На крок назад, на дзень наперад
Шрифт:
...літаральна празь дзьве хвіліны Гераня апынуўся на суседнім даху, дзе са сьценаў на яго абрынуліся жудасныя надпісы й пэнтаграмы... тут ён пабачыў двух мужчын і зразумеў, што сілы няроўныя, але няшчаснага сабаку трэба было ратаваць... ён, доўга не разважаючы, пабег у іх бок, кожную сэкунду набіраючы тэмп... ён не ўяўляў, што рабіць, калі ногі прынясуць яго да гэтых хлопцаў, у яго ня толькі не было пляну, але і да галавы не прыходзіла ніводнай думкі, толькі дынаміка руху цягнула ў бойку... падбягаючы, ён вырашыў з усёй моцы наляцець на таго, хто зьлева, ён целаскладам быў большы... і, дабраўшыся да пункта прызначэньня, ён паваліў яго на сьпіну... у правай руцэ мужчыны бліснула каляровым бляскам лязо, але ён не пасьпеў яго ўжыць, праз сэкунду нож ужо быў у руках Герані, і ён, доўга не разважаючы, усадзіў яго да самай рукаяткі ў левае вока... але мужчына ня толькі не супраціўляўся,
"я гэта зрабіў дзеля сабакі, ён быў вышэйшы за гэтых людзей, істотнейшы, мудрэйшы", - у галаве Герані гучалі галасы, але ён ня надта прыслухоўваўся, бо яшчэ ня ведаў, як іх слухаць...
...ён раптам усьвядоміў, што зусім голы ляжыць на незнаёмым даху, спрэс сьпісаным пэнтаграмамі... ён трымае ў руках нейкія лекі, а побач бегае і цяўкае мопсік...
...пасьля галюцынацый на даху ён прыйшоў дамоў, захутаны ў брудны й падраны шэры плед, яго зваліла на падлогу, і ўсё, на што хапіла моцы, - гэта дабрацца да матраца ў цёмным куце пакоя, які замяняў канапу...
...ён быў у стане комы, ня еў, ня думаў, ня піў, толькі ляжаў і бачыў мноства яркіх фарбаў, якія зьмянялі адна адну ўсімі неймавернымі адценьнямі...
...ён ляжаў дзень, другі, трэці... яму не хацелася спаць... сабака, цвэркшнаўцэр, соль зь перцам, якога ён знайшоў і прывёў дадому, ляжаў у суседнім куце і таксама амаль не ўставаў, толькі зрэдку сікаў у калідоры... на чацьвёрты дзень ён прачнуўся ад нясьцерпнага голаду й амаль сырымі зьеў усе макароны, якія кінуў у кіпень і адразу дастаў...
...ён вельмі палюбіў гэтага сабаку, і яны пачалі сябраваць і разам праводзіць усе дні за гутаркамі й экспэрымэнтамі. сабака апынуўся даволі разумным і цікавым суразмоўцам... Гераня часта выводзіў сабаку на двор, і яны разам гулялі вакол заводаў і фабрык, атручваючы арганізмы брудным паветрам... і ў іх была любімая гульня, яны знаходзілі які-небудзь мост праз аўтатрасу і, стоячы на сярэдзіне, кідалі маленькія каменьчыкі ўніз і потым, чуючы візгат тармазоў, уцякалі... сабака Смайл удала ўпісваўся ў ягонае жыцьцё, калі не лічыць таго, што ён быў занадта пажадлівы й спрабаваў згвалціць усё, што трапляла ў поле зроку... і калі Смайл пастарэў, яго зусім адолеў маразм — ён гвалтаваў нават складкі на незасланым ложку, гвалтаваў мяккія цацкі й нават котак на вуліцы... а потым аднойчы ён сеў у фатэль побач з Геранем, адкаркаваў бутэльку піва і пачаў цытаваць "Вайну і мір"...
...па дарозе ён заскочыў да М., які ўжо месяц хварэў на бяссоньне і перасоўваўся па кватэры як мумія, паўтараючы, што вельмі хоча заснуць, але ня можа, таму што бачыць яшчарак... а ўсё пачалося з рамонту ў суседзяў, распачатага два месяцы таму... і пэрфаратар грыз іхныя сьцены нястомна, нават начамі, бо ягоны сусед закадзіраваўся й ня ведаў, куды падзець вольны час... рамонт апынуўся для яго выратаваньнем... сусед сьвідраваў і сьвідраваў, М. пакутаваў і вар’яцеў...
...вечар набіраў рухі, ужо на прыпынку ў Герані зьявілася адчуваньне дэжа вю, што калісьці ўсё гэта ўжо адбывалася, яны стаялі ўпяцёх, усе як адзін на сваёй хвалі, і чакалі аўтобуса... час цягнуўся, як і стары аўтобус, які праз геамэтрычную форму называўся "труной"...
...прабел...
...праз шэсьцьдзесят дзьве гадзіны ў кватэры больш-менш усё наладзілася, Гераня сядзеў у фатэлі, закінуўшы ногі на пуфік, у руцэ ён трымаў кнігу Фрыдрыха Ніцшэ "Нараджэньне трагедыі з духу музыкі", зьбіраўся чытаць... у канцы пакоя на ложку ляжаў нейкі сьмярдзючы панк, у вопратцы і з баявым іракезам, побач ляжала такая ж, як і ён, дзяўчына, але напаўголая, хто яны, невядома, жывыя яны ці памерлыя, таксама невядома... на кухні, за сьцяной, насупраць якой сядзеў Гера, нейкі пажылы суб’ект ва ўсю стагнаў ад сэксу з малалеткай, якая таксама не забывалася выдаваць стогны й стукаць рукамі ў сьцяну... пад кайфам сэкс заўсёды незразумела доўгі й цяжкі... па тэлевізары ішоў Adult Channel, якраз паказвалі фільм, у якім дзесяць чалавек ябалі адно аднаго ва ўсё, што нават хоць крыху нагадвала дзірку ў целе... Гераня палічыў фільм даволі марудным, крыху зацягнутым па сюжэце... ён піў маленькімі порцыямі, паліў і чытаў Ніцшэ, яшчэ ніколі ягоны мозг ня быў такі чысты й сьветлы, яшчэ ніколі ён так яскрава ня ўсмоктваў інфармацыю... гэта было прасьвятленьне, з вачэй цяклі п’яныя сьлёзы шчасьця, ён упершыню расшыфроўваў кожнае слова... у гэтым чортавым месцы, у асяродзьдзі бруду, ён знайшоў тую нітку ісьціны, якую шукаў...
...Гераня адклаў кнігу, каб зьесьці трамадолу,
павярнуў галаву ў бок стала, які стаяў справа ад яго, як раптам у суседнім фатэлі ўбачыў мужчыну. ён пільна глядзеў на Гераню й шырока ўсьміхаўся з-пад кусьцістых вусоў, адначасова моршчачыся, нібыта кожную сэкунду яго мозг нараджаў неверагодныя ідэі... Фрыдрых сабраў са стала некалькі пігулак фэназэпама, кінуў іх у рот і праглынуў, не запіваючы......сябры запарылі кавы — дзесяць лыжак на паўшклянкі гарачай вады — жудасны тонік, страўнік адразу скручвае, пякотка забівае ўсе астатнія імпульсы ў целе... куды ім трэба было сыходзіць, ніхто ня ведаў...
...думаў Гераня й перабіраў у кішэні швайцарскі сьцізорык... калі будзе кепскі адказ, ён парэжа сабе ўсе падушачкі пальцаў... адказ, адказ, адказ, колькі пытаньняў, колькі?!
...у адзін зь вечароў за вялікай будоўляй на Нямізе, побач зь вялізным катлаванам, які нагадваў пашчу пекла, яны сустрэлі цікавых суб’ектаў... было паміж дванаццацьцю й гадзінаю, цемра апраметная, але ў гэтым месцы было сьветла, нібыта днём... ішла начная зварка, сьвятло кожную хвіліну гасла, чарговы бязглузды гандлёвы цэнтар выпаўзаў з нетраў зямлі, і ў дадатак да зваркі вакол чулася музыка, нешта сярэдняе паміж клясыкай і пахабным шансонам... у гэтым атачэньні зваркі, вогнішча й музыкі яны ўцямілі, што лепшага месца для дэкадэнтаў не прыдумаеш. яны хутка зладзілі стол — бутэлька, шклянкі й некалькі бутэрбродаў... і не пасьпелі выпіць, як на іх натрапілі некалькі будаўнікоў, якіх яны пачаставалі сьпіртным у абмен на салёныя агуркі й бутэрброд зь вяндлінай... будаўнікі паказвалі ім свае грубыя рукі і гаварылі, што ў іх ад гэтай дзікай працы ўжо нават валасы на далонях растуць, жывёламі на будоўлі становяцца, сьвету белага ня бачаць... Гераня і Юля, калі разглядалі вялізныя валасатыя далоні гэтых мужчын, думалі, што гэта проста галюцынацыі... раптам зь цемры выпаўз яшчэ адзін будаўнік, і ў яго сьвяціліся блакітным вочы... "я — новы этап разьвіцьця чалавека, дайце выпіць, калі ласка..."
...было каля пяці раніцы, ёсьць яшчэ час у "Хутка-смачна" — набыць піва й златку...
...сябры выйшлі з двара, пакінуўшы валасатых сам-насам, і накіраваліся ў бок цэнтральнага скрыжаваньня, але як толькі яны дайшлі да дарогі, іх паклікалі. Юля першым заўважыў, як да іх бягуць... сябры спыніліся й пачалі махаць рукамі з радаснымі крыкамі, упэўненыя, што гэтыя ці то байкеры, ці то мэталісты вырашылі зь імі выпіць... агульная радасьць ахапіла абодвух, бо яны нават ужо не спадзяваліся, што сёньня будзе цікавы працяг раніцы... цяпер яны як сапраўдныя гарэзы ці бітнікі і цяпер будуць наладжваць кантакт з прадстаўнікамі контркультуры...
— прывітаньне Анёлам Пекла!!!
— што за анёлы пекла, га? што за хуйня? вы што, нас разьвесьці хацелі!? хто вы, блядзь, такія?!
— гэта мы вас так назвалі, таму што вы падобныя да Анёлаў Пекла, гэта, як вам сказаць, э-э-э, камплімэнт...
— мы з рыцарскага ордэну!!!
...Гераня адчуў на скуле кулак... побач цела Юлі грымнулася на асфальт, на яго абрынуліся адразу чатыры нагі, якія білі зь вялікім імпэтам, трапляючы, куды пашчасьціць: па галаве, шыі, грудзях, сьпіне, па баках... Юля толькі ляжаў, скурчыўшыся, прыкрыўшы твар рукамі, прыціснуўшы локці да грудзей... Гераня вытрымаў удар, збольшага дапамагла маса цела, збольшага ён яшчэ памятаў спартовыя навыкі... ён схапіў валасатага за галаву за імгненьне да таго, як ягонага сонечнага спляценьня мусіла крануцца варожае калена... Гераня выпрастаўся, утрымліваючы п’янага суб’екта за валасы, і з усёй моцы працяў яго па носе... той хістануўся й тварам стукнуўся аб слуп сьветлафора... гэта было эфэктна, кроў пырснула ў розныя бакі... з роту выпаў кавалак зуба, на дарозе адразу зьявіліся мудрагелістыя ўзоры ў стылі Джэксана Полака... нос скасабочыўся, брыво расьсеклася, валасаты трымаўся за рот, напаўлежачы на асфальце, ягоны імпэт пакрысе сьціх, у вачах сьвяцілася штосьці кшталту сабачага бляску ўдзячнасьці... добра, што ў гэты час вуліцы Менску вольныя ад машын... Гераня скарыстаўся момантам і кінуўся на дапамогу Юлі, якога да гэтага працягвалі зьбіваць...
...вакол уздымаўся вецер... Юля страціў прытомнасьць... пачаў кружляць мяккі й пухнаты сьнег... ён падаў буйнымі ватовымі сьняжынкамі...
...пакуль міліцыянэр падыходзіў, Гераня падскочыў да сябра, схапіў яго за руку й падняў з асфальту, Юля быў непрытомны, але прынамсі крыві відаць не было....
– прабачце, калі ласка, гэта наш сябар, ён зашмат выпіў і паваліўся і... э-э-э... мы яго падымалі...
– як гэта вы яго падымалі? нагамі?!
Гераня моўчкі стаяў, трымаючы Юлю, ён гатовы быў пагадзіцца з чым заўгодна, абы зьнікнуць адсюль!