае дзяўчына, чаму ніхто не заўважае перамен, што з ёю апошнім часам адбываюцца? Бо тым непаўторным маем Ганулька расцвітала на вачах — як іхняя груша-дзічка, што расла пры дарозе на вёску. Двойчы, а то і больш разоў у дзень, ідучы ў школу ці вяртаючыся з яе, або ў вясковую краму і назад, дзяўчынка зусім не звяртала на яе ўвагі. Ды нечакана спынілася перад ёю ў нямым захапленні! За адну ноч груша закіпела бела-ружовай квеценню! Ад радасці дзяўчынка нават запляскала ў ладкі.

«Як у гэтым дрэве, так і ва мне абуджаюцца драмаўшыя дасюль сокі, — пранеслася з хуткасцю маланкі думка, — і пачынаюць свой нястрымны рух аднекуль з глыбіні душы, з самага сэрца!»

Дзяўчына не хацела прызнацца нават самой сабе, што прычынай раптоўнага ейнага зацвітання, віной патаемных дзявочых мар, надзей, спадзяванняў і — забягаючы наперад — няшчасця стаў ён, Валянцін…»

ІV. Разбор

Аб чым я Вас і папярэджваў.

Добра: апусцім усе гэтыя, на горкі яблык збітыя імёны хатніх жывёл і «каларытныя» назвы мясцін. Заплюшчым вочы на маладую бульбачку і гурочкі ў маі. Даруем дэбютантцы іншыя сэнсавыя, моўныя і стылёвыя хібы — як, напрыклад, да раздражнення не беларускае (ды, здаецца, і нічыё) «ейнічанне», частае «наперад забяганне», блытаніна з аўтарамі… Не станем прыдзірацца да мележаўскай Ганны, коласаўскай грушы-дзічкі (хоць наконт апошняй і варта было б удакладніць: не адна, а дзве тоўстыя грушы раслі паабапал дарогі, нібы абазначаючы

вароты пры ўездзе ў якісь старадаўні, а цяпер занядбаны маёнтак; і была яшчэ трэцяя — маладая, якую Вы, мабыць, і мелі на ўвазе, толькі яна хавалася ў лесе, пры калодзежы, і з дарогі яе не ўбачыш).

Усё гэта драбяза! Пярэйдзем да больш істотнага. Да «рэчкі Змейкі са стромкімі берагамі». Не назіралася такой у радыусе 10–15 кіламетраў, а быў непадалёку ад Казармы звычайны гравійны кар’ер — з, і праўда, вельмі чыстай вадою, з карасямі і маладымі карпікамі…

Ганульчын бацька — дзядзька Ляксей, пры ўсім жаданні не змог бы нікога клікаць, бо яшчэ ці не ў вайну, зусім малым, на ўсё жыццё застудзіў горла.

Накладка і з маці — цёткай Тэрэзай — ганарыстай, пародзіста-прыгожай знешне і з паганенькім характарам полькаю. Хто-хто, а ўжо яна выдатна ведала, у якім перыядзе знаходзіцца дачка-падлетак, што з ёю можа тварыцца, якія «мары-летуценні» ў яе гасцююць… Таму таксама наўрад ці з Ганулькай сюсюкалася б.

Брат — Валодзя, перахрышчаны Вамі ў паэтычнага Янку, пачаў галіцца толькі ў арміі, і то на другім годзе. Адпаведна, на час дзеяння «повесьці» вусікаў мець не мог, тым больш чорненых: быў ён светла-кучаравы, з рабым тварам, скуласценькі, мардасценькі — копія Ульянава-Леніна з «акцябронскай» значкі.

І, нарэшце — апісанне гераіні.

Тут многа няпраўды!

Ніякай доўгай, «смаляной» касы Ганна заплятаць не магла. У яе была кароткая стрыжка, валасы — пшанічнага колеру. Твар не «русалкава-круглы», а наадварот, крыху выцягнуты, я б сказаў — балцкага тыпу, чысты, беленькі, без радзімачак, без прышчыкаў (уласцівых гэтаму ўзросту). Нос — не кірпаты, а роўны, вусны не шаблонна «пульхна-пунсовыя», а проста маленькі рот з сімпатычнымі, яшчэ не сапсаванымі памадаю губкамі. Вочы (адно з нямногіх месц, дзе Вы не схібілі) сапраўды сінія, мяккія, спакойныя; толькі вопытны знаўца, вялікі спецыяліст па такіх справах мог тады разгледзець на дне іх той самы вір, у якім…

Роўная, зграбная — у маці — постаць. Рослая. Некаторая замаруджанасць — у бацьку — рухаў. Частае пакусванне ніжняй губкі. Да недахопаў можна аднесці крыху шыракаватыя, як для дзяўчынкі, плечы і лёгкую шапялявасць (зрэшты, такую сэксуальна-мілую, што гэта плюс, а не мінус)…

Што да апісання двара і «адскочыўшых грудак», тут яшчэ нішто. Мірыцца можна.

Раздзел V. Рамэо з Джульетай і Дантэ з Беатрычэ

«…Стаў ён, Валянцін.

Каханне да яго ўспыхнула раптоўна і асвяціла сваім чароўным… Дасюль небагатае на падзеі… зайграла колерамі і фарбамі… Калі прырода абудзілася… і адцвіла сіняя махнатая сон-трава, а таксама чаромха, — затое ў лясных нізінах пад хвоямі з’явіліся белыя званочкі ландышаў, а пад вокнамі зашугалі ружовым і белым полымем кусты бэзу. Салаўі ў прырэчных вербалозах цёхкалі начамі, як ашалелыя, радасна і звонка, заглушаючы грукат цягніковых колаў.

Распукнутая нападобе ландышаў ці бэзу, адкрытая ўсяму свету, вясне і людзям Ганульчына душа прагнула-чакала — як кветка чакае сваёй пчалы, як княжна Мэры свайго Анегіна

Аднойчы пасля працоўнага дня Янка з вечара, але яшчэ завідна, пачаў некуды збірацца. Перш вымыўся сам, тады ўзяўся мыць матацыкл.

— Куды гэта ты збіраешся? — падазрона запытала сястра.

— Табе яшчэ не хапала ведаць, — скасавурыўся ў яе бок Янка. — На вяселле запрошаны! — не вытрымаў і пахваліўся ён.

— Вазьмі мяне з сабой, Яначка, — умольна папрасіла Ганна.

— Рана табе яшчэ па вяселлях, — незадаволена кінуў Янка.

Поделиться с друзьями: