Паляўнічы
Шрифт:
Рой усміхнуўся з уласнага жарту, але адчуваў, што яму не хапае Скоці і Самсона. Яму не хапала магчымасці адзін або два разы за сезон схадзіць да іх цераз раку, прадоўжыць спрэчку са Скоці альбо не першы раз выпрабаваць надзейнасць іхняга сяброўства, падбухторваючы аднаго супраць другога.
— Люблю я Скоці, — прамовіў ён. — Цяжка было б без яго Самсону.
Ніхто не падтрымаў гэткай праявы пачуццяў, і Рой выкінуў гэта з галавы. Яму не хапала і Джэка: Джэка ў лесе, Джэка ў Сент-Элене альбо проста Джэка ў любой сітуацыі. Пра гэта таксама варта было забыцца, і Рой са здзіўленнем пераканаўся, што яму гэта ўдаецца лёгка. Тут усё на свеце некуды адступала. Рой нібыта пераступіў, нарэшце, мяжу, і ў вялікай адзіноце гэтага жыцця мінулае пачынала адлушчвацца ад сённяшняга. Мінулае можна было згадваць і нават сумаваць па ім, але сапраўднае было вакол яго. Нават прымітыўная хаціна здавалася не такой
— Як справы з бабрамі? — спытаў у яго аднойчы раніцай Мэрэй, калі збіраўся ў звыклы паход. — Усё яшчэ хапае?
— Ледзь спраўляюся з імі, — адказаў Рой.
Мэрэй усміхнуўся:
— Ну што ж, значыць, хутка напакуем мяхі і назад?
Рой ведаў, што Мэрэй хітруе, але не паддаўся на гэта. Рой не спяшаўся ў зваротны шлях. У яго адчаі была і свая стомленая задаволенасць, прыняцце няшчасця, нават пэўная лёгкасць ад таго, што магутны лёс адразу вырашыў усе яго сумненні. Раней Рой ніколі не мірыўся з уварваннем лёсу ў яго жыццё, але цяпер непазбежнасць давала магчымасць глядзець на сябе збоку, здымала цяжар што-небудзь вырашаць і рабіць. Ён нават мог уявіць сабе Эндзі і Джыні і маляваць малюнак свайго вяртання ў Сент-Элен.
Эндрус, вядома, зазлуе. Часамі на яго не было супынку, і колькі разоў хлапчуком Рой зазнаваў на сабе цяжар яго кулака і ўдары галавой, якімі Эндзі частаваў яго падчас прыступу шаленства. Праўда, Эндзі звар'яцее. Ну і што? Што ён скажа? Рой ледзь не засмяяўся. Эндзі не прывык стрымліваць свой язык, вось ён і вылье ўсё на Роя: лаянку, праклёны, папрокі, знявагу, кпіны. Ён мог абразіць Роя, зрабіць яму балюча, больш балюча, чым хто іншы. Галоўны яго папрок Рою будзе ў вераломнасці, схаваным падмане, халодным разліку. Рою, які сам ніколі не шукаў выгады ў чужой бядзе, цяжка будзе ўсё гэта выслухаць. Але Эндзі вып'е асалоду сваёй помсты дарэшты, і Джыні таксама атрымае сваю долю. Тут малюнак цямнеў. Што зробіць Эндзі ў адносінах да Джыні? Ці кіне ён у твар ёй тыя ж знявагі, ці пакажа яе як распусніцу, а самога сябе як бязгрэшнага? Рой быў абураны, яго так і турзала ўскочыць і выставіць Эндзі контрабвінавачванні. Якое права мае Эндзі вяртацца і патрабаваць аднаўлення таго, ад чаго сам уцёк? Ва ўсім вінаваты сам Эндрус. Гэта ён улез у іхняе жыццё, ён здрадзіў ім. Але ці гэтак будзе разважаць Джыні? Яна павінна адчуваць тое ж, што і Рой! Яна ведае, што паміж імі існуе тое, да чаго няма справы Эндрусу, якія б ні былі на гэты конт законы краіны.
Калі б Роем кіравалі абурэнне і ўсведамленне ўласнай праваты, ён адразу ж пакінуў бы хаціну і накіраваўся б проста ў Сент-Элен. Але як толькі знікла пачуццё лёгкасці, прынесенае фаталізмам, Рой зноў станавіўся грэшнікам. Ён ведаў, што з вяртаннем Эндзі Эндруса вінаватым аказаўся ён сам, і Джыні, і ўвесь свет. Джыні была для яго страчана, як страчана была дзічына ў Муск-о-гі, і Сэм, і страчаны Сент-Элен. Нічога не засталося на свеце, куды Рой мог бы вярнуцца.
— Нешта ты стаў задумвацца, сябрук, — сказаў яму неяк Мэрэй, калі выходзіў з хаты. — Ты нечым заклапочаны?
Рой нічога не адказаў, паціснуў плячыма і пайшоў на сваё возера Фей.
Лоўля баброў яго раздражняла; здабыванне скуркі стала для яго дакучлівай павіннасцю, таму ён пачаў паскараць лоўлю такімі спосабамі, якіх ніколі раней не дазваляў сабе, як занадта згубных і спусташальных для бабра. З сабой ён меў каля дзесятка сіло, і ён пачаў ставіць іх петлі з дроту зусім блізка да выхада з хатак і на шлюзах каналаў, што азначала пагалоўнае знішчэнне. Гэткія спосабы палявання ў Муск-о-гі заўсёды выклікалі ў Роя агіду, але зараз ён са здзіўленнем лавіў сябе на тым, што тут гэткае пачуццё ў яго не ўзнікае. Ён згадаў параграф, дзе гаварылася, што законам забараняецца любой асобе выкарыстоўваць сіло для лоўлі бабра ў любую пару года. Ды не было звыклага гумару ў тым, што ён абвяшчаў, быў толькі адкрыты цынізм, накшталт хуткасці і спрыту, з якім ён спраўляўся з сіло, каб хутчэй пакінуць балота дзеля новых блуканняў па хрыбтах, дзеля новых разведак і планаў, якія зараз займалі большую частку ягонага дня. Калі яго адольвала гэтая прага новых адкрыццяў, лоўля баброў здавалася яму марнай тратай часу, і чым бліжэй знаёміўся ён з гэтай краінай, тым большым станавілася
нецярпенне закончыць аблоў, правесці яго інтэнсіўна, нават бязлітасна, каб толькі хутчэй вызваліцца і цалкам аддацца асваенню цудоўных прастораў краіны Срэбных Даляраў.— Дзе ты прапаў? — аднойчы спытаўся ў яго Зел ціхім, светлым вечарам, калі яны засталіся ў хаціне ўдвух. — Разы са два я шукаў цябе на возеры Фей, але цябе там нібыта і не было!
Рой не хацеў распачынаць гаворку з Зелам.
— Відаць, блукаў недзе паблізу, — з сумам азваўся ён і адразу ж пашкадаваў пра гэта. — Я часта падымаюся на хрыбет, Зел, каб зірнуць, ці нікога няма вакол. Ды і холадна на гэтым балоце, не вытрымліваю.
— Вы з Сахатым толькі тым і заняты, каб блукаць невядома дзе, — прамармытаў Зел. — Дзе Сахаты? Яму даўно пара вярнуцца.
Але гэтай ноччу Мэрэй так і не вярнуўся. Зел занепакоіўся, а Роя гэта хоць і турбавала, аднак больш за ўсё пацяшала, калі ён уяўляў сабе, як Мэрэй зайшоў, нарэшце, так далёка, што і не вернецца за адзін дзень. Ён не думаў, што з Мэрэем нешта здарылася, ён быў вельмі вопытны лесавік. Іншым, больш гераічным часам, з Мэрэя мог атрымацца даследнік новых земляў, чалавек, які мог бы пракласці шлях, знайсці неверагодную колькасць скарбаў, адкрыць кантынент і не надаць асаблівай увагі свайму адкрыццю. Для Мэрэя гэта азначала б толькі наступны пагорак альбо наступную даліну, ён і зараз, верагодна, затрымаўся на нейкім з гэтых пагоркаў альбо ў якой-небудзь даліне, замарозіў сябе на трыццаціпяціградусным марозе, замест таго каб ляжаць на цёплым ложку, які Зел не забыўся адразу ж заняць. Аднак жа Рой зайздросціў Сахатаму.
— Ты пойдзеш шукаць яго? — спытаў Зел, калі прачнуўся марозным досвіткам.
— Не, — адказаў Рой. З кожным днём ён, сам не ведаючы чаму, адказваў Зелу ўсё больш лаканічна.
Якраз апоўдні першага дня адсутнасці Мэрэя Рой заўважыў, калі выпраўляўся на Сярэбраную раку, маленькага чалавечка на схіле каля балота андатраў. Рой ледзьве бачыў яго ўдалечыні на крутым снежным схіле праз серабрысты частакол бяроз. Гэта быў Зел, ён нешта майстраваў паміж двух ствалоў, і па нейкіх асаблівых прыкметах Рой вызначыў нават на такой адлегласці, што будаваў памост. І Рой ведаў навошта. Зел майстраваў тайнік для пушніны, якая будзе схаваная ад вачэй кампаньёнаў і недасяжная для драпежнікаў.
— Так, значыць, Зел пакрыху махлярыць, — усміхнуўся Рой. Зараз ён быў перакананы, што частку вылаўленых андатраў Зел апрацоўвае на месцы, каб не ўлічваць іхнюю пушніну падчас агульнай дзяльбы. Рой крыху пастаяў, каб канчаткова пераканацца ў махінацыях Зела, пасля паціснуў плячыма і пайшоў прэч. Гэта яго не пацешыла, як было б раней, і не раззлавала. Яму было абыякава, і дробны махляр Зел і яго пушны склад, — усё гэта ўяўлялася зараз дробным, страшна дробным.
Некалькі разоў за дзень Рой чуў стрэлы. Па гуку гэта нагадвала вінтоўку Мэрэя, але поўнай перакананасці ў яго не было. Вечарам Зел зноў бушаваў наконт пагібельнай для іх стральбы Мэрэя, але сам Мэрэй гэтага не чуў. Яго ўсё яшчэ не было, і вярнуўся ён толькі праз суткі. Ён прыйшоў з першымі парывамі завірухі. Яго твар пунсавеў, калі ён нагой адчыніў дзверы і кінуў на падлогу бліскучую чорную шкуру вялізнага мядзведзя. Рой зачыніў дзверы, у якія рвалася замець, а Мэрэй нагнуўся і строс з галавы і шыі тоўсты пласт снегу.
— Так атрымалася: ці мне загінуць, ці яму, — сказаў Мэрэй пра мядзведзя. — Вось я яго і забіў. Ты б ад смеху памёр, Рой. Сяджу я ўчора ў схованцы пад скалой, стараюся неяк сагрэцца, а ён лезе туды ж. З першага разу я прамазаў, а ён пачаў паварочвацца, каб вылезці, і я другім уляпіў яму ў горла. А тлусты! Стаіць раскірэчыўшыся, нібыта скунс, а такі тлусты, што і з месца не можа скрануцца.
— А што яшчэ прынёс? — спытаў Зел.
— Ат, дробязь, — сказаў Мэрэй, дастаючы з мяха некалькі скурак. — Лісяня ды кацяня, вось і ўся здабыча.
— І гэта за тры дні палявання! — заенчыў Зел.
Роўны голас Мэрэя звычайна запаўняў усю хаціну, але зараз Мэрэй маўчаў, і гэта было папярэджанне Зелу і злавесная прыкмета для Роя. Сахаты ўжо не нагадваў болей быка, які ляніва адганяе хвастом мух; зараз ён быў больш падобны на свайго цёзку лася, які гатовы кінуцца на дакучлівую нікчэмнасць і паваліць яго, затаптаць магутнымі капытамі. Рой бачыў гэта, і яму было ўсё роўна. Ён безуважна назіраў, чыя ж возьме, як назіраў бы за сустрэчай вавёркі і шашка, калі б яны задумалі падужацца. Для Роя гэта былі новыя адносіны да людзей, якіх ён яшчэ не ўсведамляў. Ён толькі ведаў, што кожны з іх зараз самагодная адзінка і мяжа іхняй адчужанасці менавіта ў тым, што, жывучы так, як яны тут жылі, яны засталіся замкнутымі адзіночкамі: няма ў іх ні сяброўства, ні ўзаемнай дапамогі. Зараз страта гэтага пачуцця супольнасці яго не кранала, і яму было ўсё роўна, што станецца з кожным з іх.