На крок назад, на дзень наперад
Шрифт:
Я заканчваю свой аповед, які, па сутнасьці, ніколі ня мусіць скончыцца, кожны радок тут абганяе папярэдні, сьпяшаецца з новымі падзеямі, словамі, сказамі, і абзацы ўжо імкнуцца далей нагрувашчвацца, а мне, шчыра кажучы, ужо так карціць пачаць жыць далей, па-за межамі гурткоў, клясаў, сэмэстраў... я мушу імкнуцца... мушу пакінуць гэтую прастору, якая для мяне даўно ўжо стала надта ўтульнаю й роднаю. Калісьці мы былі купкай сучаснай моладзі, якая апынулася на ўскрайку, мы былі яскравымі прадстаўнікамі чагосьці апакаліптычнага, мы верылі ў сябе, у сваю моц, але на той час мы толькі пачыналі жыць, ня ведаючы, што з кожным годам вера будзе слабець, патрапіўшы ў палон узросту, калі з кожным новым крокам сталасьць ператвараецца ў старасьць, якая не дае больш веры нікому й ніякім ідэям і падзеям, ніякім тэрмінам і рэлігіям, яна здольная толькі, паглядаючы з вышыні на свае гады, філязофстваваць... няўдала, але...
25.09. — 20.10.2011
Менск
Пабачыць
Дзецям нядзельных школ прысьвячаецца
Па-першае, трэба сказаць, што паміраць пасьля Шатляндыі я не зьбіраўся, жыцьцё толькі пачыналася, мне споўнілася дванаццаць, я вучыў ангельскую мову, захапляўся прыстаўкамі, зьбіраў кардонкі з баскетбалістамі Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Я спраўна хадзіў у нядзельную школу пры баптысцкай царкве, марыў пра тое, што калі стану больш дарослым, пачну рыхтавацца да вучобы на прапаведніка. І на той час я быў даволі пасьпяховым у вывучэньні Бібліі, нават разумнейшым за мяне цяперашняга, у мяне былі празрыстыя намеры, мэты й жаданьні, я яшчэ ня ведаў дзяўчын, але яны мяне вельмі цікавілі, і я зьбіраў выценкі з аголенымі жанчынамі паўсюль, выразаў іх з газэтаў кшталту "Speed-Инфо", "Комсомольская Правда", даставаў часопісы "Playboy", я быў, як гэта кажуць, біязацікаўлены, і, разглядаючы кожным вечарам у прыбіральні калекцыю выценкі, адчуваў як падскоквае ціск, як штосьці цягне пісюн, як становіцца няёмка й прыемна адначасова... Не, вядома ж, на той час я не займаўся ананізмам, але калі аднойчы я забыўся зачыніцца на засаўку й у прыбіральню зазірнула маці, я моцна перапужаўся, адразу скамечыў усе выценкі й залямантаваў, каб зачынілі дзьверы! Маці нічога тады не сказала, а я адразу ў туалеце ад перапуду без намаганьняў справіў свае патрэбы, хутка й лёгка... Потым празь некалькі дзён бацькі адшукалі маю калекцыю аголеных жанчын, і ўвечары бацька спрабаваў мяне прысаромець, але мне было проста прыкра і няёмка, я чырванеў і плакаў. Калекцыя была зьнішчаная, я гараваў, але, знайшоўшы ў бацькоўскай шафе дзьве касэты парнаграфіі "Беласьнежка й сем гномаў" і "Глыбокая глотка", я хутка забыўся на газэтныя выценкі і пачаў кожным днём раз за разам прамотваць гэтыя дзьве непрыстойныя відэакасэты.
Я зьбіраўся стаць прапаведнікам, але мой досьвед у жанчынах, празь відэа і фота, замінаў мне цалкам на гэта вырашыцца, я вагаўся...
І ў гэты неадназначны перыяд жыцьця мне выпала на долю ўлетку праз царкоўную праграму дапамогі "Дзецям Чарнобыля" (а я якраз нарадзіўся ў гэты час, дакладней, за год да трагедыі) паехаць як самаму пасьпяховаму ў царкоўнай школе на месяц у Шатляндыю, мяне мусілі прытуліць тры набожныя сям’і ў трох розных гарадох: Фолкёрку, Абэрдыне й Пітлёхры.
Шатляндыя на той час падавалася надта далёкаю й незнаёмаю, гэта цяпер я празрыста бачу, што ўсё было ня проста так, што так было наканавана беларусу, у чыёй краіне невядома што адбываецца: занядбаная мова, суседзі жорстка й па-барбарску навязваюць сваю культуру, спроба трываць і змагацца... На той час я толькі пачынаў знаёміцца і параўноўваць такія блізкія лёсы беларусаў і шатляндцаў, якія да гэтага часу змагаюцца за поўную незалежнасьць ад мацнейшага суседа, спрабуюць зрабіць сваю мову агульнаўжывальнаю. Я толькі пачынаў знаёміцца з тымі адчайнымі людзьмі, якія выпесьцілі свайго Уільяма Уолеса і ганарыліся сваім задзірыстым норавам, скотчам і паэтамі.
Бацькі звар’яцелі за той час, калі мяне зьбіралі, сто разоў пераклалі і пераправерылі ўсе дакумэнты — часовы пашпарт, даведкі пра стан здароўя, страхоўкі, грошы з сабою. І па выніку частка рэчаў, як і патрэбныя паперкі, былі забытыя, за імі ўжо з вуліцы, кінуўшы валізы, маці бегам вярталася, нэрвова трасучы ў руках ключамі.
Нарэшце я быў сабраны й пасаджаны ў машыну татавага сябра, які падвозіў мяне за кошт будучай п’янкі з бацькам. Усе гэтыя зборы, крыкі, сваркі цалкам мяне стамілі, таму ўсю дарогу да месца збору каля аўтобуса (які адвозіў групу з сарака дзяцей з розных мястэчкаў Беларусі) я спаў, на вуліцы было волка, машына волга, у салёне пахла гарэлаю гумаю, мяне ўгойдвала, але я не паказваў выгляду і паводзіў сябе сур’ёзна, звышсур’ёзна — я такі разумны й дарослы, еду сам у далёкае падарожжа...
Усё, стоп, аўтобус, каля яго такія ж бедныя дзеці, як і я, бедныя па ўсіх паняцьцях, змучаныя, змораныя, спужаныя, новае пакаленьне беларусаў, нібыта вольнае, нібыта рэлігійнае, выпешчанае зь любоўю, і нікому ніякае справы няма да таго, што беднае, беднае грамадства, бо шчасьце й заможнасьць — гэта Бог.
На тыя чароўныя часы бацька ня піў і часам нават прапаведаваў, ён красамоўна гутарыў, усім ціснуў рукі й абдымаў плечы, усіх называў брат мой, сястра мая, усе хрысьціліся ў вадзе, усе былі баптыстамі, зусім як той самы Баптыстус, гэта было вельмі сонечна й цёпла, загадкава
й шчыра, і на наступны год майго брата чакала Англія, а потым сямейны разлад, крызіс, алькаголь, мае загадкавыя хваробы... але ня будзем бегчы хутчэй за тое, пра што мовіцца.Яшчэ перад тым, як сесьці ў аўтобус і пабачыць з вышыні свайго месца праз бруднае шкло сваю заплаканую маці, якая стаяла ў промнях сонца, стомленая, прыгожая і добрая, яна плакала каштоўнымі сьлязьмі, якія дыямэнтамі зіхацелі на ейных шчаках, яшчэ перад тым, як самому заплакаць ад гэтае карціны, я заўважыў адну вельмі прывабную дзяўчыну Эву... і на той час я яшчэ ня ведаў, што будзе далей, але прадчуваў, што абавязкова штосьці будзе, бо я ня проста так зьбіраюся ляцець праз усю Эўропу ў цалкам іншае асяродзьдзе, адкрываць для сябе новую культуру.
Усё, пачалося, аўтобус здрыгануўся, завёўся, і я заплакаў, як самы малы й няшчасны дзіцёнак, і мне было абсалютна не цікава, што пра мяне падумаюць астатнія суседзі-падарожнікі, бо яны, як і я, роўма раўлі, а самыя маленькія — лямантавалі, як шалёныя шчанюкі — мы паехалі ў аэрапорт, нас чакаў разьбіты самалёт Белавіі — Ту-134, у якім я пазьней выяўлю, што сяджу каля аварыйнага выхаду, пабачу, што вакол яго зьявіўся тоўсты шмат намарожанага лёду. Самалёт тры гадзіны кідала ў яміны, штурхала ў бакі, марозіла, скразіла й трэсла, але для мяне, які ўпершыню ляцеў, гэта ўсё было цудам, усё было незвычайным падарожжам, якое скончылася мяккім прызямленьнем і сустрэчаю нашага калектыву самотных дзяцей і сясьцёр-выхавацелек з цэлым натоўпам мужчын у кілтах нацыянальнага колеру, якія, ціскаючы дуды, гучна гралі нейкі непаўторны гімн рая й пекла... Божухна, наперадзе расьсяленьне па сем’ях у Фолкёрку, а гэта значыць — усе хутка ў аўтобус і далей у падарожжа.
Вядома ж, у галоўныя гарады Шатляндыі Глазга й Эдынбург мы перыядычна езьдзілі, глядзелі архітэктуру, завітвалі ў мясцовыя цэрквы, нас паўсюль афіцыйна сустракалі, здымалі для тэлеканалаў, давалі падарункі, вопратку, чакалядкі, але гэта ўсё сталася для нас даволі звыклым... адзінае й галоўнае, што мяне на той час цікавіла й уражвала, — гэта ня тыя мясьціны, якія мы праязджалі й наведвалі як турысты, а менавіта гарады, у якіх я мусіў жыць, і сем’і, зь якімі я мусіў мець пэўныя стасункі. Ужо на той час я вельмі пільна ставіўся да рэдкіх рэчаў, да атачэньня, спрабаваў зазірнуць у корань рэчы, і часта, калі нас суткамі вазілі ў турыстычным аўтобусе з адкрытым другім паверхам па галоўных вуліцах сталіцы Шатляндыі, максымум, на што мяне хапала — гэта шчоўкнуць колькі разоў архітэктуру, бо часьцей я фатаграфаваў настрой суседзяў-падарожнікаў, дзяўчыну, якая мне вельмі падабалася, і за два дні назьбіраў тры стужкі "Кодак" па трыццаць шэсьць кадраў, якія ў Фолкёрку аддаў гаспадару дома, што мяне прытуліў... але ён на наступны дзень мяне расчараваў, аказалася, што ўсе тры плёнкі, што я шчоўкаў, былі ўстаўленыя ў фотаапарат, але не зараджаныя як мае быць, таму стужка не пракручвалася, а заставалася ў касэце... я адчуў сябе тупым.
Адразу, як толькі мы дабраліся пасьля аэрапорта Інтэрнэшнл Глазга да Фолкёрка, я ўжо пасьпеў апынуцца з суседам, якога да мяне прыпісалі і за якога я быў адказны. Мой сусед, вясковец Дзіма, мусіў са мною прайсьці скрозь усе мае падарожжы, ночыць у адным пакоі, есьці за адным сталом у адной і той жа шатляндскай сям’і, стаць маім часовым братам... Дзіма быў малодшы за мяне на тры гады...
Трэба адзначыць, што ўсё маё падарожжа выпала на чэрвень, і першая сям’я была досыць кансэрватыўнай і сумнай, гаспадар, сівы мужны дзядзька, насіў пры нас толькі кілт, але мы разумелі, што тут нешта ня тое, бо паўсюль усе мужчыны былі ў штанах, напэўна, такім чынам ён паказваў нам традыцыі... Я гуляў з гаспадаром у шахматы й часта чуў ад яго, што ў мяне добрая ангельская мова, а сам ён зьвяртаўся на шатляндскай да сваёй жонкі й да сына, якому было ўжо сямнаццаць і каторы амаль не зьяўляўся дома...
Першы тыдзень быў досыць марудны, я абвыкаў да новага часаадмеру і да новых твараў, нас усіх адразу пераапранулі і вывезьлі ў горад, дзе адна з выхавацелек, выцягнуўшы мяне за руку з агульнай купы дзяцей, паставіла перад вялікім аб’ектывам, збоку ад якога моцна гарэла лямпачка, асьляпляючы мяне й бянтэжачы: "Ну, кажы пра падарожжа і пра Беларусь у камэру, ты ж ведаеш ангельскую мову!" — выхавацелька прамовіла гэта зь вялікім натхненьнем, перамяшаным з жахам чагосьці невядомага й незнаёмага.
– Зіс іс а найс таўн, ві хэд а гууд рест анд тріп, хелло фром Мінск, а кэпітал оф Беларусь, ві лайк ту бі хіа, — я нёс штампаваныя сказы, што прыходзілі ў галаву з разьдзелу падручніка па ангельскай мове, па якім вучыўся ў школе і на той момант быў шчыра ўдзячны сваёй настаўніцы за тое, што так мяне штурхала на ўроках ангельскай.
Тым часам, пакуль я, вылупіўшы вочы, у чырвонай кепцы на бок з лягатыпам "Kids Aloft" і ў крутой байцы, якая пахла заляжалым сэканд-хэндам, прамаўляў усё гэта, паглядаючы ў аб’ектыў, колькі мясцовых газэт запісвалі й шчоўкалі сваімі фотаапаратамі...