Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ланцуг

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— А скажы хоць, хто жэніцца? — выявіла зацікаўленасць яна.

Аднак з гэтага Янкі слова і абцугамі не выцягнеш!

— Жэніцца старэйшы брат майго лепшага сябрука і аднакласніка Валянціна, — неахвотна адказаў юнак, заводзячы матацыкл. — Валянцін якраз дзеля гэтага выпадку і прыехаў з Мінска, дзе вучыцца на апошнім курсе універсітэта на факультэце…

Далей дзяўчынцы разабраць не ўдалося — словы брата заглушыў матор. Матацыкл узвыў і пачаў аддаляцца. Але і таго, што пачута, аказалася дастаткова. Вось гэта навіна-а-а! Ганулька крыху ведала

Валянціна раней. Іх з Янкам было не разліць вадой. Даходзіла да таго, што сядзелі ў школе за адной партай… Але пасля васьмігодкі Валянцін ад’ехаў у сталіцу на філфак і сяброўства крыху разладзілася. Толькі пад час канікулаў пачынала ўспыхваць з новай сілай.

Акрамя рэдкага, прыгожага імені — Валянцін, гэты хлапец раней не зусім цікавіў Ганульку. Яшчэ б! На цэлых пяць гадоў старэйшы. У яго з Янкам заўсёды былі нейкія свае справы — футбол, хакей, рыбалка… Грыбное паляванне таксама. А ў іх, малых дзевак, свае — «класікі», скакалкі, даганялкі…»

Пачакайце.

На які філфак можна паступіць пасля васьмігодкі? І чаму, калі Валянцін сядзеў з Янкам за адной партаю, дык Янку 18, а Валянціну, на пяць гадоў за Ганну старэйшаму — 20? Павінна ж атрымацца 23.

Людміла Аляксееўна! Аўтар пра сваіх герояў павінен ведаць усё. Як Ойча наш. Пралічыць і памятаць кожную драбязу: ад даты нараджэння да, выбачайце, частаты паходаў у туалет. Усё гэта, само сабой, зусім не абавязкова перці ў тэкст, але калі гэта ведаць, дык адразу будзе бачна, што ў галаве і за душою ў аўтара больш, чым у тэксце.

Расставім кропкі над і.

«Валянцін» пасля васьмі класаў паступіў не ў сталічны ўніверсітэт, а ўсяго толькі ў будаўнічы тэхнікум у раённым цэнтры. Той вясною вучыўся ён на трэцім курсе. Гадоў ім з Янкам было па 18, Ганульцы, адпаведна — 15.

«…Такая значная розніца ва ўзросце не на жарт адпалохвала Ганульку. Ёй прыгадваліся падобныя выпадкі з гісторыі. Напрыклад, як апісана ў таленавітай трагедыі Бернарда Шоў «Рамэо і Джульета»…»

Люда мая Аляксееўна… Што мне Вам сказаць? Хіба што параіць пацікавіцца як-небудзь пра нагодзе, якога ўзросту была, напрыклад, натхняльніца Пятраркі — Лаура. Ці Дантава Беатрычэ. А заадно і тая самая Джульетка.

Ды Бог з ім, далей!

Раздзел VI. Знаёмства

«…У клубе людзей — яблыку недзе ўпасці! Гучыць вясёлая музыка, танцуюць пары. Ганулька з сяброўкамі-аднагодкамі збіліся чародкаю ў куток. З зайзрасцю яна назірае за старэйшымі дзяўчатамі. Іх адну за адной запрашаюць хлапцы на танец. Аб’явілі вальс для маладых. Паліліся павольныя акорды. Твару маладой Ганулька не запомніла, кінуўся ў вочы толькі белы празрысты вэлюм… Некалі праб’е і яе час, і яна закружыцца ў імклівым… і ўжо іншыя дзяўчаткі будуць шырока расплюшчанымі, ззяючымі вачыма пазіраць на яе, нявесту Ганну…

Потым пачалі абносіць каравай. Сваты — асабліва смешны адзін, з даўгімі вусамі, у саламяным капелюшы… Цэлы тузін дружкоў маладога… Таварышкі маладой з кветкамі ў валасах… Усё гэта з працяглымі вясёлымі жартачкамі, прыпеўкамі, прыказкамі…

— Можна вас? — пачуўся раптам мяккі, прыемны голас.

Ганна ўскінула галаву. Перад ёю стаяў Валянцін. Росту крыху вышэй за сярэдні, поўнага целаскладу, прыгожа падстрыжаны, у касцюме з белай кашуляй і чорным гальштукам-»матыльком». Ад яго распаўсюджваўся пах нейкага надзвычай

дарагога адэкалону.

— Можна запрасіць на танец? — паўтарыў Валянцін і ў невялікім паклоне схіліў галаву. Валасы льняной чупрыны ўпалі на высокі лоб. Ён адкінуў іх прыгожым рухам далоні.

Сяброўкі прыціхлі. Ганна лавіла на сабе іх позіркі.

«Прыняць запрашэнне ці не?» — ліхаманкава разважала дзяўчына… Нічога нельга сказаць, хлапец адразу спадабаўся ёй сваёй весялосцю, раскаванасцю, далікатнасцю. Разам з тым адчувалася ў ім крыху разгубленасць. Нібыта трымаў ён далёка на дне душы тайну, якую жадаў бы раскрыць толькі самаму блізкаму па духу чалавеку пры больш шчыльным знаёмстве — забягаючы наперад, так яно потым і адбылося.

…Дзяўчына задумалася — у радасным здранцвенні — навошта яму яна? Калі вакол хапае вялікіх дзяўчат?! Ці не ад яго прыроднай дабрыні йшло тое жаданне? Ці не пашкадаваў ён яе, заўважыўшы бляск у ейных вачах і зразумеўшы, як ёй хочацца танцаваць? Так некалі зрабіў дарослы, надзвычай добры, хоць і тоўсты, П’ер Бязухаў (у хрэстаматыйным творы Дастаеўскага), калі неўсур’ёз запрасіў на танец малую Растову…

— Дык я запрашаю вас, — трэці раз паўтарыў Валянцін.

І, пакуль дзяўчына ўсё яшчэ вагалася, яго рука сама легла ёй на плячо. Валянцін пяшчотна, разам з тым даволі ўпэўнена абняў яе гнуткі стан. Яны закружыліся ў салодкіх рухах павольнага танца…»

Раздзел VІІ. Валянцін

Пакінем — так і быць — караваі, сватоў, падперазаных ручнікамі, дружкоў у вышыванках і іншыя этнаграфічна-карнавальныя атрыбуты, хоць усё гэта прыцягнута ў тэкст за вушы.

На самой справе, і Вы гэта выдатна ведаеце, ніякае не вяселле «стрыечнага брата Валянціна Леаніда» (трэба — Валянцінавага брата) было, а провады яго ў армію.

Спускайцеся хоць зрэдку на зямлю, Людміла Аляксееўна. Вучыцеся шукаць і знаходзіць незвычайнае ў простым. Хаця разумею — гэта зусім не проста, гэта Вам не высмактаны з пальца саладжавы Валянцін…

Ды і не Валянцін ён будзе па-беларуску, а Валік. Не Леанід, а Лявон. Не Людміла — а Людзьвіна, Людзьвіга, Людзьвіся…

І ні ў якім герой быў не ў «смокінгу», а ў лінялых джынсах і ў клятчатай байкавай кашулі навыпуск.

І паводзіны яго, весялосць, і «загадкавая тайна» ў вачах тлумачыліся зусім не арыстакратычнай элегантнасцю, а лёгкім алкагольным ап’яненнем, а яшчэ больш — стомаю, бо што такое, калі ў цябе, ці ў тваёй радні падобныя вечарыны? Як каню свята: галава ў кветках, спіна ў мыле… Беганіна, замотанасць, невысыпанне… Увесь час на падхваце: таго запрасі, гэтага выведзі, аднаго накармі, другога пахмялі… Ды не забудзем, што на вуліцы росквіт не толькі веснавой прыроды, а яшчэ і брэжнеўскага застою — паспрабуй купі без чаргі ці без блату звычайнай каўбасы, рыбы, таго ж зялёнага гарошку з маянэзам — чамусьці абавязковых для любога застолля…

Але вернемся ў клуб, да П’ера Бязухава нашага. Якое няўдалае параўнанне!

Калі свежанькая, харошанькая Ганулька, канечне, цягнула на Растову, дык Валянцін на мажнога, таўстога княза Бязвухага — ну ніяк!

З усяго Вашага апісання варта пакінуць адзін чуб, ды і той не настолькі доўгі, каб падаць на лоб, — так, чупрынка… Худы, шчуплы, ростам аднолькавы з запрошанай дамаю, хутчэй сарамлівы, чым развязны (нягледзячы на «паддатасць»)… Звычайны вясковы хлапчук, што прыехаў з тэхнікума правесці ў армію брата, — вось такі Валянцін.

Поделиться с друзьями: