Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На крок назад, на дзень наперад

Календа Сяргей

Шрифт:

...яму рэзала вока тое, як выдзяляліся з агульнага кантэксту два чалавекі, якія ледзь трымаліся на нагах, абдымаючы адзін аднаго... адзін зь нейкімі барвова-сінімі валасамі, абодва ў кашулях і пінжаках, падобныя да выкладчыкаў, брудных, сьпітых выкладчыкаў... раптам ён заўважыў, што навокал пайшоў сьнег, зьбянтэжыўся, вырашыў, што гэта дурасьць нейкая...

– от, блядзь, сьнег — і ў ліпені! ідзіце вы адсюль, пакуль усіх не пазабіраў у малпоўню! раніца ўжо! хутка нармальныя людзі на працу паедуць, а тут вы, гандоны зьбітыя, швэндаецеся...

...яны йшлі моўчкі й разважалі пра сваю дурную наіўнасьць, нейкую ахвярную веру ў людзкое асяродзьдзе... іх ідэалізацыя рэчаіснасьці, іх мары і тое, што яны чыталі ў кнігах, ніяк не

праецыруецца на празаічную рэальнасьць... яны зайшлі занадта далёка, і адсюль няма выйсьця, каб не ахвяраваць меркаваньнямі, поглядамі й думкамі... Юля расплюшчыў вочы, і зь ягоных вуснаў вылецелі першыя марудныя словы пра Хаос і Армагедон, пра заняпад і сьвятога палага анёла... яны паехалі дадому... селі ў першы тралейбус, злавіўшы цяжкія й змрочныя погляды тых, хто рана ехаў на працу. "так, гэта мы — брудныя, пакамечаныя, стомленыя, дзікія, як пустазельле. але мы сапраўдныя й шчырыя!" — Гераня паглядаў на ўсіх, намагаючыся забіць зрокам...

Сэмэстры даўно скончыліся, трэці курс патануў у партвэйне, залікоўка размокла й ператварылася ў хлебную мякіну. Мы больш нікуды не імкнуліся, нам нічога ня трэба было, мы стаміліся. Мэдыюм — справа нудная, сэмінары й канфэрэнцыі спрэс нецікавыя й доўгія, мы вымушаныя піць сыропы ад кашлю. Мы абіраем шлях супраць хваляў, і няхай нас ліжа вільгаць, няхай пена бурліць вакол нас, мы ператворымся ў гладкія камяні, і з нас сьцячэ што заўгодна — вада, бруд, сьмецьце, сьліна, сікі, алей... Мы крочым наперад, туды, дзе няма паваротаў, скрыжаваньняў, ісьці трэба толькі напрасткі, крыху ўгору, зь вялікім каменем наперадзе, цяжкім каменем, але сваім, звыклым, цёплым, незаменным.

Я зьехаў у Лёндан, Юля лёг у "Навінкі", дакладней, наадварот: спачатку Юля патрапіў у "Навінкі"...

Выбары... Плошча, намёты... Першы вечар з намётамі прайшоў удала, другі таксама, сам я ў гэтыя намёты ня лазіў, мы зь Юлем бадзяліся вакол... Трэці вечар засьпеў мяне дома, калі я стомлена ляжаў на канапе... Тэліць Юля, заве далучыцца да людзей у намётах, я адмаўляюся, маўляў, на сёньня зь мяне хопіць усіх гэтых боек і палітычных гульняў. Недзе так а пятай раніцы я атрымліваю смс: "мяне забралі, намёты раскідалі, еду ў аўтазаку"...

Усю раніцу я кружляў па горадзе, на Акрэсьціна я яго так і не пабачыў... толькі пазьней, краем вока, калі яго з залі суда пераводзілі ў машыну, нават не пасьпеў аддаць яму пачак цыгарэт... Яго адразу перавялі ў Жодзіна.

Сем сутак.

Вечар, амаль ноч, усіх арыштаваных выпускаюць толькі ноччу... што ім рабіць ноччу ў незнаёмым горадзе?! Я сяджу за стырном сваёй "капейкі", ззаду наш агульны сябра й дзьве бутэлькі шампанскага, гарэлка й закусь... дзьверы адчыняюцца, і з зоны пачынаюць выпускаць палітвязьняў, ноччу, каб бязь сьведкаў... мы выскокваем з машыны й гарлаем, адкаркоўваючы шампанскае, якое, грымнуўшы, пеніцца ў розныя бакі... Ніхто, акрамя нас, так не сустракае зьняволеных!

Імчымся ў Менск, ззаду ідзе поўнай хадою жлукценьне, я ня п’ю, машына без тэхагляду, без працоўных габарытаў і чырвоных стопаў, адна фара ледзь гарыць... калі які даішнік — гамон.

На задніх месцах Юлю й Ш. на гэта напляваць, і нас спыняюць перад уездам у горад, я кідаю машыну на супрацьлеглым баку ўзбочыны, сам накіроўваюся да даішнай машыны, будуючы ў галаве праўдзівую прамову, чаму аўто ў такім храновым стане...

– Разумееце, лейтэнант, я на гэтай машыне ня езджу, але сёньня ў сябра памерла бабуля ў Жодзіне, ён быў такі сумны, скрушны, я вырашыў рызыкнуць, адвезьці яго, цяпер вось з пахаваньня дамоў едзем, я ж, вы бачыце, ня піў.

Я лапачу без супыну, даішнік разам з таварышам, які сядзіць на заднім месцы, хістаюць галовамі, нібыта разумеючы, і нарэшце яны вырашаюць, што справа сапраўды вартая таго, каб рызыкнуць і заплюшчыць вочы на штраф, а таму "я мушу аплаціць толькі дзесяць адсоткаў"... кажа лейтэнант і пазірае на мяне, напэўна, у яго самога хтосьці са сваякоў нядаўна

памёр.

І тут раптам на ягоных вачах дзьверы маёй машыны адчыняюцца ў розныя бакі, і дзьве цалкам п’яныя пачвары выпаўзаюць з салёна й пачынаюць ссаць на дарогу, на колы машыны, адначасова трымаючы ў зубох запаленыя цыгарэты — у адной руцэ пэніс, у другой па бутэльцы шампанскага. Я так і самлеў у даішнай машыне, дупаю адчуў, як пот прасачыўся скрозь поры па ўсёй скуры.

"Казёл ты, Юля, — нэндзіў я, — столькі грошай адваліць на штраф! Добра, што вас яшчэ не забралі на пятнаццаць сутак!" Я зноў сядзеў за стырном і вёз усіх дамоў, у салёне аўто было ціха й самотна, усе палілі, і толькі я час ад часу паўтараў сваю скаргу: "Казёл ты, Юля, столькі грошай адваліць на штраф! Добра што вас яшчэ не забралі на пятнаццаць сутак!"

Пасьля падзеяў з намётамі Юлю затрымалі з рэцэптам, на які ён у начной аптэцы хацеў набыць сэдатыўных пігулак... Мужчыны ў штацкім на такіх менавіта ноччу каля аптэкі й палююць... Юля вырашыў, каб пазбавіцца "хіміі", легчы ў "Навінкі", бо тэрміны даўнасьці па артыкуле заканчваліся праз два месяцы. Мне засталося глядзець за яго кватэрай, гэта значыцца жыць там. Участковы амаль кожную раніцу заходзіў у госьці, бо абвык, што кватэра дзіўна-цікавая, як маскарад... Котка ела толькі сырыя сьвіныя ныркі. Я, ня ўцяміўшы, што іх, каб сабе смажыць, трэба спачатку мыць, еў разам з коткай... Ныркі аддавалі пахам і на смак мачою... але нічога, калі шмат перцу й солі...

Выкладчык па іўрыце нас люта ненавідзеў, але калі мы зь ім перастрэліся ў пэўных колах і месцах, дзе стаялі намёты, ён да нас прыязна паставіўся, нават дзяліўся ўлёткамі... Але надышла летняя сэсія, я ледзь усё здаў і ўсё лета бавіў то ў кватэры Юлі, то наведваючы яго ў лякарні, дзе ён зьбіраў па хворых для мяне пігулкі, якія мы разам пілі ў залі прыёму наведнікаў і сядзелі так некалькі гадзін, ловячы Вясёлкавы Мост, гуляючы па ім разам з Одынам, Торам, Локі і Уільямам Бэроўзам...

А потым панеслася: Юля вылятае з унівэрсытэту (яго прымушаюць падпісаць паперы яшчэ да сэсіі, палітыка...), запой Юлі, потым ён ужо студэнт Літінстытуту ў Маскве, напісаў уступны эцюд на сто балаў з ста - упершыню ў інстытуце за апошнія дванаццаць год... Я — у Лёндан... Я адлічаны з унівэрсытэту, ангельска-беларускі драйв цягам трох месяцаў... Татальная зьмена жыцьця... Вяртаньне ў стан студэнта...

Паўзьці да самага канца вучобы было цяжка й марудна, я ўжо пасьпеў адчуць сябе сасьпелым да чагосьці буйнога, што з майго боку было вялікім глупствам, якое скончылася толькі праз два гады, якія для мяне падаюцца цьмянымі, непрыемнымі, сорамнымі, я на той час вырашыў, што мае тэксты чагосьці вартыя, і паказваў іх паўсюды, так, я сам сабою даволі ўпарты чалавек і часта не спыняюся, пакуль сапраўды не пабачу выніку, але я пабачыў, выпадкова, калі праз год узяў сваю першую кнігу апавяданьняў у рукі і мяне працяў жах, вусьціш пачала кружляць нада мною, як я пасьмеў гэта выдаць! Ёлупень! Уільям Голдынг аднойчы, празь некалькі дзясяткаў год, адшукаў сваю першую кнігу, выкупіў яе за шмат фунтаў у нейкай маленькай букіністычнай краме ў ангельскай вёсцы, выйшаў вонкі, парваў яе й кінуў у сьмецьце. Што казаць... мне нават не спатрэбілася так доўга чакаць, хапіла году, і я быў ня Голдынг.

Я паступіў у асьпірантуру, якую хутка закінуў, бо літаратура, фэсты, падарожжы, нямецкая стыпэндыя (я ўпершыню быў грантаваны), на той час я ўжо пасьпеў узьненавідзець навакольле, і мяне пасьпелі таксама ўзьненавідзець, карацей, у мяне былі свае рахункі з пэўнымі істотамі, і нашая нянавісьць была ўзаемнаю й песьцілася намі, працінаючы сэрца наскрозь, але гэта таксама было збольшага па нявопытнасьці й юнацтве, пазьней я навучыўся проста не прыкмячаць навакольле й ворагаў, яны ўсе атрымалі ад мяне сьпіну, павернутую да іх, і гэтага было дастаткова — я ня воін, мне зброя не патрэбная, калі што, я здольны ўзяць асадку й накалоць на яе вочы ворагаў.

Поделиться с друзьями: