Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для рэха

Паплаўскі Алесь

Шрифт:

Ён адчувае нікчэмнасць гэтых пытанняў. Ад іх смярдзіць правільнасцю, якой ён ніколі не прытрымліваецца. Ад іх хочацца вымыць рот з мылам. Мінулае — вось скуль растуць гэтаму ногі. Вось дзе зарыты сабака. «Але чаму тое мінулае, прасякаючы ў мяне, толькі павялічвае маю нікчэмнасць, чаму яно напаўняе жыццё ілжывым зместам?» — выпытвае ён у сябе і не знаходзіць на гэтыя пытанні адказаў.

— Бо немагчыма схавацца за сваёй безыменнасцю, Мелеш, — прасочваецца да яго аднекуль здалёк голас Пяльменя. — Жыццё — гэта рух наперад.

— Жыццё — гэта ланцуг з неразумных учынкаў.

— Правільна. А ты спрабаваў выкінуць з гэтага ланцуга хоць адно звяно? — настырна выпытвае Пяльмень.

— Слухай, ты, я не сабака,

каб на ланцугу сядзець.

Ён злуецца, распырсквае сліну. Ён спрабуе знайсці патрэбныя для апраўдання словы, хоць даўно ўжо перакананы: нічога іншага, акрамя як і надалей плыць па цячэнні куды вынясе, жыць ілюзіямі, надаючы ім міфічную афарбоўку сапраўднага жыцця, хварэць на настальгію па нязбыўным і недасяжным, уласцівую хіба што толькі вар’ятам, у яго не засталося ўжо. І ўся гэтая штучная прыналежнасць да нечага важнага, якое яшчэ толькі павінна адбыцца, — усяго толькі выратавальная саломінка, за якую ён усё яшчэ трымаецца, выдатна разумеючы, што некалі і яна не вытрымае цяжару гэтай яго няшчырасці…

3

Заплюшчваю вочы і бачу ноч. Затыкаю вушы і слухаю вечнасць. Маё цела насычанае невядомай мне па таксічнасці атрутаю. Маё ўнутранае «Я» напружанае ў чаканні нейкага здарэння. Будучыня — вось што мяне зараз цікавіць. Будучыня і думкі! А іх няма. Розум маўчыць, а памяць спіць. Але як мне без думак? Гэта праз іх мне падуладныя любыя капрызы. Гэта праз іх я спасцігаю неспасцігальнае. І не важна, што жыццё напоўненае журботнасцю і пустэчай, я таму, можа, і бадзяюся па свеце, каб спазнаць яго ва ўсіх праяўленнях, каб знайсці сябе, а праз сябе і Яе, бо калі ў мяне нешта яшчэ і засталося, дык гэта Яна. І ўсе мае нязручнасці — усяго толькі нязручнасці. Існуе нешта іншае, больш вартае і значнае. Што?.. Гэта я і хачу спазнаць.

Люська для мяне — з’ява анамальная. За той працяглы прамежак часу, што мы з ёю разам, я так і не дакапаўся да ісціны. Аналізуючы вытокі сваёй любові да гэтай жанчыны, напрыклад, чаму захапляюся яе прыцягальнай звычайнасцю, бо назваць Люську прыгажуняй не паварочваецца язык, чаму люблю назіраць, як яна да занудлівасці старанна расчэсвае свае густыя чорныя кудзеры, гадзінамі прастойваючы ля люстэрка, чаму пакорліва выслухоўваю яе нестамляльную, напоўненую вядомым толькі ёй адной сэнсам балбатню, я заўсёды прыходжу да адной і той жа высновы: Люська — адзіная з маіх шматлікіх знаёмых, хто чакае ад мяне ўчынкаў. Астатнім да лямпачкі, як я жыву. А ёй — не. Жыць і ведаць, што сярод усёй гэтай грамады выпадковых людзей ёсць і неабыякавыя да твайго лёсу — вялікі стымул. Гэта якраз і дапамагае мне выжываць, бо любыя ўчынкі, перакананы я, маюць сваю прычыну. Бо любая дробязь можа цалкам змяніць наша жыццё. А таму мне нічога не застаецца, як і надалей «вылазіць са скуры», даказваючы ёй сваю перавагу над астатнімі залётнікамі.

«Да жыцця трэба ставіцца з іроніяй», — навучае яна мяне неаднойчы, а сама гэтага прынцыпу не прытрымліваецца: раздражняецца і крыўдзіцца без падстаў, кпіць з іншых, хаця б з мяне, карацей, Люська — сужыццё некалькіх асобаў у адной. Гэтыя адмоўнасці і ёсць тая сцяна, якая раздзяляе нас апошнім часам. І ўсё ж, не гледзячы, што адносіны нашы з ёю не мёд, яны не настолькі паганыя, каб нам жыць паасобку. Хаця на гэты раз яны зайшлі канчаткова ў тупік. Я для яе зараз лічы што ніхто. І вінаваты ў гэтым я, дакладней, мая пасрэднасць.

«Паважаны абанент, у вашым сэрцы не засталося месца для радасці? Усміхніцеся!»

Гэтую SMSку я атрымліваю толькі што і ўспрымаю яе як падарунак лёсу, як альтэрнатыву песімістычнаму настрою, як крок да прымірэння. Тэлефон для нас з Люськай пакуль адзіны рэальны сродак зносін, а таму хуценька націскаю на зялёны гузік з мэтаю пачуць яе голас. Мяне нахабна спыняе аператарка, якая прытарна-ветлівым сапрана папярэджвае,

што сродкаў для такой раскошы на маім рахунку не засталося, што падрабязнасці мне змогуць патлумачыць у абаненцкай службе кампаніі. Пасля чаго ў трубцы нешта голасна шчоўкае, і зусім іншы ўжо голас — замагільны і ненатуральны, пачынае вучыць уму-розуму і страшыць, што ў выпадку, калі я не разлічуся ў бліжэйшы час з даўгамі, мой тэлефон адключаць. Слухаць гэтую лухту не выпадае, тым больш што разлічвацца ні з кім я не збіраюся. Павагаўшыся, усё ж спрабую даслаць Люсьцы пісьмовы адказ.

«Мы дарослыя людзі, і нам ніхто не замінае спаць у адным ложку!» — набіраю я на дысплеі тэкст у характэрным для яе стылі і націскаю на гузік «даслаць». Але з гэтай маёй задумы таксама нічога не атрымліваецца. Тэлефон заблакіраваны і за лічаныя хвіліны ператварыўся ў непатрэбную цацку, па якой можна хіба што вызначаць час, ды і то пакуль не села батарэйка. Гляджу на высветлены на дысплеі нумар Люськінага тэлефона і разумею, што гэта пакуль адзіная з ёю лучнасць. Праз хвіліну лямпачка гасне, і яе нумар бясследна знікае. Цяпер і яго давядзецца шукаць у тэлефоннай кніжцы. Хаваю «забаўку» ў кішэню і пачынаю думаць пра Яе.

Калі верыць Люсьцы, я — тая яшчэ штучка! Мне палец у рот не кладзі, адкушу. Магчыма, так яно і ёсць на самай справе, але чуць пра сябе такое ад каханага чалавека, маці маіх будучых дзяцей, не ў кайф. Таму і не дзіва, што я крыўдую. Але гэта, як гаворыцца, мае ўжо праблемы.

— Вікцюша, ведаеш, чаму мы ніколі не станем з табою дарослымі? — выпытвае яна ў мяне. На вуснах блукае ледзь заўважная ліслівая ўсмешка.

— Як гэта? — недаверліва пазіраю я.

— Так гэта, — абразліва крыўляецца яна. — Дарослымі, Вікцюша, могуць стаць толькі дзеці.

Спасцігаю сэнс пачутага і недаўменна паціскаю плячамі.

— Лагічна, — хвілінку маўчу і ў неўпапад вымаўляю: — Якія ўсё ж нікчэмныя людскія жаданні!

— Макака! — абразліва цэдзіць Люська. — Ты нават закахацца не здольны як след.

— Пры чым тут закахацца?

— Пры тым, Цюша, што для цябе закахацца — цэлая праблема.

Гэта чыстая праўда, і мне робіцца няёмка. Не за сябе, а за тое, што Люська агаляе гэтую праўду, выстаўляе яе напаказ.

— Няўжо табе не падказвае сэрца, што ты… — задумваецца яна на хвілінку. Яе доўгія пальцы з кіпцюрамі, нібыта ў кошкі, ваяўніча выгінаюцца. Твар наліваецца чырванню.

— У мяне няма сэрца, — цынічна вымаўляю я. — Замест сэрца ў мяне пажарная помпа. Ха-ха-ха!

— Сумна і банальна.

Ліслівая ўсмешка ператвараецца ў абразлівую. Люська заўжды скажае маё імя, калі хоча пакрыўдзіць. А яшчэ называе мяне макакай.

— У цябе, Люська, ёсць нешта такое, — прызнаюся я ёй шчыра, — што крадзе мяне ў самога сябе.

Люська дэманстратыўна закідвае нагу на нагу і запальвае цыгарэту. Я патанаю ў яе вачах і ўпершыню пачынаю сумнявацца ў дакладнасці паняццяў, што такое прыгажосць. У Люські асіметрычны твар і маленькі рот, але гэта не псуе яе знешнасці, наадварот. Яе пуловер, які шчыльна абцягвае грудзі, яе туфлі на высокай шпільцы, яе самаўпэўненая ўсмешка, яе… (пералічваць перавагі можна бясконца) падкрэсліваюць яе статнасць і элегантнасць.

— Чалавек — асоба маральная, а ты, Цюша… Ты — макака! — падводзіць яна рысу пад нашай размовай.

Адварочваюся, абы толькі не глядзець праўдзе ў вочы. І ўсё ж пасаваць перад ёю не з рукі, не па-мужчынску, таму цынічна выціскаю:

— Не ўсе ж так умеюць прыгожа ўсміхацца. Выходзіла б ты лепей замуж.

— За каго? — насцярожана ўздымае яна вочы. Гачок заглынуты. Цяпер мая чарга здзеквацца:

— А за каго хочаш…

Які я ўсё-такі зануда!

Камячок попелу валіцца ёй на джынсы. Яна не страсае яго. Здаецца, нейкая хвіліна — і з вачэй пырснуць слёзы. Але словы сказаныя, яны застылі ў паветры кропелькамі яе нявыплаканых слёз.

Поделиться с друзьями: