Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ланцуг

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

У такім настроі, з такім багажом я вяртаўся тады з працы. А хмара паўзе, а наперадзе — «маленькі адпачынак», выхадныя, а вось-вось сапраўдны адпачынак, а галоўнае — дома чакае новая аповесць, пра сучаснасць, ляжыць на стале чарнавік з героямі, якіх я не ведаю і баюся, і не люблю: нейкія бізнэсмены, прастытуткі, мафія, міліцыя… Чарнавік, за які я кожны вечар кідаю сябе сілаю…

Арганізм не захацеў цярпець гэтага.

* * *

Атрымліваецца, мой інфаркт — ад «Выбранага»? Якое паказала мне маю мізэрнасць? I калі б не выдаваў яго, калупаўся патроху, нічога б не было, жыў бы па інерцыі, як і раней?

Ох, гэтае «Выбранае»… 1987–1991.

Гады, у якія ўсе ранейшыя крытэрыі, ідэалы перавярнуліся на 180 градусаў. «Выбранае» выбіралася, а час усё бег, усё змяняўся, і мае сакратары парткамаў, калгаснікі і партызаны аніяк за ім не паспявалі…

Дапускаю, што я ўсё жыццё сумленна, як умеў, стараўся кляпаць у мастацкіх вобразах тое, што не магло быць вечна, верыў у тое, у што нельга было верыць: у сацыялізм, у калгасы, у грамадства вышэйшай справядлівасці, у партыю камуністаў; таму і выйшла маё «Выбранае» эталонам таго, што нікому не трэба.

Дапускаю — я ўпарта і сумленна будаваў вось такую сцёбку, у якой цяпер сяджу, і сцёбка атрымалася цёплая, у ёй можна жыць, — але пабудавана яна не на цвёрдым грунце, а на ільдзіне. Ільдзіна растала.

Дапускаю — але што такое я? Акрамя таго, што сумленны рамеснік і добры рэдактар? Хто мяне дзе ведае? Мне мала дадзена, таму і мала з мяне можна ўзяць. Я пабудаваў на ільдзіне сцёбку, а нехта ж — цэлыя дамы, палацы! Ды па гэтай логіцы павінна была пачацца проста эпідэмія пісьменніцкіх інфарктаў, і чым больш таленавіты пісьменнік, тым больш яго павінна была аглушыць перамена веры!

* * *

Учора ўзяў у Ліды томік апавяданняў Шукшына, знайшоў апавяданне «Верую». У што ж?

«У авіацыю, у хімізацыю, у механізацыю сельскай гаспадаркі, у навуковую рэвалюцыю, у космас і бязважкасць, у барсучынае сала, у стаячую аглоблю — бо ўсё гэта аб’ектыўна!»

Калі ў гэта верылі лепшыя з лепшых, дык што казаць пра «масы»? Вось гэтая «аб’ектыўнасць» і звязвала, як раствор цагліны, эпізоды ваенныя, калгасныя, партыйныя, гістарычныя, палюбоўныя ў апавяданнях, аповесцях і раманах.

Але не перастаю здзіўляцца, чытаючы цяперашнія выступленні пісьменнікаў і цяперашнюю крытыку. Аказваецца, усе заўсёды разумелі, што тая вера была лухта, творы таго часу трэба лічыць несур’ёзнымі, лепш іх увогуле не згадваць, а калі згадваць, ацэньваць з пазіцыі апазітыўнасці: гультая, які не хацеў ісці ў калгас, трэба лічыць цяпер не за гультая, тым больш не за ворага, як ранейшая крытыка лічыла, а за станоўчага героя; у апавяданнях пра вайну паліцая цяпер трэба лічыць як асобу трагічную, чалавека, які апынуўся паміж двух агнёў…

Зрэшты, усё можа быць, і тая вера магла быць несур’ёзнаю. Але тады якая сур’ёзная? Якая, урэшце, заняла сваё законнае месца, калі адпала патрэба маскіравацца і гаварыць эзопавай моваю? У рыначную эканоміку, у малы і вялікі бізнэс, у шкоду авіяцыі, механізацыі, хімізацыі, у добрага паліцая, у кепскага партызана, у самадура-парторга, у Бога, сатану, у «Храм-хам», «Адраджэнне-абуджэнне»?

* * *

У прэтэнзіях цяперашніх маладых да нашага пакалення больш праўды, чым позы і задзірыстасці. Асноўная думка гэтых, мякка кажучы, прэтэнзій тая, што нашаму пакаленню, перш чым прэтэндаваць хоць на нейкае месца ў літаратуры, трэба пакаяцца. Проста растлумачыць, чаму адбылася (ці не адбылася) перамена веры.

Бо інакш як можа верыць нам малады чалавек? Што ён ад нас чуе?

Ён чуе ад нас — наменклатура, саветы, рынак, незалежнасць; гэтак сама, як раней чуў — буржуазная прапаганда, станоўчы герой, чалавек працы, вытворчая тэма, подзвіг народа…

Міжволі засумняваешся: ды ці ёсць

у такіх «настаўнікаў» нешта важнае, запаветнае, не звязанае з палітычным момантам? А самае галоўнае, ці было хоць калі? Міжволі пачнеш касіць пад корань што трэба і што не трэба…

Альбо як не згадзіцца з цяперашнімі маладымі, што чым больш таленавіты пісьменнік (які памяняў цяпер веру), тым больш яму трэба «пакаяцца», бо тым больш у параўнанні з графаманам яго творы служылі той сістэме, якая панавала?

У маім «Выбраным» ёсць апавяданне. Там калгасніца з малым сынам позна ўвечары перакопваюць — па скапаным — калгасную бульбу. За гэта ганялі. Нарваўся брыгадзір і павёў іх у сельсавет складаць акт. Потым, па дарозе, глянуўшы на хлопчыка, які плакаў, адпусціў іх. У апавяданні атрымаліся жывыя героі, а ў цэлым іх «жывасць» даказвала толькі тое, што ў калгасах — адпаведна, і пры тым дзяржаўным ладзе, які выдумаў калгасы — чалавек застаецца чалавекам. Але крытык, рэцэнзуючы «Выбранае», напісаў: людзі ўжо тады разумелі, што калгасы — зло, і таму вяскоўцы вымушаны былі памагаць адно аднаму, каб дажыць да часоў лепшых, фермерскіх…

Пераконваць, «запальваць» могуць толькі жывыя героі. Героі жывыя тады, калі сумняваюцца. Чым больш сумняваюцца, тым глыбейшы (нібыта) канфлікт, тым лепшы мастацкі твор у дэталях і тым больш ён служыць пануючай ідэі ў цэлым; і тым больш ён даўгавечны, бо пры змене пануючай ідэі сумненне можна разглядаць як асноўную думку.

Асаблівыя нараканні на маладых за тое, што яны замахваюцца на святое святых — ваенную тэму! Ужо за эксплуатацыю гэтай тэмы, нават за слабыя творы, нельга вінаваціць. Як ні напішы, сам пафас твора будзе гуманістычны: вайна — зло, чалавек перастае належаць сам сабе, ставіцца ў жорсткія ўмовы выбару; з іншага боку, вайна — пробны камень: не будзь вайны, ні сам чалавек, ні іншыя маглі б і не даведацца, які ён на самай справе, што жыве ў яго душы. Калі ж яшчэ рэалістычна, падрабязна выпісаны дэталі сітуацый, у якія трапляе чалавек на вайне, калі чытач зліваецца з псіхалогіяй героя, думкамі, словам, калі твор высокамастацкі, ён яшчэ больш, чым твор слабы, павінен адбіць у чытача любую ахвоту да вайны.

Даўно, калі я яшчэ працаваў у газеце і ездзіў у вясковыя камандзіроўкі, мне давялося заначаваць у адной вёсцы, у хаце настаўніцы. Вечар быў восеньскі, доўгі, і я папрасіў у настаўніцы пачытаць сачыненні дзевяцікласнікаў, якія яна правярала. Тэмай сачыненняў былі сучасныя ваенныя творы — як бы ты паступіў на месцы… не помню, скажам, Матросава? Усе пісалі, што таксама аддалі б жыццё за Радзіму; адно сачыненне было яўна лепшае, разгорнутае, шчырае. Нейкі хлопец распавядаў, што ісці яму да школы пяць кіламетраў туды і назад, ходзіць ён адзін і, каб не сцягвалася дарога, часта, пакуль ідзе, уяўляе сябе на месцы Матросава, Касмадзям’янскай, Кашавога, Гастэлы, Сотнікава, Мерэсьева, спрабуе перажыць разам з імі катаванні, уяўляе сябе з пятлёй на шыі, як плюе ў твар ворагам і выціскае з сябе апошняе «гады»… Тады мяне гэта зусім не ўразіла, я адзначыў толькі добры стыль і хлопцаву начытанасць…

Але цяпер!..

Цяпер, услед за маладымі, таксама хачу папытацца: дык што ж такое нашая славутая гуманістычная ваенная проза? Гэта ж проста нейкае глумленне, калецтва маладых розумаў, нейкі ўвесьчасны злавесны набат: рыхтуйся! Будзь гатовы выцерпець катаванні і памерці! Помні, што калі не захочаш памерці, як герой, памрэш іншай, здрадніцкай смерцю! Не верыш? Вось табе прыклад: высокамастацкі твор, напісаны дэталёва, з падрабязнасцямі; пачытай і пераканайся, што чакае тых, хто даражыць сваім жыццём і не хоча быць павешаным альбо закатаваным…

Поделиться с друзьями: