Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

Снег ішоў трое сутак, і часам напружанасць станавілася пагрозлівай. Чым больш спакойна і бесклапотна адмахваўся ад дакучлівай мухі Мэрэй, тым больш ядавітым і істэрычным станавіўся Зел. Паміж імі не ўзнікала сапраўднай спрэчкі, толькі дробныя сутычкі: каму галіцца першым альбо хто прынясе вады, ці хто хроп усю ноч. Справа дайшла да выбуху, калі Зел заявіў, што, як толькі скончыцца завіруха, ім трэба выбірацца з заказніка. Пушніны ў іх дастаткова, а стрэлы Мэрэя, напэўна, ужо прыцягнулі ўвагу, і іх шукаюць.

— Яшчэ не выплакаў свайго воцату! — сказаў Мэрэй.

— А ты наогул не хочаш мець ніякіх стасункаў ні з чым, — з'едліва азваўся Зел, і твар

яго скрывіла ад злосці. — Ты страціў рэшткі чалавечага аблічча. Блукаеш па лесе, як звер. Сам становішся лясным зверам і Роя цягнеш туды…

Мэрэй засмяяўся, а Рой запхнуў у рот порцыю жвачкі.

— А ты таксама страціў сваё ранейшае аблічча, Зел, — сказаў Мэрэй. — Пара табе садзіцца на зямлю ў Сэнт-Элене і заняцца фермерствам. Відаць, інспектар адбіў табе ўсе бэбахі. Зараз лес для цябе найбольш прыдатнае месца, Зел. Вельмі прыдатнае!

— Гэта табе ў зручны момант хто-небудзь усадзіць кулю ў патыліцу, а я пасля гэтага яшчэ доўга буду займацца паляваннем, — адказаў Зел. — І калі ты думаеш, што я спалохаўся інспектара, можаш ашчаджаць сліну, гэтаму інспектару засталося нядоўга гуляць. А калі хочаш каму-небудзь параіць заняцца зямлёю, то парай Рою. Гэта ён з тых, што здыхаюць у свінарніку.

Мэрэй даў магчымасць адказаць Рою, але Рой устаў, каб паварушыць вуголле.

Іхняе маўчанне яшчэ больш распаліла шаленства Зела.

— Ты спытай у Роя, што ён будзе рабіць, калі Эндзі зразумее, хто займаў яго месца апошнія дванаццаць гадоў.

У Роя ў руках было бярозавае палена, і яно адразу ж прасвістала ў паветры і стукнулася ў сцяну хаціны, але Мэрэй своечасова спусціў з ложка тоўстую нагу і сапхнуў Зела на падлогу. У напружанай позе, седзячы на кукішках, Рой быў падобны на «вадзянога быка», мускулы на шыі набрынялі і, здавалася, вось-вось лопнуць, цяжкія рукі віселі па баках, быццам гнеў яго знясіліў. Вось-вось нешта здарыцца, але Мэрэй устаў і ўздыхнуў.

— Ну, — сказаў ён і выцягнуў з-пад ложка вузел з адзеннем. — Я хаваў гэта на чорны дзень, але сёння ў нас тут зусім чорна. — Ён дастаў бутэльку спірту, пераступіў цераз скурчанага на падлозе Зела і стараўся дастаць нож, каб адкаркаваць бутэльку. — Не прадыхнуць ад воцату! — дадаў ён, наліваючы ў два кубкі. — Вось вам. За тое, каб згінулі, нарэшце, закон і парадак.

Не закон і парадак, а думкі пра Сент-Элен, вось што трэба было заліць Рою віном. Удар Зела здзівіў яго мацней, чым ён мог чакаць, і, здавалася, перарэзаў апошнюю нітачку, якая прывязвала яго да Сент-Элена. Ён ведаў, што для яго гэта зараз пустое месца, і ўзяўся за бутэльку, адкінуўшы ўсялякія цуглі, і горыч праглынула ў ім рэшткі цвярозага гумару.

Раздзел дванаццаты

Калі завіруха, заваліўшы ўсё снегам, нарэшце сціхла, Рой узяў ружжо і на лыжах выправіўся на паляванне на хрыбты. Хутка ён высачыў і застрэліў аленя. Хоць Рой разабраў тушу і павесіў на дрэва, ён ведаў, што сапраўднай патрэбы забіваць гэтага аленя (да таго ж самку) не было, бо ў іх яшчэ заставаўся вялікі запас ласінага мяса. Але, калі ён і ўсвядоміў на імгненне ўсю непатрэбнасць імкнення забіць, гэтая думка згінула ў радасным адчуванні, што ён зноў на паляванні, і ён не сыходзіў з хрыбтоў, працягваў падпільноўваць дзічыну, ён быў гатовы забіваць усё, што трапіць яму на мушку, забіваць, не адчуваючы падчас гэтага абсалютна нічога, акрамя паляўнічага азарту.

Пад снегам усё навокал было яшчэ больш дзіўным. Вялікая заснежаная краіна, краіна доўгіх закругленых ліній, якія недзе ўдалечыні пераходзілі ў снежны гарызонт. Пад нагамі то цвёрды граніт,

то мяккія гурбы. А лясы і азёры нібы вялізныя сховы цішыні. Часцей за ўсё чуваць было рыпенне лыжаў па снезе, і кожны раз, як яно чулася, гэты гук вібраваў і праходзіў праз ногі Роя, праз усё ягонае цела. Гэта быў гук дарогі, частка таго, што і трымала яго ў дарозе, пакуль ён не заходзіў так далёка, што даводзілася вяртацца, каб паспець да цемры.

Рой закінуў усе свае пасткі на возеры, і гэта непакоіла яго. Што гэта за лоўля, калі пасткі цэлымі суткамі заставаліся са здабычай, але яшчэ горш было пакінуць іх пасля завірухі. Завіруха замяла пасткі, і, акрамя збору здабычы, трэба было пераставіць увесь ланцуг пастак, бо зараз яны апынуліся глыбока ў снезе.

І гэтым днём яму не ўдалося вярнуцца своечасова і агледзець пасткі, бо ён заўважыў дым на ўсходзе і падняўся на адну з бліжэйшых вяршыняў. Але і адтуль ён не мог вызначыць, ці далёка дым, бо снег і шэрае неба скрадвалі адлегласць. Ён вырашыў, што гэта не надта далёка, бо дым быў бачны і ў гэткі змрочны дзень. Вядома, гэта мог быць і Мэрэй, і падчас вячэры ў хаціне ён спытаў:

— Ты быў сёння на ўсходніх участках?

Мэрэй пакруціў галавой.

— Я быў на поўначы, на азёрах, шукаў сляды норкі. Іх там шмат. А што?

Рой расказаў яму пра дым.

— Ты, відаць, маеш рацыю, Рой, — прамармытаў Мэрэй, напхаўшы ў рот сакавітага мяса. — Нехта вядзе паляванне ў заказніку, і даволі бяспечна.

— Як і мы! — умяшаўся Зел і зірнуў на Роя, на яго закапаную крывёю аленя куртку.

Але Рой не адказаў на выклік, яго перасталі цікавіць спрэчкі з Зелам, Мэрэем і з самім сабой. Ён толькі фыркнуў, плюнуў і працягваў есці, пытаючыся ў самога сябе, ці прычэпіцца да яго Зел за нявыбраныя пасткі, і панура разважаючы, як ён яго спыніць. Але Зел не згадаў пра гэта, ён пачаў пра недахоп правіянту.

— Закончылася бульба, — аб'явіў ім Зел, — і масла таксама. Засталося ўсяго некалькі бляшанак кансерваў на зваротны шлях, ды яшчэ слоікі з ягадамі, слоік марынаду і крыху хлеба ды сухароў.

Слоік з ягадамі — падарунак місіс Бэртан, а марынад быў ад Джыні. Рою захацелася пакаштаваць, ці смачны ён, ці ўдалося Джыні згатаваць нешта не падобнае на яе звыклае прэснае варыва? З абыякавай паблажлівасцю ён мог зараз захапляцца той прымусовай дамавітасцю, якую яна напускала на сябе дзеля яго. Не першы раз за гэтыя дванаццаць гадоў ён так востра адчуў, што значыць для яго Джыні, як цесна звязаны іх жыцці, як гэта было правільна і як правільна гэта было б і ў будучым. Раптам гэта завалодала ўсёй яго істотай, і ўпершыню з часу вяртання Эндзі ён уявіў сабе ўвесь воблік Джыні; усё іхняе знаёмства; і пасля скачок ад прыватнага, ад іх блізкасці, — да значэння гэтага для яго; да яго самога, што неаддзельны ад Джыні, як бы ні супраціўлялася гэтаму яго ўстрывожаная свядомасць; ён не можа дапусціць, каб з Джыні так мімаходам здзекаваўся нейкі прыдуркаваты, каб яна падпарадкоўвалася самавольству Эндзі. Не, ён гэтага не стрывае!

Але ці не позна? Справа не ў Эндзі, а ў ім самім. Ён загінуў; і не толькі таму, што прырода адолела яго, загнала ў лес. Прырода выхапіла яго з таго асяроддзя, існаванне па-за якім для яго было немагчымым. Гэта зрабіла з яго адзіночку — і ўсё. І вось зараз ён меў вынік свайго паражэння, дзяліў яго са сваімі спадарожнікамі: двума загінуўшымі чалавекамі.

— Давай пакаштуем марынаду, — сказаў Рой Зелу, калі яны селі за стол.

— Гэта што, справа рук Руфі Мак-Нэйр? — спытаў Мэрэй.

Рой адмоўна пакруціў галавой і сарваў накрыўку.

Поделиться с друзьями: