Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

— А як маецца Сэм? — працягваў Мэрэй.

— Выдыхся! — сказаў Рой, торкаючы відэльцам у зялёныя памідоры.

— Яны там у горадзе ўсе выдыхліся, толькі гэтага не ведаюць, — сказаў Мэрэй.

Рой адарваўся ад ежы.

— Толькі не Джэк. Джэк Бэртан, той не здасца!

— Ну, як марынад? — спытаў Зел, гледзячы на Роя вачыма, якія ўсё разумелі.

— Смачны, — сказаў Рой. У памідорах было занадта цукру, але для першага разу нічога; зрэшты, іншыя разы для Джын, відаць, былі яшчэ менш удалыя.

— Два-тры дрэнныя гады — і Джэк здасца, як і іншыя, — падсумаваў Мэрэй.

Рой не спрачаўся.

Раніцай ён праверыў пасткі і дастаў з-пад снегу столькі здабычы, што яму стала сорамна за прапушчаны дзень. Дастаючы пасткі з-пад снегу і закладваючы іх на новым месцы, ён заадно

не мог не адзначыць асаблівыя павадкі баброў на новых сцежках у глыбокім снезе. Часова гэта яго захапіла, асабліва калі ён натрапіў на двух старых баброў, якія валілі невялікую вярбу. Ён назіраў, як яны паводзілі сябе: пачалі грызці ствол не з таго боку і ўсё ж звалілі вярбу на чысты лёд, дзе ім зручна было адабраць з яе кару. Рой ужо даўно прыйшоў да высновы, што справа зусім не ў здагадлівасці бабра, які валіць дрэва на ваду альбо на лёд, гэта значыць, іменна туды, куды патрэбна. Тлумачылася гэта проста тым, як раслі дрэвы. Большая частка галін у выніку трапічных умоў расце звычайна на асветленым і адкрытым баку і пераважае сюды дрэва, таму яно і падае на адкрытае месца, як бы ні падгрызалі яго бабры. Аднак Рой усё адно ўсміхаўся, назіраючы за гэтымі бабрамі, і распачаў з імі гульню ў снежкі; ён ціхенька набліжаўся да іх, каб праверыць, як блізка можна падысці, перш чым яны пачуюць яго альбо адчуюць яго пах. Ён падышоў крокаў на дванаццаць і лёг у снег, ляпіў снежку. Пасля, асцярожна падняўшы галаву над гурбай, прыцэліўся і снежкай збіў аднаго бабра з ног. Рой засмяяўся, але ў тое ж імгненне вярба з шумам упала, і ён здрыгануўся ад нечаканасці. Спалоханыя бабры зніклі, а Рой, пасміхаючыся, рушыў далей, на душы ў яго палягчэла. І ўсё-такі ён не зняў ненажэрныя сіло, якія і на гэты раз падвоілі яго здабычу.

— Справа ёсць справа, — суцяшаў сябе Рой. — Пакуль можаш, бяры што можаш.

У час абходу ён чуў яшчэ два стрэлы, на гэты раз вельмі блізка.

«Напэўна, гэты забойца — Сахаты», — падумаў Рой.

Стрэлы яго ўсхвалявалі; але крыху пазней ён зусім страціў спакой. На адной са сцежак ён убачыў труп шэрага ляснога ваўка. Гэта быў буйны пляскатагаловы самец з бела-шэра-карычневай пушнінай. Ён ляжаў на сцежцы мёртвы, зяпа яго была разяўленая, тоўстыя скачанелыя ногі выцягнутыя, як палкі. Здавалася, што ён ужо з тыдзень як здох, але снегам яго не занесла і пушніна была яшчэ як у жывога. Рой перавярнуў яго скачанелае тулава, ён хацеў знайсці раны альбо ўкусы, але ніякіх адзнак вінаватага ў смерці не было. Прыкметы, аднак, былі відочныя, і Рой не стрываў.

— Яшчэ не хапала, каб Зел скарыстаў белае сіло! — сказаў ён гучна.

Белым сіло індзейцы называлі яд, і труп ваўка сведчыў альбо пра прамое атручэнне, альбо пра тое, што ён з'еў іншую атручаную жывёліну. Апошняе было больш верагодным, бо Зел ніколі не згадваў пра сіло на ваўка. Зел, відаць, клаў атручаную прынаду ў пасткі для андатраў, норак і іншага пушнога звера. Сорам, які адчуваў Рой з-за сваіх бабровых сіло, знік перад гэтым разбуральным зверствам. Атручэнне не абмяжоўвалася першай ахвярай. Атручаная жывёліна, уключаная ў ланцуговую рэакцыю знішчэння адных драпежнікаў іншымі, можа атруціць яшчэ пяць. Гэты атручаны воўк, які, верагодна, пакаштаваў атручанай андатры, у сваю чаргу, нёс смерць для кожнага звера, які захацеў бы пакаштаваць яго мяса, няхай гэта мядзведзь, пацук, ліса, іншы воўк, куніца, рыбалоў, рысь альбо нават вушастая сава.

Рой адцягнуў ваўка да россыпу валуноў і прыкрыў імі труп як мага больш старанна. Яго абурэнне не знікла, але ён памеркаваў, што наўрад ці мае права абурацца. Чым злачынства Зела горшае за яго ўласнае злачынства? І дзе тыя абвінавачванні Зелу, якіх ён не мог бы дастасаваць да сябе? Труціць пушнога звера — гэта толькі крыху горш за паляванне з дапамогай сіло на бабра, і, хто ведае, ці не дайшоў бы сам Рой да атручэння баброў? Ён і думкі не дапускаў апраўдваць сябе адноснасцю маралі, яго палохала сіла самаабвінавачання, якое выклікала ў ім гэта здарэнне. Ён адчуваў не толькі віну, гэта было самавыкрыццё. Гэта адкрывала Рою вочы на ўласныя паводзіны больш, чым якія-небудзь папярэднія ўчынкі альбо словы. Яму хацелася хутчэй вырвацца адсюль назад, да Скоці і Самсона, назад да людзей, дзе немажлівай будзе гэта пагібельная адзінота,

разбэшчванне і распад. Яму хацелася вырвацца адсюль, пакуль яшчэ яго не злавілі, не пакаралі, не выкінулі з асяроддзя людзей. Яму хацелася вырвацца з гэтага заказніка назад да сваёй звыклай лоўлі, да звычайнага жыцця, да адчування бяспекі, народжанага кантактамі з людзьмі, назад у Сент-Элен.

Нарэшце, вось яно. Гэта не было асабістае рашэнне Роя, гэта было вызваленне ад бязглуздай волі лёсу. Што б ні было ўжо страчана, Сент-Элен усё ж заставаўся ключом да ўсяго ягонага існавання, і ўцячы яшчэ раз ён не здолее. Рой зразумеў, што ў ягоным жыцці ёсць штосьці большае, чым адзінота, страх і паражэнне. Трэба было змагацца. Ён даволі доўга жыў цвёрдай самадысцыплінай, страх перад будучай бядой не мог авалодаць ім надоўга. Ён ведаў, што перш за ўсё яму трэба вярнуцца ў Муск-о-гі і ў Сент-Элен, назад да рэальнасці, да непазбежнага вырашэння ўсяго далейшага жыцця, назад да Эндзі Эндруса.

Раздзел трынаццаты

Рой чакаў зручнага выпадку, каб прапанаваць сябрам выправіцца ў зваротны шлях. Пачаўся люты, і хутка трэба будзе спыняць любое паляванне. Ён разабраў усю сваю пушніну, спакаваў яе, усведамляючы, што больш ён не падыме ніводнай скуркі. З ежай было складана, запас быў на зыходзе, і яны харчаваліся амаль выключна мясам. Акрамя таго, вакол іх у заказніку стала выразна адчувацца небяспечная прысутнасць іншых людзей. Ужо некалькі разоў проста над галавой у іх з'яўляўся маленькі гідраплан. Усё, здавалася, было падрыхтавана для вырашальнага сігнала Роя да выступлення, але зручнага моманту не знаходзілася.

Мэрэй зноў некуды знік, а да Зела нельга было падступіцца. Гэты чалавечак даведаўся, што для Роя не сакрэт ягоныя падзвігі атрутніка. Акрамя таго Рой меркаваў, што Зел хоча давесці свой тайнік да такіх памераў, каб можна было яго даіць будучым летам і восенню. Зел быў так захоплены стварэннем гэтага таемнага склада, што зараз і не заікаўся пра тое, каб паспяшацца з адыходам з заказніка. Ён нават пераадолеў свой страх перад прысутнасцю пабочных у заказніку і змрочна карыстаўся непаўторнай магчымасцю адразу паквітацца за многія гады няўдач. Рой не знаходзіў сілы ні крытыкаваць, ні прыспешваць Зела. Ён не мог перашкаджаць чалавеку, які адчайна змагаўся з сілай абставін.

Аднак трывога Роя ўсё большала.

Ён ведаў, што рана ці позна, як толькі паблізу з'явяцца пушныя абходчыкі альбо леснікі, іхняя прысутнасць будзе выяўлена. І Мэрэй толькі спрыяў гэтаму. Падчас яго адсутнасці буйнакаліберная вінтоўка заяўляла пра сябе гучна і часта, і Рой пачынаў думаць, што лес назаўсёды праглынуў Сахатага. Рой вырашыў, калі Сахаты хутка не вернецца, ісці без яго, нават без іх абодвух, калі спатрэбіцца.

Але атрымалася так, што менавіта Зел і прымусіў іх зняцца з месца.

У адсутнасць Мэрэя Рой, у дадатак да лоўлі баброў, звычайна абходзіў і ягоныя пасткі на звярыных сцежках, і на адной з такіх сцежак яго дагнаў Зел. Быў моцны, пякучы мароз, і змерзлы Рой прысеў, каб перакусіць кавалкам халоднай ласяціны разам з рэшткамі марынаваных памідораў са слоіка Джын.

— Рой! — задыхаючыся прашаптаў Зел. — Рой, ідзі хутчэй, зірні сам. Лопніце мае вочы, калі зараз нейкія два д'яблы не пракладваюць сцежку па схіле. Пайшлі на вяршыню. Ідзі хутчэй!

Дажоўваючы ласяціну, Рой ішоў за Зелам да бліжэйшай вяршыні — крутога піка з пляцоўкай наверсе. Зел асцярожна запоўз на пляцоўку і паказаў Рою на асветлены сонцам пакаты схіл, як ён казаў, ён бачыў ці то дзве, ці то тры чалавечыя фігуры.

— Паслухай, Зел, — сказаў Рой. — Як ты мог што-небудзь убачыць на такой адлегласці? А мо гэта проста аленіха з дзіцем?

— Двухногая аленіха? — з'едліва адказаў напарніку Зел.

— На такой адлегласці што хочаш можа здацца!

— Пачакай, сам убачыш, — сказаў Зел. — Калі яны сапраўды пракладваюць сцежку, яны з'явяцца на тым жа схіле, толькі вышэй. Пачакай, зірні…

Рой скончыў ласяціну і пачаў назіраць за далёкім схілам. На ім была сотня адкрытых палосаў паміж купкамі соснаў, і на кожнай з іх маглі з'явіцца людзі, якія прабівалі сцежку. Калі яны з'явяцца на гэтым схіле, за пяць міль адсюль, значыць, яны ідуць на поўдзень, але Рой пакуль яшчэ не надта давяраў паведамленню Зела.

Поделиться с друзьями: