Пастка для рэха
Шрифт:
— Дробязі, — пакрыўджана паціскае плячамі мужчына. — Дом не мой, цешчын…
— З дробязяў, Лупонік, жыццё складаецца. Так што збірай свае дробязі ў мяхі, спатрэбяцца яшчэ, — устрае ў размову Буднік і звяртаецца да мяне: — Возьмем яго з сабой?
— Куды? — здзіўлена пытае Лупонік.
— Баха слухаць.
— Нікуды я не пайду з табою. І ты, Жэнік, не хадзі.
— Заткніся, чунь! Пажартаваў я… Хто цябе возьме з сабою? Адкуль табе ведаць, хто такі Бах. Гены, Лупонік, рэч бязлітасная... Акапаўся тут, у чужых харомах, і сядзіш, як сурок. Так і пракопціш сваё жыццё.
Лупонік пакрыўджана пазірае на Будніка. Я
— Збірай на стол, чмо, госць у хаце, а ты вокам не вядзеш, — загадвае Буднік і весела падміргвае мне: — Паабедаем, Дольчык, і пойдзем…
Пытанне «Куды?» непакоіць мяне не менш, чым Лупоніка. Аднак маўчу, ведаю, усё роўна адказу на яго ў прысутнасці Лупоніка не атрымаю. Падсілкоўваемся моўчкі. Буднік апаражняе кілішак за кілішкам і апетытна ўплятае «пальцам пханую».
— Вучыся, Дольчык, як трэба жыць, — смачна аблізваецца ён і ківае на Лупоніка. — Гаспадар…
— Хто табе замінае ім быць?
— Такія, як ты, і замінаюць, — перастае жаваць Буднік.
— Цікава, чым жа гэта я не дагадзіў табе? — Лупонік ускіпае. — Жывеш тыдзень на маіх харчах… Жарэш на халяву…
— Чым?.. Абыякавасцю сваёй. Такім, як ты, дай адсядзецца, перачакаць… Вы ж не жывяце, вы ж увесь час нечага чакаеце… Цудаў, манны нябеснай?.. Хто вас ведае, чаго… Самі не жывяце і нам замінаеце жыць… Прыдумалі апраўданне сабе: талерантнасць… А што такое гэтая ваша талерантнасць? Хітрасць?..
— А ты хочаш рэвалюцый? Бяздумнае бунтарства таксама да дабра не даводзіць, — падключаюся я да спрэчкі.
— Бунтарства?.. Ха-ха-ха… Не, мальцы… На бунтарства вы не здатныя. Бунтарства — гэта талент ад прыроды. І калі яго няма, то яго не набудзеш у краме.
— Гэта праўда, — згаджаюся я з Буднікам, каб змягчыць напружанасць.
— Узяць хаця б мяне… Імкнуўся да нечага светлага, верыў, спадзяваўся. Здавалася, вось-вось і шчасце ў маіх руках: адукацыя, пасада, сям’я… І раптам бац… і няма нічога… Куды ўсё падзелася? Дзе тыя, хто падспеўваў мне? Іншым падспеўваюць? У гэтым талерантнасць ваша?.. Гэта з іх маўклівай згоды мяне вытурылі з працы. Чуеш, Лупонік, з-за такіх, як ты…
— У тваім сэрцы, Слава, усё яшчэ жыве крыўда. Даверся часу. Час перамеле ўсё, — няўпэўнена раю я Будніку, і ад выказанай уголас банальнасці твар апякае гарачынёю.
— Вось і ты, Доля, не разумееш мяне. Таксама раіш чакаць, а не жыць… А час, Доля, не гумка, якою можна сцерці з памяці боль і крыўду… Часу не існуе ўвогуле. Яго прыдумалі людзі. Ёсць рух. А яшчэ ёсць праўда. А для мяне гэтая праўда — падман, — пагардліва ківае на мяне Буднік і пераводзіць позірк на Лупоніка: — Усё, Лупонік, шабаш!.. Сыходжу я ад цябе. Можаш сапці ў дзве дзіркі і радавацца… чакаць далей з неба манны нябеснай… Лічы, што з даўгамі сваімі ты разлічыўся… «Пальцам пханай»… Ха-ха-ха…
Мы ўстаём з-за стала і накіроўваемся на другі паверх за рэчамі. Торбы спакаваныя ўжо. Напэўна, Буднік рыхтаваўся да гэтага загадзя. Адну з іх ён давярае мне, другую бярэ сам. Моўчкі спускаемся па лесвіцы. Мае думкі хаатычна раскіданыя ў свядомасці. Прадчуванне Вялікага Вар’яцтва завісае ў паветры. Яшчэ хвіліна, і Невядомасць разродзіцца Здрадай — той, якую чалавецтва накапляла вякамі…
Калі развітваемся з Лупонікам, ён горача шэпча мне:
— Не хадзі з ім, Жэнік. Вар’ят ён... Бомбы ў ягоных торбах…
Па вуліцы Краснова выходзім
да Палаты. Перад намі на высокім стромкім беразе Заходняй Дзвіны вялікая Сафія. Зачараваныя велічнасцю і прыгажосцю гэтай сведкі незалежнасці і магутнасці полацкіх князёў, стаім і маўчым. Буднік наўмысна марудзіць.— Што ты задумаў, Слава? — хвалююся я.
— Ты ведаеш, хто такі Герастрат?
Усталёўваецца магільная цішыня. Некалькі хвілін яе пакутлівай назойлівасці, і я пачынаю здагадвацца пра намеры гэтага чалавека.
— Герастрат — гэта недачалавек.
— Адказ цынічны і няправільны, Герастрат — гэта бунтар, Дольчык. І байкі, што ён быццам бы імкнуўся такім чынам заваяваць сабе вядомасць — людское словаблуддзе. Але калі б нават гэтага чалавека і не існавала ніколі, яго б усё роўна людзі прыдумалі. Герастраты неабходны нам як напамін, што ўсё ў гэтым свеце мае свой пачатак і свой канец. Разумееш?
— Усё, акрамя звычайнага людскога глупства, — паныла ўздыхаю я. — Страшна не тое, што Герастрата дасюль памятаюць, страшна, што і ў наш час знаходзяцца ў яго нашчадкі і паплечнікі. У цябе нічога не атрымаецца, Буднік…
— Не сумнявайся, Дольчык... Я ўсё пралічыў. Ты і напраўду паверыў гэтаму дурню? Я чуў, як ён табе нашэптваў, што быццам бы ў маіх торбах бомбы. Не настолькі я дурны, Дольчык, каб насіць з сабою такі небяспечны цяжар. Бомбы, дарагі мой сябар, даўно пад мурамі ўжо. Засталіся чыстыя дробязі...
— Буднік, ты мне не сябар. Ты — вар’ят, Буднік!.. Параноік…
— Я ўзарву Сафію… У мяне ёсць для гэтага ўсе падставы.
— Якія падставы, Буднік? Крыўда?..
— Крыўда таксама.
— Шмат розных Іудаў, накшталт цябе, памятае Сафія. І зніштожыць яе спрабавалі неаднойчы: гарэла, узрывалі, рабавалі, а яна як жыла, так і жыве, радуе людзей прыгажосцю і велічнасцю. Калі ты лічыш, што я стану саўдзельнікам твайго вар’яцтва, памыляешся.
— У цябе няма выйсця. На жаль, ад твайго пратэсту, Дольчык, нічога не залежыць ужо. Ты — сведка. І цябе мне лягчэй забіць, чым адпусціць… Спадзяюся, што ты разумееш гэта? Мы загінем разам… Ты — каб заваяваць сабе Вечнасць. Ты ж да гэтага імкнуўся ўсё сваё жыццё? А я, Дольчык… Я прыму смерць з іншай мэтай… Сваёй смерцю я дакажу Свету, што людзі — дурні… Што створанае імі аднойчы для таго імі і створана, каб яго разбуралі іншыя. Той, хто не здольны ствараць, павінен разбураць… Гэта закон, Дольчык…
— Калі на свеце існуюць сволачы, гэта не азначае яшчэ, што да іх трэба прыпадабняцца. А выйсце, Буднік, ёсць заўсёды. Нават і тады, калі здаецца, што яго няма.
Мае словы нішто іншае, як цынізм. Я разумею гэта, але нічога іншага ў галаву не прыходзіць. Думкі хаатычна блукаюць, блытаюцца. І сярод іх ніводнай выратавальнай. Гадзіннік у кішэні маіх джынсаў спыніўся. Вось, адкуль уся гэтая цішыня ў свеце. Відаць, стрэлкі на цыферблаце стаміліся рухацца і застылі ў чаканні. Інстынкт самазахавання працягвае дурыць свядомасць. Я бачу, як насустрач нам, праз масток, спяшаецца нейкая дзяўчынка. Яе позірк знаходзіць мяне. У ім дабрыня і спагада. І мною авалодвае спакуслівае жаданне дакрануцца да гэтай бяздоннай малахітавай чысціні вуснамі. Я цягнуся да яе ўсім целам і натыкаюся на пустату. Мае вусны смакуюць бясколерную смуродную вільгаць. Гэта сліна Сатаны. «Не дакранайся да мяне…» — лямантуе здрадлівая цішыня. Рэха адгукаецца ў сэрцы болем. Нясцерпным, пакутлівым болем.